Пасля летняга перапынку ўдзельнікі праекту “Песні філаматаў і філарэтаў”, што праходзіць у межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” пры падтрымцы МГА “Гісторыка”, аднавілі паездкі з выступамі па гарадах краіны.
8 кастрычніка 2011 г. канцэрт-лекцыя пад назвай “Хай радасць з вачэй нашых блісне!” прайшоў у Наваполацкім дзяржаўным ліцэі.
Паслухаць беларускі студэнцкі фальклор ХІХ стагоддзя сабралося больш за 80 вучняў і выкладчыкаў ліцэя на чале з яго дырэктарам А. Г. Буевічам. Завіталі таксама актывісты гарадской арганізацыі ТБМ.
Арыгінальныя песні з рукапіснага зборніка, складзенага жонкай аднаго з заснавальнікаў Таварыства філаматаў, Т. Зана, Брыгідай Свентажэцкай у 1855 годзе і нядаўна знойдзенага ў віленскім архіве музыказнаўцам Святленай Немагай, прагучалі ў выкананні А. Жбанава і З. Занеўскага.
Дзякуючы адмысловым спеўнікам, падрыхтаваным МГА “Гісторыка”, песні на словы А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана, А. Э. Адынца спяваліся разам з гледачамі, якія маглі лёгка ўявіць сябе ўдзельнікамі сяброўскіх сходак філаматаў і філарэтаў, што адбываліся ў Вільні і яе ваколіцах, а таксама на
Наваградчыне і ў іншых мясцінах.
Знакамітую “Песню Марылі” (яе, па ўспамінах сучаснікаў, часта напявала каханая А. Міцкевіча Марыля Верашчака) пранікнёна выканала навучэнка ліцэя – дарэчы, таксама Марыя.
Па філамацкай традыцыі, наведнікам імпрэзы былі прапанаваныя кубачкі смачнага малака.
Найбольш актыўныя гледачы атрымалі адмысловыя памятныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
У канцы дырэктар ліцэя шчыра падзякаваў удзельнікам праекту за беларускае слова і памяць пра нашых выбітных землякоў, якімі павінна ганарыцца сённяшняя моладзь.
Тэгі: Наваполацк