Партал TuzinFM.by працягвае праект, прысвечаны памяці рэпрэсаваных у 1930-х беларускіх творцаў. Рыхтуецца кніжнае выданне з музычным дадаткам, пройдуць новыя лекцыі з выступамі музыкаў у Мінску і прэзентацыі ў рэгіёнах.
«(Не)расстраляныя» – працяг праекту, які пакліканы вярнуць імёны і творы рэпрэсаваных дзеячаў беларускай культуры ў сучасны дыскурс. Рыхтуецца да друку ўнікальнае выданне, у якое ўвойдзе 18 гісторыяў жыцця рэпрэсаваных беларускіх літаратараў, больш за сто абраных твораў ды каля сотні архіўных фотаздымкаў, частка з якіх будзе апублікаваная ўпершыню. Таксама да кнігі будзе далучаны музычны CD-дадатак з песнямі на словы герояў праекту. Аб’ём кнігі – больш за 300 старонак. Аздабленнем выдання займаецца дызайнерка Наста Шастак.
Падтрымаць праект/замовіць кнігу
Над выданнем працуюць знаныя даследчыкі літаратуры і культуры, якія ўпершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі падрыхтавалі і прачыталі адкрытыя лекцыі пра герояў гэтага праекту. 12 лекцыяў прайшлі ў 2017 годзе ў кнігарні «Логвінаў». Увосень 2018 году ў межах праекту ў кнігарні «Логвінаў» адбудзецца 6 новых лекцыяў. Прэзентацыі праекту з адкрытымі лекцыямі запланаваныя таксама ва ўсіх абласных гарадах.
«Мы хочам каб творы закатаваных пісьменнікаў ведалі, а іх твары пазнавалі. Перакананы, што каб дасягнуць такой мэты, варта працаваць на ўсіх узроўнях успрыняцця і рабіць гэта густоўна, прыгожа і па-сучаснаму», – кажа кіраўнік і прадусар праекту Сяргей Будкін. Летась у першай частцы праекту вершы расстраляных паэтаў праз 80-100 год пасля іх напісання сталі песнямі. Летась прайшла канцэртная прэзентацыя праекту і 12 адкрытых лекцый з удзелам музыкаў, а таксама рэалізаваны выдавецкі праект – серыя з 12 «маўклівых кніг» – нататнікаў з выявамі паэтаў і цытатамі з іх твораў. У Facebook створана 12 персанальных старонак паэтаў, куды дадаюцца іх творы, фота і ўспаміны.
Падтрымаць праект і замовіць сабе кніжнае выданне можна на Ulej.by. Пры паспяховай рэалізацыі задумы з кніжным выданнем у межах праекту «(Не)расстраляныя» аўтары абяцаюць зрабіць тэатральную пастаноўку паводле аднаго з твораў беларускай літаратуры 1930-х.
Cачыць за навінамі праекту – Укантакце/Facebook/Instagram