«З кожным выступам я адчуваю сябе больш упэўнена і менш трывожна». Спявачка Lear распавяла пра творчасць і ментальнае здароўе

16.09.2022 Музыка

Маладая беларуская спявачка Lear (Валерыя Суравіцкая) нядаўна выдала дэбютны альбом пад назвай «Зачапіцца». Валерыя вядомая ў сеціве яшчэ з 2020: праз беларускамоўны кавер на песню з серыялу «Вядзьмар» і сінгл «На стомленых крылах», потым — праз затрыманне на канцэрце разам з гуртом РСП. Аднак пра жыццёвы шлях маладой спявачкі да гэтага было вядома не шмат. Паразмаўлялі з Валерыяй пра яе дзяцінства, заняткі музыкай і ментальнае здароўе.


Фота01.jpg
Валерыя Суравіцкая. Крыніца: instagram.com

— Што азначае Ваш псеўданім? Ці не адсылка гэта да караля Лір?

— Не, гэта не адсылка да караля Ліра. Гэта фактычна імя Лера, толькі памянялі дзве літары месцамі: «Lera» — «Lear». І націск таксама ставім на другі склад — Леа́р.

Распавядзіце пра Вашую біяграфію: з якога Вы гораду, кім марылі стаць у дзяцінстве, калі пачалі займацца музыкай?

— Зараз мне дваццаць тры гады, я нарадзілася ў Балбасаве — гэта невялічкі пасёлак пад Воршай. Музыкай я пачала займацца з дзяцінства, мяне аддалі на заняткі па фартэпіяна і вакале, яшчэ я грала ў тэатры і хадзіла на бальныя танцы. Дзесьці ў 12 год я пачала сама прыдумляць розныя мелодыі на фартэпіяна, пазней навучылася складаць песні. Спачатку ў мяне не вельмі добра атрымлівалася спяваць, я не трапляла ў ноты, не магла кантраляваць свой голас. Але насамрэч вакал — гэта такі ж самы навык, як і ўсе астатнія. Калі вельмі захацець, то атрымаецца выйсці на добры ўзровень валодання голасам праз заняткі.

Бацькі заўжды стараліся падтрымліваць мае заняткі музыкай, мне ніколі не забаранялі ёй займацца.

— Якія ў родным Балбасаве ў Вас былі магчымасці па развіццю сябе ў галіне музыкі?

— Займалася ў музычнай школе, доме культуры. Пакуль я вучылася ў школе, шмат выступала на мясцовых мерапрыемствах: гарадскія святы, музычныя конкурсы і нават карпаратывы. Калі пасталела, зразумела, што некаторыя імпрэзы, дзе я выступала, зусім не падыходзяць для дзяцей, нельга іх так выкарыстоўваць. Але з іншага боку, гэта быў сур’ёзны досвед па выступленнях на публіцы.

— Дзе Вы вучыліся пасля школы?

— Ад пачатку я паступіла ў інстытут культуры ў Санкт-Пецярбург на завочнае навучанне. Тады ў мяне з’явіліся знаёмыя, якія прапанавалі мне працаваць у Пецярбургу на студыі гуказапісу і запісваць свае ўласныя песні. Але па выніку са студыяй неяк не заладзілася. Я лічу Піцер даволі дэпрэсіўным горадам, там мне стала вельмі сумна ды адзінока, таму праз некаторы час я вырашыла вярнуцца ў Беларусь.

Фота02.jpg
 Валерыя Суравіцкая. Крыніца: instagram.com

Потым паступіла ва ўніверсітэт культуры ў Мінску на спецыяльнасць эстрадны вакал, ужо на дзённую форму. Наконт якасці навучання магу сказаць, што ў музычных каледжах база нашмат мацней, чым ва ўніверсітэце. Вялікая праблема навучання — па агульных прадметах патрабуюць болей, чым па спецыяльных дысцыплінах.

— Калі Вы пачалі запісваць песні?

— Я запісвала песні яшчэ калі вучылася ў школе, але пісала выключна на англійскай мове. На першым курсе ўніверсітэта пачала пісаць песні на беларускай. Падчас запісу трэкаў атрымлівала нашмат больш ведаў , чым ва ўніверсітэце.

— Песня «На стомленых крылах» стала адной з самых вядомых вашых песень. Як яна стваралася?

Фота03.jpg
Валерыя Суравіцкая. Крыніца: instagram.com

«У краіне, якая ўскарміла,
Спявала няшчыра ды міла,
Жыццё праходзіла міма.
Быць мілай мяне стаміла.
Я не магу дыхаць наагул.
Выхад адшукаць з ліха,
каб ачуняць крыху.

На стомленых крылах
Анёлы ляцяць у вырай.
Марылі з імі
Жыць у шчаслівай краіне».

— Гэта быў мой спосаб выразіць эмоцыі, якія я тады перажывала. Віталь Рыжкоў даслаў мне свой тэкст, які добра спалучыўся з прыпевам, які ў мяне ўжо доўгі час круціўся ў галаве. Потым мы разам з Віталём адрэдагавалі тэкст, а Уладзь Лепяшынскі зайграў на гітары гэты трэк.

— У артыкулах з нагоды выхаду вашага альбому пішуць, што песні ў тым ліку прысвечаныя тэмам аб’юзіўных стасункаў, панічных атак і трывожнасці. Ці сапраўды гэта так?

— Я сапраўды пісала альбом пра ментальнае здароўе. Калі слухаць песні ведаючы гэта, то шмат што становіцца зразумелым. Асабліва, калі чалавек сам праходзіў праз трывожнасць, панічныя атакі і г.д.

Фота04.jpg
 Вокладка альбома «Зачапіцца» Валерыі Суравіцкай. Крыніца: twitter.com

У мяне каля шасці год трывожнае расстройства, і яно вельмі моцнае. То-бок я стала знаходжуся ў трывозе. Былі перыяды, калі панічныя атакі са мной здараліся кожны дзень. Таксама ў мяне вельмі моцная сацыяльная трывожнасць, мне складана стасавацца з малазнаёмымі людзьмі, на шматлюдных мерапрыемствах я адчуваю сябе няўтульна, мне страшна размаўляць, часам падаецца, што я пачынаю задыхацца. Яшчэ ў мяне дыягнаставана дэпрэсія, большасць часу я адчуваю прыгнечанасць, часта ў мяне няма сіл нават каб зрабіць штосьці простае і паўсядзённае.

Мяне выратоўвае праца з псіхолагам, я вучуся жыць са сваімі разладамі і пакрысе паляпшаць свой стан.

— Ці не перашкаджала Вам трывожнасць пры выступленнях?

— Мне вельмі складана да канца раскрыцца на сцэне, бо трывожнасць перацягвае коўдру на сябе. У мяне не заўжды атрымліваецца пазбавіцца ад вялікай колькасці думак падчас выступу.

Але з кожным выступам я адчуваю сябе больш упэўнена і менш трывожна. Я вельмі люблю музыку, хачу далей пісаць песні і выступаць, таму мне трэба пераступаць праз сябе, праз сваю трывогу. Шчыра скажу, што гэта складана, зусім не хутка і не кожны раз атрымліваецца. Але трэба працягваць далей.

Фота05.jpg
 Валерыя Суравіцкая падчас канцэрта. Крыніца: instagram.com

Даваць інтэрв’ю мне, дарэчы, таксама складана. Я баюся размаўляць і пачынаю вельмі пільна кантраляваць што і як я кажу, баюся сказаць нешта не тое. Хаця зараз я болей усведамляю, што ў інтэрв’ю аб’ектыўна няма нічога страшнага. Нават калі я скажу штосьці не так, гэта нармальна. Трэба дазваляць сабе рабіць памылкі.

Творчасць таксама дапамагае ў пераадоленні сваіх страхаў, добры спосаб зліць негатыўныя перажыванні у нешта прыгожае. Гэта якаснае пражыванне пачуццяў і эмоцый.

— Ці маеце Вы планы па далейшаму развіццю музычнай кар’еры з улікам сітуацыі ў Беларусі?

— Я збіраюся далей выпускаць песні, хутка зможаце пачуць пару новых сумесных трэкаў. Зараз хочацца папрацаваць над кліпамі, каб дадаць яшчэ і візуальную частку сваёй музычнай творчасці. Таксама спадзяюся, што атрымаецца зрабіць некалькі канцэртаў у Еўрапейскіх гарадах.

Д.Г., budzma.org