Планы па рэканструкцыі Кальварыйскага касцёла ў Мінску памянялі, а Чырвоны касцёл нават не трапіў ў план па рэканструкцыі аб’ектаў у 2025 годзе

Рэканструкцыя касцёла Узвышэння Святога Крыжа, шасці капліц-пахавальняў і цэнтральнай уваходнай брамы на тэрыторыі Кальварыйскіх могілак у Мінску зацягваецца. Год таму паведамлялася аб тым, што згодна з Інвестыцыйнай праграмай Мінска на 2024 год асноўныя працы па рэканструкцыі павінны правесці і скончыць у 2025 годзе, піша katolik.life.

Kaĺvaryjski kasciol u Minsku
Кальварыйскі касцёл у Мінску. Фота: katolik-life

Зараз з апублікаванага пераліку аб’ектаў, праектаванне, будаўніцтва, рэканструкцыю якіх у 2025 годзе плануецца ажыццяўляць за кошт сродкаў бюджэту Мінска і іншых крыніц фінансавання — дадатку да інвестыцыйнай праграмы Мінска на 2025 год вынікае, што тэрмін рэканструкцыі касцёла і іншых аб’ектаў на Кальварыйскіх могілках расцягнулі на 2025-2026 гады.

Працы ўсё ж плануюць распачаць сёлета. Пры гэтым сума, якая павінна быць выдзелена з гарадскога бюджэту і асвоена, падзелена амаль роўнымі долямі на два гады. Гэта можа гаварыць пра тое што аб’ёмы прац у 2025 і 2026 гадах павінны быць прыкладна аднолькавымі.

Тэрмінам уводу аб’екту ў эксплуатацыю таксама пазначаны 2026 год замест 2025-га, як планавалася раней. Ці будзе закрыты касцёл на гэты перыяд, па-ранейшаму не паведамляецца.

Заказчыкам праекта з’яўляецца дзяржаўнае прадпрыемства «Мінская спадчына», на балансе якога таксама знаходзіцца закрыты болей за два гады Чырвоны касцёл — быццам, з прычыны патрэбы ў рэканструкцыі.

Пры гэтым у Інвестыцыйнай праграме ў пераліку аб’ектаў, рэканструкцыю якіх у 2025 годзе плануецца ажыццяўляць за кошт сродкаў бюджэту Мінска і іншых крыніц фінансавання, Чырвонага касцёла зноў няма.