Беларуска з Літвы Лілея Плыгаўка шмат год выкладала беларускую мову ў Віленскім педуніверсітэце. Дзякуючы яе старанням у Вільні ў свой час паўстала беларуская гімназія імя Францыска Скарыны. Зараз спадарыня Лілея працягвае навучаць мовам і не толькі, але ўжо прыватна і дыстанцыйна. Якія моўныя курсы карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў беларусаў? У чым розніца ў навучанні беларускай мове замежнікаў і беларусаў? Як пераадолець моўны бар’ер тым, хто толькі пачынае вучыць мову? Распавядае Лілея Плыгаўка ў інтэрв’ю на Budzma.org.
Лілея Плыгаўка
Лілея Плыгаўка нарадзілася ў Баранавічах. Скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны па спецыяльнасці беларуская і руская мовы і літаратуры, там жа — аспірантуру. Абараніла кандыдацкую дысертацыю ў Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі. Працавала ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот, потым у звычайнай сярэдняй школе выкладала беларускую мову і літаратуру. У 1991 годзе ў Вільні адкрывалася кафедра беларускай мовы і літаратуры ў мясцовым педінстытуце (пасля — універсітэце), пасля перамоў з літоўскім Міністэрствам адукацыі і атрыманага запрашэння Лілея Плыгаўка ўзначаліла гэтую кафедру. Стварыла і кіравала Цэнтрам беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры пры Віленскім педуніверсітэце, узначальвала Літоўскую асацыяцыю беларусістаў. Дзякуючы працы Лілеі Плыгаўкі і яе калег у Вільні паўстала беларуская гімназія імя Францыска Скарыны.
— Ёсць на маіх курсах і замежнікі, ёсць і беларусы. Ёсць розныя праграмы. Курс развіцця мовы, зразумела, гэта для беларусаў, якія жывуць і ў самой Беларусі, і ў розных краінах. Гэта ў асноўным дарослыя, я з дзецьмі таксама працую, але мала. Усё ж такі я выкладчык універсітэта, хаця досвед выкладання беларускай мовы ў школе таксама ёсць, як і арганізацыя педагагічнай практыкі для сваіх студэнтаў. Але курсы ўсё ж для дарослых, хаця сюды могуць яшчэ далучыцца старшакласнікі. Курсы розныя — у залежнасці ад патрэб.
Самы папулярны — курс развіцця вуснай мовы, паколькі многім бракуе якраз такі гэтага ўмення, умення размаўляць ці весці гутарку на нейкую любую тэму. Прычым у залежнасці ад узроўню — усяго іх тры — тэмы прапануюцца ад простых да складаных. Ёсць размоўна-побытавыя тэмы, ёсць гісторыка-культурныя. Для таго, каб развівалася лексіка ў людзей.
Калі казаць пра паглыбленне ведаў па беларусістыцы, як гэта гучыць у праграме курсаў, то значыць бярэм тэмы, якія не толькі датычаць беларускай гісторыі, культуры, але і агульна-гуманітарныя, актуальныя на сёння. Гэта больш паглыблены ўзровень, бо там больш складаная і спецыялізаваная лексіка.
Лілея Плыгаўка за працай
— І ў чым розніца ў навучанні беларускай мове замежнікаў і беларусаў, якія ніколі не гаварылі па-беларуску? Якая матывацыя?
— Адназначна магу сказаць, што беларуская нават для тых беларусаў, якія не гаварылі на ёй, гэта не замежная для іх мова. Для іншаземных студэнтаў — так, гэта яшчэ адна новая мова, гэта абсалютна новая сістэма. А калі мы кажам пра беларусаў, якія забыліся на мову, то тут менавіта — проста забыліся.
Усё ж такі беларускую мову вывучалі ўсе беларусы ў школе. І жывучы ў Беларусі, ты сутыкаешся з мовай, хай сабе ў розных варыянтах — але яна гучыць. Гэта дыялекты, трасянка, размоўная, літаратурная мова. Хай арэал бытавання беларускай мовы сёння не такі, як нам бы хацелася, але ўсё роўна яна існуе, яна ёсць. І таму людзі маюць магчымасць, нават на падсвядомым узроўні, яе ў сябе ўбіраць. Таму калі беларусы нават пра мову забыліся і нават калі яны ёй зусім не карыстаюцца, усё роўна для іх гэта не з нуля. Гэта пачатковы ўзровень. Часам, канечне, цяжкаватая праца, таму што трэба ўзгадваць нават элементарныя рэчы.
Але — я прыйшла да такой высновы — часта моцна спрацоўвае генетычная памяць. Гэта я заўважыла яшчэ, калі толькі пачала выкладаць у Літве беларускую мову сваім студэнтам, якія прыходзілі да нас вучыцца і атрымлівалі дыплом «настаўнік беларускай мовы і літаратуры». Большасць з іх мовы асабліва нідзе не чула, у некаторых, што праўда, былі беларускія карані. І я вельмі хутка заўважыла, што тыя, у каго ёсць беларускія карані, хутчэй актывуюць мову. У іх лепшае вымаўленне, яны хутчэй пачынаюць пісаць, нягледзячы на тое, што, напрыклад, скончылі літоўскую ці польскую школу і кірыліца ім не была знаёмая. Яны лягчэй успрымалі мову на слых, бо любая чужая мова спачатку ўспрымаецца суцэльнай такой плынню — мы не адрозніваем словы, толькі чуем пэўныя гукі, толькі з практыкай ці жыццём у гэтым моўным асяроддзі пачынаем ужо выхопліваць з плыні словы, фразы і г.д. Дык вось гэтыя студэнты нашмат хутчэй улоўлівалі гэтую беларускую моўную плынь. Часам гучала ад іх: «во, гэтае слова я дзесьці чуў», «яно нейкае мне знаёмае». Канечне, у нас былі ў асноўным студэнты з Віленскага рэгіёна — тут ёсць таксама сферы функцыянавання беларускай мовы ў розных варыянтах. Таму нейкія элементы яны, канечне, чулі.
Любая літаратурная мова — гэта стандарт, гэта самы высокі ўзровень развіцця любой мовы. А ёсць іншыя формы мовы, і вось гэтыя формы яны ўсё ж такі тут чулі і ўспрымалі.
Таму калі мы кажам пра беларусаў, то тут ні ў якім разе, я лічу, нельга казаць, што яны вывучаюць беларускую мову як замежную.
Тут, ведаеце, ёсць яшчэ такая спецыфіка: напрыклад, дзіця нарадзілася ўжо ў іншай краіне, а сям’я не карыстаецца беларускай мовай. То тут, калі бацькі хочуць, каб дзіця ведала беларускую мову, канечне, дзіця ўжо білінгва, ці трылінгва, ужо выкарыстоўваецца методыка вывучэння беларускай мовы як замежнай. А ў тых, хто выехаў за мяжу і некалькі гадоў жывуць па-за Беларуссю, асабліва вялікіх праблем з вывучэннем беларускай не будзе. Вельмі хутка людзі пачынаюць размаўляць. Яны і так размаўляюць, тут я ўжо маю на ўвазе, што яны пачынаюць нязмушана размаўляць, перастаюць саромецца, яны самі заўважаюць свае памылкі і самі сябе выпраўляюць. Гэта называецца — мова становіцца натуральнай.
— І якія парады для тых, хто толькі звяртаецца да мовы?
— Зразумела, самы эфектыўны шлях — гэта праца з выкладчыкам. Калі ж выбіраем самастойны шлях: удасканальванне валодання мовай, знаёмства з ёй ці вывучэнне, то тут, найперш, — чытаць, слухаць, глядзець, размаўляць. Тут трэба актывізаваць свае ўменні.
Калі чалавека цікавіць размоўная мова — знайдзі сабе суразмоўцу ці суразмоўцаў. Знайсці ці загітаваць свайго сябра ці сяброўку — і размаўляць па-беларуску, выпраўляць памылкі разам. Я калі была студэнткай, то менавіта так практыкавалася са сваёй сяброўкай.
— Беларуская мова не першая ў вас?
— Так, не першая. Я закончыла рускамоўную гарадскую школу ў Баранавічах. Зразумела, што сваякі ёсць у вёсцы, мама сама з вёскі, яна размаўляла такой прыгожай, сакавітай трасянкай з элементамі мясцовага дыялекту, бабуля ўвогуле на дыялектнай размаўляла. Бацька, паколькі часта і шмат ездзіў у Расію па працы, то размаўляў на літаратурнай рускай мове. Ну а я вучылася ў звычайнай рускамоўнай школе, дзе беларуская была як прадмет, таму, канечне, мову я ведала, але не было ўменняў размоўных. Практычна толькі калі я паехала ва ўніверсітэт, я стала вучыцца там размаўляць па-беларуску.
Памятаю, сустрэлася з дзяўчатамі, з якімі потым жыла ў адным пакоі ў інтэрнаце, а яны былі з лунінецкага Палесся. І калі яны між сабой размаўлялі на прыгожым палескім дыялекце, то я спачатку ўвогуле іх не разумела. Была нават такая гісторыя — стаю з рэчамі і чакаю таксоўку. Яны падыходзяць і кажуць: куды едзеш, у цябе столькі багата рэчаў. А я кажу: ды я ўвогуле зусім і небагатая. Вось такі быў узровень разумення. Яны мне потым увесь час са смехам успаміналі гэтую размову. І такія выпадкі былі не адзін раз. Таму калі я зразумела, што хачу нязмушана, свабодна размаўляць па-беларуску, то стала практыкавацца ў размовах з сяброўкай. Мы сталі абмяркоўваць розныя тэмы, выпраўлялі адна адну — гэта вельмі эфектыўны, добры шлях самастойнага вывучэння.
Ці чаму б у сям’і не пачаць размаўляць? Гэта ж не абавязкова даваць зарок ад заўтра размаўляць 24 гадзіны на суткі па-беларуску. Можна зрабіць для пачатку беларускую гадзіну ці яшчэ нешта кшталту такога, можна пачытаць кнігу з дзецьмі і абмяркоўваць разам прачытанае. І гэта будзе і для дзяцей плюс (найперш для развіцця мовы), і для бацькоў, да таго ж, фармуюцца даверлівыя, добрыя, прыязныя стасункі бацькоў і дзяцей. Ці паглядзець кіно па-беларуску і абмеркаваць таксама. Трэба старацца абмяркоўваць — не на ўзроўні «о, класна, супер, спадабалася-не спадабалася», а праз — тут я ўключаю выкладчыка — адкрытыя пытанні: «А што табе спадабалася, а што не?», абмеркаваць герояў, наступствы нейкіх іх учынкаў і г.д.
Ведаеце, дарослыя — гэта частая з’ява — менш саромеюцца, калі яны размаўляюць з дзецьмі, таму гэта добры варыянт для сям’і — вучыцца разам, падвышаць свой узровень валодання беларускай мовай.
— Часта пры вывучэнні замежнай мовы людзі кажуць пра бар’ер размовы, маўляў, сорамна за памылкі, якія будуць абавязкова. І пра ўжыванне беларускай таксама такое можна пачуць.
— Ведаеце, гэты комплекс ва ўсіх сядзіць. Гэта абсалютна нармальная з’ява. Я ўжо, калі працую са сваімі вучнямі, вельмі актыўна выкарыстоўваю коўчынг. То бок ужо як стратэгічны коўч з імі працую. Дапамагаю пераадолець гэту няўпэўненасць і гэты страх, зразумець, што гэта табе перашкаджае. А тое, што бар’еры ёсць — гэта нармальная рэч, бо гэта нязвыклая сітуацыя для чалавека, мы выходзім за межы сваёй зоны камфорту, свайго звыклага. І заўсёды арганізм стрэсуе. І няважна, што мы робім: трапляем у іншамоўнае асяроддзе, у іншае культурнае асяроддзе, адрознае ад роднага, ці пачынаем нешта абсалютна новае для сябе рабіць.
Мы шукаем матывацыю. Мы нешта з імпэтам робім, толькі калі ў нас ёсць матывацыя. Калі мы ведаем, дакладна ведаем, навошта мне гэта патрэбна. Шукаем прыкладны характар. Размовы пра патрыятызм — гэта добра. Але гэта не асноўная прычына матывацыі вывучаць ці ўспомніць беларускую мову.
Так, вельмі часта чую, асабліва калі прыходзяць да мяне на навучанне дарослыя людзі, такое: я хачу захаваць сябе як беларуса, я хачу паказаць, што я — беларус, цудоўны, выдатны, лепшы. Прынамсі, хачу, каб маё асяроддзе ведала пра Беларусь, пра маю Радзіму. Чалавеку становіцца ці стала сорамна ад таго, што ён/яна беларус ці беларуска, а не ведае, што расказаць і як пра Беларусь і беларусаў. Такія пытанні зараз вельмі частыя. І гэта моцна падштурхоўвае да вывучэння мовы.
Але знаходзяцца і іншыя прычыны. Пачуццё гонару за сябе, задаволенасць сабой. Гэта вельмі значнае павышэнне самапавагі, разумення сябе як асобы. Бо чалавек такім чынам атрымлівае грунт пад нагамі — я ведаю, хто я ёсць і чаго хачу ў гэтым свеце.
І яшчэ адзін момант. Мы не ведаем, калі, на якім этапе нашага жыцця нам спатрэбяцца пэўныя веды. Таму ўсё, што мы назапашваем, што вывучаем — яно калісьці рэалізуецца. І калі я ведаю выдатна беларускую мову, родная яна мая ці замежная, то гэтыя веды ў нейкі момант мне спатрэбяцца. Магчыма, і прафесійна. Тым больш, што беларусы, якія жывуць за мяжой, вельмі актыўна стараюцца інтэгравацца ў іншы соцыум. Робяць свае бізнесы, займаюцца грамадскай дзейнасцю, палітычнай, творчай і г.д. Зразумела, што ў нейкі пэўны момант грунтоўныя веды беларускай мовы і веды пра Беларусь ім могуць спатрэбіцца на любым месцы працы. Таму ад гэтай магчымасці, лічу, таксама не варта адмаўляцца, асабліва калі ідзе размова пра дзяцей.
— Зараз у Вільні ёсць запыт на стварэнне яшчэ адной беларускай школы, збіраюць подпісы, сустракаюцца з чыноўнікамі. Да вас звяртаюцца па дапамогу?
— Я ў кантакце з гэтымі людзьмі, часам іх кансультую, перадаючы свой досвед арганізацыі ў свой час беларускай школы ў Вільні. З аднаго боку, прайшло 30 гадоў, сітуацыя іншая. Але ёсць і пэўныя аднолькавыя нюансы, пра якія людзі могуць не ведаць. У любой справе ўсё круціцца зноў жа вакол матывацыі. Калі ёсць мэта і вялікае жаданне, кажу я тым, хто займаецца школай, таго, каб вашыя дзеці вучыліся ў сваёй утульнай беларускай атмасферы і з добрай інтэграцыяй у літоўскае грамадства, то не адступайцеся ад сваёй мэты. Ідзіце, плануйце, размаўляйце, грукайце ва ўсе дзверы, стварайце сваё ядро, сваё таварыства — і ўсё абавязкова будзе.
У канцы 1991 года ў Міністэрстве адукацыі Літвы мяне запыталіся: а дзе вашыя студэнты будуць працаваць? І я сказала: школу створым. Тым больш ідэя была ў паветры, у нас ужо працаваў першы беларускі клас пры рускамоўнай школе. І я сказала, цудоўна памятаю: школа альбо будзе праз год, альбо яе не будзе ніколі. І таму нам трэба так пабудаваць працу на гэты год, каб яна абавязкова стварылася. Мы здолелі гэта зрабіць, што праўда, шлях крыху расцягнуўся па часе — спачатку мы выйшлі на беларускамоўную паралель, бо не было памяшкання і кандыдатуры дырэктара. А калі ўжо літоўскія ўлады пераканаліся ў нашым перакананні ў сваім жаданні і сваёй мэце, то ў 1994 годзе была створана і школа. Каб дайсці да мэты, трэба планаваць сваю дзейнасць і метадычна ісці па плане. Шукаць аргументы не эмацыйныя, а чыста прыкладныя, сацыяльна-грамадскія. У нас калісьці якраз гэта выстраліла.
Памятаю, было вельмі шмат размоў з бацькамі. Канечне, быў гэты патрыятычны сантымент. Былі вельмі чуллівыя сітуацыі, якія мне не дазвалялі зрабіць крок назад, гэта было б ужо несумленна ў адносінах да гэтых людзей. Але найперш мы выпрацавалі канцэпцыю, якая тлумачыла, што атрымаюць дзеці і бацькі, калі будзе працаваць беларуская школа. Проста па пунктах. І калі да мяне прыходзяць вывучаць беларускую мову, стараславянскую, камунікацыю, лінгвістыку, то ў першую чаргу я з прэтэндэнтам на курс спрабую высветліць, для чаго яму гэта патрэбна. Які вынік ён хоча атрымаць? І потым мы ўжо распрацоўваем праграму, каб дасягнуць гэтага выніку.
Таму я веру, што яшчэ адна беларуская школа будзе ў Вільні. Чаму не?
— Вы пераязджалі ў Вільні ў часы агульнабеларускай адраджэнскай хвалі. Пасля 2020-га можна гаварыць пра чарговы нацыянальны ўздым?
— Думаю, можна праводзіць такую паралель, і я досыць часта для сябе гэта падабенства заўважаю. Я была даволі актыўнай удзельніцай тых працэсаў, жыла тады ў Баранавічах і нават некаторы час узначальвала школу па вывучэнні гісторыі, мовы і культуры Беларусі для дарослых. Памятаю тыя дні як час каласальнага ўздыму пачуцця нацыянальнай годнасці і пачуцця адкрыцця. Адкрыцця таго, што, аказваецца, мы — беларусы — маем вялікую спадчыну, вельмі распрацаваную мову, што ў нас ёсць чым і кім ганарыцца, што мы аддалі гэтаму Сусвету шмат выбітных людзей, якімі ганарацца іншыя культуры.
Сёння, можа быць, такога вялікага «ваў!» і не назіраецца, таму што ёсць ужо вельмі шмат інфармацыі, пры жаданні чалавек можа ўжо ведаць пра ўсё гэта беларускае. Але, бачыце, за апошнія гады ў Беларусі ўзмацнілася русіфікацыя — і вырасла пакаленне, якое, з аднаго боку, ужо мела прыватна магчымасці атрымліваць інфармацыю, з іншага боку, гэта пакаленне не накіроўвалася да атрымання гэтай інфармацыі, не выхоўвалася ў нацыянальным ключы. Таму, так, для гэтых людзей вельмі шмат адкрыццяў.
Я разглядаю гэта як заканамерны працэс, калі змяняюцца пакаленні. Прайшло дзесьці 30-35 гадоў паміж гэтымі нацыянальнымі ўздымамі. І вонкавыя прычыны, пэўныя знешнія фактары, зразумела, таксама людзей падштурхнулі да беларушчыны, да ўсведамлення сябе.
Хаця за перыяд незалежнасці Беларусі не ўзнікала пытання самаідэнтыфікацыі ў маладога пакалення: я — беларус. Але з такім ухілам: я — беларус, але размаўляю па-руску і гэта абсалютна нармальна. Пасля 2020 года, безумоўна, яны пачалі задаваць сабе іншае пытанне: я — беларус, але чаму я размаўляю па-руску? Чаму я не ведаю сваю мову ці ведаю, але не карыстаюся ёй?
Думаю, тут эміграцыя шмат у чым паспрыяла. Людзі трапілі ў іншы соцыум, убачылі адносіны да свайго роднага ў іншых народаў — і гэта таксама прымушае задумацца. Ну насамрэч, чаму палякі размаўляюць па-польску, літоўцы — па-літоўску, а беларусы размаўляюць не па-беларуску?
— Але часам ад вымушаных эмігрантаў можна пачуць пра першаснасць побытавых праблем, маўляў, вось уладкуемся як людзі крыху, а потым ужо мова, культура і г.д.
— Гэта памылковае меркаванне: спачатку я ўладкуюся, а вось ужо потым успомню родную мову і культуру.
Родная мова і культура даюць нам грунт. Чалавек адышоў ад свайго соцыума і не прымкнуў да чужога. Чалавек вісіць у паветры — ад гэтага псіхалагічна яшчэ больш цяжка. Таму родная мова і культура — вельмі моцны стрыжань, гэта вельмі моцнае апірышча, якое нас трымае.
У той жа час, скажу як навуковец, які займаўся праблемамі нацыянальных мяншыняў, чалавек у іншай краіне праходзіць пэўныя стадыі. І чалавеку трэба ўсвядоміць, што ён нічым не адрозніваецца ад эмігрантаў з іншых краін. Першая стадыя — гэта адаптацыя, калі ў нас культурны шок, калі мы не ведаем, што рабіць, калі ў нас не ўладкаваныя чыста побытавыя пытанні. Потым ужо ідзе інтэграцыя, якая можа перарасці і ў асіміляцыю і г.д. Таму калі чалавек разумее, што гэта натуральны працэс, які праходзяць усе эмігранты, то, думаю, што гэта павінна чалавека супакойваць чыста псіхалагічна.
Гуртавацца разам трэба, ствараць свой свет, увесь час гэта кажу. Трэба мець сваё асяроддзе, якое цябе падтрымлівае, натхняе. Якому ты нешта аддаеш — і яно табе дае ўзамен. У гэтым плане я і як практык скажу адназначна, што сваё роднае нас трымае на гэтым свеце. Так, шмат чаго з таго роднага і блізкага, што акружала, чалавек па-за межамі краіны трымае толькі ў сваёй свядомасці. І каб гэта — недасяжнае зараз — актывізаваць, трэба хаця б размаўляць пра сваё беларускае з такімі як ты сам. Але не ў ключы «як мне тут цяжка і якія мы няшчасныя» — увогуле я не прыхільніца пазіцыі ахвяры, — а «так, мы апынуліся ў незнаёмым асяроддзі, дык давайце гуртавацца, сустракацца, нешта ствараць, назіраць за тым, што робяць іншыя». Давайце карыстацца магчымасцю ўвабраць у сябе чужы досвед.
Я, напрыклад, вельмі ўдзячная Літве, што ў мяне была такая магчымасць. Я прыехала сюды ў 1991 годзе і было таксама вельмі шмат складанасцяў. Праз год нам сказалі, што не будзе набору — і я губляла працу, не маючы ні сталага жылля, ні сваякоў, ні сям’і. І таксама ж чужое асяроддзе, іншыя культурныя коды. Здаецца, мы ж жылі ў адной краіне — але насамрэч вельмі шмат нават чыста побытавых адрозненняў. Трэба было шмат у чым і адстойваць сваю пазіцыю, 25 гадоў я адстойвала той жа наш цэнтр, шукала нейкія магчымасці, каб ён захаваўся. І пастаянна ездзіла ў Беларусь — не было ж ні падручнікаў, рознай літаратуры, планаў, студэнтаў пастаянна збіралі.
Вярнуся да вышэйсказанага: ёсць ідэя, якая пераходзіць у мэту. Калі ў мяне была ідэя арганізаваць тут беларускамоўную адукацыю ад нізу да верху, то я натхнялася гэтай ідэяй і старалася звяртаць увагу на тое, што магчыма зрабіць — і рабіла.
Таму давайце — гэта я кажу для ўсіх, хто апынуўся за межамі Беларусі — перавядзем фокус на тое, што я магу. Убачыць плюсы ў сённяшняй сітуацыі. У тым, што я сёння вось у гэтай краіне і магу карыстацца ўсімі інтэлектуальнымі багаццямі гэтай краіны.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org
Фота з асабістага архіва Лілеі Плыгаўкі
Чытайце яшчэ:
Уладзімір Арлоў: Шматвяковая і агульная для літоўцаў і беларусаў гісторыя — магутная зброя супраць «русского мира»