Мы жывем у грамадстве, і камунікацыя для нас — звыклая справа. На працягу дня мы абменьваемся разнастайнай інфармацыяй: дзелімся рэцэптам смачнага печыва, расказваем пра сваё здароўе, абмяркоўваем працоўныя моманты, апавядаем пра сваю сям’ю ці планы на будучыню...
Прастора тэмаў для размоў з сябрамі, сваякамі, калегамі, незнаёмымі людзьмі ў чарзе ці грамадскім транспарце неабмежаваная. Праўда, ёсць агульна прынятыя «табуіраваныя» тэмы, але ж у блізкім коле мы можам абмяркоўваць і іх. Да таго ж часам гэтыя табу грунтуюцца толькі на «так прынята» ў грамадстве.
Калі нехта даверыў вам сваю тайну, то ёй нельга дзяліцца з іншым чалавекам. Гэта агульнавядома і лагічна. Але як часта гэтае правіла парушаецца? Галоўным крытэрыем тут стае: даведаецца той чалавек, што нам даверыў свой сакрэт, ці не, што мы распавялі яго яшчэ камусьці.
Але не ўсё так проста. Па-першае, калі мы раскрываем чужую таямніцу, мы самі сябе пачынаем лічыць здраднікам і не вартым даверу чалавекам. Хай нават гэтага мы не скажам уголас, але падсвядома наша самаацэнка значна зніжаецца.
Па-другое, можа, вам і не прызнаюцца, але той, каму вы распавядзеце чужы сакрэт, таксама будзе лічыць вас як мінімум ненадзейным чалавекам, здраднікам. Нават калі ваш суразмоўца сам прасіў вас распавесці гэта.
Такім чынам, расказаўшы 2–3 чужыя таямніцы, вы значна панізіце ўзровень сваёй самаацэнкі і моцна сапсуеце сваю рэпутацыю.
Вельмі асцярожным варта быць і са сваімі ацэнкамі ўчынкаў (знешнасці, ладу жыцця, звычак і г. д.) іншых людзей. Справа ў тым, што выказаная ўголас крытыка іншага чалавека моцна адбіваецца на вашых жа паводзінах. Бо звычайна, калі выказваюцца падобныя рэчы, нас перапаўняюць негатыўныя эмоцыі, якія і замацоўваюць тое, што мы крытыкуем, у падсвядомасці.
А падсвядомасць (як сцвярджаюць псіхолагі) не мае функцыі «маральнай» ацэнкі — яна ўспрымае ўсё, што мы ўкладаем у яе, як патрэбнае нам. І ў нейкай крытычнай сітуацыі падсвядомасць выдасць вам той алгарытм дзеянняў, які вы крытыкавалі ў іншага чалавека!
Нездарма веруючыя кажуць: «Не судзі ды не судзімы будзеш». У рэлігійнай трактоўцы калі ты крытыкуеш іншага чалавека, ты не давяраеш Творцу, яго Боскай задуме. То-бок — ты крытыкуеш Бога.
Таксама даўно заўважана — калі распавесці свету свае задумы, малаверагодна, што яны здзейсняцца. Тлумачыцца гэта тым, што распавядаючы (асабліва, калі не адзін раз, а кожнаму сустрэчнаму) пра тое, што мы хочам зрабіць, мы трацім увесь свой рэсурс на размовы, а не на справу. Акрамя таго, падчас расповеду вы ўжо атрымліваеце асалоду ад перспектываў, зніжаецца матывацыя нешта рабіць. Навошта, калі пакайфаваць можна, проста расказаўшы пра свае грандыёзныя задумы ўсім, хто побач?
Ёсць тут, праўда, адна дэталь: распавядаць свайму аднадумцу, даверанаму сябру ці блізкаму чалавеку з мэтай «справаздачнасці» можна і варта. Але ў выглядзе пунктаў-задач, якія вы плануеце выканаць у вызначаны тэрмін. Такі расповед не адбярэ вашыя энергію і матывацыю, а наадварот, іх падвысіць.
Да таго ж калі раптам вам не ўдалося дасягнуць таго, пра што вы ўжо ўсім распавялі, вы губляеце ўпэўненасць у сабе, сваёй вартасці. Таксама губляюць упэўненасць у вас і тыя людзі, што будуць бачыць «не той» вынік.
Па-першае, гэта проста небяспечна — вы ж ніколі не ведаеце, хто побач і можа пачуць вашую размову. Па-другое, калі вы называеце дакладныя сумы, гэта, часцей за ўсё, выклікае ў суразмоўцы альбо зайздрасць (калі яго/яе заробак значна меншы). Альбо пагарду ці шкадаванне вас — калі суразмоўца зарабляе больш.
Зайздрасць — вельмі разбуральная рэч. Як для таго, хто зайздросціць, так і для таго, каму зайздросцяць. Бо негатыўныя эмоцыі, нават калі яны на падсвядомым узроўні, уплываюць на наш стан, нашае жыццё.
Шкадаванне таксама нічога добрага не прыносіць ні таму, каго шкадуюць, ні таму, хто шкадуе. Першы адчувае сябе непаўнавартасным, нейкім «не такім». Другі губляе свой рэсурс на пустыя шкадаванні іншага чалавека.
Вельмі часта ў размовах з блізкімі ці не вельмі людзьмі можна пачуць, хто колькі набраў крэдытаў, хто колькі каму павінны. Як цяжка жыць, бо трэба выплочваць банку адсоткі, і да таго падобныя размовы.
Звычайна такое распавядаюць па дзвюх прычынах. Першая, каб цябе пашкадавалі: як табе цяжка жывецца, які ты бедны-няшчасны. Але! Калі цябе шкадуюць, на падсвядомым узроўні ты прыніжаеш свае вартасці, губляеш веру ў свае сілы. І, адпаведна, губляеш рэсурсны стан. Выбрацца з даўгоў будзе ўсё цяжэй. З іншага боку, чалавек, якому ты скардзішся, таксама (хай нават і на падсвядомым узроўні) будзе лічыць цябе недарэкам, слабым і нявартым чалавекам. Наўрад ці ён захоча запрасіць цябе ў сумесны праект ці стане тваім партнёрам.
Другая прычына — паказаць, што ты не можаш аказаць дапамогу. Пачынаюць скардзіцца на свае даўгі людзі, ад якіх чакаюць матэрыяльнай падтрымкі. У гэтым выпадку лепш шчыра сказаць, што не можаш / не хочаш (так, ты на гэта маеш права!) дапамагаць, а не намагацца апісаннем сваіх непрыемнасцей і цяжкага становішча падвесці чалавека да высновы, што ты б з задавальненнем дапамог, але не можаш.
Працяг будзе
Вікторыя Лебедзева, budzma.org