Выпраўляемся ў віртуальную пілігрымку па маршруце працягласцю 75 км на паўночны захад ад Мінска: Будслаў — Дунілавічы — Глыбокае. Пабачым тры велічныя барочныя храмы і тры цудадзейныя абразы Божай Маці. Кожны з іх мае свой унікальны шлях ды гісторыю, аздобленую часам не вытлумачальнымі падзеямі, у якія можна толькі верыць ці не.
Мінулы раз мы наведвалі Гарадзеншчыну ды Каралеву Палесся, што на Піншчыне.
Абраз Маці Божай Будслаўскай. Фота: catholic.by
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, абраз Маці Божай Будслаўскай
Будслаў, Мядзельскі раён, Мінская вобласць
Абраз Маці Божай Будслаўскай — адзін з самых шанаваных каталіцкіх абразоў Беларусі. Ён захоўваецца ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Перш чым пабачыць абраз, варта звярнуць увагу на будынак храма, які захаваўся з XVII–XVIII стагоддзяў. Базіліка, якую мы можам пабачыць сёння ў Будславе, была ўзведзена ў 1783 годзе ў стылі барока пад патрэбы айцоў-бернардынаў, якія атрымалі мясцовыя землі ў 1504 годзе ад князя Аляксандра.
Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Будслаў. Фота: planetabelarus.by
Спачатку манахі жылі ў «будах» і мелі толькі драўляную капліцу, але ў 1643 годзе тут быў узведзены першы мураваны касцёл, фундаваны полацкім ваяводам Янушам Кішкам. Гэты касцёл быў беражліва захаваны і ўключаны архітэктарам у аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю новага храма як капліца Святой Барбары, якую таксама можам пабачыць сёння ў бажніцы. Як і ўнікальны помнік ранняга барока — разны алтар ХVII стагоддзя са шматлікімі скульптурамі, у цэнтры якога доўгі час захоўваўся цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай.
Алтар у капліцы Святой Барбары, Будслаў. Фота: catholic.by
Абраз, напісаны невядомым майстрам у XVI стагоддзі, быў падараваны ў 1598 годзе Папам Рымскім Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу з нагоды яго пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. Пасля смерці Паца з Вільні абраз патрапіў у Даўгінава і толькі ў 1613 годзе ў Будслаў да айцоў-бернардынаў. Паводле некаторых гістарычных звестак, цудоўнае з’яўленне Маці Божай айцам-бернардынам адбылося ў Будславе яшчэ ў 1588 годзе. З гэтага часу і пачаліся сюды першыя пілігрымкі як каталікоў, так і ўніятаў.
Абраз Маці Божай Будслаўскай. Фота: katolik.life
Абраз, як толькі з’явіўся ў Будславе, праславіўся сваімі цудамі. Першы цуд быў зафіксаваны ў 1617 годзе — быў вернуты зрок невідушчаму хлопчыку Язафату Тышкевічу, які пазней стаў манахам ордэна кармелітаў. У наш час абраз Маці Божай Будслаўскай, ці Будскай, як кажуць месцічы, шануецца вернікамі з усёй Беларусі. У 1992 годзе была адноўлена старадаўняя традыцыя пілігрымкаў, а асаблівы стасус абраза быў замацаваны каранаваннем, якое было здзейснена кардыналам Казімірам Свёнткам 2 ліпеня 1988 года. З гэтага часу галоўная ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай святкуецца штогод 2 ліпеня, а 28 лістапада 2018 года Будслаўскі фэст быў унесены ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.
Траецкі касцёл, абраз Маці Божай Ларэтанскай
Дунілавічы, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць
Далей прапануем рушыць у напрамку вёскі Дунілавічы, колішняга мястэчка, першы ўспамін пра якое датуецца 1473 годам. Сёння тут варта звярнуць увагу на Траецкі касцёл, пабудаваны ў стылі віленскага барока ў 1769–1773 гг. пры кляштары дамініканцаў, які існаваў у мястэчку з 1683 года. З ХVII стагоддзя ў храме захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай Ларэтанскай, вядомы шматлікімі цудамі.
Траецкі касцёл, Дунілавічы. Фота: planetabelarus.by
Абраз Маці Божай Ларэтанскай, які прывез з Фларэнцыі віленскі біскуп Мікалай Пац, у 1667 годзе падаравала мясцоваму дамініканскаму кляштару ягоная фундатарка Альжбэта Белазор, калі ў Дунілавічах яшчэ не было мураванага касцёла. Дамініканцы ўзводзілі свае храмы толькі ў буйных паселішчах, але мястэчка Дунілавічы сталася выключэннем менавіта для захавання гэтага абраза. Пад абраз быў створаны і ўнікальны двухузроўневы алтар, які сімвалізуе жытло Божай Маці. Паводле легенды, анёлы перанеслі дом Марыі ў Італію ў горад Ларэта, выратаваўшы ад разбурэння. Маці Божая Ларэтанская лічыцца заступніцай усіх, чыё жыццё звязанае з перамяшчэннямі ў паветры.
У касцёле, Дунілавічы. Фота: planetabelarus.by
Дамініканцы — адзін з першых каталіцкіх ордэнаў, якія з’явіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Але ў ХІХ стагоддзі расійскія ўлады ордэн скасавалі, адпаведна і кляштар у Дунілавічх таксама, ды перадалі храм праваслаўнай царкве. За савецкім часам храм ператварылі ў сховішча штучных угнаенняў, а каштоўны абраз уратавалі ад знішчэння ды захоўвалі ў сябе мясцовыя жыхары. Уначы ён быў выкрадзены праз акно бажніцы і доўгія гады захоўваўся на гарышчы ў аднаго з вернікаў. Старадаўнія воты, якія сведчылі пра цуды, якімі славіўся абраз, вядома, не захаваліся. Але шэраг новых, што з’явіліся ўжо пасля аднаўлення касцёла, сведчаць пра тое, што цуды Маці Божай Ларэтанскай у Дунілавічах працягваюцца.
Абраз Маці Божай Ларэтанскай. Фота: catholicnews.by
Траецкі касцёл, абраз Маці Божай Падхорнай
Глыбокае, Віцебская вобласць
Далей рушым у Глыбокае да Траецкага касцёла, дзе захоўваецца цудатворны абраз Маці Божай Падхорнай. Варта звярнуць увагу і на сам будынак храма, закладзены ў стылі віленскага барока на месцы свайго драўлянага папярэдніка ў 1764 годзе. Апошні раз храм быў перабудаваны ды пашыраны ў 1902–1908 гг., калі кармеліцкі касцёл, што месціўся насупраць, расійскія ўлады аддалі праваслаўнай царкве. Унутры бажніцы варта не абмінуць увагай тры драўляныя разьбяныя алтары, драўляны амбон ХVІІІ стагоддзя, перанесены з кармеліцкага касцёла насупраць, арган зроблены на пачатку ХХ стагоддзя і, вядома, цудадзейны абраз Маці Божай Падхорнай у капліцы праваруч ад галоўнага алтара.
Траецкі касцёл, Глыбокае. Фота: vedaj.by
Паводле кармеліцкага інвентара 1830 года, глыбоцкі абраз быў створаны напрыканцы XVII ці ў першай палове XVIII стагоддзя і прывезены кармелітамі ў Глыбокае аднекуль з Віцебшчыны. Першапачаткова ён знаходзіўся ў капліцы, якой апекавалася брацтва Найсвяцейшай Панны Марыі Шкаплернай, што складалася са свецкіх вернікаў з Глыбокага і наваколля. Капліца месцілася пад хорамі пры ўваходзе ва ўжо згаданы кармеліцкі касцёл. Праз гэта ўзнікла і замацавалася за абразом назва Маці Божая Падхорная.
Пасля скасавання кляштара кармелітаў і пераасвячэння касцёла ў праваслаўную царкву абраз перадалі ў парафіяльны Траецкі храм, дзе ён знаходзіцца і сёння. Першаўзорам для глыбоцкага абраза з’яўляецца абраз, што знаходзіцца ў базіліцы Маці Божай Большай (Santa Maria Maggiore) у Рыме. Маці Божая Падхорная праславілася шматлікімі цудамі: ацаляла паралізаваных, лекавала хворых, а ў 1854 годзе пасля малітвы бацькоў да яе вярнуліся да жыцця двое ўтоплых дзяцей. Кармеліты вельмі шанавалі Маці Божую Падхорную, яшчэ адным сведчаннем пра тое ёсць песня, захаваная, верагодна, з XVIII стагоддзя, якую спявалі перад абразом яшчэ айцы-кармеліты. Можна пачуць перакладзены і адаптаваны яе варыянт напрыканцы набажэнстваў у Глыбокім і сёння.
Маці Божая Падхорная. Фота: catholicnews.by
Язэп Вараніцкі, Budzma.org
Яшчэ па тэме: Пазнай цудадзейны абраз па выяве: тэст для вандроўнікаў па Беларусі