У вёсцы Мокрая Дубрава Лагішынскага пасялковага савета Пінскага раёна вясной будзе ўстаноўлена кампазіцыя з памятнай дошкай гераіні Першай сусветнай вайны Рыме Івановай. Гэтая мужная дзяўчына, сястра міласэрнасці, загінула ў тутэйшых мясцінах у 1915 годзе.
Бой за Мокрую Дубраву быў даволі жорсткім. Як высветлілі мясцовыя краязнаўцы, немцы наступалі на Лунінец. А невялікі гарнізон рускай арміі мужна абараняўся на подступах да згаданага населенага пункта. Так сталася, што ўсе афіцэры загінулі. І салдаты разгубіліся. Было ясна, што праз некаторы час яны разбягуцца ў розныя бакі. Некаторыя ўжо ў паніцы пачалі пакідаць акопы. Тады камандаванне байцамі ўзяла на сябе 21-гадовая сястра міласэрнасці Рыма Іванова. І стомленыя доўгім боем вайскоўцы сабраліся з духам — у такіх умовах яны не маглі паказаць сваю слабасць. Можна сказаць, здарыўся цуд: расійскія салдаты выстаялі і нават адагналі ворага. А сястрычка, якая выратавала жыццё многім на полі бою, атрымала смяротнае раненне і памерла на руках у байцоў. Цела яе потым перавезлі на радзіму, у Стаўрапаль. Пасмяротна Рыму Іванову ўзнагародзілі ваенным ордэнам святога Георгія ІV ступені. Такой узнагароды ўдастоена адзіная жанчына ў Расійскай імперыі.
Пра тое, што каля Мокрай Дубравы адбыліся баі Першай сусветнай, заўсёды ведалі ў акрузе, а вось пра подзвіг юнай медсястры мала хто знаў. Старшыня Лагішынскага пасялковага Савета Канстанцін Шляжко расказаў, што ў лесе каля вёскі ёсць два вялікія пахаванні салдатаў — удзельнікаў тых баёў. У адным месцы знайшлі спачын нямецкія воіны, у другім — рускія. Гадоў дзесяць таму супрацоўнік тутэйшага лясніцтва Аляксей Пятровіч Балюк па ўласнай ініцыятыве зрабіў два бетонныя помнікі і ўстанавіў іх на магілах. Тады іх абгарадзілі і як маглі добраўпарадкавалі. І цяпер мясцовая ўлада клапоціцца пра вонкавы выгляд пахаванняў стагадовай даўніны. Да добрай справы падключылі школьнікаў. Вучні тутэйшай базавай школы кожную вясну высаджваюць кветкі, прыбіраюць на магілах. А заадно вывучаюць гісторыю свайго краю.
У Мокрай Дубраве сёння жыве каля 300 чалавек. Тут, акрамя школы, ёсць клуб, лясніцтва, ФАП, крамы. Вёска ў цэлым дагледжаная. Яе добраўпарадкаваннем мясцовая ўлада займаецца кожны год. На гэтую вясну плануецца закончыць устаноўку агароджы вакол могілак, «разабрацца» з калдобінамі на дарогах, якія ўтварыліся за зіму. Ну і, вядома, давядзецца істотна палепшыць тэрыторыю вакол клуба, каб устанавіць там памятны знак. Клуб знаходзіцца ў самым цэнтры вёскі — скульптурная кампазіцыя з трох валуноў і мемарыяльнай дошкі добра ўпішацца ў агульны краявід.
Памятную дошку ўжо зрабілі ў Мінску. Менавіта ў сталіцы нарадзілася ідэя ўвекавечыць імя юнай гераіні на месцы, дзе быў здзейснены подзвіг. Як расказала карэспандэнту «МС» загадчыца выхаваўчага аддзела сталічнага Інстытута правазнаўства Людміла Благапалучная, упершыню пра сястру міласэрнасці Рыму Іванову расказаў студэнт гэтай ВНУ, які родам з Пінска. Яго таварышы загарэліся ідэяй даведацца больш пра ўдзельніцу Першай сусветнай. Яны спісаліся са Стаўрапальскім музеем і атрымалі патрэбныя матэрыялы. Тады ў студэнцкага актыву ўзнікла думка ўвекавечыць памяць пра подзвіг Рымы Івановай. Будучыя юрысты ўсё рабілі самі: пісалі пісьмы ў Міністэрства культуры і іншыя ўстановы, узгаднялі эскіз будучай мемарыяльнай дошкі, арганізоўвалі правядзенне экспертызы. Адначасова збіралі грошы. Да збору сродкаў падключыліся і выкладчыкі. Калі патрэбная сума была ў наяўнасці, дошку заказалі ў майстэрні. І вось днямі сакратар камітэта БРСМ Вікторыя Кашко паведаміла, што мемарыяльная дошка гатова.
…Помнік плануецца ўстанавіць і ўрачыста адкрыць у красавіку. Спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Пінскага райвыканкама Ірына Даніліна паведаміла нам, што пытанні ўстаноўкі помніка ўзгоднены на каардынацыйным савеце па гісторыка-культурнай спадчыне раёна. Засталося падрыхтаваць мерапрыемства і годна яго правесці.