Вы сабралі вялікую хатнюю бібліятэку, спускаеце ў кнігарнях неймаверныя сумы, не высыпаецеся, таму што кожны вечар абяцаеце сабе «прачытаць толькі адну главу і адразу спаць»? Верагодна, вы — самы сапраўдны кніжны чарвяк. У сваім жаданні паглынаць старонку за старонкай вы няўмольны і відавочна гэтага не саромеецеся. Цяпер зусім не сорамна называць сябе кніжным чарвяком, ці не так? А адкуль наогул узяўся гэты выраз? Нацыянальная Бібліятэка Беларусі дае адказ. Падрыхтуйцеся: усё не так проста, як падаецца на першы погляд.
Такім чынам, для многіх з нас чытанне — галоўнае хобі і сапраўдны выратавальны круг, дзякуючы якому мы да гэтага часу трымаемся ў гэтым суровым жыцці. Пэўна ў вас нават ёсць гісторыя пра тое, як кніга змяніла ваша жыццё. Літаратура займае асаблівае месца ў нашых сэрцах і чароўным чынам ператварае нас у... кніжных чарвей — людзей, для каго чытанне амаль жыццёва неабходна.
У многіх мовах выраз «кніжны чарвяк» застаецца нязменным — узяць той жа bookworm у англійскай або pustakaalapurugu ў тэлугу. Але ёсць варыянты і больш цікавыя. Да прыкладу, французы выкарыстоўваюць buveurd’encre — «які п’е чарніла». Немцы б назвалі вас «чытаючым пацуком», румыны — «бібліятэчнай мышкай», а ў Інданезіі вас бы рашуча ахрысцілі «кніжнай блыхой». Ва ўсіх гэтых выразах ёсць сёе-тое агульнае. Яны нібы кажуць: вы — галодны звер, словы на старонках — ваша ежа і голад ваш неспатольны.
Першы кніжны чарвяк у гісторыі
Першае задакументаванае згадванне фразы «кніжны чарвяк» адносіцца да 1580 года. У перапісцы паміж навукоўцам Габрыэлем Харві і Эдмундам Спенсерам горача абмяркоўваўся іх агульны знаёмы, пра якога пішуць наступнае: «па раніцах ён кніжны чарвяк, пасля абеду — соладавы». Здаецца, акрамя страсці да чытання, гэты першы кніжны чарвяк быў таксама заўзятым аматарам выпіць.
Англійскі драматург Бэн Джонсан у сваёй п’есе «Забавы», апублікаванай у 1600 годзе, таксама выкарыстаў выраз «кніжны чарвяк» — зноў у некалькі негатыўным кантэксце. «Беднае сэрца, скажонае і сапсаванае блудным кніжным чарвяком, марнатраўцам свечак» — не занадта падобна на камплімент. Так ці інакш, да 1600-га гэты выраз ужо трывала ўвайшоў у паўсядзённую гаворку, хоць і нёс адмоўны характар. Кніжных чарвей заадно называлі і соладавымі, намякаючы на прыхільнасць да алкаголю, і марнатраўцамі свечак — колькі іх зыходзіла на чытанне па вечарах! Да станоўчага ўспрымання, вядома, яшчэ далёка.
Пра сапраўдных кніжных чарвей
Першая згадка пра кніжнага чарвяка як нібыта існуючага насякомага адносіцца толькі да 1654 года: Рычард Уітлок піша пра тое, што гэтыя істоты — неверагодныя доўгажыхары, а іх развіццё закранае мноства мінулых эпох. Дык што ж было раней, чытач або чарвяк?
Хутчэй за ўсё, насякомае. Нягледзячы на тое, што раней тэрмін «кніжны чарвяк» не выкарыстоўваўся для іх апісання, усё ж згадкі пра істоты, якія праядаюць старонкі, з’яўляюцца куды раней. Яшчэ Арыстоцель у сваёй «Гісторыі жывёл» піша пра маленькіх скарпіёнаў без хваста, якія псуюць скруткі. Паэт Эвенус Пароскі ў V стагоддзі нават напісаў эпіграму, у якой выказаў усю сваю незадаволенасць «пажыральнікамі старонак».
Адным словам, кандыдатаў на званне першага кніжнага чарвяка ад свету насякомых так шмат, што складана сказаць напэўна.
Хто ж псаваў кнігі?
Нягледзячы на тое, як шмат было згадак пра ўсялякіх «пажыральнікаў старонак», не ўсе яны маюць на ўвазе адно і тое ж насякомае. На працягу стагоддзяў ганаровае званне кніжнага чарвяка на сябе прымала мноства стварэнняў — у залежнасці ад матэрыялу кнігі, клімату і іншых нюансаў. «The Pharmaceutical Era» ў 1898 годзе лічыла, што пад імем кніжнага чарвяка хаваюцца сем ці восем розных відаў насякомых. Да 1939 года колькасць кандыдатаў павялічылася да 67.
Для пачатку, чарвяком называлі наогул «любую істоту невялікага памеру, якая бегае, выгінаецца або поўзае; ім таксама прысвойвалі ўсёеднасць і пражэрлівасць». Такім чынам, у катэгорыю кніжных чарвей разам увайшлі лічынкі многіх жукоў, молі, прусакоў і г.д. Іх прыцягвала сырасць і прахалода бібліятэк, а таксама непасрэдныя складнікі ўсякай кнігі — скураныя вокладкі, клей, цвіль, якая расце на старонках. Існуюць і сапраўдныя кніжныя вошы. Зусім малюсенькія, да 1 мм у даўжыню, яны збіраюцца ў пыле і вокладках кніг, псуюць гербарыі і ўсё, дзе ёсць клейстар, а калі кніжных вошай становіцца занадта шмат, яны пачынаюць слаба цікаць, нібы адлічваючы час да гібелі вашай каштоўнай калекцыі.
Пакора і абраза
Доўгі час чалавецтва было вымушана мірыцца з блізкім суседствам насякомых, якія таксама любяць кнігі, але ў іншым сэнсе. Ісідор Пелусійскі ў тым жа V стагоддзі н.э. пісаў: «Кнігі служаць домам і ежай для чарвей, і ў гэтым мы пераможаны».
Лічыцца, што менавіта ў гэты перыяд людзі пачалі атаясамліваць самых апантаных чытачоў з гэтымі насякомымі — паэты мераліся сваім літаратурным майстэрствам, заадно асуджаючы тых, хто, на іх думку, чытае і піша няправільна. А дзе асуджэнне, там і жаданне абразіць апанента мацней. Назваць насякомым, якое псуе кнігі, — у самы раз. Такія ноткі, да прыкладу, праскокваюць яшчэ ў эпіграмах Антыфана (а гэта, на хвілінку, 388 г. да н. э.). Лацінскі паэт Сімфозіус, англасаксонскія Кюневульф і Эксетэр шчодра асуджаюць чытачоў, якія літаральна жывуць у кнігах, але не ўдасканальваюцца, не выносяць з іх нічога карыснага, нібы чэрві, што пажыраюць старонкі. Сапраўдны праклён паэтаў.
На варце кніг
Да XVIII стагоддзя чалавецтва нарэшце стомлена мірыцца з непрыемным суседствам насякомых у кнігах. Каралеўскае навуковае таварыства ў Гётынгене нават прапанавала ўзнагароду за самы эфектыўны спосаб барацьбы з бібліятэчнымі шкоднікамі. Што наогул так прыцягвае насякомых? Як ад іх бараніцца? У 1880 годзе кніжных чарвей нават абвясцілі афіцыйнымі «ворагамі кніг». Назва так прыжылася, што праз гады так называліся выставы, прысвечаныя гэтым насякомым і кнігам, якія пацярпелі ад іх.
Даследчык Торвальд Солберг пісаў наступнае: «Па ўсіх правілах кнігі належаць гэтым насякомым больш, чым нам. Магчыма, гэта мы на самой справе ворагі кніжных чарвей, бо спрабуем выгнаць іх з законнага жылля. Кніжныя чэрві жывуць у бібліятэках, у той час як мы проста іх наведваем».
Кніжныя чэрві метадычна псавалі карашкі і старонкі, кожны раз па-новаму. Яны маглі праесці роўную дзірку ў карашку або лінію ўпоперак главы, перакусіць ніткі, якімі сшыты старонкі, пагрызці вокладку ў рэшата. Уільям Блейдс (які, дарэчы, і абвясціў кніжных чарвей «ворагамі»), апісваў выпадак, калі 27 тамоў былі праедзеныя наскрозь па прамой. Некаторыя сапсаваныя кнігі выглядалі нават прывабна — энтамолаг Уільям Рэйніке апісваў тамы, дзе «старонкі на святле нагадвалі рэдкія карункі» і «кодэкс, пры разгортванні якога вас паглынала мініяцюрная снежная бура з папяровых шматкоў».
Было б прыгожа, калі б не было занадта шкада каштоўных кніг.
Дарэчы, у XIX–XX стагоддзях лічылася, што наяўнасць чарвяточыны ў рукапісе — гэта відавочнае пацверджанне яго сапраўднасці. Усе настолькі спадзяваліся на гэты метад, што фальсіфікатары імітавалі пашкоджанні ад насякомых свердзеламі і распаленым шылам.
Барацьба са шкоднікамі
Такім чынам, чалавецтва ўстала на шлях барацьбы з кніжнымі чарвямі. Але як пазбавіцца ад таго, што так складана заўважыць няўзброеным вокам? Метады былі вельмі своеасаблівыя.
Вітрувій у сваёй кнізе «Архітэктура» рэкамендаваў ставіць кнігі, паварочваючы ва ўсходні бок, таму што «кнігі, павернутыя на поўдзень і захад, пашкоджваюцца чарвямі і сырасцю». Бібліятэкар Херэфордскага сабора лічыў, што яго клопат абароніць кнігі ад благога ўздзеяння, а таму кожны дзень праціраў іх, вытрасаў і пазбаўляўся нават ад намёку на пыл. Аўтар вышэйзгаданай «The Pharmaceutical Era» ўвогуле лічыў, што лепшыя лекі ад кніжнага чарвяка — гэта выкарыстанне кнігі па прызначэнні. Гэта значыць, чым часцей іх чытаюць, тым менш у іх заводзіцца ўсякай жыўнасці. У рэшце рэшт, зірнём праўдзе ў вочы: большую частку свайго доўгага жыцця кніга не чытаецца.
Сярод іншых метадаў было — о, жах! — спаленне заражаных кніг, камфара і ўсялякія хімічныя рэчывы, прамочванне якімі павінна было навекі адвадзіць насякомых ад кніжнага карашка. Бывалі і сезонныя метады: Джон Фрэнсіс О’конар у сваёй працы «Facts about bookworms; their history in literature and work in libraries» (1898) рэкамендаваў праціраць кнігі ў сакавіку, ліпені і верасні тканінай з перцам і галыном.
А яшчэ бібліятэкары спрабавалі трымаць кнігі ў холадзе, на стальных паліцах, замест драўляных, апырскваць усё інсектыцыдамі і часцей праветрываць. Некаторыя прамочванні ад кніжных чарвей былі настолькі таксічнымі, што наносілі шкоду не толькі насякомым, але і няўдачлівым чытачам. Будзьце асцярожныя, калі слініце пальцы за чытаннем старых кніг.
Калі вы не мянялі шпалеры з часоў «адлігі» , а хатняя бібліятэка гнецца ад старадаўніх кніг, абавязкова праверце іх на наяўнасць няпрошаных гасцей — можа, кніжныя вошы ўжо з’елі ўвесь клейстар і падбіраюцца да вашых любімых асобнікаў. У рэшце рэшт, у кватэры павінен застацца толькі адзін кніжны чарвяк — і гэта вы.
Матэрыял падрыхтаваны аддзелам суправаджэння інтэрнэт-партала.
Пераклад з рускай мовы вядучага бібліятэкара аддзела суправаджэння інтэрнэт-партала Солушка Ганны.