Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці ўнесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Гэта адбылося падчас 20-й сесіі Міжурадавага камітэта ЮНЭСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Нью-Дэлі 9 снежня. Распавядаем цікавыя факты пра неглюбскі тэкстыль.

Такіх спісаў некалькі: спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы (у яго і ўнеслі неглюбскі тэкстыль), Рэпрэзентатыўны спіс і Спіс добрых практык (у апошнім пакуль няма элементаў з Беларусі).
Раней у спісы ўключаны:
— абрад «Калядныя цары» ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобл. (2009 г.);
— урачыстасць у гонар шанавання Абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст) у Мядзельскім раёне Мінскай вобл. (2018 г.); — вясновы абрад «Юрʼеўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл. (2019 г.);
— культура бортніцтва (сумесна з Польшчай, 2020 г.);
— мастацтва, рамяство і ўменні саломапляцення (агульнабеларускі элемент, 2022 г.);
— традыцыйнае мастацтва выразання з паперы выцынанка (агульнабеларускі элемент, 2024 г.).
Неглюбская тэкстыльная традыцыя трапіла туды па рашэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь у 2016 г.

Неглюбскія ручнікі на выставе сучаснага мастацтва ў Мінску. Фота: gazetaby.com
Найбольшую вядомасць набылі неглюбскія ручнікі. Ручнікі вылучаюцца арнаментальным фонам, які фарміруецца ў люстэркава-сіметрычнай структуры і ўтварае шматвобразныя геаметрычныя і раслінныя арнаментальныя матывы. Арнаментальная спадчына неглюбскіх ручнікоў налічвае больш за 120 узораў.
Неглюбскія ручнікі выконваюцца ў бела-чырвонай і бела-чырвона-белай гаме з мноствам іншых каляровых варыяцый і адценняў. На кожным канцы ручніка размяшчаецца ад 3 да 9 узорных палос. Канцы ручнікоў аздабляюцца пяцельнымі махрамі з чырвоных, белых, чорных нітак.

У неглюбскім ткацтве выкарыстоўваецца браная (аднаўточнае і двухуточнае), пераборная (перабор «пад палатно», двухбаковы і аднабаковы перабор), выбарная, закладная і шматнітовая тэхнікі.
У вышыўцы неглюбскіх ручнікоў выкарыстоўваюцца тэхнікі: «набор», крыжык, лікавая і адвольная гладзь, «строчка па выразах», тамбурны шоў, двухбаковы шоў-роспіс. Апроч таго, шырока выкарыстоўваюцца складаныя злучальныя швы (неглюбская мярэжка) і тэкстыльнае пляценне.

Неглюбскія ручнікі на выставе сучаснага мастацтва ў Мінску. Фота: gazetaby.com
Гэта яскравы культурны феномен на Гомельска-Бранскім памежжы. Бытаваў у міжрэччы Бесядзі і Іпуці, па абодва бакі р. Віхолка, на тэрыторыі Веткаўскага раёна Гомельскай вобл., Краснагорскага, Гардзееўскага, Навазыбкаўскага раёнаў Бранскай вобл.
Касцюм неглюбскага строю — старадаўні панёўны комплекс, у якім у высокай ступені гарманічна спалучаюцца белая арнаментаваная сарочка, дробнаклятчастая панёва-плахта, суконны фартух, нагрудны фартух («запіна»), шырокі чырвоны пояс.
Дапаўняюць касцюм чапец з даматканай хусткай (наміткай), шматлікія шыйныя, нагрудныя і наспінныя ўпрыгожанні.

Неглюбскі строй замужняй цяжарнай жанчыны. Фота: tradycyja.com
У дзявочым варыянце касцюма прысутнічаюць сарочка, якую апраналі з вялікім напускам на поясе, клятчасты, як і панёва, фартух-«калышка», пояс. Па святах да касцюма дадавалі дзявочы галаўны ўбор са стужак («кубак») і традыцыйныя ўпрыгожванні.
Неглюбскі строй незамужняй дзяўчыны. Фота: tradycyja.com
У параўнанні з іншымі беларускімі строямі неглюбскі строй больш прыземісты, цяжкаваты, падобны да паўднёва-рускіх і ўкраінскіх народных касцюмаў.
Алена Ляшкевіч, budzma.org