Галоўнае, што адрознівае фрылансера і класічнага супрацоўніка, – магчымасць самому распараджацца сваім часам і абіраць сабе месца для працы. Але далёка не кожны “вольны рыцар” хоча працаваць толькі дома. Дык дзе можна і справай заняцца, і нядорага папіць кавы?
Мы запускаем цыкл артыкулаў пра месцы, дзе фрылансер можа спакойна і камфортна заняцца сваёй працай і пры гэтым не патраціць вялікую суму грошай.
Спачатку пра крытэры і ўмовы. На нашу думку, каб пэўнае месца назваць freelance-friendly, трэба:
І галоўная ўмова нашых аглядаў – пэўная аб’ектыўнасць. Мы пішам пра сапраўды добрыя месцы, а калі нешта кульгае – то пішам пра гэта. Нашы артыкулы – не рэкламныя тэксты.
З уводзінамі скончылі, таму пераходзім да нашага першага героя – Wake up!
Сённяшні дэсант прыпадае на вечар. На дварэ вільготна і даволі прахалодна, таму цёплая кава ці гарбата будуць у тэму. Ды і трэба зрабіць кавалак працы, таму трэба хутчэй знайсці прыемнае месца, каб крыху расслабіцца і прысвяціць свой час працы. Гэтая думка прыйшла ў галаву на плошчы Якуба Коласа, а ніякага жадання далёка ехаць няма. Крыху прайшоўшыся ў бок Камароўкі, мы пабачылі прыгожыя гірлянды і надпіс “Wake up cafe”. Чаму б і не? Давайце зойдзем!
Месцазнаходжанне
Як мы ўжо напісалі ў тызеры, кавярня месціцца ў раёне плошчы Якуба Коласа каля гандлёвага цэнтра “Сілуэт”. Вельмі зручна, бо адсюль даволі лёгка дабрацца ў большасць частак горада. І самае галоўнае – кавярня знаходзіцца з боку галоўнай дарогі, таму доўга шукаць не давядзецца.
Таму за першы пункт ставім кубак кавы.
Кава/гарбата
Распрануўшыся, можна паглядзець і на меню. Тут выбар даволі добры. Меню напояў дзеліцца на стандартнае і сезоннае. Ужо халодна, таму ў другім пункце кавярня прапаноўвае шэраг цёплых напояў. З пастаяннага меню:
Збольшага ў кожнага з іх ёсць тры памеры: малы, стандартны і вялікі.
Таксама тут можна знайсці раф-каву, гарбату, мока, малочны кактэйль і іншае. З “цёплага” меню ёсць як фірмовы напой “Wake up”, так і больш знаёмая імбірная гарбата з масалай. Меню вялікае, таму кожны зможа для сябе нешта знайсці. Асабіста я ўзяў капучына, на якім мне зрабілі прыгожы малюнак пяра – сімвалічна, аднак, з улікам таго, што ніхто з персаналу не ведае пра мае намеры.
Для асаблівых гурманаў тут багата торцікаў, батончыкаў і рознага іншага смакоцця. Але цэны на гэта традыцыйна высокія. У любым разе, мы прыйшлі працаваць, а не есці торцікі.
Таму за гэты пункт таксама кубак кавы.
Цэны
Па цэнах тут даволі танна: напоі ў дыяпазоне 2,2 – 6 рублёў у залежнасці ад памеру кубка і самога напою. Звычайнае амерыкана абыдзецца ў 2,2 ці 3,1 рубля за малы і стандартны памер адпаведна.
Таму за цэны таксама кубак кавы.
Разеткі
Яны тут ёсць амаль каля кожнага століка, таму месца, куды можна ўставіць зарадку, знойдзецца. А дадатковы плюс у тым, што тут звычайна не адна разетка на столік, а ажно 3, таму атрымаецца зарадзіць і ноўтбук, і тэлефон, і планшэт, калі ён у вас ёсць.
Такая разеткавая шчодрасць заслугоўвае яшчэ аднаго кубка кавы.
WI-FI
Ён тут ёсць. Пароль можна даведацца ў барысты. Праблем з падключэннем і пінгам не сустрэў. А хуткасць мясцовага сеціва вы можаце пабачыць самі.
За стабільнасць, наяўнасць і хуткасць кубак кавы гэтаму месцу!
Прыбіральня
Ёсць. Адзінае але – яна аднамесная, таму існуе імавернасць, што давядзецца крыху пачакаць. Але і сама кавярня не надта вялікая, таму наўрад ці тут будуць велізарныя чэргі.
Кубак кавы за наяўнасць.
Час працы
Даволі стандартны, але камфортны – з 09.00 да 23.00 без выходных. Нібы час аптымальны, але… Патрэба тэрмінова сесці працаваць можа наступіць як самым ранкам, так і да закрыцця метро.
Не кругласутачна, таму палова кубка кавы.
Атмасфера і інтэр’ер
Падчас майго візіту я не пачуў ніякай папсы. Лёгкія прыемныя матывы старой класікі ў стылі блюзу, джазу ці нечага больш папулярнага. У кожнага свой густ, але мне ўсё прыйшлося даспадобы. І самае галоўнае – гучнасць у межах камфорту.
Наконт атмасферы і інтэр’еру. Кавярня нібы падзеленая на два сектары. Першы – калідор у асноўную залу. Тут усяго тры столікі, але яны адзін ад аднаго агароджаныя, што дае магчымасць крышку схавацца ад астатняга свету і прысвяціць свой час выключна працы. Асноўная зала ўжо агульная. Тут ёсць дзве мінібарныя стойкі, а астатняе – тыя ж столікі. Усё прыемна, ненавязліва. Крышку нагадвае амерыканскі стыль, бо ў інтэр’еры вельмі шмат дрэва. Карацей, тут лямпава, а ў сукупнасці з музыкай дык увогуле вельмі прыемна.
Адзін з рэдкіх выпадкаў, калі атмасфера і інтэр’ер сапраўды не выклікаюць нараканняў. Таму адназначна кубак кавы.
Па шчырасці, адно з рэдкіх месцаў, дзе сапраўды ўсё ёсць для добрага працоўнага настрою. Прыемна, а з іншага боку, няма жадання поўнасцю расслабіцца ці заснуць. Тое, што месца ў цэнтры, амаль каля метро і іншага транспарту, – таксама вялікі плюс. А астатняе ўсё ёсць: нармальны асартымент, сярэднія цэны, наяўнасць добрага сеціва і разетак. Карацей, рэкамендуем для працы, фрылансер!
7,5/8 кубкаў кавы
Freelance-friendly, але не для вельмі ранніх і позніх рыцараў.
Багдан Сакалоў, budzma.org