У пятніцу, 25 лістапада, а 19-й у памяшканні кнігарні “логвінаЎ” (Мінск, праспект Незалежнасці, 37а) адбудзецца першая і апошняя мінская прэзентацыя адной з найлепшых кніг на беларускай мове, выдадзеных сёлета, — “Расійска-беларускага слоўніка” Некрашэвіча і Байкова. У сустрэчы возьмуць удзел навуковы кансультант выдання Сяргей Запрудскі і выдавец Валер Булгакаў.
Запрашаем усіх неабыякавых да беларускай мовы і культуры на сустрэчу, на якой таксама будуць прадстаўлены іншыя навінкі “ARCHE” — толькі што выдадзены “аўстрыйскі” нумар, папулярная публікацыя “Хрышчэнне нацыі. Масавыя акцыі 1988—2009”, а таксама іншыя выданні.
Даведкі па тэл. (029) 550-79-69.
Крыху пра слоўнік. “Расійска-беларускі слоўнік” Сцяпана Некрашэвіча і Міколы Байкова — найлепшы перакладны слоўнік першай паловы XX ст. Інбелкульт пачаў працу над ім у 1922 г., але кніга выйшла друкам у мінскім Беларускім дзяржаўным выдавецтве накладам 7 тысяч асобнікаў адно ў 1928 годзе, на самым зыходзе беларусізацыі. Укладальнікі ўключылі ў слоўнік больш за 60 тысяч словаў. Ён увабраў у сябе ўсё найлепшае, што было ў слоўніках Вацлава Ластоўскага, Івана Насовіча і ў 24-х выпусках “Беларускай навуковай тэрміналогіі”.
Пры гэтым яго аснову склалі ўнікальныя картатэкі Інстытута беларускай культуры, страчаныя падчас сталінскіх чыстак і падзеяў Другой сусветнай вайны.
Кнізе было наканавана нядоўга ляжаць на прылаўках кнігарняў.
Сцяпан Некрашэвіч быў арыштаваны раніцай 21 ліпеня 1930 г. падчас навуковай экспедыцыі па сібірскай рацэ Об. Пасля сямігадовай чарады арыштаў, зняволенняў і высылак ён быў расстраляны 20 снежня 1937 г.
Міколу Байкова савецкія спецслужбы арыштавалі 19 ліпеня 1930 г. Хоць яму ўдалося перажыць сталінскі тэрор 1930-х, савецкая рэпрэсіўная машына такі знішчыла яго пасля 1945 г. па абвінавачанні ў здрадзе радзіме.
Тыраж слоўніка пайшоў пад нож. У пасляваенную эпоху слоўнік быў даступны ў спецсховішчах і спецыялізаваных аддзелах дзвюх асноўных мінскіх бібліятэк.