Артэфакты XVI — XVII стагоддзяў папоўняць музейны фонд Ружанскага палаца

Музей Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў за 15 гадоў наведалі больш як 330 тыс. турыстаў з розных краін. Падчас рэстаўрацыйных работ на тэрыторыі палаца знайшлі цікавыя артэфакты XVI-XVII стагоддзяў, паведамляе Белта.

Ružanski pałacavy kompleks

Музей працуе з 25 студзеня 2011 года. Спачатку наведвальнікі маглі пабываць толькі ў дзвюх залах, дзе быў прадстаўлены мінімум экспанатаў. «За 15 гадоў фонды музея папоўніліся. Мы сабралі больш за 4 тыс. экспанатаў. Было арганізавана 90 выстаў, прынята звыш 330 тыс. наведвальнікаў. Праведзена 120 тэатралізаваных рэгістрацый шлюбу. Цяпер у нас адкрыты пяць залаў: чатыры экспазіцыйныя і выставачная. Мы значна змянілі ўнутрана напаўненне кожнай з іх за апошнія тры гады, і на гэтым не спыняемся», — адзначыла дырэктарка ўстановы Алена Кубарка. Ружанскі палацавы комплекс у 2025 годзе наведалі амаль 45 тыс. турыстаў з розных рэгіёнаў Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа.

На тэрыторыі палацавага комплексу працягваюцца рэстаўрацыйныя работы. Паводле інфармацыі Алены Кубаркі, археолагамі былі знойдзены цікавыя артэфакты XVI-XVII стагоддзяў, якія ўжо ў гэтым годзе папоўняць калекцыю музея.

«Гэта фрагменты кафлі з геральдыкай роду Сапегаў, фрагменты керамічнага посуду, манеты, кулі і іншыя прадметы», — пералічыла Алена Кубарка.

Рэстаўрацыя Ружанскага палаца пачалася ў 2008 годзе. З таго часу абноўлена цэнтральная ўязная брама і адноўлены бакавыя флігелі, у якіх створаны музей. Праведзена рэстаўрацыя паўночна-ўсходняй аркады. Завершаны знешнія работы па рэстаўрацыі двухпавярховага Усходняга (тэатральнага) корпуса. Там плануецца размясціць музейнае памяшканне, фондасховішча, шматфункцыянальную залу, гасцініцу і кафэ. Па праграме «Культурная прастора» ў 2026-2030 гадах аднаўленне архітэктурнай жамчужыны прадоўжыцца. Работы на тэрыторыі палацавага комплексу павінны выць завершаны даканца 2030 года, адзначае дырэктарка ўстановы.

«Гэта кансервацыя з элементамі рэстаўрацыі фрагментаў галоўнага корпуса і аркад, рэстаўрацыя і прыстасаванне Усходняга корпуса (унутраная аддзелка), добраўпарадкаванне ўнутранага параднага ўвахода», — растлумачыла Алена Кубарка.