15-18 лістапада Варшава стане цэнтрам інтэлектуальнага дыялогу і творчай свабоды для беларускай культурнай супольнасці. Фестываль PRADMOVA зноў збярэ выбітных аўтараў і аўтарак, мастач:ак, даследчы:ц і музыкант:ак, каб абмеркаваць культурныя і сацыяльныя пытанні, якія знаходзяць водгук у сучасным грамадстве.
Месцы правядзення фестывалю
Пляцоўка А — ul. Foksal, 11
Пляцоўка B — ul. Foksal, 11
Пляцоўка C — ul. Dożynkowa, 6a
Клуб Scena Chmielna — Nowy Świat, 27A
Prześwit — ul. Freta, 39
Некаторыя падзеі фестывалю (больш на сайце pradmova.eu)
Пятніца, 15 лістапада
Фестываль стартуе а 18:00 на пляцоўцы А ўрачыстай цырымоніяй і адкрыццём выставы ART PRADMOVA, што прадставіць творы ўдзельнікаў сёлетняга конкурсу — маладых дызайнер:ак і кніжных ілюстратар_ак. Праграма дня працягнецца дыскусіяй «Доўгая дарога ад Быкава» з удзелам Святланы Курс, Андрэя Хадановіча, Андрэя Масквіна і Адама Міхніка. На завяршэнне вечара — канцэрт беларускіх гуртоў Разбітае Сэрца Пацана, Harotnica, Trava і Кміт-ансамбль, які стане сапраўдным святам беларускай музыкі.
Субота, 16 лістапада
Другі дзень фестывалю прапануе насычаную праграму на пляцоўках A і В. Госці змогуць наведаць дыскусіі пра беларукага Дастаеўскага і палітычную і культурную ідэнтычнасць краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, абмеркаваць стратэгіі існавання беларускага тэатра ў эміграцыі і даведацца, як мова можа стаць сапраўдным героем эпасу. Апрача таго, госці фестывалю змогуць наведаць прэзентацыі манаграфій і даследаванняў па гісторыі і тэатральным мастацтве, а таксама новых выданняў беларускай і замежнай літаратуры.
Сярод іншых падзей дня — прэзентацыя кнігі Таццяны Шчытцовай пра беларускую рэвалюцыю, размова пра фемінізацыю беларускай мовы з Уладзіславам Гарбацкім, а таксама выступы беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц, што плаўна перацякуць у Вечар Паэзіі.
На пляцоўцы С маленькіх і дарослых гасцей фестывалю чакае магчымасць паўдзельнічаць у разнастайных майстар-класах: стварэнне ілюстрацый з Эльгай Паповай, асваенне аналагавых тэхналогій пісьма з Антосем Сівых, варкшоп па трафарэтны друку са Святланай Дземідовіч і эксперымент з калажамі ад Ірыны Арахоўскай. На большасць майстар-класаў патрэбная рэгістрацыя.
Нядзеля, 17 лістапада
Нядзеля, 17 лістапада, стане яркай кульмінацыяй фестывалю PRADMOVA, напоўненай разнастайнымі падзеямі, што аб’яднаюць музыку, літаратуру, дыскусіі і творчыя сустрэчы. Дзень распачнецца канцэртам Алеся Папковіча «Між берагамі»: аўтар праз музыку даследуе беларускую ідэнтычнасць і культурныя перасячэнні.
Праграма працягнецца абмеркаваннем сучаснага беларускага коміксу з Кацярынай Веразуб і Мікітам Сеннікавым, якія падзеляцца сваім досведам у стварэнні коміксаў і абмяркуюць іх ролю ў нацыянальнай культуры.
Госці таксама змогуць пазнаёміцца з навуковай спадчынай Вацлава Ластоўскага падчас прэзентацыі яго этнаграфічных і моўных даследаванняў.
Вольныя Купалаўцы падзеляцца досведам стварэння спектакля паводле кнігі Максіма Знака «Зэкамерон». Увечары чакаецца філасофска-літаратурная дыскусія пра спадчыну Чэслава Мілаша, апошняга грамадзяніна Вялікага Княства Літоўскага, а таксама прэзентацыя кнігі Юліі Чарняўскай «Свет пра цябе», прысвечанай Юрыю Зісеру.
Фінальнай падзеяй дня стане ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу ART PRADMOVA і канцэрт «Imagined Lover» ад Five Storey Ensemble, дзе сучаснай паэзія прагучыць у інтэрпрэтацыі беларускіх кампазітараў.
Панядзелак, 18 лістапада
Увечары панядзелка 18 лістапада ў межах Pradmova адбудуцца паказы спектакляў «Быкаў і яго д’яблы» (рэж. Васіль Дранько-Майсюк) і «Па што ідзеш, воўча?» (рэж. Моніка Дабраўлянска).
Дадатковыя актыўнасці
Фестываль прапануе ўдзельнікам унікальную магчымасць прыняць удзел у ролевым ларпе «Bring Your Own Bottle», дзе госці змогуць увасобіць сябе ў беларускіх творцаў і перажыць «апошнюю вечарыну».
Праграма і змены
Усю праграму фестывалю можна знайсці на афіцыйным сайце PRADMOVA, а таксама ў PDF-фармаце, даступным для спампоўкі. Улічваючы магчымыя змены, рэкамендуем сачыць за абнаўленнямі і інфармацыяй на сацыяльных старонках фестывалю.
Фестываль PRADMOVA — гэта інтэлектуальная і культурная падзея, якая створана, каб аб’яднаць беларускую супольнасць у Варшаве, стварыць прастору для абмеркавання культурных і грамадскіх пытанняў. Запрашаем наведаць фестываль і далучыцца да дыялогу, які аб’ядноўвае людзей і спрыяе развіццю беларускай культуры.