Зіма блізка, а перапіс насельніцтва яшчэ бліжэй. Можна па-рознаму ставіцца да яго, да ягоных пытанняў і ўсялякіх падлікаў у нашай краіне, але ігнараваць яго я б не стаў.
Ці могуць там адказы лічыць так, як і галасы на выбарах? Могуць. А могуць і лічыць нармальна. Гэта нам невядома.
У сувязі з гэтым узнікае пытанне, як жа адказаць на лукавае пытанне пра мову, першую засвоеную з жыцці?
З роднай мовай усё прасцей. Тут адразу ўзгадваеш карані, нацыянальнасць, краіну і машынальна называеш беларускую.
А як быць з мовай, засвоенай першай?
У краіне, якая больш за 200 гадоў знаходзіцца то пад фізічнай, то пад культурнай акупацыяй суседняй імперыі.
У краіне, дзе знішчалі нацыянальных пісьменнікаў, паэтаў, даследчыкаў, палітыкаў і ўсіх-усіх-усіх.
У краіне, дзе "гарацкія" гнабілі "дзярэўню".
У краіне, дзе закрываюцца беларускамоўныя садкі, школы, універсітэты, а на дзяржаўных каналах і ў дзяржаўных газетах беларускай мовы практычна няма.
Усе мае дзяды і бабулі былі з вёсак. І нават у старасці, адслужыўшы ў савецкай арміі, пражыўшы ў цалкам русіфікаваным горадзе ці перагледзеўшы рускамоўнага ТБ, маглі падказваць мне такія словы, выразы і марфемы, пра якія я мог прачытаць толькі ў рэдкіх падручніках і спецыялізаваных выданнях.
У гэтай самай беларускамоўнай вёсцы, хай і савецкай, нарадзілася і вырасла мая маці. А бацька, хоць і рос у горадзе, у дзяцінстве таксама размаўляў на чыстай беларускай мове, бо ўсё лета быў у сваіх бабы з дзедам.
І я ў дзяцінстве любіў есці "бульбу", палоў "буракі", а прабабка збірала ў часы дэфіцыту і чэргаў для ўсіх "локшыну" з "кансЭрвамі". Дый калі мы саджалі і капалі бульбу, дык трэба было, каб дзед "разараў". Дровы, якія секлі ў лесе, мы клалі "пад павець". А ў горадзе складвалі мы ўсё ў "шуфлядкі", ды маці збірала бацьку на працу "ссабойку".
Так, у нас было выбухное "г" (хоць у бацькі магло быць і фрыкатыўнае), былі мяккія "ч" і "р". Але ж пры гэтым у нас не было мяккага "т", і калі мой брат зусім маленькім захацеў падпісаць кветку, дык напісаў "цюльпан", а не "тюльпан" - паспрабуй ты вывернуць так язык, каб гэта сказаць.
І варылі і смажылі мы [й’ай’цо], а не нейкае незразумелае [й’ий’цо]. У Расеі сапраўды кажуць ійцо, lol! Бо калі ў мове ёсць гук "а", дык яго ж і трэба казаць, а не замяняць на "і".
І яшчэ маўчу, як размаўляе мая родная цётка!
Так, звонку магло падацца, што мы размаўлялі па-расейску. Але толькі звонку. Хтосьці скажа, што маё маўленне мела моцны беларускі ўплыў. А я скажу, што я размаўляў па-беларуску з моцным расейскім уплывам.
І кніжкі Міколы Ермаловіча дапамаглі мне ўсвядоміць гэта ды пазбавіцца ад залішніх русізмаў.
Зараз у мяне #беларускамоўная жонка, трое беларускамоўных дзетак і #беларускамоўны брат. І ў мяне няма пытання, якую мову пазначаць ці то роднай, ці то першай засвоенай, ці то мовай штодзённага ўжытку.
Жадаю таго ж і вам.
І хай мы будзем усе #беларускамоўныя!