Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт цяпер носіць імя Еўфрасінні Полацкай

Назва ПДУ апошнім часам публікуецца з імем Еўфрасінні Полацкай. Як стала вядома, прыказ аб прысваенні ўніверсітэту гэтага імя быў падпісаны ў Міністэрстве адукацыі 13 ліпеня 2022 года, паведамляе партал gorod214.by.


DSC_0751_1_1.jpg

З ініцыятывай аб прысваенні імя выступіў сам універсітэт. У Міністэрстве адукацыі прапанову падтрымалі. Запіс аб рэгістрацыі юрыдычнай асобы ў адзіным дзяржаўным рэестры Наваполацкі гарвыканкам зрабіў 19 ліпеня 2022 года. Цяпер афіцыйная назва вну гучыць так: Установа адукацыі «Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай».

1_1_1.jpg
Фота: Кірыл Смалякоў

Еўфрасінню Полацкую шануюць як выдатную асветніцу і святую, нябесную апякунку беларускай зямлі. Яна ўнучка вялікага полацкага князя Усяслава Чарадзея. Адмовіўшыся ад свецкага жыцця, княгіня ў 12 гадоў тайна прыняла пострыг і сышла ў манастыр.

Еўфрасіння была адной з самых адукаваных жанчын свайго часу. Сама перапісвала кнігі, навучала простых людзей пісьму, фармавала бібліятэку Сафійскага сабора, заснавала жаночы і мужскі манастыры, якія стаялі цэнтрамі асветы ў Полацкім княстве. Па яе замове быў створаны крэст, які стаў шэдэўрам старажытнабеларускага мастацтва. Праславілася таксама сваёй міратворчай дзейнасцю.

Памерла Еўфрасіння ў 1167 годзе ў Іерусаліме, падчас здзяйснення туды паломніцтва. Сёння мошчы найпадобнай захоўваюцца ў Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры, як святую яе шануюць ва ўсіх хрысціянскіх канфесіях.