Беларуская спявачка Ірэна Катвіцкая запісала песню-прысвячэнне Украіне «Страла»

22.03.2022 Музыка

Над кампазіцыяй працавала каманда творцаў, якія жывуць у Ізраілі і Германіі, піша @BelarusWithUkraine. Словы і мелодыю напісаў Барыс Штэрн, а саўнддызайнер Канстанцін Гутман надаў праекту завершанасць.


34.jpg


«Калі я запісвала голас, думала пра рэвалюцыю ў Беларусі, пра жанчын, пра тое, што такое Сіла зямлі. Калі пачалася вайна ва Украіне, гнеў і спагада сталі асноўнымі эмоцыямі. Хоць, гэтая мелодыя і пра жаночае каханне таксама. І пра павагу і веру ў сваё войска, у садат, якія мяне абараняюць, — кажа спадарыня Ірэна.

 — У гэтым творы ёсць цытата народнай палескай песні, яна пра Стралу, якая ляціць уздоўж вёскі і можа прынесці смерць. Так, я прыўнесла ў напеў матывы старажытных жаночых абрадаў, якія закліканы адвесці бяду і гора ад сям’і, ад сваёй хаты і зямлі. Таму гэты сінгл — пра веру ў перамогу і свабоду».

«Уся Еўропа сёння дапамагае Украіне. Песня пра тое, што кожны голас змяняе рэчаіснасць. А наш анёл, пра якога таксама ёсць словы, зробіць сваю працу», — кажа Канстанцін Гутман.

***

Ой ляціць страла

Ў маё сэрца.

На небе адно попел.

Дзе ў неба дзверцы?

Анёлы да неба ідуць, Анёлы.

Па гарызонце падзей

А мой кволы.

Ой ляціць страла

Ой ляціць страла,

Як снег - павольная.

А без паветра жыццё - Бяздольнае.

Па-за зімой адно Сцюжа.

На белым сэрцы маім гарыць

Чырвоная ружа.