«Ці можа Ланцэлот перамагчы Дракона?»

Алесь Кіркевіч параўноўвае на budzma.org патэнцыйнага кандыдаты ў прэзідэнты Віктара Бабарыку, якога ўчора затрымалі сілавікі, з рыцарам Ланцэлотам з п’есы Шварца «Забіць дракона».


Я вось шчыра скептычна ставіўся да Віктара Бабарыкі. Імідж бухгалтара, фактар «Газпрама», фальцэт, ну і далей па спісе. Не мой кандыдат. Нават Суцін з Шагалам — не мае мастакі. Не маё. Чужое.

Час бухгалтараў: «гэканне» зменіцца на «чёканне»?

Але мяне сёння ўпарта пераконваюць, што маё. І кандыдат не такі благі, і ў шагалаўскіх працах нешта ёсць няўлоўнае-тутэйшае. Спачатку дамачка ў будзёнаўцы са штабам у лазні, якая даводзіць пра «банкіра-педафіла». Пасля — суб’ект у пінжаку з тварам супрацоўніка нейкай лабараторыі, які надыхаўся сваімі рэагентамі: той на поўным сур’ёзе раіць, каго і да якога чысла пасадзіць. Карацей, амаль пераканалі.

Віктар Дзмітрыевіч да апошняга часу імкнуўся праводзіць кампанію максімальна спакойна, без напружання, без крыкаў пра «люстрацыю» і «паход на Дразды» са шклянымі вачыма. Такой спакойнай адэкватнасці, відаць, беларусам і не хапала. Бо і з аднаго, і другога боку гэтыя шкляныя вочы ўжо надакучылі.

Для Бабарыкі, па ягоных словах, героямі былі ўсе беларусы. І тыя, хто стаіць за яго ў пікетах, і супрацоўнікі выбарчых камісій. Усе суайчыннікі, усе маюць сумленне, усе свае. Няма прорвы паміж апазіцыяй і ўладай. Трэба толькі зрабіць усё па законе — і атрымаецца. «Я не ўвязваюся ў гульні, у якіх не маю шанцу на перамогу», — казаў Бабарыка. З вуснаў чалавека з такой крэдытнай гісторыяй гучыць натхняльна.

А што ў выніку? У выніку для ўлады ён усё адно апазіцыя. І чым менш крыкаў, чым больш гэтай вытрыманай флегматычнасці — тым страшнейшая. Лёгка ж давесці, што Статкевіч ці Севярынец рыхтуюць «майдан». Ну і «закрыць» без лішніх рэверансаў. А паспрабуй давесці, што «майдан» рыхтуе чалавек, які адмаўляў сам факт рэпрэсіяў, не бегаў па праспекце са сцягам, усё рабіў па законе.

Віктар Марціновіч: Вязніца для большасці

Закрылі «за эканоміку». Мабыць, разлік на сацыяльную нянавісць у простых беларусаў. «У Беларусі ніколі не любілі таўстасумаў», як казаў той суб’ект у пінжаку. Але тут такая праблемка: на дварэ не 1994-ы, таму ніякага простага народа як вырашальнага фактару няма. А вось усе астатнія, як напісаў знаёмы ў сваім профілі, прагаласуюць за Бабарыку, нават калі ўлады давядуць, што той кроў немаўлятаў піў.

Цяпер жа Бабарыку шыюць усяго толькі мутныя фінансавыя схемы. Сур’ёзна? У краіне, дзе адчыняюць грамадскія прыбіральні за мільён даляраў, будуць нешта казаць пра фінансавыя схемы? Подпісы ж людзі аддаюць не столькі за Бабарыку, Ціханоўскую ці Цапкалу, колькі супраць. Супраць усяго таго, што проста абрыдла-надакучыла: хамства, папулізму, тыкання, атмасферы перманентнага страху з кароткімі перадышкамі.

Тут не яны — Бабарыка, Ціханоўскі або Цапкала — абіраюць сабе стратэгію ці план. Тут людзі за іх учапіліся як за апошнюю саломінку і дыктуюць свае правілы. Прыклад радыкалізацыі рыторыкі Бабарыкі — яскравае таму сведчанне. То бок яшчэ перад тым як стаць закладнікам уладаў, Бабарыка ўжо стаўся закладнікам чалавечых чаканняў і гістарычнага моманту.

Вядома, усё, што цяпер адбываецца ў Мінску — ланцуг салідарнасці, гудзенне праспекта, шматгадзінныя чэргі, — гэта і не «майдан» і не аксамітная рэвалюцыя. Пакуль гэта карнавал. Выйсці, пастаяць, сфоткацца, пайсці дадому адсыпацца ці ў піўную — рассылаць фотачкі сябрам. Пакуль так.

А пасля эйфарыі будзе пахмелле. Галава будзе балець. Пачнуцца суды, штрафы, звальненні з працы, спробы забраць дзяцей. Хваля салідарнасці. Усё, што мы ўжо не раз бачылі, нават удзельнічалі. Даціскаць у нас людзі не ўмеюць: пратэст як факт ужо лічыцца завершанай справай.

Віктар Марціновіч: Артэга-і-Гасэт не спрацуе

Кожны палітычна актыўны ўкраінец, напрыклад, носіць у заплечніку «вайну». Кожны актыўны беларус — «маральную перамогу». Такі клімат, такія шыроты. Тэмперамент далёкі ад сярэднеземнаморскага.

«Ці можа Ланцэлот перамагчы Дракона?» — перапытваюць адно ў аднаго суайчыннікі ў сацыяльных сетках, уваскрашаючы вечныя дыялогі з п’есы Шварца. Харошы народ — беларусы. Перад тым як пераходзіць вуліцу на зялёнае святло, усё роўна азірнуцца: а як там іншыя? Бо Ланцэлот — гэта заўжды нехта іншы. Не ты.

Дык можа перамагчы ці не? «Можа. Але не гэтым разам. І не Ланцэлот. І не Дракона. І не перамагчы», — кажа бургамістр, які ніколі не памыляецца, таму і выбіраўся на пасаду ўжо 17 разоў. Цалкам згодны. Але вы яго не слухайце. І мяне таксама. Давядзіце, што Ланцэлот — гэта не Бабарыка або Ціханоўскі. Ланцэлот — гэта кожны з нас.

Напрыклад, ты!

Алесь Кіркевіч, budzma.org



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!

Меркаванне аўтараў сайта budzma.org можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі «Будзьма беларусамі!»