Гэтым тэкстам мы распачынаем праект «Нясціплая гісторыя Беларусі». У праекце доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч будзе распавядаць гісторыю беларускіх перамог.
Мы ёсць на гэтай планеце паўтары тысячы гадоў. Гісторыя Беларусі — не гісторыя ахвяры! За тыя паўтары тысячагоддзі ў адной толькі Еўропе пазнікалі сотні розных народаў. А мы ёсць! Гісторыя беларускіх паразаў пісалася заваёўнікамі. Досыць плакацца! Прыйшоў час на нясціплую гісторыю Беларусі, гісторыю беларускіх перамог.
Першая перамога Беларусі — яе нараджэнне. Гэта не была аднаразовая дзея, як з народзінамі чалавека. То быў працэс, расцягнуты на стагоддзі. Як з «неалітычнай рэвалюцыяй» — цягнулася тысячагоддзямі, а рэвалюцыяй названая праз важнасць зменаў, якую прынесла.
І ўсё-такі цікава было б даведацца (можа, у нашчадкаў і атрымаецца), калі і дзе нарадзілася першае дзіця ад змешанага шлюбу — прышлага славяніна з мясцовай дзяўчынай з балцкага племені. Ці наадварот, ад дзяўчыны-славянкі з мясцовым хлопцам. Пра тыя выпадкі, якія запачаткавалі беларускі народ, мы можам меркаваць толькі прыблізна, дзякуючы археалогіі і мовазнаўству, дакладней ягонаму раздзелу — тапаніміцы.
Як і калі славянскія каланісты прыйшлі на беларускія землі
Археолагі праз вывучэнне парэшткаў матэрыяльнай культуры, ацалелых у зямлі — культурным слоі на месцах паселішчаў і ў пахаваннях — прыйшлі да высновы, што дзесьці ў V–VI стст. новай эры на тэрыторыі сённяшняй Беларусі з’явіліся першыя славянскія каланісты. Якія назвы мела іх племя/плямёны, гэтаксама і як зваліся плямёны мясцовых тутэйшых балтаў, мы не ведаем. Археолагі паназывалі іх па-свойму, у залежнасці ад асаблівасцей матэрыяльнай культуры, месца лакалізацыі ці па тыповым паселішчы.
З’яўленне славянскіх пасяленцаў на зямлі сучаснай Беларусі адбылося ў межах Вялікага перасялення народаў, асноўныя падзеі якога разгортваліся між V і X стагоддзямі. Гэта была велізарная па маштабах міграцыя розных плямён і народаў, якая кардынальна змяніла этнічную і палітычную мапу Еўропы. Спачатку, яшчэ ад канца IV ст. ад Скандынавіі на захад вырушылі германскія плямёны, якія разбурылі Рымскую імперыю, стварылі каралеўствы ў Заходняй Еўропе, у тым ліку на Іберыйскай паўвыспе (запачаткавалі сучасныя Гішпанію і Партугалію), а вандалы дабраліся нават да Паўночнай Афрыкі.
Пазней актывізаваліся славяне, якія рассяліліся ў трох розных кірунках і стварылі моўныя групы заходніх, усходніх і паўднёвых славян.
Потым былі яшчэ арабы, нарманы-вікінгі-варагі і нарэшце, у X ст. апошнімі ў Еўропе з’явіліся венгры-мадзьяры.
У Беларусь найперш прыйшлі славяне — носьбіты пражскай (ці пражска-карчакскай) культуры, якая ў IV–VII стст. займала агромністую тэрыторыю ад Эльбы да правабярэжжа Сярэдняга Дняпра, ад польскага Памор’я да Альпаў.
Археолагі выявілі каля 50 помнікаў гэтай культуры на тэрыторыі Беларусі, менавіта на вузкай паласе ад Берасця і Камянца амаль да Мазыра.
Ці былі балта-славянкія кантакты мірнымі
Напэўна, напачатку здараліся канфлікты паміж славянскім каланістамі і тутэйшымі балтамі. Раскопкамі выяўлены сляды пажараў і знішчэння балцкіх паселішчаў. Тое здаралася на землях адносна густа заселеных, якія выкарыстоўваліся для земляробства, найперш ляднага (падсечна-агнявога). Але агулам як археолагі, так і мовазнаўцы перакананыя ў агульным мірным характары славяна-балцкіх адносінаў.
Тое відаць як па матэрыяльнай культуры, менавіта прысутнасці на адных і тых жа паселішчах і ў пахаваннях як балцкіх, так і славянскіх рэчаў, так і па тапаніміцы — назвах геаграфічных аб’ектаў: рэчак, азёраў, урочышчаў, пагоркаў і г. д. Мовазнаўцы зафіксавалі магутны пласт балцкіх назваў-тапонімаў у сённяшняй Беларусі, а гэта азначае, што славянская каланізацыя развівалася паступова і агулам мірна.
Калі новае насельніцтва прыходзіла аднамомантна, масава і збройна, то яно вынішчала ці выціскала тубыльцаў і надавала ўсім мясцовым аб’ектам уласныя назвы. А ў нас прыход каланістаў адбываўся павольна і паступова, прыбышы і тубыльцы прыглядаліся адно да аднаго, неяк дамаўляліся, наладжвалі адносіны асабістыя і эканамічныя, найперш гандлёвыя. Наўзаем пераймалі розныя элементы культуры. Напрыклад, славяне, якія прыйшлі з поўдня, па звычцы будавалі драўляныя дамы, часткова заглыбленыя ў зямлю — г. зв. паўзямлянкі.
Але даволі хутка перанялі ад тубыльцаў наземныя зрубныя пабудовы-хаты, больш прыдатныя для халаднейшага клімату.
А тубыльцы пераймалі, між іншым, славянскую мову (дакладна невядома, чаму не наадварот).
Народзіны Беларусі — працэс пайшоў
Славяне рухаліся ўздоўж вялікіх рэк, разыходзіліся па іх меншых прытоках, засвойвалі бяскрайнія рэдка заселеныя пушчы. У V–VII стст. новай эры Гомельскае, Магілёўскае і Аршанскае Падняпроўе, басейн Ніжняй Прыпяці, Пасожжа, Падзясенне і далей на ўсход засялялі плямёны, залічаныя археолагамі да Калочынскай культуры (назва ад вёскі Калочын у Рэчыцкім раёне).
Наконт іх трывае гарачая дыскусія сярод навукоўцаў-археолагаў — хто яны па этнічнай прыналежнасці, балты ці славяне. Адныя кажуць — балты, другія — не, то былі славяне, а трэція — Калочынская культура балцкая, але пад моцным уплывам славян.
Разбірацца будуць доўга, але адну важную выснову можна зрабіць — працэс пайшоў! Славяне і балты сустрэліся, уступілі ў кантакт і пачалі сужыццё ды супрацу.
Пачаліся народзіны Беларусі, і разгарнуўся найбуйнейшы ў яе гісторыі працэс, як па тэрытарыяльным ахопе, так і па працягласці — балта-славянскае ўзаемадзеянне. Яно агарнула ўсю сучасную Беларусь і прылеглыя тэрыторыі сучаснай Расіі, Украіны, Польшчы, Летувы і Латвіі, працягвалася ад V да XXI стагоддзяў і ўсюды мела аднолькавы вынік — пашырэнне этнічнай прасторы беларусаў.
У часы Полацкага княства, у Вялікім Княстве Літоўскім, у часы Расійскай імперыі і нават у першай палове XX ст. этнічная мяжа паміж славянамі і балтамі/беларусамі і летувісамі перамяшчалася ў паўночна-заходнім кірунку. У прымежных раёнах летувіскія сяляне засвойвалі і пераходзілі на беларускую мову. У найноўшы час гэтую з’яву ўжо «ўжывую» вывучалі этнографы. Шматвекавы працэс беларусізацыі балтаў спынілі толькі нацыянальныя дзяржавы ў міжваенны час — польская і летувіская. Беларусам абараніць сваю незалежную дзяржаву не атрымалася.
Ад моманту першага кантакту славян з балтамі прайшло некалькі стагоддзяў, і на месцы іх сустрэчы сфармаваліся новыя этнічныя супольнасці — протабеларускія этнасы, з ужо вядомымі (па летапісах) назвамі крывічы, радзімічы і дрыгавічы.
Аляксандр Краўцэвіч, budzma.org
Глядзіце па тэме: