Песня як псіхатэрапія, пераасэнсаванне Разанава і стылёвыя блуканні па сталіцы: распавядаем пра новыя трэкі беларускіх музыкаў

Працягваем знаходзіць і слухаць беларускую музыку разам з рубрыкай «Гітара Мулявіна». Сёння даведаемся, як змагацца за свае асабістыя межы і любоў (у першую чаргу, да сябе самой), чаму песні на вершы — гэта файна і як правільна адчуваць стыль. Не марнуем дарма час і пачынаем!


гітара Мулявіна

Псіхатэрапія ад спявачкі LEAR: каштоўнасць сябе для сябе

Песня з’яўляецца не толькі вінегрэтам з якасна падабраных гукаў, нот і словаў, але і своеасаблівай псіхатэрапіяй, у першую чаргу для самога артыста. Так адбылося са спявачкай LEAR у новым трэку «Маветон». Дзяўчына даўно эксперыментуе з лірычным гучаннем і любоўнай тэматыкай, якая з’яўляецца асноўнай у яе творчасці, аднак менавіта новая кампазіцыя адлюстроўвае тое, што адбываецца ў жыцці артысткі проста зараз.


Пранікнёны вакал у прыпеве разбаўляецца рэчытатывам на куплетах, дзе ўздымаюцца важныя пытанні эмацыйных арэляў, дрэннага сну і ўсяго іншага, што суправаджае расстанне з некалі блізкім чалавекам. Але трэк не столькі пра сум, колькі пра тое, каб у любой з сітуацый абіраць найперш сябе, і Лера выдатна робіць акцэнт менавіта на гэтым, прыводзячы прыклад з уласнага досведу.

спявачка LEAR
Спявачка LEAR. Instagram

Артысцы сілаў і натхнення, каб радаваць нас якаснай музыкай (і паменш болю). Мы ў сваю чаргу ідзем далей, і на чарзе ў нас..

Незваротны шлях ад Алеся Разанава

Ніяк не маглі мы прайсці міма выдатнай песні на вершы наватара беларускай паэзіі.

Вераніка Круглова і гітарыст пад псеўданімам Ilwood зрабілі шыкоўны спеў на верш Алеся Разанава «Незваротны». Атрымалася атмасферна і жыва. Ці то з-за простага, але такога запамінальнага вакалу спявачкі, ці то з-за гітарнай партыі, якая лягла ў аснову мелодыі, ці то ад усяго разам.

Песня падаецца добрай імправізацыяй, якая перарасла ў паўнавартасную кампазіцыю са сваім адметным гучаннем і глыбокім тэкстам.

Апошнім часам далёка не ўсім беларускім музыкам удаецца ўдала эксперыментаваць з вершамі класікаў і іх пераўтварэннем у трэкі, але тут мусім адзначыць: атрымалася годна.

Што для цябе стыль?

Мінскі хіп-хоп музыка пад нікнэймам eslyes на працягу ўсёй песні задаецца менавіта такім пытаннем. Адзначым, што ўся творчасць маладога выканаўца прасякнута нетыповымі для рэп-жанру падборам мелодый, акордаў і ўдарных. Вось напачатку аднаго трэка ён выкарыстоўвае кантрабас з класічным джазавым сола, крыху далей — індзі-поп напрацоўкі і нават, саксафон.

Што да кампазіцыі з назвай «Стиль», то тэкставы складнік тут не багаты, але выраз «что для тебя стиль?» гучыць лейтматывам усяго сінгла. Музыка прапагандуе максімальную спрошчанасць і не важна, у чым канкрэтна. Электра гітара, ударныя і арганны сінт дадаюць прыпеву асаблівага груву сонечных пляжаў Маямі, але не забываемся, што мы ў сталіцы Беларусі.


Цікава, як бы гэты хлопча гучаў са сваёй музыкай па-беларуску? Спадзяюся, што бліжэйшым часам мы пра гэта даведаемся!

Любіце беларускую музыку, слухайце беларускую музыку і да наступнай сустрэчы! Будзьма!

Хатні Томпсан, budzma.org

Чытайце яшчэ:

«З кожным выступам я адчуваю сябе больш упэўнена і менш трывожна». Спявачка Lear распавяла пра творчасць і ментальнае здароўе