Ужо зусім хутка для тысячаў дзяўчынак і хлопчыкаў прагучыць першы ў жыцці школьны званок. У маім дзяцінстве яго чакалі з нецярпеннем і радасным хваляваннем і будучыя школьнікі, і іх бацькі. Гэты званок адкрываў дзверы ў чароўную краіну ведаў, школьнага сяброўства, добрых і разумных настаўнікаў. Магчыма, гэта ідэалізацыя мінулага, але ў цэлым у школе мне было цікава і вучылася я з задавальненнем.
Ілюстрацыйнае фота: yandex.ru
Сёння часта назіраю зусім іншую карціну: бацькі і дзеці ўспрымаюць сучасную школу і навучанне ў ёй як непазбежнае зло (у некаторых аспектах пагадзіцца можна на ўсе 100). І самае жахлівае — школа стае чыннікам сварак і разладу паміж бацькамі і дзецьмі.
Ніжэй сабраны некалькі парадаў для бацькоў, як не зрабіць школьныя гады сапраўдным пеклам для сябе і дзяцей.
1. Разабрацца з сабой
Першае, што варта зрабіць, гэта вызначыць: чаго вы прагнеце і чакаеце ад свайго дзіцяці-школьніка. Што для вас больш важна: яго развіццё і авалоданне патрэбнымі ведамі? Адзнакі і ганаровае найменне «выдатнік/выдатніца»? Аўтарытэт сярод іншых дзяцей і настаўнікаў? Сацыялізацыя? А, можа, вы жадаеце, каб вашы дзеці здзейснілі тое, што не атрымалася калісьці ў вас?
Проста шчыра прызнайцеся сабе, што для вас найбольш важнае будзе падчас навучання: адзнакі і паслухмянасць ці камфорт і развіццё асобы вашых дзяцей. І варта памятаць, што ваша дачушка ці сынок — гэта ўжо асобы. І ставіцца да іх адпаведна.
2. Даць упэўненасць
Ілюстрацыйнае фота: shutterstock
Шмат дзяцей успрымаюць школу як сапраўдную катаргу, бо пры першых жа цяжкасцях (не выканана хатняе заданне, заўвагі ад настаўніка і г.д.) бацькі ператвараюцца ў сапраўдных карнікаў.
Нават, калі ў вас да гэтага не дайшло, дзеці могуць чуць і бачыць такое на прыкладзе сваіх сяброў, аднакласнікаў. І ў малечы пачынае складвацца ўражанне (а пасля і ўпэўненасць), што яго ці яе любяць толькі за добрыя адзнакі і паводзіны. А любая памылка прывядзе да сапраўднай катастрофы, пасля якой іх перастануць любіць. Гэта вельмі напружвае і цісне на дзіцячую псіхіку і нагадае пра сябе не раз у дарослым жыцці.
Таму з самых першых дзён навучання варта даць дзіцяці цвёрдую ўпэўненасць, што яго любяць безумоўна, проста так. Што выдатныя адзнакі і пахвалы настаўніка — гэта, канешне, добра. Але ніяк не паўплывае на вашую любоў да яго.
І, калі здараюцца першыя непрыемнасці, не варта кідацца ў роспач ці пакаранні. Вызначце разам, што стала прычынай праблемнай сітуацыі, як яе можна ліквідаваць (ці мінімалізаваць наступствы). Разгледзьце розныя варыянты і разам абярыце найлепшы.
Такія «разборы» памылак і непрыемных сітуацый дапамогуць сфарміраваць даверлівыя стасункі паміж вамі і дзецьмі, зняць страх памылак і празмернае напружанне падчас навучання.
3. Быць заўжды «па адзін бок»
Гэтая парада з’яўляецца працягам папярэдняй. Дзеці будуць пачувацца ў бяспецы і хадзіць у школу з большым задавальненнем, калі будуць ведаць, што вы заўжды «за іх». Гэта не азначае цярпець і «спускаць» усё.
Гэта азначае, што пры любых канфліктах паміж вашым дзіцёнкам і настаўнікамі, іншымі школьнікамі ці іх бацькамі, вы падтрымаеце ў першую чаргу яго. І пры гэтым будзеце аб’ектыўным.
Калі настаўнік (ці хтось іншы) пачынае скардзіцца на вашага сына ці дачку, падумайце, што для вас важней: ваш сацыяльны статус «выхаваны бацька»/ «добрая мама» ці душэўны спакой вашага дзіцяці.
Уважліва выслухайце скаргу. Калі гэта адбываецца ў прысутнасці дзіцяці, важна стаяць побач з ім, а не з тым, хто на яго скардзіцца. У ідэале — за спіной вашай дачкі ці сына, каб ён ці яна пры жаданні маглі абаперціся на вас. Так ён будзе пачувацца ў бяспецы. Пасля абавязкова дайце магчымасць выказацца дзіцяці. Тут добра будзе, калі вашыя вочы будуць на адным узроўні — можна прысесці накукішкі перад дзіцём ці разам сесці на лавачку.
Нават, калі ваша дзіця сапраўды вінаватае, не лайцеся пры чыжых людзях. Асабліва балюча дзецям, калі бацькі аб’ядноўваюцца супраць іх з настаўнікамі ці іншымі бацькамі. Спакойна выбачцеся і скажыце, што абавязкова разбярэцеся з гэтым выпадкам... дома.
А дома дзейнічайце па вышэй узгаданай схеме: разам шукайце прычыны канфлікту, разглядайце розныя варыянты выпраўлення сітуацыі і спосабы паводзінаў у падобных выпадках далей.
4. Фарміраваць пазітыўнае стаўленне да навучання
Ілюстрацыйнае фота: depositphotos.com
Па сацыяльных сетках гуляе шмат мемаў і розных ролікаў, дзе школа і працэс навучання паказваюцца з негатыўнага боку. Часта можна пачуць пра «страшныя» рэчы, якія адбываюцца ў школах, крытыку ў бок настаўнікаў, сістэмы адукацыі ўвогуле. І гэта ўсё падсвядома фарміруе негатыўны вобраз школы ў дзяцей. І, натуральна, што маючы такі вобраз у галаве, атрымаць задавальненне ад працэсу навучання будзе складана.
Што рабіць? Менш праглядайце самі і абмяжоўвайце дзяцей у праглядзе падобнага кантэнту, не абмяркоўвайце ў прысутнасці дзетак праблемы і недарэчнасці сучаснай сістэмы адукацыі (асабліва на эмоцыях).
Калі ёсць штосьці сапраўды «няправільнае» і патрабуе пільнай увагі, патлумачце гэта спакойна, паспрабаваўшы знайсці станоўчыя бакі ў гэтай з’явы. Альбо ператварыўшы ў гульню.
5. Праяўляць цікавасць да школьных падзей
Напачатку першакласнікаў накрываюць розныя эмоцыі: цікавасць — усё новае, незвычайнае; страх невядомага, змены абставін і звыклага ладу жыцця. Ды шмат іншага. І тут важна, каб гэтыя эмоцыі не «застойваліся» ўнутры дзіцёнка. Трэба даваць (і нават прапаноўваць) ім выйсце.
Ілюстрацыйнае фота: www.psychologos.ru
Адзін з самых простых спосабаў — даваць дзіцёнку выгаварыцца пасля школы, падзяліцца ўсімі сваімі хваляваннямі, уражаннямі за школьны дзень. Завядзіце звычку за вячэрай (абедам) ці іншай сумеснай справай абмяркоўваць тое, як прайшоў дзень у кожнага чальца сям’і. Напачатку, магчыма, прыйдзецца задаваць пытанні, наводзіць, будаваць размову.
І тут важна добра падумаць над пытаннямі. Калі вас будуць цікавіць толькі адзнакі, станоўчага эфекту ад такіх размоў не будзе. Запытайце, што цікавага было менавіта для вашага дзіцёнка, з кім ён пазнаёміўся/пасябраваў, што адчуваў і г.д. Каб размова не ператваралася ў штодзённы «допыт», расказвайце і пра свой дзень, свае эмоцыі, хваляванні, смешныя выпадкі.
Школьнае навучанне — важны этап у жыцці. І няхай ён у кожнага будзе цікавым і натхняльным!
Глядзіце яшчэ:
Відэролік праекту "Маё права" прысвечаны траўлі ў школе. Як не стаць ахвяраю? Што рабіць, калі цкуюць аднакласнікі? Хто мусіць несці адказнасць за траўлю?
АЯ, budzma.org