Каток рэпрэсій у Беларусі, на жаль, не толькі не спыняецца, але і набірае абароты. За апошні год былі ліквідаваныя каля 300 арганізацый грамадзянскай супольнасці. Тысячы беларусаў вымушаныя ўцякаць за мяжу. У такой сітуацыі надзвычай востра паўстаюць пытанні аб тым, ці не будуць супрацоўнікі ліквідаваных арганізацый адразу ж лічыцца дармаедамі, па якіх тарыфах давядзецца аплочваць камунальныя паслугі. Як плаціць падаткі, знаходзячыся за мяжой?
Падрыхтавалі адказы на гэтыя пытанні разам з юрысткай Анастасіяй Клешч.
Хто НЕ лічыцца дармаедам
Згодна з беларускім заканадаўствам дармаедамі не лічацца грамадзяне, якія:
1. Працуюць, знаходзяцца на дзяржаўнай службе або з’яўляюцца членамі вытворчага кааператыва або сялянскай (фермерскай) гаспадаркі.
2. З’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
3. Выконваюць працу па грамадзянска-прававых дамовах, прадметам якіх з’яўляецца выкананне работ, аказанне паслуг або стварэнне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці.
4. Выконваюць іншыя віды дзейнасці і ўплочваюць адзіны падатак з ІП і іншых ФА (фізічных асобаў) — пры умове аплаты такога падатку за адпаведны перыяд.
5. Усе ваеннаслужачыя і ваеннаабавязаныя, асобы, якія праходзяць альтэрнатыўную службу — на перыяд гэтай службы.
6. Рамеснікі — пры ўмове аплаты пэўнага збору за адпаведны перыяд.
7. Асобы, якія з’яўляюцца ўласнікамі маёмасці (заснавальнікамі або ўдзельнікамі) камерцыйных арганізацый, за выключэннем акцыянерных таварыстваў.
8. Творчыя работнікі, статус якіх пацвярджаецца творчым саюзам, членам якога ён з’яўляецца, або прафесійным сертыфікатам творчага работніка.
9. Святары, асобы, якія навучаюцца ў духоўных навучальных установах.
10. Вырабнікі прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі на зямельным участку, які знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
11. Асобы, якія зарэгістраваныя як беспрацоўныя, або праходзяць перападрыхтоўку.
12. Асобы, якія атрымліваюць адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацы.
13. З’яўляюцца маці або бацькам (мачахай або айчымам), усынавіцелем, апекуном або папячыцелем і якія выхоўваюць дзіця да 7 гадоў, дзіця-інваліда да 18 гадоў, тры і болей непаўналетніх дзяцей.
14. Спартсмены, уключаныя ў спісачныя склады нацыянальных і зборных каманд Рэспублікі Беларусь па відах спорту, а таксама асобы, якія з’яўляюцца спартсменамі-навучэнцамі спецыялізаваных навучальна-спартыўных устаноў.
15. Інваліды, незалежна ад групы.
16. Недзеяздольныя.
17. Асобы, якія атрымліваюць даходы ад здачы ў наём жылых і нежылых памяшканняў, машына-месцаў, — пры ўмове выплаты падаходнага падатку з фізічных асоб з такога даходу.
18. Асобы, якія працуюць за мяжой.
19. Асобы, якія атрымліваюць адукацыю за мяжой у дзённай форме атрымання адукацыі.
Дакументы, якія пацвярджаюць п.п. 18, 19 прадстаўляюцца на рускай або беларускай мове, або з афіцыйным перакладам.
Што з супрацоўнікамі ліквідаваных арганізацый
Асобы, якія былі звольненыя з працы — не лічацца дармаедамі наступны квартал, пасля звальнення, а калі звальненне было па скарачэнні колькасці або штата работнікаў ці па стане здароўя — 6 месяцаў. Тое ж самае датычыцца і ліквідаваных арганізацый.
Асобы, якія былі звольнены ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, не лічацца дармаедамі наступны квартал.
Асобы, якія былі сябрамі творчых арганізацый, не лічацца дармаедамі цягам квартала з моманту ліквідацыі. Афіцыйнай датай ліквідацыі арганізацыі лічацца яе выключэнне з рэестру юрыдычных асоб Беларусі.
Як плаціць падаткі
Калі грамадзянін не з’яўляецца падатковым рэзідэнтам Беларусі (больш за 183 дні пражывае за мяжой), плаціць там падаткі і яны не адлюстроўваюцца на рахунках у Беларусі, то пытанняў падаткаабкладання няма, калі ж адлюстроўваюцца на рахунках, то трэба прадставіць у падатковую даведку, што падаткі выплачаныя ў іншай краіне. Тады ў Беларусі плаціць іх таксама не трэба.
Кожны грамадзянін, пакуль ён не прызнаны дармаедам, аплачвае камунальныя паслугі па звычайных тарыфах. Дармаедам ён будзе лічыцца праз квартал пасля звальнення, або праз 6 месяцаў пасля звальнення па скарачэнні штату і г.д.
У выпадку, калі грамадзянін прадстаўляе ў падатковую даведку што знаходзіцца за мяжой 183 дні і доказ таго, што працуе за мяжой, то камунальныя паслугі таксама плаціць па звычайным тарыфе.
Даведка або кантракт прадстаўляецца ў свабоднай форме ад працадаўцы, што грамадзянін/грамадзянка XXX працуе ў кампаніі XXX з тэрміну XXX па тэрмін XXX з заработнай платай XXX (НЕ АБАВЯЗКОВА).
budzma.org