Фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі «Pradmova» пройдзе ў чэрвені 2022 года, гэтым разам — за межамі Беларусі, пішуць «Свободные новости». Нашымі кніжнымі цэнтрамі стануць Тбілісі, Варшава, Кракаў і Вільнюс.
Навіна безумоўна добрая: у 2021 годзе фестываль увогуле не адбыўся праз спецыфіку беларускіх рэалій. Але ўзнікае пытанне: ці не апынуцца беларусы, якія застаюцца дома, выключанымі з уласнага культурнага поля?
Пра гэта размаўляем з Ліліяй Ільюшынай, адной з арганізатараў фестывалю «Pradmova».
— Які настрой у каманды з улікам новай хвалі рэпрэсій і эміграцыі, з улікам вайны?
— Гэтыя выклікі з’явіліся не сёння і не ўчора, мы з імі прызвычаіліся жыць. У персанальным плане кожны з каманды па-рознаму перажывае: хтосьці абстрагуецца, хтосьці паглыбляецца эмацыйна, але як арганізатары мы лічым, што такія мерапрыемствы цяпер патрэбныя нават больш, чым у спакойны час. А калі ты адказваеш на базавае пытанне, што мерапрыемства патрэбнае, то не такімі жахлівымі падаюцца выклікі.
Вядомая дылема: ці мусім мы спяваць, чытаць вершы, думаць пра філасофію падчас глабальных катаклізмаў?.. Кожны для сябе дае адказ, наш — канструктыўны. Магчыма, гэта наш псіхалагічны спосаб спраўляцца з рэчаіснасцю.
— Чаму вы вырашылі перанесці фестываль за мяжу? Адказ збольшага прадказальны, але цікава пачуць яго ад арганізатараў.
— Інтуіцыя вам трапна падказвае: сапраўды, гэта пытанне бяспекі. Мы лічым, што ва ўмовах сённяшняй Беларусі не можам забяспечыць нават ілюзію бяспекі — як арганізатарам, так і ўдзельнікам. Другі момант — наяўнасць пляцовак, гатовых нас прыняць. Каб рызыкаваць сабою і даць людзям выбар, ці гатовыя яны рызыкаваць разам з намі, трэба мець хаця б нейкія арганізацыйныя магчымасці. Мы для сябе іх не бачылі, таму прынялі такое рашэнне.
— Ці варта чакаць, што ў сувязі з пераносам фестывалю за межы Беларусі большасць мерапрыемстваў пройдзе анлайн?
— Мне падаецца, што ў часы кавіду падвысіць адсотак анлайну ўжо немагчыма. Наадварот, адна з асноўных пераваг «Прадмовы» за межамі Беларусі — магчымасць ладзіць мерапрыемствы афлайн. Фестываль — гэта жывое, магчымасць сустракацца, трымаць у руках кніжкі. Былі размовы, ці не паспрабаваць анлайніць з Беларусі, але анлайн у дадзеным выпадку бяспеку не гарантаваў.
— Ці змогуць людзі ў Беларусі далучыцца прынамсі віртуальна? Запланаваныя, да прыкладу, трансляцыі, або плануецца выкладаць запісы дыскусій?..
— Так, мы вельмі моцна на гэта разлічваем, і пляцоўкі абіраліся менавіта з магчымасці весці трансляцыі. Больш за тое, у нас ёсць заяўкі з Беларусі на ўдзел у праграме.
— Перанос фестывалю за мяжу адбіўся на колькасці заявак?
— Мы акурат скончылі прыём, і магу з упэўненасцю сказаць, што не. Мы цалкам задаволеныя колькасцю заявак і лічым, што яна вялікая.
— А калі казаць пра ўдзел выдавецтваў з улікам апошніх падзей — у «Янушкевіча» адабралі памяшканне, у «Галіяфаў» скасавалі ліцэнзію... — гэта паўплывае на фестываль?
— Хутчэй, уся сітуацыя з 2020 года ўплывае, і найперш варта казаць пра змяншэнне агульнай колькасці кніг — мы прывязаныя да навінак, а таксама гасцей ці інстытуцый, якія іх спансавалі, укладаліся ў пераклады ці аўтарскія праекты.
— Як вы самі ўспрымаеце перанос фестывалю: як новую форму культурніцкага жыцця — ці як паразу, маўляў, беларускую культуру вышчамілі за межы Беларусі? Ці штосьці трэцяе?
— Ведаеце, першае, другое і трэцяе. Ва ўсякім разе, «Pradmova» выйшла за мяжу краіны, так што цяпер гэта інтэрнацыянальны праект, напраўду міжнародны фэст. Любы культурніцкі праект з часам упіраецца ў столю. Фестываль — просты фармат па сваёй механіцы, і перад ім заўсёды стаіць балючае пытанне развіцця. Куды ісці — у масы, у элітарнае?.. Як да гэтых мас дабрацца?.. Мы заўжды казалі, што адной з задач фестывалю з’яўляецца папулярызацыя беларускай культуры. Яна ідзе ў двух кірунках: ва ўнутраным (рэгіянальная «Pradmova») і міжнародным. Мы даўно планавалі кантакты з міжнароднымі кніжнымі кірмашамі і фестывалямі, але хутчэй на аддаленую перспектыву. У гэтым годзе адбылося натуральнае развіццё. Можна сказаць, што абставіны, якія абцяжарваюць папулярызацыю беларускай кнігі ўнутры Беларусі, паспрыялі на іншым узроўні. Гэта як перанесці вагу з адной нагі на іншую. Канечне, мы разумеем, што стаяць доўга толькі на адной з гэтых «ног» немагчыма, але на сёння карыстаемся сітуацыяй.
— Выйшла, што не было б шчасця, каб не памагло няшчасце?
— Так, абсалютна.
«Pradmova» ў 2019 годзе
— Чаму для правядзення фестывалю абраныя менавіта гэтыя гарады — Тбілісі, Кракаў, Варшава і Вільнюс?
— Лагічна ісці туды, дзе маецца беларуская публіка. Адпаведна, гэта цэнтры дыяспар. Я ведаю, што досыць моцная дыяспара ёсць і ў Германіі, і ў Злучаных Штатах, але тут згулялі аргументы лагістычна-фінансавыя. Як адзін з такіх цэнтраў фігураваў Кіеў, аднак нашым планам быў не лёс рэалізавацца, ад Украіны даводзіцца адмовіцца. Наўзамен абраны Кракаў, дзе ёсць інтарэс і прапанова мясцовай дыяспары.
— Ёсць сярод гэтых цэнтраў фестывалю галоўны?
— У кожнага горада ёсць куратар, які складае праграму з улікам запытаў дыяспар і магчымасцяў, таму я б не сказала, што можа быць нейкі цэнтр. Хто ў чым больш абазнаны, зацікаўлены — так выбудоўваюцца праграмы. Але разам з тым ёсць нейкія агульныя рысы, напрыклад, мы заўжды падкрэсліваем, што фестываль кніжны, і будзе выдатна, калі спалучацца розныя праявы кніжнасці. Гэта не толькі літаратура, але і складнік культуралагічны, філасофскі, паліталагічны, гістарычны, штосьці музычнае, мастацкае... З улікам таго, што між гарадамі вялікія адлегласці і ў нас не будзе магчымасці перавозіць людзей, праграмы будуць абсалютна адрозныя. Захаваць агульнасць, пераемнасць дапаможа сімвал Дома, паняцце Дома.
— Дом — цэнтральная тэма фестывалю. Можаце патлумачыць ваш выбар?
— Нам здаецца, беларусы знаходзяцца ў цяжкім становішчы як у Беларусі, так і за мяжой. Калі казаць пра эмігрантаў, шмат хто пазбаўлены дому ў самым наўпроставым сэнсе. З іншага боку, я добра ведаю, што мала хто ў Беларусі пачуваецца ў абсалютнай бяспецы. А Дом — гэта ўсё ж такі бяспека, абароненасць. Таму гэта не проста эмігранцкі тэзіс, маўляў, нам кепска і мы б хацелі дадому. Гэта нашмат больш шырокі панятак. І самае галоўнае — вельмі важна, каб ідэя нас аб’ядноўвала, каб пры ўсіх адрозненнях людзі мелі агульны грунт. Такім падмуркам для ўсіх з’яўляецца ідэя Дома, як мне падаецца.
Уручэнне Прэміі Гедройця падчас фестывалю ў 2020 годзе; на сцэне арганізатар фестывалю Павал Баркоўскі.
— Як вы вырашыце пытанне з кніжным кірмашом?
— Гэта вельмі балючае пытанне, асабліва што тычыцца Грузіі. На жаль, кніг адназначна будзе менш. Мы імкнемся да таго, каб дакладна былі кнігі, заяўленыя ў праграме, і па тэмах, заяўленых у праграме. Здаецца, мы знайшлі спосаб дастаўкі кніг ва ўсе гарады фестывалю, і калі атрымаецца, будзе вельмі крута.
Так што спадзяемся прадставіць усе часткі праграмы: дыскусіі, кірмаш, выставы, прэміі. Як найменей тры прэміі будуць уручаныя падчас «Прадмовы»: у Кракаве — прэмія Адамовіча, у Варшаве — прэмія Анемпадыстава і ў Вільні — прэмія Багушэвіча.
— А што датычыць мастацкай часткі і выстаў?
— Па-першае, ад мастакоў мы яшчэ прымаем заяўкі на ўдзел. Па-другое, мы і ў мінулым годзе не надта ўціскваліся ў праграму і разумелі, што фестываль можа развівацца не толькі як адзінкавая падзея, але мець мерапрыемствы цягам году. Так хутчэй за ўсё будзе з конкурсам «Арт-Pradmova» для маладых ілюстратараў і кніжных мастакоў.
Тое ж з выставай сучаснай беларускай ілюстрацыі. Ёсць у нас такі праект: каб беларускія мастакі-ілюстратары самі вылучылі тое, што лічаць важным паказаць публіцы як у Беларусі, гэтак і за мяжой. Наколькі я ведаю, такога праекту яшчэ не было, а мне ён бачыцца файным: гэта і пра кнігі, і пра мастацкую школу Беларусі, тое, што не патрабуе перакладу, і зноў-такі, тое, што нас аб’ядноўвае.
— Хто з пісьменнікаў заяўлены ва ўдзельніках і якіх славутых гасцей чакаць?
— Не магу сказаць, што ў беларускай літаратуры з’явілася сотня новых імёнаў, асобы ўсё тыя ж: Бахарэвіч, Арлоў, Хадановіч... У прынцыпе, увесь літаратурны бамонд мусіць быць.
Таксама мы вырашылі запрашаць гасцей на перспектыву; напрыклад, у Архана Памука вялікая чарга, таму мы гатовыя запісацца на 2025 год. Як бачыце, у нас досыць смелыя планы на жыццё.
Госць фестывалю ў 2020 годзе Януш Леан Вішнеўскі
Інтэрв’юер Наста Грышчук, фота: facebook.com/pradmova