«Пры ўсіх складанасцях — усё ж большасць творцаў незалежнага кіно аказалася за мяжой — у нас ёсць шэраг умоў для таго, каб паўстала «новая хваля», — распавядае пра надзённае і галоўнае ў беларускім кінамастацтве за апошнія пяць гадоў у інтэрв’ю Budzma.org кінакрытыца Ірэна Кацяловіч.
Ірэна Кацяловіч. Фота з асабістага архіву суразмоўцы
Пачынаем размову з надзённага — 14 жніўня ў Варшаве стартуе фэст «Нямая ліхаманка», у арганізацыі якога ўдзельнічае Ірэна Кацяловіч. Гэта — чатыры чацвяргі з нямымі фільмамі пад адкрытым небам у суправаджэнні жывой музыкі, напісанай кампазітарамі з Польшчы і Беларусі. У праграме першы беларускі фільм і перадавое для свайго часу выказванне ў кантэксце жаночай эмансіпацыі, адзін з ключавых фільмаў у гісторыі нямецкага і сусветнага кіно, дзіцячы фільм на фоне Кіева 1928 года ды хіба найпрыгажэйшыя здымкі польскіх Татраў.
Сярод музыкаў, якія возьмуць удзел, палякі Дар’юш Пшыбыльскі, Аляксандра Хмелеўска, Філіп Спорняк і беларусы Вольга Падгайская і «Five-Storey Ensemble».
«Фэст паўстаў, бо сышліся некалькі складнікаў — Музей Вольнай Беларусі хацеў задзейнічаць дворык у летні час, а мне хацелася паказваць кіно, тым часам кампазітары Вольга Падгайская і Віталь Эпаў ужо планавалі паказ «Фауста» Фрыдрыха Мурнау ў суправаджэнні жывой музыкі. Вакол гэтага мы разам разбудавалі больш шырокую праграму, — кажа Ірэна Кацяловіч. — Нам было важнае сумяшчэнне культур, таму склад музыкаў беларуска-польскі, а фільмы з Польшчы, Беларусі, Украіны і Нямеччыны. Паказы нямога кіно пад напісаную сучаснымі кампазітарамі музыку, якая дае новае прачытанне і, можа быць, новае жыццё стужкам, нярэдкія ў еўрапейскіх краінах, тут да гэтага вялікая цікавасць, і мы робім чарговую такую ініцыятыву са сваёй перспектывай».
«Мы чакаем і беларускую, і польскую публіку, продаж квіткоў прызначаны папоўніць бюджэт музея, а сам фэст арганізуецца на фінасавае падтрыманне мецэната Мацея Радзівіла. Я адказваю за арганізацыю фестывалю, музычную частку курыруюць Віталь Эпаў ды Вольга Падгайская, якая напісала музыку да двух фільмаў з праграмы».
Ірэна Кацяловіч падкрэслівае, што музыка напісаная кампазітарамі адмыслова да фільмаў: «Гэта новае прачытанне стужак, якое мы можам сабе дазволіць з нямым кіно, а таксама вяртанне традыцыі прагляду пад жывое музычнае суправаджэнне, што было звычайнай справай у часы нямога кіно, а сёння ўжо выглядае экзотыкай. Я спадзяюся, што гэтая «экзатычнасць», выключнасць перажывання прыцягнуць публіку».
Жнівень 2020-га цалкам змяніў жыццё Беларусі. Зразумела, у тым ліку і ў нашым кінамастацтве.
Калі паглядзець на вынікі мінулага года, якія ў снежні падводзіла Ірэна Кацяловіч, то ўсё даволі сумна. Але, як кажа кінакрытыца, «сітуацыя не такая адназначная».
«З аднаго боку, сапраўды большасць аўтараў незалежнага кіно аказалася за мяжой і ім даводзіцца прыстасоўвацца да новых умоў, з вялікімі складанасцямі шукаць фінансаванне для фільмаў, рызыкаваць кантролем над сваімі праектамі, бо праблема легалізацыі, што ўскладняе доступ да мясцовых кінафондаў і кінаінстытутаў, вымагае калабарацый пад лэйблам іншых краін».
Паводле Ірэны Кацяловіч, стан беларускага кінамастацтва сёння апісвае слова «спарадычнасць»: «сістэматычнае падтрыманне адсутнічае, таму толькі спарадычныя знаходкі, спарадычныя перамогі, спарадычна атрымоўваюцца фільмы».
І наступная праблема: «Трэба шукаць шляхі, як паказваць кіно беларускаму гледачу, пры тым, што ў некаторых выпадках выкладваць кіно анлайн немагчыма з меркаванняў бяспекі, а анлайн-рэліз ігравога кіно часта патрабуе больш часу».
«З іншага боку момант падаецца шматабяцальным, з яго нават можа паўстаць «новая хваля» беларускага кіно. Прынамсі шэраг умовў для гэтага ёсць.
Гаворка пра грамадска-палітычны крызіс, шырокі доступ да тэхналогій, пэўную барацьбу — і з савецкай традыцыяй, і з практыкай парушэння правоў чалавека з боку ўлады, і з імперыяй побач. Гэтыя складнікі маглі б падштурхнуць да паўстання новага руху, хаця прадказаць развіццё падзей немагчыма», — кажа Ірэна Кацяловіч.
Зноў жа «не хапае фінансавай падтрымкі і, можа быць, трошачку натхнення і веры ў сябе — гэта падобна на нашую нацыянальную якасць на гэтым этапе».
«Без сістэматычнага падтрымання, без зразумелых кропак апоры, на якія беларускія рэжысёры могуць разлічваць, на добрую гісторыю цяжка разлічваць. Паўтаруся, падсумоўваючы, момант з аднаго боку, шмат абяцае, з іншага боку, вымагае высілкаў у спробе знайсці шлях да нашых мараў пра беларускае кіно — высілкаў ад дэмакратычных сіл, ад кінаакадэміі, ад кінасупольнасці».
Ірэна Кацяловіч заўважае, што называе галоўныя падзеі без іерархіі па важнасці.
Паўстанне Беларускай незалежнай кінаакадэміі і Belarusian Filmmakers’ Network як спробы кінематаграфістаў аб’яднацца і дзейнічаць супольным фронтам хіба павінна было адбыцца раней — у Беларусі. Мы і тады спрабавалі прасоўваць важныя для нас пытанні, але нічога з гэтага не атрымлівалася. Імаверна, тая дзейнасць магла быць больш эфектыўнай, калі б здзяйснялася ад імя сфармаванай прафесійнай супольнасці.
Цяпер гэтая супольнасць ёсць, і ў будучыні зможа непасрэдна ўдзельнічаць у паўстанні кінаіндустрыі ў Беларусі.
Кажу пра шэраг фільмаў, якія паўсталі за мяжой і паказалі, як гэта можа быць, якім можа быць працоўны механізм. Паказалі, што гэта магчыма і магчыма за невялікія бюджэты. Я б тут згадала «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, «Радзіму» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча, «Кураж» Аляксея Палуяна, «Калі кветкі не маўчаць» Андрэя Куцілы, серыял Андрэя Кашперскага і Міхаіла Зуя «Працэсы», «Лебядзіную песню Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі.
Кадр з фільму «Кураж», А. Палуяна
Гэта тая фінансавая падтрымка, што мелася быць скіраваная на паўнавартаснае развіццё беларускага кінамастацтва, чаго ніколі зрэшты не было. Мы бачым паўстанне адкрыта прапагандысцкіх фільмаў, якія выразна транслююць наратывы афіцыйнага Мінска. Антыпольскія стужкі, напрыклад, пераклікаюцца з тым, што здымалася ў нас сто гадоў таму. Адное гэтае параўнанне — вельмі ёмістае апісанне таго, як «развіваецца» беларускі кінематограф і як дзяржава гэтаму спрыяе.
За гэтыя 5 гадоў незалежных офлайн-кінафестываляў у Беларусі не засталося. Глядач амаль пазбаўлены гайдаў, якія паказваюць, куды сучаснае кіно рухаецца і пра што кажа, якія б выхоўвалі ў ім нагледжанага кінааматара, здольнага адрозніваць выключнае кінавыказванне ад прахаднога. Пры гэтым асобныя кінафестывалі, як «Паўночнае ззянне», «Нефільтраванае кіно» працягваюць жыць у анлайне і за мяжой — і гэта іх вялікае дасягненне.
Кінафестываль «Паўночнае ззянне-2024» у Варшаве. Фота: facebook.com/northernlightsff
Яна з’явілася ў 2021 годзе, калі стала вядома, што фестываль «Лістапад» пераходзіць «Беларусьфільму». Фэст, які меў Нацыянальны конкурс і збіраў поўныя залі на беларускія фільмы, які спрыяў нейкаму «бурленню» кінапрасторы, сышоў у тым выглядзе. І тады кінакрытыкі падумалі, што трэба так ці інакш адзначаць аўтараў і ў такі спосаб пісаць гісторыю беларускага кіно, архіваваць, сістэматызаваць і захоўваць для наступных пакаленняў.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org