Што можа быць больш пагрозлівым «чорным лебедзем» за вайну і пандэмію? Якія фундаментальныя зрухі ў міжнароднай палітыцы і эканоміцы могуць адбыцца? Аляксей Гайдукевіч піша пра прагнозы сусветных аналітыкаў на 2023 год і ў прыватнасці пра чарговы прагноз ад аналітычнага дэпартамента дацкага Saxo Bank, чые прагнозы заўжды атрымлівалі вялікі розгалас дзякуючы сваёй апакаліптычнасці.
У адрозненне ад большасці мінулагодніх рознага кшталту прагнозаў абсалютнай большасці аналітычных цэнтраў банкаўскай і фінансавай сферы, сёлетнія не настолькі шчыльна запоўненыя шматлікімі апакаліптычнымі сцэнарамі. І нават тэрмін «чорныя лебедзі» зараз у прэсе выкарыстоўваецца ўсё менш.
Верагодна, пасля з’яўлення на сцэне ў лютым 2022 г. «галоўнага чорнага лебедзя дзесяцігоддзяў» у экспертаў не хапае адвагі такім жа чынам называць іншыя не настолькі фатальныя падзеі. Нават самому Насіму Талебу — папулярызатару тэрміна, напэўна, зараз цяжка знайсці з’явы з больш надзвычайным уздзеяннем абсалютна на ўсе сферы жыцця, чым вайна ва Украіне.
У такой атмасферы ў інфармацыйнай прасторы нават пагроза галоднай смерці для 48 млн жыхароў планеты ў 2023 г., пра якую паведамілі ў ААН, ужо не выклікае колькі-небудзь значнага розгаласу ў СМІ.
Фота: www.skymetweather.com
Заўважна, што рабіць прагнозы наконт верагодных падзеяў на тэатры баявых дзеянняў ва ўсходняй частцы Еўропы спецыялісты з найбольш аўтарытэтнага дагэтуль фінансавага сектару таксама не асабліва імкнуцца. Большасць зыходзіць са сцэнараў працягу крывавага супрацьстаяння з верагоднасцю пашырэння маштабаў і колькасці ўцягнутых краінаў.
Аўтар прагнозу для аўстралійскага ABC ў пошуках «чорных лебедзяў» задаецца пытаннямі:
«Што можа быць больш пагрозлівым «чорным лебедзем» за вайну і пандэмію?
Магчыма, рэвалюцыя ў Іране, якая спрычыніцца да выбуху на ўсім Блізкім Усходзе?
Прымяненне РФ атамнай зброі ва Украіне?
Уварванне КНР у Тайвань?
У свеце, напоўненым «чорнымі лебедзямі», апошнія два ёсць самымі чорнымі з усіх».
У сваю чаргу аналітыкі інвестыцыйнага дэпартамента дацкага Saxo Bank адзначаюць:
«Уварванне ва Украіну паставіла Еўропу перад неабходнасцю вяртання эканомікі да працы ў ваенных рэаліях, чаго не адбывалася ўжо больш за 80 год».
Прагнозы Saxo заўжды атрымлівалі вялікі розгалас менавіта дзякуючы сваёй апакаліптычнасці. Можна сказаць, што дацкія аналітыкі прагназавалі неверагодныя падзеі, якія мелі ў падмурку цалкам сістэмныя і прадказальныя факты.
Такім чынам, напрыклад, у 2015 г. эксперты Saxo адзначылі верагоднасць выхаду Брытаніі з ЕС (фактычна адбыўся ў 2017-м), у 2017 г. узлёт ролі крыптавалютаў і скачок кошту біткоіна, у 2018 г. валатыльнасць на біржах пасля імклівага падзення коштаў акцый і золата.
Эксперты з дацкага банка сцвярджаюць, што кожная буйная сусветная дзяржава у 2023 г. будзе імкнуцца яшчэ больш умацаваць сваю нацыянальную бяспеку на ўсіх франтах. Па-першае, у ваенным аспекце, па-другое, у кантэксце перагляду працы ланцугоў паставак тавараў, энергетыкі і нават фінансаў.
Фота: www.chinadaily.com
На пераход да класічнай ваеннай эканомікі з акцэнтам у першую чаргу на распрацоўцы і вытворчасці новых відаў узбраенняў свет будуць штурхаць у першую чаргу ЗША і Кітай.
У гэтых дзяржавах усведамляюць непазбежнасць абвастрэння гандлёвага і тэхналагічнага суперніцтва ў свеце. Таму іхнія партнёры ўжо ў хуткім часе будуць вымушаныя браць удзел у «халоднай гандлёвай вайне». Нарастанне яе вымагае ўсё большых абмежаванняў, санкцый. І адпаведна згортвання супрацоўніцтва, падзення прыбыткаў карпарацый.
Адзін са значных прыкладаў павелічэння ўзроўняў супрацьстаяння — будаўніцтва вядучым тайваньскім вытворцам мікрачыпаў TSMC завода на тэрыторыі ЗША. Што, з аднаго боку, зменшыць рызыкі пры дастаўцы прадукцыі для амерыканскіх ваенных прадпрыемстваў, але, з іншага боку, павялічыць выдаткі на аплату энергарэсурсаў і заробкі рабочым. А таксама пазбавіць працы тайваньцаў і значных уліванняў у эканоміку выспы.
Аналітыкі Saxo вялікую ўвагу ў сваім матэрыяле надаюць наступствам агрэсіі супраць Украіны, таму прагназуюць рэальныя крокі па стварэнні еўрапейскага войска, вымушанае вяртанне Брытаніі ў ЕС, а таксама перавыбары прэзідэнта Францыі.
Але найбольш лёсавызначальнымі і цалкам верагоднымі падаюцца структурныя змяненні ў сусветнай эканоміцы і энергетычнай сферы, якія могуць быць выкліканыя наступнымі падзеямі:
« — стварэнне буйнога навукова-даследчага праекта дзякуючы супрацоўніцтву адразу некалькіх сусветных карпарацый. Гэты «новы Манхэтанскі праект» будзе займацца даследаваннем і прамысловай разбудовай новай энергетычнай інфраструктуры. З улікам павелічэння ролі альтэрнатыўных крыніцаў энергіі, новых падыходаў да яе захоўвання і перадачы.
— краіны OPEC+ і КНР выйдуць са структур Міжнароднага валютнага фонду, цалкам пазбавяцца ад доларавых актываў і перафарматуюць эканомікі і ўзаемадачыненні на альтэрнатыўную рэзервовую валюту».
Фота: ichef.bbci.co.uk
Наколькі сёння гэтыя прагнозы больш падобныя на прадказанні, а не на абгрунтаваныя цалкам верагодныя падзеі, настолькі ж яны здаюцца і не такімі ўжо і неймавернымі.
Відавочна, што сённяшняя вайна ў Еўропе з вараварскім знішчэннем жыццёва неабходнай інфраструктуры давяла неабходнасць татальнага перагляду энергетычнай палітыкі не толькі на кантыненце, але і па ўсім свеце.
Прарыўны поспех амерыканскіх навукоўцаў у распрацоўцы энергаэфектыўнага рэактара з кантраляванай тэрмаядравай рэакцыяй, аб якім афіцыйна заявілі ў снежні 2022 г., пераконвае ў патэнцыяле развіцця навукі ў гэтым кірунку.
Разам з гэтым і пераход вялікай часткі планеты на альтэрнатыўную рэзервовую валюту можа стаць працягам гандлёвай вайны, якая ідзе паралельна з канвенцыйнай ужо сёння.
Больш за тое, цалкам верагодна, што цягам дзесяцігоддзяў менавіта канфрантацыя на розных узроўнях можа стаць галоўным трэндам міжнароднай палітыкі.