Анонс красавіцкага нумарача часопіса “Маладосць” — урыўкамі
***
Калі ўважліва знаёмішся з рукапісам кнігі «Лірыка. Эпас», звяраючы яго змест з бібліяграфіяй твораў Юлі Таўбіна, заўважаеш, што амаль усе вершы, уключаныя ў кнігу, паэт здолеў надрукаваць раней у іншых выданнях — часопісах, газетах і сваіх папярэдніх зборніках. Усе, акрамя аднаго — «Дужы вецер і маладзік з Гётэвае аповесці». Напэўна, тагачасныя рэдактары палічылі верш занадта цяжкім для ўспрымання «фармалістычным выкрунтасам», а можа нават і праявай «шкодніцтва на літаратурным фронце». Насамрэч жа ён цікавы як прыклад смелага і натхнёнага эксперымента са словам, рыфмай, рытмікай. Дый нават з літаратурнымі адсылкамі, гэтак уласцівымі паэзіі Таўбіна. Напэўна, толькі па-сапраўднаму ўлюбёны ў літаратуру чалавек знайшоў бы асацыятыўнае падабенства паміж маладзіком у неспакойным небе і галоўным героем рамана «Пакуты юнага Вертэра» (1774) Ёгана Вольфганга Гётэ — вялікага нямецкага паэта, якога Юлі Таўбін шанаваў і перакладаў на беларускую мову. Маладзіку-Вертэру, які «не знаходзіць месца на свеце», супрацьпастаўляецца «дужы вецер» як стыхійная ўсеахопная ўсеабуджальная рэвалюцыйная сіла, гэткі «вецер перамен».
Артыкул Віктара Жыбуля пра Юлія Таўбіна
плюс яго невядомы раней верш — у рубрыцы “Вяртанне”
***
Нават на мастацкіх выставах Цфанія Кіпніс больш экспанаваў эскізы тэатральных дэкарацый, чым, напрыклад, жывапісныя пейзажы! Адна з найбольш цікавых галін яго творчасці — праца ў жанры сяброўскага шаржа. Аб’ектамі іроніі мастака найчасцей рабіліся яго сучаснікі — літаратары. Пагартаем, напрыклад, нумары часопіса «Заклік», які выходзіў у 1933 годзе. Вось намаляваны Кіпнісам знакаміты пісьменнік Змітрок Бядуля — аўтар аповесці «Салавей»: адна яго рука абседжаная маленькімі птушачкамі (трэба думаць, таксама салаўямі), а другою ён круціць ручку катрынкі. Дапаўняе малюнак эпіграма Кандрата Крапівы.
Цфанія Кіпніс,
чалавек беспамылковага густу і яго шаржы
***
Зборнік «Мой дзень пачынаецца» выдавецтва «Мастацкая літаратура» (2015) склалі руска- і беларускамоўныя творы сарака пяці аўтараў ва ўзросце ад дзевятнаццаці да трыццаці трох гадоў. Кароткая прадмова памерам у два абзацы і яшчэ больш лаканічная анатацыя ў адзін сказ прапаноўваюць чытачу ўявіць аўтараў у ролі будучых класікаў, бо, падкрэсліваецца, ужо зараз у іх творчасці заўважны патэнцыял, каб «стаць дастойнай заменай лепшых прадстаўнікоў нашай літаратуры». А пакуль вучні класікаў і таленавітыя самародкі практыкуюцца ў прыгожым пісьменстве, вызначаюць для сябе функцыі сучаснага мастацтва і сваё месца ў ім. Зборнік іх творчасці — кластар для прамежкавых вынікаў гэтай нябачнай пошукавай ды шліфавальнай працы. Карысны ён і тым, што пісьменнікі-пачаткоўцы «жывуць» у зборніку разам, нібы у студэнцкім інтэрнаце, таму не толькі атрымліваюць магчымасць «сябе паказаць», але і «іншых паглядзець», ацаніць, параўнаць.
“Крытыка” з ярлычком “Заявачкі”.
Аўтар — Паліна Піткевіч
***
«Іўрыт, іўрыт, ІЎ-РЫТ!»— дзень пры дні гіпнатызаваў мяне ды іншых дзядоў і бабуль Дзядзюля. Сам Дзядзюля за сваё сямідзесяцігадовае габрэйскае жыццё не агораў аніводнага кручочка з кампактнага, на дваццаць дзве літары, алфавіта, але ідэяй вяртання да моўных каранёў з пэўнага моманту быў апантаны бясконца. Гэткае ні з пушчы ні з поля азарэнне прылучылася годзе ў 1991-м, праз пару гадоў пасля таго, як Дзядзюля дэклараваў свой хуткі ад’езд на ПМЖ, — ды за паўтара года да самога ад’езду.
Дзядзюля— інтэрнацыяналіст да шпіку косткі. У гэтым можна лёгка пераканацца са стракатага, дзе ёсць, пэўна, нацыяў дваццаць, донжуанскага спіса на тысячу каханак. Аднак — бач ты! — раптам ён зрабіўся стрыманым прыхільнікам нацыянальных каштоўнасцяў.
— Ігаль, можна я буду называць цябе на габрэйскі манер Ігалем? — папрасіў Дзядзюля, калі аднойчы завітаў у мой пакой падлетка і пачуў, як я слухаю «Уліс» і «Мрою». Прадаўшы кватэру, са сваёй пятай жонкай, Бабафаняй, яны гэтыя апошнія паўтара года перад рэпатрыяцыяй жылі з намі ў панэльцы на Зялёным Лузе.
— Ёсць мовы, якімі мы размаўляем: руская, нямецкая, украінская, польская… добра… хай сабе беларуская, — шчодра пачаў сваю перадвыбарчую кампанію Дзядзюля. — Але габрэі і людзі, у якіх ёсць хоць кропелька габрэйскай крыві, — тут Дзядзюля шматзначна паглядзеў на мяне, — тыя на нейкім этапе павінны хіліцца да ідыша… Прабач, іўрыта.
О так! Я захапляўся беларушчынай, і Дзядзюля згледзеў у гэтым шанц для сваёй габрэйшчыны. Ён браў у хаўруснікі беларускую мову ў сваім гэтым няпростым змаганні з іншымі, вялікімі і магутнымі, культурамі, якія, як ён заўважыў, апошнім часам далі расколіну.
Павал Касцюкевіч і яго “Урокі габрэйскай”
(урывак з сямейнай сагі «План Бабарозы»)
***
Перад Першай сусветнай вайной у Лідзе жыло каля 16 000 чалавек. У горадзе працавалі аддзяленні Бунда і Паалей Цыёна, існаваў яўрэйскі шпіталь. У 1914 годзе яўрэям належалі аптэка, 6 аптэчных складоў, 10 гасцініц і рэстаранаў, 2 хлебныя крамы, 3 кнігарні, цырульня, пральня, гадзіннікавая майстэрня, 3 ювелірныя крамы і 136 розных крам (у тым ліку 20 бакалейных і 13 мануфактурных). Горад меў два бровары — Папірмайстра і Пупко, спіртзавод Стругача, тартак Палячака, ліцейны завод братоў Шапіраў, тытунёвую фабрыку Віленчыка, фабрыку па вырабе мыла Ківяловіча, фабрыку разліву манапольнага алкаголю, шмат крам і аптовых складаў. З фінансавых устаноў у горадзе меліся: Таварыства ўзаемнага крэдыту, Яўрэйскі супольны банк, Банкаўская кантора Янушкевіча і інш. Большасць уладальнікаў — яўрэі.
Артыкул Леаніда Лаўрэша “Яўрэі Ліды” — у рубрыцы “Акалічнасці месца і часу”