У спецпраекце «Беларускае кіно на зломе эпох» журналіст Тарас Тарналіцкі распавядае пра найбольш уплывовыя і вартыя ўвагі, па суб’ектыўным меркаванні аўтара, айчынныя фільмы, якія выйшлі за апошнія чатыры гады. Сённяшняя рэцэнзія — пра фільм «Пікалін Эйс» рэжысёра Аляксея Раковіча.
Кадр з фільма «Пікалін Эйс»
Сярод ігравых поўнаметражак, фінансава падтрыманых дзяржавай у пачатку 20-х, а потым ёй жа пакладзеных на паліцу, не пашанцавала больш за ўсё стваральнікам моладзевай меладрамы «Пікалін Эйс».
Калі за лёсам іншых праектаў — «Купала», «Авантуры Пранціша Вырвіча», «Гэта я, Мінск», серыял «Дзесяць жыццяў Мядзведзя» — сачылі медыі, і ў часткі з іх нават былі адзінкавыя афіцыйныя паказы, то пра існаванне «Пікаліна» дагэтуль ведае толькі вузкае кола адмыслоўцаў з айчыннага кінаасяроддзя. Пры тым, што фільм цалкам мог прэтэндаваць на глядацкі поспех у моладзі з беларускай глыбінкі, калі б зоркі на небе склаліся належным чынам.
Кадр з фільма «Пікалін Эйс»
Пікалін з назвы фільма — выдуманы правінцыйны гарадок, існуючы дзесьці на памежжы Беларусі і Літвы. У ім круціцца як можа вялікая сям’я Курнос — па дзедавых рэцэптах варыць настойку і возіць кантрабандай цыгарэты. Атрыманыя грошы Мікалай, галава сямейства і ў мінулым чэмпіён бссраўскай зборнай па валейболе, хоча выдаткаваць на новы пражэкт — страусіную ферму. Дапамагае ў нелегальным бізнесе дачка Аля. Дзяўчына ў вольны час развозіць алкаголь па кліентах і ні пра што асабліва не марыць. Усё змяняецца, калі Аля праз інтрыжку з новым трэнерам мясцовай валейбольнай каманды «Пікалін Дрэў» трапляе ў свет прафесійнага спорту.
Дзяржаўнае кіно ў сілу сваёй аўтарытарнай прыроды як агню баіцца сучаснасці. Ведаючы гэта, аўтары асэнсавана абіраюць шлях эскапізму, занураючыся ў свет віртуальнай рэчаіснасці, фальклорных казак ці гераічнага (пераважна ваеннага) мінулага. Гэта нашмат бяспечней, чым чарговы раз пераймацца, што гатовую стужку цэнзары з Мінкульта палічаць занадта крамольнай для дзеючай улады.
У гэтым сэнсе рэжысёр Аляксей Раковіч, вядомы як стваральнік пераважна гістарычных докудрам для тэлебачання, абраў выйгрышную тэму для свайго ігравога дэбюта — спартовую драму ў каларытным правінцыйным асяроддзі. Сюды не прасачылася ідэалагічная атрута, нягледзячы на падтрымку дзяржавы, і цалкам адарваным ад рэчаіснасці «Пікалін» таксама не назавеш.
Кадр з фільма «Пікалін Эйс»
У аўтараў атрымалася вытрымаць баланс, стварыўшы сапраўднае кіно без відавочнага звышідэйнага складніку.
Цэнтральныя героі «Пікаліна» атрымаліся недасканалымі і шчырымі — то-бок сапраўды жывымі. Асабліва пашчасціла актору Тэатра беларускага войска Аляксандру Абрамовічу і маладой украінскай актрысе Ірыне Руры, у якіх атрымалася перадаць канфліктную дынаміку пераменлівых адносін бацькі і дачкі. Аднак усё гэта стужцы асабліва не дапамагае, бо яе драматургія паступова рассыпаецца на кавалкі.
Падавалася б, што тут складанага — проста здымі гісторыю пра няўдачнікаў-спартоўцаў і канфліктную сям’ю, якія ў крызісны момант могуць сабрацца і перамагчы ўсе выпрабаванні. Але замест гэтага аўтары «Пікаліна» пачынаюць блытацца ў сцэнарных лініях. На першы план чамусьці выводзяць персанажаў, якія граюць у сюжэце другасную ролю. А пра герояў, сапраўды важных для развіцця сюжэта, цалкам забываюць на пэўны час. Праз гэтую «чахарду» церпіць не толькі само апавяданне, але характары асноўных дзеючых асоб, матывацыю якіх часам вельмі складана зразумець, а значыць і прасякнуцца да іх сімпатыяй. Чаму яны паводзяць сябе так, а не інакш, часта застаецца проста незразумела.
Кадр з фільма «Пікалін Эйс»
Не атрымалася ў Раковіча раскрыць спартовы складнік гісторыі. Акрамя статычных здымак шматлікіх трэніровак, фільму жорстка не дастае дынамікі валейбольных спаборніцтваў, якія маглі зрабіць «Пікалін» больш відовішчным і драматычным, але не зрабілі.
Можна спісаць усе гэтыя недакладнасці на малы бюджэт, недахоп вопыту творчай каманды і, па чутках, спешку, у якой ствараўся фільм. Усё можна прыняць за праўду, як і факт таго, што змантаваная версія «Пікалін Эйс» так і не змагла рэалізаваць свой мастацкі патэнцыял. І засталася ўсяго толькі шматабяцальным расчараваннем.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org
Чытайце яшчэ: «Гумар дапамагае не апускаць рукі». Рэжысёр Андрэй Кашперскі пра палітычную сатыру, серыял «Працэсы» і планы на будучыню