Роўна 95 гадоў таму, 28 снежня 1927 года, у Вільні адбыўся Першы з’езд Таварыства беларускай школы — культурніцка-асветніцкай арганізацыі, якая дзеіла ў Заходняй Беларусі ў міжваенны час і пакінула значны след. Прыгадваем цікавосткі з гісторыі гэтай арганізацыі.
Само таварыства ўзнікла яшчэ ўлетку 1921 года, калі 1 ліпеня быў прыняты статут арганізацыі. На той момант гэта была яшчэ тэрыторыя так званай Сярэдняй Літвы — даволі дзіўнага дзяржаўнага ўтварэння, якое паўстала ўвосень 1920 года, калі Люцыян Жалігоўскі з кіраванымі ім войскамі заняў Вільню і выгнаў з горада літоўцаў.
Вільня ў 1919-1920 гадах
Па першым часе ўлады нікім не прызнанай дзяржавы, якая ахоплівала галоўным чынам Віленскі край, не заміналі беларусам. Нават болей — у Дэпартамент асветы на працу быў запрошаны Браніслаў Тарашкевіч. Менавіта пры яго спрыянні пачнуць працу беларускія школы, якіх па ўсім краі ўвесну 1921 года будзе адкрыта 186. Акрамя гэтага, з’явіліся Беларуская настаўніцкая семінарыя ў Барунах і Беларуская гімназія імя Францыска Скарыны ў Радашкавічах, а таксама працягвала працу Віленская Беларуская Гімназія, якая была заснавана ў яшчэ ў пачатку 1919 года.
Увосень 1921 года, пасля таго, як былі аформленыя і ўзгодненыя ўсе арганізацыйныя пытанні, распачалася праца ТБШ. У працы таварыства непасрэдны ўдзел прымалі многія вядомыя беларускія дзеячы таго часу: Браніслаў Тарашкевіч, Аркадзь Смоліч, Антон Луцкевіч, Францішак Аляхновіч, Антон Трэпка, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Макар Касцевіч, Адам Станкевіч, Міхаіл Кахановіч, Павел Жаўрыд ды іншыя. Усяго — 116 чалавек. Асноўная мэта таварыства, паводле яго статута: «пашыраць і памагаць асьвеце ў беларускім нацыянальным, людзкім і хрысьціянскім духу».
Люцыян Жалігоўскі
Увесну 1922 года Сярэдняя Літва перастала існаваць — зімой адбыліся выбары ў Часовы Сойм, які прыняў рашэнне аб далучэнні краю да Польшчы. Беларусы і літоўцы ў пераважнай большасці сваёй байкатавалі тыя выбары, таму былі абраныя дэпутаты, якія ставілі сваёй мэтай далучэнне да Другой Рэчы Паспалітай.
Разам з тым, па іншы бок мяжы, павольна распачынаецца культурніцкае жыццё. У Савецкай Беларусі адкрываюцца беларускія школы, з’яўляецца Беларускі Дзяржаўны Універсітэт, пачынае працу Інстытут Беларускай Культуры, легальна выходзяць газеты і часопісы на беларускай мове. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што многія з сябраў ТБШ глядзяць з цікавасцю і спадзевам на БССР, а Аркадзь Смоліч, які быў першым старшынёй таварыства, нават перабіраецца разам з сям’ёй у Менск.
Дзеячы ТБШ займаліся не толькі культурніцкімі справамі, але таксама і палітыкай. У 1922 годзе Браніслаў Тарашкевіч, Адам Станкевіч, Міхаіл Кахановіч і Сымон Рак-Міхайлоўскі абіраліся дэпутатамі ў польскі сойм, дзе быў створаны Беларускі пасольскі клуб. Яны карыстаюцца падтрымкай беларусаў, галоўным чанам сялян, якія збіраюць шматтысячныя петыцыі з просьбай адукацыі на роднай мове для сваіх дзяцей.
Сярэдзіна 1920-гадоў — гэта залаты час для Таварыства беларускай школы. У 1926 годзе яно пачынае дзеіць не толькі на Віленчышне, але па ўсёй Заходняй Беларусі. Гурткі таварыства з’яўляюцца не толькі ў гарадах і мястэчках, але нават у глухіх вёсках. У гэты час колькасць сябраў таварыста налічвае ад 10 да 15 тысяч, а колькасць гурткоў — пад 500.
Акрамя ўласна адукацыі, сябры ТБШ на месцах займаюцца таксама і культурніцкімі справамі: выдаюць кніжкі, арганізуюць літаратурныя вечарыны, ладзяць тэатральныя пастаноўкі. Ставяць сваімі сіламі ў асноўным класіку: «Паўлінку» Янкі Купалы, «Янку Канцавога» Казіміра Сваяка, «Пана міністра» Францішка Аляхновіча ды іншыя п’есы.
Добрую характарыстыку тым часам даў у сваіх дзённіках пісьменнік Вячаслаў Адамчык, які і сам паходзіў з Заходняй Беларусі:
«Нашы простыя сяляне, грамадаўцы, першыя асветнікі, нашы Скарыны ў глухой і беднай саламянай вёсцы трыццатых гадоў умелі цаніць рэдкую, не шматтыражную ў той час, беларускую кніжку.
Яны да канца дзён сваіх заставаліся сціплымі і разам з тым гордымі інтэлігентамі з адукацыяй царкоўнапрыходскай ці народнай школы. Яны ўмелі шанаваць і цаніць роднае слова.
Гэта ад іх на ўцалелых гарышчах, у самаробных куфэрках асталіся невялікія кніжныя скарбы, газетныя падшыўкі, выразкі пра гадоўлю коней, парады пчалярам, пажоўклыя, сёння нідзе і нікім не ўспомненыя заходнебеларускія часопісы з пекнаю і зразумелаю ўсім, яшчэ не скалечанаю беларускаю моваю».
Праўда, польскія ўлады таксама не спяць ды шукаюць нагоды, каб не даць магчымасці легальна развівацца арганізацыі. Так, прыкладам, у лістападзе 1927 года дзейнасць ТБШ у Наваградку і «на абшарах Слонімскага павету» была спыненая пасля праверак. Прычыны маглі быць самімі рознымі, у тым ліку і «належаньня да Т-ва зусім няпісьменных сяброў», або «недакладнасьці ў рахунковасьці».
На Першы з’езд Таварыства беларускай школы, які два дні праходзіў у Народным Доме на вуліцы святой Ганны, сабралася 68 чалавек. Спачатку ўдзельнікі слухалі даклады, пасля абіралі новую Галаўную ўправу, якая была выканаўчым органам таварыства. Ачоліў яе Антон Трэпка, а акрамя яго ў яе ўваходзіла 11 чалавек, сярод якіх Іван Савіцкі, Язэп Шнаркевіч, Ігнат Дварчанін, Рыгор Шырма і Аляксандр Уласаў.
Ужо 3 студзеня 1928 года адбылося першае пасяджэнне новай галоўнай Управы ТБШ, на якім адбылося абранне прэзідыўму арганізацыі. Старшынём быў абраны Аляксандр Уласаў, віцэ-старшынямі Антон Трэпка і Іван Савіцкі, сакратарамі Язэп Шнаркевіч і Рыгор Шырма, а скарбнікам Мітрафан Кепель.
Прыкладна ў гэты ж час арыштаваных раней Браніслава Тарашкевіча, Сымона Рак-Міхайлоўскага, Пятра Мятлу ды яшчэ некалькі чалавек перавезлі з Вронак ў Вільню, а неўзабаве ў нефармальнай сталіцы Заходняй Беларусі распачнецца так званы «Працэс 56» — фактычны разгром Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Лідары і актывісты гэтай палітычнай партыі атрымаюць у выніку вялікія турэмныя прысуды.
Гэта акурат той час, калі ТБШ пачынае не толькі расці, але заўважна радыкалізавацца і «лявець». Яшчэ двума гадамі раней, у 1926-м, беларускія дзеячы кшталту Фабіяна Ярэміча ды Адама Станкевіча, пакідаюць таварыства і засноўваюць сваё — Беларускі Інстытут Гаспадаркі і Культуры. У гэты час ТБШ літаральна перапоўнена, асабліва на месцах, былымі грамадаўцамі і сябрамі падпольнай КПЗБ. Пераважна гэта маладыя людзі, якія не бачаць ніякіх перспектываў і хочуць вырашыць сацыяльныя і нацыянальныя пытанні радыкальным чынам.
Таму зусім не дзіва, што тагачасная беларуская прэса, якую ўмоўна можна назваць «правай» або «кансерватыўнай», з’едліва называе Грамаду «камунізуючай», а ўласна ТБШ — не іначай, як «філіяй Грамады». Паводле аўтараў тых публікацый, некаторыя з арыштаваных грамадаўцаў былі агентамі — яны безапеляцыйна абвінавачваліся ў шпіянажы на карысць Савецкага Саюза. Зрэшты і беларуская левіца не маўчала і была шчодрая на «камліменты», згадваючы «прыхвосьцяў міжнароднай буржуазіі» ў адказ.
Нататка аб заканчэнні справы "Грамады" заходнебеларускай прэсе.
Сітуацыя прывяла да таго, што ў канцы жніўня 1928 года дзейнасць галаўной управы ТБШ была забароненая, а гэта ў сваю чаргу ледзь не прывяло арганізацыю да расколу. Адна частка сябраў таварыства, як Антон Трэпка і Аляксандр Уласаў, выступала выключна за культурніцкую дзейнасць, іншая, як Ігнат Дварчанін і Фелікс Стацкевіч — за актыўны ўдзел у палітычным жыцці. Таму ў траўні 1929 года чарговы з’езд актывістаў ТБШ адбываўся ўжо нелегальна, а рэй на ім вялі прыхільнікі клубу «Змаганьне» і КПЗБ.
Але ўжо ў ліпені 1929 года забарона на дзейнасць была знятая і таварыства змагло далей легальна працягваць сваю працу. Дзякуючы шырокаму міжнароднаму розгаласу, раней тэрмінаў выйдуць былыя грамадаўцы — Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пётра Мятла. Апошнія два перабяруцца ў Менск, дзе ўладкуюцца на працу ў дзяржаўныя інстытуты БССР.
Тым не менш польскія ўлады не збіраліся пакідаць у спакоі беларускіх дзеячаў. Так, у ноч з 15 на 16 кастрычніка 1930 года ў Вільні адбываецца цэлая серыя ператрусаў — паліцэйскія, па загадзе Віленскай акруговай пракуратуры, прыходзяць да двух дзясяткаў чалавек у мэтах пошуку доказаў падрыўной дзейнасці і існавання ўнутры ТБШ «камуністычнай» фракцыі.
Браніслаў Тарашкевіч з сям'ёй
Па першым часе пасля выхаду з турмы Браніслаў Тарашкевіч думаў засяродзіцца выключна на культурніцкай працы ў межах ТБШ, але абставіны вымушалі да іншага. Ён застаўся ў Вільні, далучыўся да пасольскага клубу «Змаганьне» і нават узначаліў яго. У планах было стаць рэдактарам рэвалюцыйнага выдання ў Берліне, але арышт у лютым 1931 года перакрэсліў гэтыя планы. У наступным годзе Тарашкевіча асудзяць на 8 гадоў турмы, але ўжо ў верасні 1933 года памяняюць каля станцыі Коласава на Францішка Аляхновіча, які сядзеў на Салаўках.
Станцыя Коласава на польска-савецкай мяжы, 1938 год
У тым жа 1933 годзе ў ТБШ з’явіўся свой друкаваны орган — «Летапіс Таварыства Беларускае Школы», які пасля канчатковай забароны таварыства пераназваўся ў «Беларускі летапіс». Тут публікаваліся многія вядомыя заходнебеларускія паэты, пісьменнікі і дзеячы, у тым ліку і малады Максім Танк.
Максім Танк у маладыя гады
Пакрысе дзейнасць Таварыства Беларускай Школы пад рознымі нагодамі звужалася, абмяжоўвалася і забаранялася, галоўным чынам у рэгіёнах. А канчаткова ТБШ было забаронена польскімі ўладамі ў снежні 1936 года. Многіх дзеячаў, якія працавалі на карысць беларускага школьніцтва і асветніцтва, чакаў незайздросны лёс.
“Летапіс Таварыства беларускай школы”, № 1-3 за 1936 год.
Л.Г., budzma.org