Сёння, 26 лістапада, споўнілася 93 гады з дня нараджэння Уладзіміра Краткевіча. Большасці творца вядомы як выбітны празаік, аўтар раманаў, якія не пакідаюць абыякавым нікога, хто хоць трошку цікавіцца гісторыяй краю. Але Уладзімір Караткевіч пісаў яшчэ і вершы, якія сталіся выдатнымі тэкстамі да песень ды цэлых альбомаў. З нагоды народзінаў пісьменніка вырашылі ўзгадаць трэкі беларускіх музыкаў, натхнёныя творамі беларускага класіка.
Dzieciuki — «Надпіс на камені над крыніцай»
Пачнем з адносна свежай песні, якая пабачыла свет ў 2019 годзе на трэцім студыйным альбоме фолк-панк гурта «Dzieciuki» «Радыё Harodnia». Трэк мае назву «Надпіс на камені над крыніцай», напісаны ён паводле аднайменнага верша Уладзіміра Караткевіча. Атрымалася, бадай, самая моцная і кранальная песня з усяго альбома.
«Будуць давеку крыніцы на гэтай зямлі, будзе давеку наш мужны і мудры, вялікі народ» у выкананні фронтмэна гурта Алеся Дзянісава працінае да мурашоў. Хто яшчэ не чуў, раім абавязкова паслухаць, хто чуў — ніколі не лішнім будзе ўзгадаць.
Зміцер Вайцюшкевіч — «Дзе мой край»
Усе творы Уладзіміра Караткевіча прасякнуты любоўю да Беларусі. Адзін з самых моцных вершаў беларускага класіка паклаў на музыку Зміцер Вайцюшкевіч. Атрымалася песня-прызнанне ў любові, песня-гонар, песня-запавет наступным пакаленням любіць і не пакідаць, каб не ўмерці.
Neuro Dubel «Папараць-кветка»
Наступнай узгадаем арыгінальнае прачытанне верша Уладзіміра Караткевіча Аляксандрам Кулінковічам у песні гурта Neuro Dubel «Папараць-кветка». Верш прысвечаны нараджэнню яшчэ аднога беларускага класіка Янкі Купалы. Трэк пабачыў свет на пачатку 2000-х і быў запісаны для так і не выдадзенага музычнага праекта на вершы Уладзіміра Караткевіча. Вядома, што Аляксандр Кулінковіч пачаў пісаць песні па-беларуску, натхніўшыся творчасцю пісьменніка. Яшчэ Neuro Dubel запісалі моцны трэк «Скрыпка Дрыгвы» на верш класіка, які таксама сёння варта ўзгадаць.
Лявон Вольскі — «Калі ідуць на абардаж»
Яшчэ адна песня для таго ж самага нявыдадзенага праекту пачатку 2000-х на вершы Уладзіміра Караткевіча была запісаная Лявонам Вольскім. Верш «Павешаным 1863 года», які стаўся тэкстам для песні, быў напсаны ў 1980 годзе на гадавіну паўстання. Раім паглядзець і відэа, здымкі якога адбыліся ў колішняй кватэры пісьменніка ў Мінску на Карла Маркса, 36, дзе Уладзімір Сямёнавіч жыў з 1973 года. Адсюль ён і адправіўся ў свой апошні шлях 25 ліпеня 1984 года.
Sciana — «Павешаным у 1863»
Верш Уладзіміра Караткевіча «Павешаным 1863 года» з’яўляецца адным з самых папулярных сярод беларускіх музыкаў, якія пераасэнсоўвалі ў сваіх творах значную гістарычную падзею — паўстанне 1863-1864 гг. Яшчэ ў 2002 годзе словы верша адгукнуліся берасцейцам з гурта «Sciana». Прапануем вашай увазе і тое, што атрымалася ў іх.
Ulis — «Падмогі»
Песня з апошняга студыйнага альбома беларускага рок-гурта «Ulis» «Lusterka», запісанага ў 2003 годзе. А верш «Падмогі» Уладзімір Караткевіч напісаў у 1967 годзе. Гучанне трэка, як і ўсяго альбома, было вельмі свежым для тагачаснай беларускай сцэны. Роўны вакал Славы Кораня кантрастуе з надрыўнымі мелодыямі і стварае моцнае ўздзеянне на слухача. «Падмогі» не выключэнне і ў спалучэнні з моцным тэкстам беларускага класіка не пакідае абыякавым. Яшчэ з альбома варта паслухаць песню «Жаўранак» таксама на верш Уладзіміра Караткевіча.
Ілля Шынкарэнка — ЕР «Пад сярпом тваім»
Маладое пакаленне таксама не абмінае ў сваёй творчасці тэксты Уладзіміра Караткевіча. Як прыклад, міні-альбом на вершы Уладзіміра Караткевіча «Пад сярпом тваім» ціктокера Іллі Шынкарэнка, які быў выдадзены летась. У ЕР увайшоў сінгл «Нявесце Каліноўскага» і яшчэ тры трэкі: «Пры новым дрэве», «О каханне» і «Рагнарадзі». Ілля Шынкарэнка мае каля 50000 падпісантаў ды ўсяляк папулярызуе і беларускую класіку. Адной з самых папулярных песень з ЕР Іллі, якая завірусілася ў TikTok, з’яўляецца песня пад назвай «О каханне», таксама запісаная на словы Уладзіміра Караткевіча.
«Нельга Забыць» — альбом «Леаніды не вернуцца да зямлі»
Калі гаварыць пра паўнавартасныя альбомы, створаныя на вершы класіка, варта ўзгадаць і гурт «Нельга забыць», які быў створаны напрыканцы 2009-га года адмыслова пад праграму «Леаніды не вернуцца да зямлі...» паводле аднайменнага твора Уладзіміра Караткевіча. Праграма «Леаніды не вернуцца да зямлі...» уяўляе сабой адлюстраванне паэтычных вобразаў, якімі прасякнуты раман, спецыфічную пастанову музыкі і паэзіі, дзе верш чаргуецца з песняй. Мелодыі гітары, скрыпкі, акардэона, перкусіі пагружаюць ў вобразы рамана і дазваляюць яскрава прачуць іх.
Аляксандр Ясінскі і Сяржук Доўгушаў — «Дарогі»
Яшчэ адзін варты ўвагі альбом на вершы Уладзіміра Караткевіча быў запісаны лідарам гурта «Vuraj» Сержуком Доўгушавым і акардэаністам Аляксандрам Ясінскім ў 2019-м годзе. Апроч твораў Уладзіміра Сямёнавіча, у альбом увайшлі песні на вершы паэта Анатоля Сыса. Распачынае ж альбом «Дарогі» — аднайменная песня на словы Караткевіча, якая прыйдзецца даспадобы аматарам акустычнага гучання і моцнага выканання сэнсоўных тэкстаў.
Алесь Дзянісаў — «Леаніды вяртаюцца...»
Паўнавартасная праца на вершы беларускага класіка, якую варта ўзгадаць сёння, выканана таксама ў акустычным варыянце Алесем Дзянісавым. Сольны альбом «Леаніды вяртаюцца...» быў выдадзены ў 2021 годзе. Назва альбома — адсылка да рамана пісьменніка «Нельга забыць», прысвечанага паўстанню 1863-1864 гг., які першапачаткова меў назву «Леаніды не вернуцца да Зямлі».
Vincent — «Каго любіш?»
Варта ўзгадаць і трэкі, натхнёныя празаічнымі творамі Уладзіміра Караткевіча. Адным з такіх ёсць «Каго любіш?» рэпера Vinsent. Песня беларускага рэпера была створана па матывах рамана Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», прысвечанага падзеям паўстання 1863-1864 гг. Трэк атрымаўся мікстэйпавы: першы куплет — ліст Алеся Загорскага да Кастуся Каліноўскага, у другім куплеце ўжо Кастусь піша Алесю, трэці куплет — зварот аўтара да слухача. Песня выйшла ў далёкім 2009 годзе, але гучыць актуальна і зараз.
Я.В., budzma.org