У Вільні прэзэнтавалі «Гайд палітзьняволеньня» — кнігу парадаў і малюнкаў тых, хто прайшоў беларускія турмы

Прэзэнтацыя кніжкі «Гайд палітзьняволеньня» адбылася 27 лістапада ў амбасадзе Нарвэгіі ў Літве, піша «Радыё Свабода».

«Hajd palitźniavoleńnia»
Старонкі кнігі

Гасьцям прадставілі беларуску Марыну, якая прыдумала стварыць у такой незвычайнай форме кніжку пра беларускія вязьніцы і суправадзіць яе карыснымі парадамі ад былых вязьняў.

Кніга — калектыўны твор ініцыятывы «Праект 361.1», які заснавалі беларускія ўцекачы ў Эўразьвязе. Яе выпуск прафінансавала Нарвэская амбасада ў Літве.

«Hajd palitźniavoleńnia»

««361.1» — гэта нумар артыкулу Крымінальнага кодэксу Беларусі, па якім караюць за прыналежнасьць да экстрэмісцкай арганізацыі. Можна нават не выходзіць на акцыі, а толькі паставіць лайк ці пакінуць які камэнт, і цябе залічаць у экстрэмісты з адпаведнымі наступствамі. Праз гэта пасадзілі ўжо сотні беларусаў. Зь сябрамі мы вырашылі іх падтрымаць, а іншым даць парады на розныя выпадкі жыцьця за кратамі і па вызваленьні», — патлумачыла сэнс сваёй працы Марына (імя дзяўчыны зьмененае ў мэтах бясьпекі).

У Беларусі Марына вучылася ў БДУІРы, удзельнічала ў пратэстах 2020 году і мусіла зьехаць з краіны, апасаючыся рэпрэсій. Прытулак дзяўчына знайшла ў Літве, для падаўжэньня вучобы абрала Віленскі ўнівэрсытэт.

«Але я не магла проста спакойна жыць і вучыцца. Тое, што адбывалася і адбываецца дагэтуль у роднай Беларусі, гэтак закранула, што хацелася кожнаму сустрэчнаму пра гэта распавядаць», — кажа Марына пра імпульс, які падштурхнуў яе да грамадзкай актыўнасьці ў эміграцыі. Гэтак спачатку дзяўчына далучылася да ініцыятывы «Вольныя паштоўкі», якая займалася напісаньнем лістоў палітвязьням, а потым стала адной з заснавальнікаў «Праекту 361.1». Наперадзе, паводле Марыны, новыя грамадзкія акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі і падтрымкі іх семʼяў.

«Hajd palitźniavoleńnia» Старонкі з кнігі



Большасьць стваральнікаў «Гайда палітзьняволеньня» пакуль працуе пад выдуманымі нікамі. Аўтар тэксту — Маўклівы Мішка, дызайнэр — Сонная Янотка, псыхоляг — Веснавы Дожджык. Беларуская рэальнасьць такая, што могуць пацярпець ня толькі актывісты, але і іх сваякі дома.

Марына тлумачыць, навошта падарожнікам па ўмоўнай «Валадарцы» спатрэбіцца незалежны псыхоляг.

«Большасьць парадаў і лайфхакаў у кнізе — ад былых палітвязьняў, але ў апошнім разьдзеле парады дае прафэсійны псыхоляг. Гэты разьдзел — пра будучыню: пра тое, як падтрымаць сябе, калі вярнуўся з турмы, і чым дапамагчы блізкім, якія вярнуліся зь няволі, а таксама іхным сямейнікам. Магчыма, гэта самае важнае, бо заўсёды трэба бачыць мэту і рухацца наперад», — мяркуе рэдактарка кнігі.

«Гайд палітзьняволеньня» можна замовіць на сайце ініцыятывы «Праект 361.1», аплаціўшы толькі дастаўку. Або пачытаць у электронным выглядзе.