«Кожны новы строй — гэта даследаванне». Вялікая гутарка з Кацярынай Ваданосавай пра рэканструкцыю, расчараванне і натхненне

03.01.2025

Кацярына Ваданосава вядомая як спявачка і тэлевядоўца, а таксама як моцная жанчына, што змагаецца з ракавым захворваннем. Акрамя таго, Кацярына займаецца рэканструкцыяй гістарычных і этнаграфічных строяў. Выставу калекцыі строяў яе аўтарства паказваюць у Польшчы ўжо трэці раз — спачатку ў Цеханоўцы, потым у Беластоку і вось цяпер у Варшаве, у Музеі Вольнай Беларусі.

Паразмаўлялі з Кацярынай пра ўплыў адукацыі на цікавасць да строяў і досвед вядзення заняткаў у Школе традыцыйнага строя, якую яна адкрыла ў Беластоку ў 2023 годзе. Што расчаравала і нават дэмаралізавала, а што натхняе ў працы і ў людзях? Дзе мяжа паміж рэканструкцыяй і, як кажа Кацярына, задроцтвам?


Kaciaryna Vadanosava
Кацярына Ваданосава на сваёй выставе «Строй» у Музеі Вольнай Беларусі

— Як здароўе на цяперашні момант?

— Кожныя тры месяцы мамаграфія, УГД. Я зараз на гарманальнай тэрапіі. Ужо больш за год хаджу на ўколы і кропельніцы, штодня п’ю пігулкі. Агулам курс разлічаны на пяць гадоў, то-бок засталося яшчэ троху больш за тры. І потым, калі не будзе рэцыдыву, ужо толькі кантроль. У шпіталі мяне ўжо ўсе ведаюць. Нават на адкрыццё выставы «Строй» у Беластоку прыходзілі, там блізка.

— Выставу «Строй» ты паказваеш ужо трэці раз: у музеі сельскай гаспадаркі ў Цеханоўцы, у Беластоку, а цяпер — у Варшаве. Чаму менавіта такая паслядоўнасць?

— Арганізатарам выстаў быў Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. Так яны дамовіліся. Музей у Цеханоўцы — неверагодны. Там мне вельмі дапамаглі. Вельмі шмат людзей было на адкрыцці, у асноўным палякі. Беларусы — толькі мае сябры. У Беластоку таксама было шмат людзей. Арганізатары падлічылі — 96 чалавек, пераважна беларусы. Самае масавае наведванне адкрыцця выставы ў Цэнтры беларускай культуры.

Vystava «Stroj» Kaciaryny Vadanosavaj
Выстава «Строй» Кацярыны Ваданосавай у Музеі Вольнай Беларусі

— Рэканструкцыі на выставе «Строй» зроблены яшчэ ў Беларусі ці ужо ў Польшчы?

— Большая частка зроблена ў Польшчы, куды я пераехала пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

— Як атрымліваецца выдзяляць час на выраб строяў?

— Мне проста гэта вельмі цікава, я гэтым суцяшаюся і знаходжу ў гэтым радасць. Напэўна, я не знайшла б часу на тое, што мне не прыносіць пазітыўных эмоцый, а вось тое, ад чаго я магу «падладавацца», мне цікава рабіць, і я спрабую кожную вольную хвіліну гэтым займацца. Нават седзячы ў чарзе ў лякарні. Зараз у мяне бясконцы марафон, бо для кожнага выпуску праграмы «Нітка зорка» на «Белсаце» трэба нешта новае шыць. Кожныя два тыдні мы здымаем па два выпускі.

Vystava «Stroj» Kaciaryny Vadanosavaj
Выстава «Строй» Кацярыны Ваданосавай у Музеі Вольнай Беларусі

— Гістарычная адукацыя неяк паўплывала на цікавасць да строяў, ці наадварот, ты ўжо імі цікавілася і таму выбрала гістфак Мінскага педагагічнага ўніверсітэта?

— Яшчэ да ўніверсітэта я цікавілася гісторыяй, археалогіяй, гісторыяй мастацтваў. Па вялікім рахунку, трэба было ісці на мастацтвазнаўства, але я не дадумалася і пайшла на гістарычны факультэт. На самай справе, я паступала спачатку на акторскі, але там правалілася. Тады яшчэ можна было паступаць у дзве хвалі. Ну, і я пайшла ў пед з надзеяй, што буду займацца археалогіяй. А потым аказалася, што ў педуніверсітэце няма кафедры археалогіі. Я ўсе курсавыя, дыпломную работу пісала па гэтай тэматыцы, але археолага з мяне не выйшла. І вось зараз я, робячы рэканструкцыі строяў, спатольваю сваю прагу.

Чытаць таксама: «Яе сукенка стала яе зброяй». У Польшчы адкрываецца выстава калекцыі гістарычных і традыцыйных строяў Кацярыны Ваданосавай

— З рэканструкцыі якога перыяду ты пачынала і да якога прыйшла?

— Калі вучышся класе ў чацвёртым-пятым, табе хочацца сукенку, якая адпавядала б твайму светаадчуванню. Ты разумееш, што акрамя дома нікуды ў ёй не пойдзеш. Я не ўдзельнічала ў ролевым ці рэканструктарскім руху, таму што не мела сяброў, якія гэтым займаліся б. Першую сваю менавіта рэканструкцыю я зрабіла ў 25 гадоў, калі ўжо нарадзіла першае дзіця. Я тады была рамесніцай, шмат чаго рабіла рукамі. Мадэллю таксама працавала. І тады мяне лёс звёў з рэканструктарамі. 

Я не ўваходзіла ніколі ні ў які клуб. Мне вельмі не падабаецца гэтая субардынацыя, што ты прыходзіш і павінна даказаць, што чагосьці вартая. Я ўжо мела нейкую базу, умоўна кажучы, пашпарт строя ў галаве, разуменне, як яго шыць. Знаёмства падштурхнула мяне да думкі, што можна ездзіць на фестывалі, красавацца ў гістарычных строях не толькі дома. Яшчэ мяне як мадэль пачалі запрашаць на розныя здымкі з маім рэквізітам. Я гэта разглядала як яшчэ адну крыніцу заробку. Першую рэканструкцыю гістарычнага строя я зрабіла на Швейцарыю XIV ст. Этнаграфічнымі сялянскімі строямі канца ХІХ — пачатку ХХ стст. пачала займацца пазней.

Zimovaje narodnaje adziennie na vystavie «Stroj» Kaciaryny Vadanosavaj
Зімовае народнае адзенне на выставе «Строй» Кацярыны Ваданосавай у Музеі Вольнай Беларусі

— Распавядзі, калі ласка, пра этнаграфічную рэканструкцыю.

— На пачатку мне здавалася, што, каб займацца рэканструкцыяй этнаграфічнага, традыцыйнага строя, трэба ўліцца ў нейкую тусоўку і даказаць, што ты таго вартая. А я абсалютна нетусовачны чалавек. Мне не падабаецца працаваць у групе. Я ведаю, што ё людзі, якім абавязкова трэба кудысьці прыйсці, у нейкі гурток, клуб па інтарэсах, і там ужо нечым займацца. Я люблю працаваць сама. Калі я зразумела, што змагу абгрунтаваць тое ці іншае сваё рашэнне, то занялася і этнаграфічнай рэканструкцыяй.

Ihar Palynski, Kaciaryna Vadanosava, Stefanija Vadanosava
Канцэрт Кацярыны Ваданосавай на адкрыцці выставы «Строй» у Музеі Вольнай Беларусі. Злева направа: Ігар Палынскі, Кацярына Ваданосава, Стэфанія Ваданосава 

— Распавядзі, калі ласка, пра сваю школу традыцыйнага строя ў Беластоку.

— Школа дзейнічала ў мінулым навучальным годзе, а цяпер пакуль на паўзе. Адкрыццё яе было вымушанай мерай, бо было шмат запытаў на стварэнне строяў, а я не паспяваю браць замовы. Мне падалося ўдалай ідэяй зрабіць так, каб людзі самі сабе шылі строі, каб ім не трэба было ні да каго звяртацца, а каб яны мелі нейкія самыя простыя, базавыя навыкі. 

Я не магу свой досвед арганізацыі курсаў назваць вельмі ўдалым, таму што аказалася, што людзям не трэба ўменні, як рабіць строй. Ім проста трэба строй. У нейкі момант я ўсвядоміла, што шыю галіфэ для аднаго са сваіх студэнтаў. На іншым занятку я паспела за дзве гадзіны раскроіць шэсць андаракаў. І я падумала, што ў людзей проста іншы запыт. А самая вялікая цяжкасць была ў тым, што людзі ўспрымалі гэта як гурток, як хобі, а я — як працу, мне хацелася навучыць. Хтосьці мог месяц не з’яўляцца, а потым прыйсці на занятак. А мы ўжо пайшлі далей. Даводзілася нешта разбіраць індывідуальна. 

Ёсць людзі, якія пасля года навучання ў маёй школцы бяруць замовы, працуюць як самастойныя майстрыхі. 

А ёсць тыя, хто за год не навучыўся ўстаўляць нітку ў іголку. Складана было іх аб’яднаць, зразумець нават, як будаваць структуру занятка. 

І яшчэ мяне вельмі дэмаралізавала тое, што я ў многіх людзей атаясамліваюся, будзем шчырымі, з экстрэмізмам і тэрарызмам. Вучні баяліся, што я сфоткаю іх рукі (нават не твары) і куды-небудзь выкладу. 

А ім яшчэ ехаць у Беларусь. Таму пажадана да мяне на заняткі хадзіць так, каб ніхто не ведаў. А мне трошкі крыўдна тады становіцца: навошта гэта ўсё, калі людзі баяцца сказаць, што я іх вучу. Таму рэгулярныя заняткі я пакуль прыпыніла, але часам даю майстар-класы, напрыклад, у межах выставы.

Kaciaryna Vadanosava
Кацярына Ваданосава праводзіць экскурсію па сваёй выставе «Строй» у Музеі Вольнай Беларусі

— Якія людзі прыходзяць да цябе на майстар-класы?

— Як ні дзіўна, шмат палякаў. Зараз у Польшчы «сялянскі паварот» (zwrot ludowy) — мода на ўсё сялянскае, глыбіннае, сваё, паганскае... Яны шукаюць адказаў на свае пытанні ў т. л. праз стварэнне традыцыйных строяў.

Людзі, якія прыходзяць без бэкграўнду, не разумеюць, колькі часу, высілкаў і працы трэба, каб пашыць строй. Можа быць, як любая справа, гэта патрабуе дарэчнага часу. Я ўжо некалькі месяцаў вышываю неглюбскую кашулю і разумею, што гэта не тое, што мне хацелася б скончыць. Мабыць, не час менавіта для гэтай справы. Дапамагчы можа альбо дэдлайн, альбо пэўная мэта. Для мяне ўласна строй — самамэта. Я люблю вучыцца сама, разбірацца. Я не шыю па лекалах.

Кожны новы строй — гэта даследаванне. Ты кожны раз разумееш, як гэта зроблена. А потым апранаеш — і разумееш, як у гэтым жыць, функцыянаваць, хадзіць, паварочвацца. Такая living history мяне прываблівае.

— Рэканструкцыя скіраваная толькі ў мінулае? Ці ў будучыню ў некаторым сэнсе таксама?

— Безумоўна, любая рэканструкцыя — гэта рэтраспектыва і мінулага, і сучаснасці, не ведаю, ці можна так сказаць. Мы выкарыстоўваем сваё ўнутранае, сучаснае, мерыла, і не можам зрабіць на 100% так, як было раней, таму што мы не жывем у той час.

Можна паглядзець у кіно, напрыклад, касцюмы часоў грамадзянскай вайны ў ЗША, зробленыя ў 1930-я гг. і на пачатку ХХІ ст. — яны адрозніваюцца. 

Таму рэканструкцыя — гэта і погляд у мінулае, і асэнсаванне сябе тут і цяпер, і задзел на будучыню, бо даследаваннем ты ствараеш сабе план, мэту. 

Na vystavie «Stroj» Kaciaryny Vadanosavaj
 Фрагмент рэканструяванага касцюма заможнай крывічанкі кан. ХІ ст. на выставе «Строй» Кацярыны Ваданосавай у Музеі Вольнай Беларусі

— Дзе мяжа між рэканструкцыяй і стылізацыяй?

— У Беларусі, каб назваць тое, што ты робіш, рэканструкцыяй, трэба прыкласці больш высілкаў, чым у Польшчы. Тут людзі не замарочваюцца. Адначасова, нашмат лягчэй, чым у Беларусі з пошукам тканін. У Беластоку няма ніводнай крамы з тканінамі, але ў інтэрнэце вялікі выбар. 

Мне вельмі падабаецца дакопвацца. Напрыклад, строй на ХІ ст. у мяне пафарбаваны натуральнымі расліннымі фарбавальнікамі. А кавалачак узорыстага шоўку касцюма заможнай крывічанкі падабраны невыпадкова: амаль такі ж быў знойдзены ў Гародні ў адным з пахаванняў у крыпце. Гэты шоўк — копія шоўку з грабніцы святога Севіяра, пятага абата Сэн-Кале. І я яго ўзяла не толькі таму, што ён прыгожы і добра спалучаўся па колеры. Кожны раз пытаеш сябе, дзе мяжа між рэканструкцыяй і, прабачце, задроцтвам. 

Ці мой строй ХІІ ст., якога няма на выставе. Там галаўны ўбор з бяросты, якую я ўласнаруч садрала, пачысціла, надала ёй форму, сшыла. І панёва, пра якую няма крыніц. Знаходзяць кавалкі тканін у кратку, але ці была там панёва, ці спадніца — дакладна невядома. Хутчэй за ўсё, панёва. Тут для кожнага свая мяжа дакладнасці рэканструкцыі. Ё такі жарт, што калі ты мужчына-рэканструктар ранніх славянаў, то ты не будзеш насіць штаны, таму што ніводных штаноў таго часу археолагі не знайшлі. Але ж гэта не значыць, што славяне іх не насілі.

Чытаць таксама: Як апраналіся сапраўдныя патрыёткі часоў паўстання Кастуся Каліноўскага. Распавядае Кацярына Ваданосава

Выстава «Строй» Кацярыны Ваданосавай будзе працаваць у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве да 19 студзеня.

Фота аўтаркі

Алена Ляшкевіч, budzma.org