Забарона на прафесію, цэнзура, эміграцыя, адсутнасць трывалага фінансавання. Гэта ўсё няпоўны спіс з вялікай лавіны выклікаў, якая за апошнія чатыры гады накрыла беларускіх кіношнікаў па розныя бакі дзяржаўнай мяжы. Для тых аўтараў, хто зрабіў выбар на карысць прафесіі, не існуе ўніверсальнай стратэгіі выжывання, бо, відавочна, абставіны ў кожнага складваюцца па-свойму і магчымасці ў кожнага свае. Але ёсць моманты, якія працуюць пры любых умовах, і іх варта трымаць у галаве.
Пра некалькі з іх сёння і пойдзе гаворка.
Прэзентацыя серыяла «Працэсы» на фестывалі «Бульбамуві». Фота: bulbamovie.wordpress.com
Вывучайце інтарэс мясцовага гледача
Беларуская дзяржава ніколі не імкнулася да падтрымкі праектаў незалежных аўтараў, таму пошук фінансавання «на баку» ўжо даўно стаў для кіношнікаў своеасаблівай алімпійскай катэгорыяй. Палітычны крызіс у краіне дадаткова актуалізаваў праблему — і цяпер праекты з Беларусі можна сустрэць па ўсім свеце, ад пітчынгаў маскоўскага Фонду кіно да Еўрапейскага кінарынку ў Берліне. Я сам прысутнічаў на некалькіх з іх падчас Варшаўскага кінафестывалю і 74-га Берлінале.
Нерэалізаваных праектаў процьма. Ёсць злабадзённая дакументалістыка, псіхалагічныя драмы, жанравае кіно, цалкам выдуманыя фэнтэзі-мультфільмы. Адзінае, што бянтэжыла пры іх прэзентацыі, гэта адсутнасць разумення, чаму той ці іншы праект будзе цікавы сярэднестатыстычнаму гледачу.
Безумоўна, беларуская культура і гісторыя застаюцца «невядомай зямлёй» для большасці краін свету (а часам і для часткі грамадзян Беларусі), а кіно само па сабе — універсальнае мастацтва. Але каб зачапіць патэнцыйнага прадзюсара, варта ў сваім праекце адшукаць і зрабіць акцэнт на тых адметнасцях, якія адгукнуцца ў аўдыторыі, з якой ён стала працуе.
Ніколі не давярайце чыноўнікам
Стаўленне беларускіх улад да кінематаграфістаў часам нагадвае прыступ вострай біпалярачкі. З аднаго боку дзяржава працягвае саджаць у турмы, катаваць, звальняць з пасад і ўсяляк псаваць жыццё спецыялістаў кіно, з іншага — імкнецца да шчыльнай супрацы з імі. Апошнія два гады прадстаўнікі Мінкульта і «Беларусьфільма», як мантру, паўтараюць, што чакаюць праекты таленавітых сцэнарыстаў і пастаноўшчыкаў.
Гучыць вельмі спакусліва, але трэба памятаць, што час на кампрамісы беззваротна сышоў, а ўслед за ім на паліцу цэнзараў трапіла шмат вартых увагі фільмаў.
Да 2020 года можна было прабегчы паміж струменьчыкамі, здымаючы ўласнае кіно, а не спушчаную зверху дзяржзамову. Цяпер такой магчымасці болей няма. Ты альбо робіш, што скажуць, альбо абіваеш парогі біржы працы. І гэта, магчыма, лепшы сцэнар развіцця падзей з магчымых.
Кадр з фільма «Так шмат і так мала». Рэжысёр — Аляксандр Матафонаў
Укараняйцеся ў кінаіндустрыі тых краін, дзе жывяце
Можна колькі заўгодна марыць, што калі ўлада ў краіне зменіцца, беларускі кінематограф пачне працаваць па такіх жа цывілізаваных правілах, што і літоўскі, польскі, украінскі ці нямецкі. Я сам у гэтым цалкам упэўнены, але вось у чым справа — ніхто не ведае, калі гэта адбудзецца. А жыццё ў нас адно.
Таму, калі вы разумееце, што хочаце здымаць кіно ці анімацыю, і іншыя прафесіі вам не цікавыя, варта рэалізоўваць сябе там, дзе вы жывяце. Легалізавацца, вучыць мову, атрымаць кінаадукацыю, супрацоўнічаць з мясцовымі кінематаграфістамі. Так, будаванне кар’еры можа заняць шмат часу, але гэта адзіная магчымасць рэалізаваць свой творчы патэнцыял. І застацца ў форме да моманту, калі кінаіндустрыя ў Беларусі не пачне нарэшце адэкватна функцыянаваць.
Беларускія кінематаграфісты на цырымоніі ўзнагароджнаяя кінапрэміі «Чырвоны верас» у Берліне. Фота Змітра Брушко са старонкі «Чырвонага верасу» ў Фэйсбуку
Беражыце сваю рэпутацыю
Спакуса лёгкіх грошай і ціск высокіх амбіцый каго заўгодна могуць завесці не туды. Асабліва ў такія складаныя часы, у якіх мы жывём цяпер. Неразборлівасць у працадаўцах, удзел у прапагандысцкіх праектах не выглядаюць вялікай праблемай толькі сёння.
У стратэгічным сэнсе несумленнасць выбару можа лёгка зруйнаваць якую заўгодна моцную кар’еру, бо абставіны жыцця ў нашым постсавецкім рэгіёне змяняюцца, перыядычна кардынальным чынам. Нязменнай велічынёй застаецца толькі ваша рэпутацыя. Той, у каго атрымаецца яе захаваць, застанецца запатрабаваным пры любых сацыяльных і геапалітычных раскладах.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
«Гумар дапамагае не апускаць рукі». Рэжысёр Андрэй Кашперскі пра палітычную сатыру, серыял «Працэсы» і планы на будучыню
Януш Гаўрылюк: «Шмат фільммэйкераў метафарычна загінуць у кінаіндустрыі Польшчы, бо вынікі іх працы не будуць мець аніякага дачынення да беларускага кіно»
Беларускае кіно на зломе эпох: фільм «Пікалін Эйс». Моц правінцыі