На платформе Talaka.by працягваецца збор сродкаў на беларускую хрысціянскую азбуку “Чытанка-маляванка”. “Будзьма” паразмаўляла з адной са стваральніц кнігі Вольгай Севярынец пра ўніверсальнасць азбукі і агульначалавечыя каштоўнасці ў інтэрпрэтацыі для самых маленькіх.
— Ідэя стварэння “Чытанкі” ўзнікла сама сабой, на калядны вечар у сямейнай атмасферы. Мы размаўлялі пра літаратуру, і тады бацька Паўла Севярынца, спадар Канстанцін, адразу зарыфмаваў нейкае слоўца. Атрымаўся вельмі файны вершык, і мы падумалі, што добра было б такі вершык стварыць на кожную літару алфавіта. За два дні ўсе вершы былі гатовыя — спадар Канстанцін мае вялікі талент. А пасля мы падумалі, што, каб нікому не стала сумна, можна дадаткова зрабіць малюнкі, прычым адразу ў дзвюх версіях: каляровыя і чорна-белыя, якія можна размаляваць.
— Атрымліваецца досыць універсальнае выданне.
—Так. Да таго ж там ёсць радкі, па якіх можна вучыцца пісаць, можна вучыць вершы, можна проста чытаць, можна размалёўваць. Мы палічылі, што “Чытанка” можа быць карыснай дзецям ад самага маленькага ўзросту да дзесяці гадоў.
— “Чытанка-маляванка” — гэта адначасова і хрысціянская азбука. Ці не маглі б вы расказаць пра хрысціянскі аспект?
— Беларускай дзіцячай хрысціянскай літаратуры не так і шмат. Мы імкнуліся распавесці ў простай форме пра маральныя каштоўнасці, важныя для ўсіх, у тым ліку і хрысціянскія. Адпаведна падбіралі словы для кожнай літары: “А” — “анёл”, “Б” — “Біблія”, “Ж” — “жыццё”. Усе вершыкі ў кнізе добра запамінаюцца і пры гэтым нясуць агульначалавечыя каштоўнасці.

— Атрымліваецца, што “Чытанка-маляванка” — гэта амаль унікальнае для беларускай літаратуры выданне.
— Прынамсі, я нічога падобнага прыгадаць не магу. Гэтая кніга дакладна адзіная міжканфесійная — агульнахрысціянская, можа чытацца ў кожнай сям’і. Мы папрасілі святароў прачытаць яе. Яны сёе-тое падправілі. Спадзяемся, наша кніга знойдзе свайго чытача.
— А якія беларускія дзіцячыя кнігі блізкія асабіста вам?
— У першую чаргу, гэта беларускія народныя казкі і калыханкі. Мне таксама падабаюцца пераклады аўстрыйскай пісьменніцы Лене Маер-Скуманц. Гэта таксама ўніверсальныя кніжкі для дзяцей, якія будуць цікавыя і дарослым. У іх у вельмі простых словах тлумачацца фундаментальныя рэчы пра Бога, пра жыццё. Яшчэ пераклады твораў польскага святара Яна Твардоўскага, які таксама складаныя “дарослыя” пытанні можа зразумела патлумачыць самым маленькім чытачам.
Далучыцца да выдання “Чытанкі-маляванкі” можна тут.
Мікалай Левертаў