Вядомы беларускі пісьменнік Пятро Васючэнка, які заўчасна пайшоў з жыцця сёлета, намінаваны на прэстыжную прэмію Astrid Lindgren Memorial Award. Пра гэта паведаміла перакладчыца Надзея Кандрусевіч. Прэмія з’яўляецца аналагам Нобелеўскай, але для дзіцячай літаратуры.
Пятро Васючэнка
«Звычайна я штогод прагдядаю спісы намінантаў на самую вядомую прэмію ў галіне дзіцячай літаратуры ALMA Astrid Lindgren Memorial Award якая была заснаваная ў Швецыі ў гонар Астрыд Ліндгрэн (гэта сапраўды як Нобелеўская прэмія для дзіцячых пісьменнікаў і ілюстратараў)
каб прыцягнуць больш увагі да падзеі, намінантаў абвяшчаюць на кніжным кірмашы ў Франкфурце, а саму прэмію ўручаюць увесну на кніжным кірмашы дзіцячай літаратуры ў Балоні
сярод намінатаў звычайна вельмі цікавыя, найлепшыя пісьменнікі і ілюстратары з усяго свету. могуць намінавацца нават цэлыя арганізацыі, якія займаюцца прасоўваннем чытання сярод дзетак
гэта вялікі гонар і прызнанне быць у такім спісе сярод іншых намінантаў
я была вельмі занятая апошнія дні, таму толькі сёння адкрыла спіс, і як жа прыемна было пабачыць сярод іншых краін Беларусь і намінанта на прэмію Alma Пятра Васючэнку
мне здаецца ён першы хто намінуецца ад Беларусі, бо раней нашай краіны нават не было ў спісе
Спадар Пятро Васючэнка на вялікі сум сыйшоў ад нас летам
на жаль я нідзе не бачыла гэтай навіны ў нашых медыя, а гэта ж сапраўды вялікі крок наперад для беларускай дзіцячай літаратуры і гэта супер важна!» – напісала Надзея Кандрусевіч.
Пятро Васючэнка – беларускі літаратуразнавец, крытык, празаік, драматург, эсэіст, казачнік і аўтар фэнтэзі, памёр 25 жніўня 2019 года ва ўзросце 60 гадоў.