Пра што пісаў «Беларускі Звон», або Як беларусы скарысталіся «акном магчымасцяў» 105 гадоў таму

Роўна 105 гадоў таму, у гэтыя сакавіцкія дні, у Вільні пачала выходзіць газета «Беларускі Звон», якую рэдагаваў і выдаваў знакаміты беларускі драматург Францішак Аляхновіч. Расказваем, у якіх умовах была заснавана газета і што абмяркоўвалі на яе старонках.

«Bielaruski Zvon»«Шапка» выдання паводле трэцяга нумара за 1921 год

Гістарычныя ўмовы, у якіх пачаў выходзіць «Беларускі Звон»

«Беларускі Звон» пачаў выхозіць праз некалькі дзён пасля падпісання Рыжскага міру, які літаральна разарваў беларускую этнічную прастору напалам — захад Беларусі дастаўся адноўленай у 1918 годзе Польшчы, а ўсход краіны застаўся за бальшавікамі. Большасць беларускіх дзеячаў па абодва бакі мяжы засталіся незадаволеныя вынікамі гэтага замірэння. 

Геапалітычная сітуацыя, у якой з’явілася новая «Тыднёвая часопісь» — а менавіта так пазіцыянавала сябе гэтая беларуская газета, была яшчэ больш складанай. З аднаго боку замірэнне бальшавікоў з палякамі, а з іншага зацяты канфлікт апошніх з літоўцамі з-за Вільні і Віленскага краю, якія з восені 1920 года знаходзіліся пад неафіцыйным польскім кантролем. 

Для таго каб недапусціць адыходу Вільні і Віленшчыны да літоўцаў, як таго патрабавалі міжнародныя нормы таго часу, Юзафам Пілсудскім была прыдумана і ўвасоблена дастаткова хітрая палітычная камбінацыя. З «крыўскай Меккі» літоўцаў выганялі як бы не палякі, але тутэйшыя беларусы і літвіны, якія служылі пад камандаваннем генерала Люцыяна Жалігоўскага ў польскім войску. Ягоная дывізія нібыта «ўзбунтавалася», выйшла з падпарадкавання і захапіла горад. Так паўстала «Сярэдняя Літва» — неверагодная і нікім лічы непрызнаная дзяржава, якая праіснавала 2 гады, пакуль у лютым 1922 года не стала часткай Польшчы. 

Дык а якое тут месца беларусаў? Па першым часе, калі Жалігоўскі і яго людзі былі яшчэ пры ўладзе, у Сярэдняй Літве ставіліся даволі прыхільна да беларусаў. Многія вядомыя беларускія нацыянальныя і культурніцкія дзеячы жывуць і працуюць у Вільні і ваколіцах. У той час тут сабралася сапраўды зорная каманда — Аркадзь Смоліч, Максім Гарэцкі, Браніслаў Тарашкевіч, Юрка Лістапад і многія іншыя. Тарашкевіча дык агулам запрашаюць на працу ў Дэпартамент асветы Сярэдняй Літвы.

«Акно магчымасцяў» і падарунак да дня нараджэння Аляхновіча

Вясна 1921 года — той час, калі ў беларусаў з’явілася «акно магчымасцяў». Адных толькі школ з беларускай мовай навучання адкрыта пад 200 штук. І гэта выключна на Віленшчыне! Таму і беларускую газету выдаваць тут не толькі справа гонару і прынцыповая рэч, але ў перспектыве і магчымая крыніца прыбытку. Бо не толькі ёсць ужо, але і будзе каму чытаць у будучым. Таму не дзіва, што Аляхновіч, які раней ужо меў выдавецкі досвед з газетай «Беларускае жыццё» ў другой палове 1919 года, бярэцца за выдавецкую справу.

Francišak Aliachnovič
Францішак Аляхновіч

Звычайна Францішка Аляхновіча цесна звязваюць са стварэннем беларускага прафесійнага тэатра. Бо з аднаго боку ён — і геніяльных драматург, які піша п’есы, што не губляюць сваёй актуальнасці і цяпер, а з другога — добры актор, які ўмела ўжываецца ў ролі. Акрамя таго, Аляхновіч — яшчэ і абсалютна еўрапейскі пісьменнік і публіцыст са сваёй добра сфармуляванай карцінай свету.

Можна сказаць, што «Беларускі Звон» быў своеасаблівым падарункам яму на дзень народзінаў, бо першы нумар газеты пабачыў свет 22 сакавіка 1921 года, на наступны дзень пасля дня нараджэння пісьменніка. Трэба думаць, што новаспечаны рэдактар нейкім чынам адзначыў спачатку свае 38 гадоў, а потым прыняўся за працу — здаваць у друк першы нумар выдання.

«Bielaruski Zvon»
Зацемка з другога нумара газеты «Беларускі Звон» за 1921 год

Пра што пісалі ў «Беларускім Звоне»

Ужо ад самага пачатку лёгка прасачыць асноўныя тэмы для выдання — гэта незалежнасць Беларусі, беларуская справа і беларуская культура. На сваіх старонках газета ўжо з першага нумара асцярожна крытыкуе польскія ўлады, а разам з тым заігрывае з літоўцамі, якія ўсё яшчэ спадзяваліся на хуткае вяртанне Вільні і ў беларусах бачылі патэнцыйных хаўруснікаў. 

«Bielaruski Zvon»
Зацемка з другога нумара газеты «Беларускі Звон» за 1921 год

Публікаваліся на старонках газеты тэарэтычныя артыкулы, якія расказвалі пра тое, чым жа ўласна ёсць незалежнасць і для чаго яна патрэбная. Што такое войска і для чаго яно патрэбна, навошта аўтакефалія праваслаўнай царкве, а таксама асвятляла многія падобныя тэмы. Гэта сёння такія веды нам падаюцца элементарнымі, але тады, у першай палове ХХ стагоддзя, далёка не кожны, нават адукаваны чалавек разумеў гэта. Скажам, ну як простымі словамі вытлумачыць цёмнаму селяніну неабходнасць змагання за сваю нацыянальную дзяржаву?

Новы фармат і новыя аўтары

З красавіка па жнівень газета не выходзіла праз «незалежныя ад рэдакцыі прычыны». А з канца лета яна пачынае выходзіць ужо ў большым фармаце і праз абвесткі рэдакцыя заклікае да супрацы. З цікавых аўтараў, якіх можам сустрэць на старонках выдання ў гэты перыяд — Аляксандр Ружанцоў, беларускі дзеяч, паэт і вайсковец, які ў той час служыў у званні маёра ў літоўскім войску. На старонках «Беларускага Звона» ён публікуецца або пад сваімі сапраўднымі імем і прозвішчам, або хаваецца пад пазнавальным псеўданімам А. Смаленец ці крыптонімамі кшталту А.Р. Ружанцоў дасылае ў рэдакцыю невялічкія зацемкі пра беларускія кніжныя справы ў Літве. Трэба думаць, што ён таксама мог быць аўтарам і іншых карэспандэнцый з Коўна на беларускую эматыку, якія аднак ніяк не падпісаныя. 

Публікуецца на старонках «Беларускага Звона» таксама вайсковец, вядомы беларускі дзеяч і аўтар таго самага «Ваяцкага Маршу» Макар Касцевіч, больш вядомы нам па псеўданіме Краўцоў Макар. З нумара ў нумар друкуе ён у газеце свае «Сумныя ўспаміны» — згадкі пра ўдзел у Першай сусветнай. Потым з’яўляюцца нататкі пра векапомны з’езд 1917 года, а следам і пра абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1918 года. Як непасрэдны ўдзельнік не абмінуў ён увагай і драматычныя падзеі снежня 1919 года, калі Рада БНР распалася на Найвышэйшую і Народную рады БНР. Касцевіч надрукаваў у «Беларускім Звоне» сваю візію таго, што адбылося, даўшы цікавыя характарыстыкі ўдзельнікам, бо непасрэдна прысутнічаў у час расколу. 

Зорны час для Аляхновіча

Ну а што сам Францішак Аляхновіч? Ён, вядома, дае ў друк перадавіцы на сацыяльныя, палітычныя або гістарычныя тэмы. Але відавочна, што ў разы болей яго турбуе тэатр. 

«Bielaruski Zvon»
Абвестка з пятага нумара газеты «Беларускі Звон» за 1921 год

З нумара ў нумар ён друкуе сваю п’есу «Няскончаная драма», якая і праўда з часам пачынае падавацца няскончанай, бо сустракаецца раз-пораз у нумарах цягам года. Публікуе ён і «Заручыны Паўлінкі», якая была прысвечана Янку Купалу. Пачатак 1920-х гадоў — гэта наогул зорны час для Аляхновіча: ён піша і публікуе п’есы, якія з поспехам ідуць на сцэнах у тэатрах па абодва бакі мяжы. У іх — мінімум палітыкі, максімум сатыры і іроніі. Драматург жыве ў такі час, калі добра пасмяцца яшчэ трэба ўмець.

«Bielaruski Zvon»
Рэдактарская калонка з трэцяга нумара газеты «Беларускі Звон» за 1921 год

Мужнае, але фатальнае рашэнне рэдакцыі «Беларускага звону»

Паступова, са згортваннем прыязнай да беларусаў палітыкі, мяняліся і настроі на старонках выдання. Недзе прыкладна з кастрычніка 1921 года «Беларускі Звон» рабіўся ўсё болей і болей антыпольскім. Крытыкавалася на старонках друкаванкі ўсё — ліквідацыя беларускіх школ, палітыка ўрада «Сярэдняй Літвы», эканамічная сітуацыя і так далей. Падавалася нават інфармацыя па іншых выданнях, якія былі закрытыя па патрабаванні польскай цэнзуры.

«Bielaruski Zvon»
Зацемка з трэцяга нумара газеты «Беларускі Звон» за 1921 год

Таму зусім не дзіва, што такі самы лёс урэшце напаткаў і сам «Беларускі Звон». Яшчэ на пачатку 1922 года выданне заняло прынцыповую пазіцыю — байкатаваць разам з літоўцамі і яўрэямі выбары ў Віленскі Сойм. Рашэнне было мужным, але фатальным — праз няўдзел прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, на выбарах былі абраныя «правільныя» і «патрэбныя» кандыдаты, якія неўзабаве і прагаласавалі за далучэнне Віленшчыны да Польшчы. У канцы лютага 1922 года так званая «Сярэдняя Літва» перастала існаваць. 

Пасля гэтага «Беларускі Звон», як і многія іншыя беларускія выданні таго часу, пачынае сутыкацца з цяжкасцямі ўвесь 1922 год. Бюракратыя, цэнзура і так далей. У выніку ў 1923 годзе выйдзе апошні нумар газеты, які будзе датаваны 24 лютага 1923 года. Выйдзе ён, дарэчы, ужо ў фармаце газеты-аднадзёнкі. Пасля гэтага газета спыніць існаванне і застанецца ў гісторыі, як крыніца цікавостак. 

Францішак Аляхновіч будзе і далей займацца культурніцкай справай. У 1925 годзе ён атрымае запрашэнне наведаць знакамітую Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу, якая адбывалася ў лістападзе 1926 года, а следам і прапанову аб працы ў Віцебскім тэатры і атрыманні савецкага грамадзянства. У пачатку 1927 года ён будзе арыштаваны, асуджаны і высланы на Салаўкі. У 1933 годзе яго абмяняюць на Браніслава Тарашкевіча, арыштаванага палякамі. 


Станцыя Коласава, каля якой адбываўся абмен палітвязнямі, 1938 г.

Лёс абодвух гэтых беларускіх дзеячаў, колішніх аўтараў «Беларускага Звона», складзецца незайздросна...

Budzma.org