У Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі “Наша 500-годнасць” 27 кастрычніка адбылася прэзентацыя кнігі “Гісторыя Сапегаў”. Яе ўкладальнікам з’яўляецца Яўстах Сапега. Той самы Яўстах Сапега – апошні прадстаўнік Сапегаў, які ў 1997 годзе, пераадолеўшы самалётам і цягнікамі звыш сямі тысяч кіламетраў, завітаў на зямлю сваіх продкаў – у Гародню, Дзярэчын, Ружаны. Яго запрасілі наведаць Бацькаўшчыну Сапегаў пісьменнікі Міхась Скобла і Валянцін Дубатоўка.
Пра гэта і распавядаў у Слоніме Міхась Скобла. Пісьменнік і даследчык нашай гісторыі спыніўся таксама на лёсе Сапегаў, на тых маёнтках, якія належалі Сапегам. Госць цікава адказваў на пытанні прысутных. Дапоўніў выступленне Міхася Скоблы пра Сапегаў сваім выступленнем і Сяргей Чыгрын. Ён распавёў пра Льва Сапегу і Слонім: “Леў Сапега любіў Слонім. Пры ім горад над Шчарай стаў культурным, прамысловым і палітычным месцам. Побач з замкам на беразе Шчары канцлер Сапега ўзвёў мураваны палац, дзе са студзеня 1597 года праходзілі генеральныя сеймікі Вялікага княства Літоўскага. Сюды прыязджалі пасланцы з Віленскага, Наваградскага, Менскага, Смаленскага, Чарнігаўскага і іншых ваяводстваў. Гэтыя сеймікі адбываліся ў Слоніме ажно да 1685 года, калі ўжо і не было Льва Сапегі.
У слонімскім замку знаходзіліся і добрая бібліятэка, архіў, творы мастацтва. Леў Сапега добраўпарадкаваў у Слоніме вуліцы, масты, дарогі, пабудаваў шмат аустэрыяў. У 1595 годзе слонімскі староста аднавіў (спалілі крымскія татары ў 1506 годзе) касцёл Святога Андрэя. Пазней ён быў перабудаваны, а сучасны выгляд набыў у 1775 годзе. Сярод вялікай колькасці сапегаўскіх фундацый (канцлер на тэрыторыі ВКЛ збудаваў 25 храмаў), касцёл Святога Андрэя ў Слоніме да сённяшніх дзён выдзяляецца сваім адметным архітэктурным стылем. У часы Льва Сапегі касцёл Святога Андрэя ў Слоніме ператвараецца ў адзін з цэнтраў рэлігійнага жыцця не толькі горада, але і ўсяго Княства. На тэалагічныя дыспуты сюды прыязджалі нават Сымон Будны і Пётр Скарга…”.
Выступленне літаратараў-землякоў аздабляла музыкай і песнямі выдатная беларуская спявачка Таццяна Матафонава-Грыневіч.