Асноўнай падзеяй урачыстасцяў, прысвечаных дваццацігоддзю звяржэння камуністычнага рэжыму ў Чэхіі, стала масавае шэсце з Альбертава да Нацыянальнага праспекту, на якое, па некаторых меркаваннях, прыйшло спачатку чатыры з паловай тысячы чалавек, але потым колькасць удзельнікаў вырасла да шасці тысяч.
Шэсце за апошнія гады стала традыцыйным – гэтай дарогай ішла тая самая студэнцкая дэманстрацыя 1989 году, жорстка разагнаная атрадамі паліцыі (больш за 500 студэнтаў апынулася ў шпіталях), з чаго і пачалася “аксамітная” рэвалюцыя ў Чэхаславакіі, дзякуючы чаму чэхі ўжо два дзесяцігоддзі жывуць ва ўмовах дэмакратыі.
Як гаворыць Шымон Панэк, адзін з арганізатараў той дэманстрацыі, а цяпер кіраўнік вельмі ўплывовай гуманітарнай арганізацыі “Чалавек у нядолі”, “няправільна меркаваць, што камуністычны рэжым перамаглі адны студэнты. Гэта няпраўда. Камуністычны рэжым разваліўся сам, таму што быў цалкам пустым, самі камуністы не верылі ў яго дзейснасць, да таго ж, ён пазбавіўся падтрымкі Крамля. Студэнты толькі дапамаглі гэты працэс паскорыць. Што нам вельмі дапамагло, дык гэта жорсткаць рэжыму, чэхі тады моцна абурыліся: “Яны б’юць нашых дзяцей”.
Мне тады было 22 гады, і я ўжо жыў самастойна. Бацька мяне папярэдзіў: “Трымайся. Вазьмі цёплае адзенне, можа здарыцца так, што не будеш спаць дома пару дзён”.
Збор і пачатак шэсця адбыўся ў тым самым месцы пражскага раёну Альбертаў, адкуль пачалася мірная дэманстрацыя студэнтаў у 1989 годзе. Сёлета з нагоды 20-годдзя яно атрымалася вельмі мнагалюдным: прадстаўнікі 3-4 пакаленняў, ад маленькіх дзяцей у калясках да глыбокіх старых, пражан і гасцей здалёк. Што яднала нават з замежнымі грамадзянамі, дык гэта вялікая ўзнёсласць і радасць за тое, што атрымалі чэхі дзякуючы таму выступу студэнтаў.
“Мы ніколі не жылі пры камунізме. Таму прыйшлі сюды, каб зразумець, што гэта,” – расказалі амерыканцы, якія вучацца ў Карлавым універсітэце.
Самай цікавай у пачатку шэсця атрымалася пародыя на сённяшніх камуністаў, якія часам дазваляюць сабе нецэнзурныя выразы ў эфіры. Такі дружны смех некалькіх тысяч чалавек калі яшчэ ўчуеш!
Пасля вітальных прамоваў пад лозунгамі “Канец улады адной партыі” і крытычных выказванняў у бок цяперашняга прэзідэнта краіны (“Тое, што камуністы не разрабавалі за 40 гадоў, вы ім падаравалі за 20”) працэсія рушыла ў дарогу, якая пралягала па праскім раёне Вышаград і выходзіла да набярэжнай.
Чэхі памятаюць, што ў 1989, калі дэманстрацыя шла міма дома, дзе жылі ў тыя часы Гавэлы, жонка Вацлава Вольга выйшла на балкон і пачала звінець ключамі ад кватэры. З таго часу ключы – адзін з сімвалаў рэвалюцыі 1989 года.
Замілоўвалі двое старых, што высунулі свае “званочкі” з форткі прыпыненага трамвая, такім чынам далучыўшыся да людзей на вуліцы.
На Нацыянальным праспекце адбылася гукавая рэканструкцыя сітуацыі, у якой апынуліся студэнты ў 1989 годзе: гукі сірэн, крыкі чалавека з гукаўзмацняльнікам у вайсковай форме з трэцяга паверху. Жудасна, адным словам. Але вось ужо дваццаць гадоў, як усё заканчваецца добра – падзеннем “жалезнай” заслоны.
Аднак святочнае шэсце – далёка не адзінае мерапрыемства, якое адбылося у Празе ў гэтыя дні: на Вацлаўскай плошчы і ў іншых месцах гораду грамадзяне маглі ўбачыць фотаздымкі з тых падзей, яшчэ зранку на Старамесцкай плошчы пачалі гандляваць па цэнах савецкіх часоў: піва каштавала дзве кроны (што у некалькі разоў танней, чым цяпер), на адны рукі за 6 кронаў выдавалі па адным апельсіне.
Увечары на Вацлаўскай плошчы адбыўся фінал праекту Inventura demokracie – студэнцкай інытыятывы, мэтай якой было пераасэнсаванне дваццаці гадоў дэмакратыі: чэшскія палітыкі адказалі на падступныя пытанні перад тэлекамерай, і гэтыя запісы былі прадстаўленыя грамадству.
Сапраўды, нацыя, якая так моцна адчувае адзінства, здольная перамагчы не толькі такую навалу як камунізм, але і іншыя праблемы рэчаіснасці.