Каманда беларусак развівае праект аб устойлівай модзе Sviadomy Šyk. На старонцы ў Інстаграме яны распавядаюць пра розніцу між хуткай і павольнай модай, як першая ўплывае на экалогію, і як з усім гэтым жыць. Яшчэ дзяўчаты арганізоўваюць івенты і супрацоўнічаюць з іншымі праектамі. Зялёны партал пагутарыў з экааматаркай Воляй, удзельніцай праекта, пра гісторыю яго стварэння, мэтавую аўдыторыю і планы.
Скрыншот з Instagram Sviadomy Šyk
Цікаўнасць да экалогіі з’явілася ў жыцці Волі пасля экстранага пераезду з Беларусі ў Сакартвэла (Грузію) у 2023 г. Але і дагэтуль яна ніколі не карысталася адзеннем з мас-маркету, бо яе маці — швачка, і яна шмат чаго для Волі шыла.
«Да таго ж, мы часта хадзілі ў сэканд-хэнды. Можна сказаць, што правілы свядомага выбару і выкарыстання адзення былі са мной заўсёды, але я не думала пра экалагічныя праблемы, якія хавае такое, на першы погляд, бяскрыўднае адзенне», — кажа Воля.
Пасля пераезду ў Тбілісі дзяўчына ўдзельнічала ў кніжным клубе, які арганізавалі онлайн беларускія актывісты.
«Я хацела неяк зазямліцца, шукала падтрымку пасля страты дома. Мы чыталі навукова-папулярныя кнігі, сярод якіх «Свет пасля нас. Як не даць планеце загінуць» Маі Гепель, «Цёмны бок дабрабыту. Як мы змянілі клімат і што з гэтым рабіць» Хоўп Джарэн.
Пасля іх абмеркавання я задумалася, што ж асабіста я магу зрабіць, каб паменшыць уплыў на сістэму, часткай якой столькі гадоў з’яўляюся: так я адмовілася ад мяса, пачала сартаваць смецце», — працягвае распавядаць Воля.
Дзяўчаты, якія ў выніку стварылі Sviadomy Šyk, спачатку глядзелі разам фільмы, абмяркоўвалі іх, вазілі смецце на спецыяльны склад у Тбілісі, адкуль яго перадавалі на перапрацоўку.
Потым зразумелі, што сярод беларускіх экалагічных арганізацый няма такой, якая б займалася выключна ці ў першую чаргу пытаннямі хуткай моды, хаця гэту тэму шмат хто закранае, і вырашылі закрыць нішу.
Так і з’явілася ініцыятыва Sviadomy Šyk. Яе асноўная дыджытал-пляцоўка — Інстаграм.
На старонцы ў Інстаграме дзяўчаты публікуюць адукацыйныя пасты, каб прыцягнуць увагу да праблемы хуткай моды. «Наша аўдыторыя — беларус_кі па ўсім свеце, неабыякавыя да нашай галоўнай тэмы і адкрытыя да новых ведаў і звычак. Але, напрыклад, людзі розных нацыянальнасцяў цікавіліся нашымі офлайн-імпрэзамі ў Тбілісі — мы рады ўсім!», — распавяла Воля.
Скрыншот з Instagram Sviadomy Šyk
Пасты у Інстаграме Sviadomy Šyk — па-беларуску. Воля тлумачыць: «Для нас гэта істотна, хоць і даводзіцца выкарыстоўваць онлайн-перакладчыкі. Нам, як беларускам, блізкія ідэі культурнай спадчыны».
Зараз Sviadomy Šyk супрацоўнічае з ініцыятывай «Гэта окей», якая накіраваная на тое, каб знізіць у беларускім грамадстве стыгму і дыскрымінацію адносна ЛГБТК+ людзей. Разам яны робяць кампанію да 14-га лютага «Каханне — мая рэлігія». У ёй прадугледжаны ў т. л. выраб мерчу, які спрабуюць зрабіць экалагічным. Т-шоткі адшываюцца пад замову ў Грузіі, і канцавы спажывец, калі іх замаўляе, плаціць справядлівы кошт за працу швачак. «Мы лічым, што гэта выдатная магчымасць звярнуць увагу на тое, што выраб мерчу падтрымлівае мясцовых людзей», — кажа Воля.
Мерч плануюць перадаваць у іншыя краіны праз знаёмых ці праз класічную пошту, каб мінімізаваць наступствы дастаўкі. Да таго ж Т-шоткі можна будзе самастойна кастамізаваць: прапануюцца розныя варыянты, каб прыклаўшы трошкі высілкаў, выразаць сімвалы, якія адгукаюцца, з нашывак, і прымацаваць іх на клейкую аснову з дапамогай праса. Таксама плануюцца варкшопы і кантэнт пра кастам, каб людзі даведваліся, што гэта такое, як можна даць сваім рэчам другое жыццё ці дадатковы сэнс.
«Кастаміць з намі можна будзе на любым адзенні!» — запрашае Воля і дадае: «Мы хочам прыцягнуць увагу і іншых беларускіх НДА да таго, што мерч можа і павінен быць экалагічным, таму мы адкрыты да супрацы з іншымі праектамі для стварэння ўстойлівага мерчу».
Скрыншот з Instagram Sviadomy Šyk
Воля распавядае: «Падавалася б, з Беларусі сышло шмат брэндаў, якія дзейнічаюць у галіне хуткай моды, але шмат і засталося. Якасць адзення ў апошнія гады так знізілася, што часам яно проста псуецца вельмі хутка, нават калі гаспад_ыня і хацел_а б яго дольш насіць. Яшчэ можа здавацца, што беларусаў не датычацца звалкі тэкстылю ў Афрыцы, але гэта не так. Мы лічым, што дзеянні кожнага чалавека, у тым ліку ў Еўропе, у Амерыцы, уплываюць на ўсю планету».
З Еўрасаюза ўжыванае адзенне перапраўляецца ў тым ліку ў Афрыку, дзе нешта адбіраюць для продажу ў мясцовых сэканд-хэндах, але прыкладна палову адпраўляюць наўпрост на звалку. Ля горада Акра (сталіца Ганы) гэта ўсё плавае проста ў Атлантычным акіяне. З сінтэтычнага адзення ў ваду выдзяляецца мікрапластык, які трапляе ў харчовыя ланцужкі.
«Такі падыход завецца «каланіялізм адкідаў», — тлумачыць Воля. — Заможныя краіны спачатку цягнуць з бедных рэсурсы, плацяць капейкі работнікам, нажываюцца на гэтым, а потым у гэтыя ж бедныя краіны скідаюць адпады. Агулам толькі 1 % (а паводле іншых крыніц, толькі 0,3 %) тэкстыльных адкідаў перапрацоўваецца — гэта складана, бо шмат тканін змяшаныя (не складаюцца толькі з бавоўны, напрыклад, ці толькі з паліэстэру). І зараз неабходныя тэхналогіі перапрацоўкі яшчэ толькі з’яўляюцца. Я асабіста не памятаю, калі апошнім разам выкідала нейкае адзенне. Імкнуся купляць тое, што буду доўга насіць».
Скрыншот з Instagram Sviadomy Šyk
«Плануем зрабіць публічна дасяжныя гайды па натуральным фарбаванні і іншых аспектах устойлівай моды. Кожнаму рэгіёну ўласцівая свая флора і фаўна, і ёсць нейкія фарбавальнікі, як, напрыклад, лупіна граната ці карані эндра, якія знаходзяцца ў большым доступе ў Грузіі. Ёсць тыя, што можна знайсці ў розных рэгіёнах: як рамонак, крапіва, аксаміткі, шалупінне. Фарбавальнікі, якія выкарыстоўваюцца ў хуткай модзе — хімічныя. Яны шкодзяць тым, хто з імі працуе, потым трапляюць у ваду, зямлю, забруджваюць іх» — распавядае Воля.
У планах таксама стварэнне лабараторыі, дзе экалагічны падыход спалучыцца з павольнай модай і ідэямі, натхнёнымі беларускім традыцыйным строем.
Яшчэ запускаецца рубрыка з навінамі са сферы хуткай і павольнай моды.
Будуць офлайн-імпрэзы ў Польшчы і Сакартвела, ці ў іншых краінах па магчымасці. Ужо прайшлі свопы — сустрэчы, дзе можна абмяняцца непатрэбным адзеннем — у тым ліку і з сяброўскай арганізацыяй у Берліне напрыканцы 2024 г. Акрамя ўласна абмену, там былі дадатковыя актыўнасці кшталту квізаў.
«Інтэрактыўныя фарматы заўсёды карыстаюцца папулярнасцю, — кажа Воля. — Увогуле, спрабуем працаваць з мэтавай аўдыторыяй як можам, каб прыцягнуць увагу і патэнцыяльна паўплываць на чарговы выбар людзей. Я хачу падкрэсліць, што Sviadomy Šyk робіцца на валантэрскіх пачатках. Мы шукаем фінансаванне, але, здаецца, зараз у донараў экалогія не ў прыярытэце».