Беларускія вучні чытаюць, як ісландскія. Апублікаваны міжнародны рэйтынг пісьменнасці

04.12.2019 Адукацыя

Беларусь упершыню паўдзельнічала ў праграме, якая ацэньвае веды школьнікаў ва ўсім сьвеце.

0E61125C-966F-4DA8-B957-538F5D6EA00A_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

Найвышэйшы ўзровень паказваюць азіяцкія школьнікі — з Кітаю, Сынгапуру, Макао. З эўрапейскіх краінаў найлепшыя паказьнікі ў школьнікаў Эстоніі, Фінляндыі, Ірляндыі, Польшчы. Нават расейскія школьнікі крыху абагналі беларускіх. Аднак Міністэрства адукацыі лічыць, што для першага ўдзелу краіны ў дасьледаваньні PISA «вынік годны» — піша Свабода.

Што такое PISA, дзе ўпершыню ўдзельнічалі беларускія школьнікі

Міжнародная праграма ацэнкі адукацыйных дасягненьняў навучэнцаў (Programme for International Student Assessment, PISA) — тэст, які ацэньвае ўзровень ведаў школьнікаў усяго сьвету. У апошнім дасьледаваньні бралі ўдзел 79 краінаў і рэгіёнаў. Беларускія школьнікі ўпершыню праходзілі тэст PISA ўвесну 2018 году.

У дасьледаваньні PISA-2018 у Беларусі прымалі ўдзел 236 установаў адукацыі. Зь іх:

  • 136 школаў
  • 27 гімназіяў
  • 6 ліцэяў
  • 13 установаў сярэдняй спэцыяльнай адукацыі
  • 14 прафэсійна-тэхнічных навучальных установаў.

Выбірала ўстановы адукацыі выпадковым чынам арганізацыя Westat, ЗША. Удзел у тэставаньні ўзялі 5830 пятнаццацігадовых падлеткаў. Тэставаньне праводзілася ў кампутарным фармаце, на тэсты адводзілася 2 гадзіны, а 35 хвілін — на апытаньне.

Беларусь — у сярэдзіне рэйтынгу, займае 36–38 месца з 79

EF7A0226-9B39-4C4E-A45B-6C5C7D72EBF6_w650_r0_s.jpg

Рэйтынг PISA-2018

Паводле вынікаў дасьледаваньня, за ўменьне чытаць і разумець Беларусь атрымала 474 балы. Сярэднім усясьветным узроўнем лічыцца 454 балы. Лідэр тут Кітай — 555, у Эстоніі 523, у Польшчы 512, у Расеі 479 балаў.

У матэматыцы Беларусь набрала 472 балы, сярэдні паказьнік — 459 ( у Кітаю 591, у Эстоніі 523, у Польшчы 516, у Расеі 488).

У прыродазнаўчых навуках Беларусь мае 471 бал пры сярэднім 458. У Кітаю 590, у Эстоніі 530, у Польшчы 511, у Расеі 478.

Міністэрства адукацыі: «Для першага ўдзелу вынік годны»

Намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Кадлубай адзначыў, што для краіны гэта першы досьвед удзелу, і вынік годны.

«Расея ўдзельнічае з 2000 году, у 2018 годзе быў яе чацьверты ўдзел, а Беларусь — упершыню, і ўжо знаходзіцца ў першай палове рэйтынгу. То бок нашыя вынікі вышэйшыя за першыя вынікі Расеі», — перакананы Аляксандар Кадлубай.

Дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Юры Міксюк прызнаў, што вынікі ніжэйшыя за агульнаўсясьветныя, але яны нармальныя.

«Мы блізкія да сярэдніх краінаў. Усе школы паказалі добрыя вынікі. А ліцэі, гімназіі паказалі вынік на ўзроўні ўсясьветных лідэраў. Як пажартаваў адзін з экспэртаў, „з даху міністэрства адукацыі Сынгапуру відаць усе школы краіны“. Мы, вядома ж, ад іх адрозьніваемся.

Абавязкова зробім дэталёвы аналіз вынікаў, мы самакрытычныя. Дасьледаваньне дапаможа знайсьці хваравітыя пункты ў сыстэме адукацыі», — запэўніў дырэктар РІКВ.

Чыноўнікі паабяцалі цягам 10 дзён апублікаваць нацыянальны даклад, які падрыхтавалі арганізатары і экспэрты тэставаньня адмыслова для Беларусі. А таксама заданьні, аналягічныя тэстам PISA, вывучаць на факультатывах.

З суседзяў горшая за Беларусь толькі Ўкраіна

Дырэктар рэпэтытарскага цэнтру «100 балаў» Яўген Лівянт кажа, што вынікі пакуль ацэньваць складана, бо Беларусь упершыню ўдзельнічае ў гэтым дасьледаваньні. Важна сачыць за зьменамі, бо зьмены паказваюць часам больш, чым сам рэйтынг, мяркуе Лівянт.

«Так, Эстонія стабільна першая ў Эўропе. Заўважаны стабільны рост сыстэмы сярэдняй адукацыі Польшчы. Дарэчы, менавіта туды ўсё больш беларусаў едуць, каб атрымаць адукацыю. Там у сыстэму адукацыі ўкладаюцца і грошы, і інтэлект, і здаровы сэнс.

Сказаць, што ўсё надзвычай кепска, не выпадае — мы ў сярэдзіне табліцы.

Але мы горшыя за ўсіх нашых суседзяў. Горшая за Беларусь толькі Ўкраіна. У Расеі ў сярэднім рэйтынгі вышэйшыя за нашы», — прыводзіць прыклады рэпэтытар.

Лідэры — Кітай, Сынгапур, Макао. І Масква, а не ўся Расея

Цікава, што першыя радкі рэйтынгу займае так званая «кітайская Азія». Да прыкладу, у матэматыцы — Кітай, Сынгапур, Макао, Ганконг, Тайвань, Японія, Карэя. Толькі потым Эстонія, Галяндыя, Польшча, Швайцарыя. Кітай, Сынгапур, Макао — на першым месцы і ў чытаньні, і ў прыродазнаўчых навуках, — заўважае Яўген Лівянт.

«А сыстэма адукацыі ў азіяцкіх краінах наагул не „заточаная“ на тэсты, і тым ня менш, яны займаюць першыя месцы. Узровень Масквы — сярод лідэраў у сьвеце, бо сталіцу Расеі разглядалі асобна», — кажа ён.

Як паведамляе расейская Фэдэральная служба нагляду ў сфэры адукацыі і навукі, у дасьледаваньні бралі ўдзел больш за 7 тысяч вучняў са 151 школы Масквы, адабраныя мэтадам выпадковай выбаркі. Уменьнем працаваць з інфармацыяй 15-гадовых масквічоў апярэджваюць толькі школьнікі з Сынгапуру і чатырох кітайскіх правінцыяў (Пэкін, Шанхай, Цзянсу і Гуандун). У матэматыцы Масква на пятым месцы ў сьвеце.

Найгоршыя паказьнікі рэйтынгу — у Косава, Дамініканскай Рэспублікі, Філіпінаў, Лібану.