Паэт Андрэй Хадановіч у аўтарскай рубрыцы “Верш тыдня” на budzma.by распавядае пра паэта Тодара Кляшторнага.
«Калі асядае муць»
(фрагменты з паэмы)
Дальнія – блізкія, блізкія – дальнія
Бомы бягуць, заміраюць, бягуць…
Шубы, манто, галіфэ саматкальныя
Ўдоўж па Савецкай снуюць.
А ля касцёлу жахліва і дзіка
Палі над чашай атручаных кроз
Мёртвыя цені жывой Афрадыты
I мармуровы Хрыстос.
– Хто вы?!
– Абломкі далёкага дальняга,
– Госці аджытых вякоў,
Мы – алкаголь.
Мы – жальба пахавальная,
Мы – гэта смерць і любоў.
– Доўга над цемрай сусвету пануючы,
Шмат нарабіў я крывавых падзей.
Я – гэта Бог,
Я – Хрыстос неіснуючы,
Створаны ў муках людзей.
Я – гэта мара пакорных плябеяў, –
Куплены потым каронай цароў,
Каб захаваць пад святым маўзалеем
Праўду, сумленне, любоў.
Я – гэта Рым.
Я – антычная Грэцыя.
Я – гэта зброя сляпога жраца,
Я – ракавая пячаць індульгенцыі,
Я – і нявольнік і цар.
Доўга над цемрай сусвету пануючы,
Шмат нарабіў я крывавых падзей…
Я – і слуга, і гасподзь неіснуючы,
Праўда і крыўда людзей.
– Я – Афрадыта, багіня кахання,
Фейверк жывога агня…
Дзе нарадзілася першая тайна,
Там нарадзілася я.
Я не хадзіла к царам на паклоны,
Я не прасіла кароны цароў…
Ў царстве маім не існуе законаў,
Вольнаму птаху няма берагоў.
Там, у антычных аддалях сталеццяў,
Дзе каранован Хрыстос,
Я напаткала магутныя сеці
З чашай атручаных кроз.
Там, дзе ад рання туманам кадзілі,
Славячы імя Хрыста,
Я на панэль прадаваць выхадзіла
Цела прыгожых дзяўчат…
Гэй, пры партфелі, з антычнаю лысінай,
Маеш цырвонцы ці не?!
Бачыш, на вуснах сцюдзёных напісана:
«Грошы, каханне і смерць».
Дальнія – блізкія, блізкія – дальнія
Бомы бягуць, заміраюць, бягуць…
Шубы, манто, галіфэ саматкальныя
Ўдоўж па Савецкай снуюць.
Гэта абломкі, далёкая спадчына,
Сэрцу бадай не да іх.
Грудзі хвалююць імкненні гарачыя,
Палкі агонь маладых.
Хтось адыходзіць… Прыходзяць другія
З палкім імкненнем вясны…
Сняцца аджытаму сны залатыя,
Толькі дарэмныя сны…
Хто з намі сілу сягоння памерыць?..
Спыніць хто рух маладых?..
Хай не раўня мы Еўропам, Амерыкам, –
Заўтра дагонім і іх.
Беларускі паэт Тодар Кляштоны ніколі не бегаў навыперадкі ні з Еўропай, ні з Амерыкай, але аднойчы ледзь не апярэдзіў англа-амерыканскіх мадэрністаў. Стварыўшы геніяльную паэму і намацаўшы ў ёй псіхалагічную з’яву, якая толькі пачынала рабіцца тэмай сусветнай літаратуры.
Пры канцы 1926 года ў Амерыцы (а трохі пазней, у 1927-м, у Лондане) выйшаў знакаміты раман Эрнэста Хэмінгуэя (ці Гэмінгвэя, каму як даспадобы) «The Sun Also Rises (Fiesta)», што ў перакладзе Юркі Гаўрука гучыць як «І ўзыходзіць сонца (фэст)». Раман, у якім ёсць словы Гертруды Стайн: «Усе вы – страчанае пакаленне». Пісьменніца, што называецца, падслухала, як уладальнік аўтамайстэрні лаяў свайго механіка і ўжыў гэтае словазлучэнне: «Усе вы — génération perdue!» Гертруда Стайн пачула – і пераадрасавала словы Хэму: «Гэта пра вас! І ўсе вы такія – моладзь, што пабывала на вайне». Словы зрабіліся крылатымі, увайшлі ў шырокі культурны ўжытак, пазначаючы цэлае пакаленне маладых людзей, якія зусім яшчэ юнакамі перажылі Першую сусветную вайну. Якія фізічна выжылі, але нешта ў іх «зламалася», якія не змаглі ўжо быць ранейшымі, так і не здолеўшы адаптавацца да мірнага часу, выявіліся непатрэбнымі яму.
Хэм паставіў гэты выраз эпіграфам да рамана, – адначасова з якім, у 1927 і ў 1928 гадах, па частках, у альманаху «Узвышша», друкавалася паэма Кляшторнага «Калі асядае муць». Паэма, што абсалютна паралельна з хэмінгуэеўскім «Фэстам» ставіць тыя ж праблемы і вырашае іх у тым самым ключы. Падабенствы аж кідаюцца ў вочы. У кожным з твораў ёсць гераіня, фатальная жанчына, звязаная цэлым клубком няпростых адносін з адразу некалькімі закаханымі ў яе мужчынамі. (Гераіні маюць сваіх прататыпак. З лэдзі Даф Твісдэн і яе каханкамі Хэмінгуэй ездзіў у Гішпанію на карыду, што да гераіні Кляшторнага, то дачка паэта Тадзіяна згадвае так: «Сваёй каханай Ніне напісаў верш… Калі Тодар паехаў вучыцца ў Мінск, то яна не дачакалася яго і выйшла замуж за другога». Запомнім гэты сюжэт, а таксама імя дзяўчыны.) Што да мужчынаў, то адзін з іх у абодвух творах – герой-апавядальнік, а іншыя – яго сябры і супернікі ў каханні. Кожны з іх шукае (і не знаходзіць) ратунку ў алкаголі, які толькі абвастрае непрыемныя пытанні. Кожны бавіць час у размовах, спрэчках, дыскусіях, дзе нявыслаўленага болей, чым прамоўленага. Дзе шмат мужчынскай рэўнасці, але яшчэ болей – разгубленасці, адчування, што ўсё ранейшае страціла сэнс, і ўжо невядома, як жыць далей:
На пераломе нашых дзён
Ужыўся неяк студзень з маем…
Праз трупы ворагаў ідзём
I з трупаў вопратку здымаем.
У Кляшторнага няма культавых кавярняў на бульвары Монпарнас, няма загарэлых барадатых баскаў ды мужных матадораў на фэсце ў Памплоне. Але ёсць тры героі, кожны з якіх вельмі па-свойму (і ўсе ў нечым аднолькава) перажывае трагедыю «страчанага пакалення». Адзін з іх, Яська, абпалены грамадзянскай вайной, ужо не можа забыць пра час, калі трэба было забіваць ці быць забітым: «Перажыў я / Крывавую бойку, / I сябе, як відаць, перажыў…». Другі, паэт Тодар, выказваецца пра вайну меней, але чытач можа ўзяць да ўвагі біяграфію і творчасць самога Кляшторнага. «Сярод аршанскіх рабфакаўцаў, – згадваў Ст. Шушкевіч, – ён быў бадай самы высокі. На ім неяк смешна тапырыўся вынашаны салдацкі шынель з кароткімі рукавамі, а з-пад шапкі-будзёнаўкі звісаў цёмна-русы чуб. Вялікія вочы, здавалася, рэдка былі радасныя… З-за пазухі вытыркаўся ражок кнігі, з якой чалавек рэдка разлучаўся… Гэты юнак многае ўжо бачыў, яго шынель патыхаў вятрамі баявых паходаў і нягод, дымам партызанскіх вогнішчаў. «Пад воплескі асеннія / вось там, у тыя дні / мяне па той аселіцы / расстрэліваць вялі. / Вялі п’яныя ворагі… / Вакол вароні баль… / Каму ж жыццё не дорага? / Кляшторны, стаў на банк! / Бяжы!.. А лес рубінавы / табе падасць руку / пад рогат гільяцінавы, / пад свісты дзікіх куль».
У трэцім персанажы, Андрэі, на апісаную вышэй трагедыю накладаецца яшчэ адна: балючы адрыў ад роднай вёскі і не да канца паспяховыя спробы зрабіцца сваім у вялікім горадзе:
Быў спачатку дзіўны ён часамі,
Неяк дзіка ўсё успрынімаў,
Ў Цэнтраспірт хадзіў за селядцамі,
У кнігарні яблыкі пытаў.
Шмат здароўя ў горадзе патраціў…
I чаго, чаго з ім не было!..
Круціць, круціць часам выключацель,
Каб паменшыць электрасвятло.
Часта піў гарбату з селядцамі,
Неяк дзіўна часам выглядаў…
Браў катлету голымі рукамі,
На відэльцах яблыкі трымаў.
Далей – болей, вырас непрыкметна,
Не пазнаеш, ён ці мо не ён, –
Мае выгляд звышінтэлігентны,
I на ім ангельскі палітон.
На «ангельскім палітоне» дасведчаны чытач спыніцца, маўляў, гэта «выкапаны Ясенін» – і будзе мець рацыю. Ясенінскіх уплываў беларускі паэт ніколі й не хаваў. Пачынаючы ад непасрэдных цытат у паэме «Калі асядае муць», проста на рускай мове: «Кто любил, уж тот любить не может, / Кто сгорел, того не подожжешь» або: «Ставил я на пиковую даму, / А сыграл бубнового туза». Для спакутаваных герояў Кляшторнага вершы Ясеніна ёсць пэўным кодам, найкарацейшай дарогай узаемапаразумення, гатовай формулай, што ашчаджае час і словы, бо нашто паўтарацца, калі ўсё ўжо дакладна сфармуляванае?
Яшчэ цікавейшымі выглядаюць паэтычныя паралелі, рытмічныя парафразы, далікатныя алюзіі на Ясеніна, прычым на працягу ўсёй творчасці Кляшторнага: «Мне не шкада, што сэрца пакалечыў – / Узбіў душу на стынучую квець…» – параўнайце: «Не жаль мне лет, растраченных напрасно, / Не жаль души сиреневую цветь». Яшчэ прыклад: «Ўсё праходзіць, / Як дым у даліне…» (Кляшторны) – і «Все пройдет, как с белых яблонь дым…» (Ясенін). Або яшчэ: «Гатоў скакаць вясёлым піянерам / Пад залатыя гуслі салаўёў» (Кляшторны) – і «Знать, оттого так хочется и мне, / Задрав штаны, / Бежать за комсомолом» (Ясенін). А вось з разгляданай паэмы: «Раскажы мне што-небудзь такое, / Раскажы аб мінулым жыцці», што адсылае наўпрост да: «Гитара милая, / Звени, звени! / Сыграй, цыганка, что-нибудь такое…» (вобраз цыганкі, увага, яшчэ адгукнецца ў паэме «Калі асядае муць»). Нарэшце, у вершы Кляшторнага «Зазімак»:
Тоўпы зор снегавым пералівам
Разматалі ў палёх павады.
Быццам коні з намыленай грывай –
У пацёмках застылі сады.
Параўнайце з «Чорным чалавекам» Ясеніна:
Ночь морозная…
Тих покой перекрестка.
Я один у окошка,
Ни гостя, ни друга не жду.
Вся равнина покрыта
Сыпучей и мягкой известкой,
И деревья, как всадники,
Съехались в нашем саду.
Але Тодар Кляшторны – вядома ж, цалкам арыгінальны паэт, які, рэагуючы на створанае Ясеніным ды іншымі імажыністамі (у тым ліку беларускім імажыністам Язэпам Пушчам), на паэтычныя адкрыцці Уладзіміра Дубоўкі, у трох сваіх найлепшых кнігах паэзіі «Кляновыя завеі» (1927), «Светацені» (1928) і «Ветразі» (1929) малюе непаўторны вобразны свет, густа перасыпаны смелымі метафарамі, якія немагчыма пераблытаць ні з чым і ні з кім у нашай літаратуры: «Зацвілі сярэбраныя росы / У кілішках выцвілых лістоў, / Запалілі зоры папяросы / Над буланай грывай туманоў». Або такое: «Ці гэта ноч і месяц пад гіпнозам? / Ці я пад хмелем мудрасці жыцця?» Магчыма, самым знакамітым, самым распазнавальным мадэрнісцкім вобразам Кляшторнага стала «ледзяная гітара»:
З вішнёвых хмар на ледзяной гітары
Заплакала зара па сонечнай вясне,
І быццам з вёснамі развеяныя мары
На успамін застылі на вакне.
Тут вам і разняволеная багемнасць, і чыста верленаўскі імпрэсіянізм з «музыкай перадусім», і амаль песенныя рэфрэны, што паўтараюцца, гіпнатызуючы чытача, і наўмыснае сутыкненне «высокага» і «нізкага». І «фірмовае» для Кляшторнага спалучэнне зімовых, снегавых, ледзяных вобразаў – з алкагольнымі:
Цяпер снягі…
Вячэрняю зарою
З пунсовай шклянкі белая зіма
Частуе Менск наліўкай ледзяною…
…Цябе ж няма…
Крытычная рэакцыя не прымусіла сябе доўга чакаць – ад яшчэ нязлоснай мянушкі «ледзянога гітарыста» да агрэсіўнага цкавання савецкімі вульгарнымі ідэолагамі ад літаратуры, якое толькі ўзмацнілася пасля выхаду паэмы «Калі асядае муць». «Усе кілішкі, келіхі і чаркі, якія мы бачылі ў першых кнігах Кляшторнага, – піша крытык, – перавандравалі ў паэму», якая «ўся заліта віном». «Т. Кляшторны ўдарыўся ў нейкі своеасаблівы, я б сказаў, эстэтычны алкагалізм. Але не ў адным алкаголі справа. Паэма… – упадніцкі, песімістычны, шкодны твор, а сам яе аўтар дайшоў, як кажуць, «до точкі». «Гэтая п’яная, падгітарная лірыка з’яўляецца выражэннем настрояў падонкаў сучаснага грамадства», – нанізваў склоны іншы літаратурны дзеяч.
Савецкая ўлада, рызыкну сцвердзіць, забіла паэта Кляшторнага тройчы. Першы раз – агрэсіўнай, знішчальнай крытыкай, да якой паэт, на жаль, не мог не прыслухвацца. Кляшторны стварае шматлікія вершы-агіткі, збольшага сабраныя ў кніжцы «Праз шторм на штурм» (які кантраст з папярэднімі кнігамі ўжо ў назве), піша ідэалагічна вывераную паэму «Палі загаманілі», дзе – увага! – стварае вобразы ворагаў народа. Вобразы выйшлі хадульнымі, а вось сам настрой трывогі, неспакою і чакання бяды – характэрны для тагачасных твораў паэта.
Уважлівы чытач знойдзе ў вершах і паэмах Кляшторнага шматлікія матывы віны і раскаяння, злачынства і пакарання, неспакойнага сумлення і ўцёкаў ад сябе. Літаратар выстаўляе напаказ маральныя хібы свайго лірычнага героя (верш «Сямейны прымус» – націск на першым складзе, але прачытваецца і іншая магчымасць), сумняецца ва ўласным рамястве, разважаючы, ці ён не «дармаед» («Ці варта сёння быць паэтам?»). «Седзячы на канапе ў Доме пісьменніка, ён абвёў прысутных сваім зыркім позіркам і спытаў: — Скажыце, хлопцы, якая роля паэта ў жыцці народу? /…/ Сяляне нас кормяць хлебам, рабочыя здабываюць вугаль, вырабляюць машыны, будаўнікі будуюць прадпрыемствы, дамы, а мы якую карысць прыносім? Ядзім хлеб і забаўляемся рыфмаплёцтвам. Трутні…» (з успамінаў Паўла Пруднікава).
Часам ствараецца ўражанне, што аўтар сам спяшаецца вынесці сабе прысуд, каб апярэдзіць кару, што мусіць прыйсці звонку. Вельмі характэрны верш «Растратчык» з трэцяй кнігі паэта, фрагмент з якога выбраў гурт «TonqiXod», стварыўшы з яго песню для праекту «(Не)расстраляная паэзія». Бухгалтар (вораг народа, а як жа!) крадзе грошы і спрабуе ўцячы з імі на цягніку. Але ад сябе самога не ўцячэш – і наш антыгерой кідаецца з цягніка, канчаючы жыццё самагубствам. Лірычны сюжэт – нацяжка на нацяжцы, а вось само апісанне дакораў хворага сумлення выйшла больш чым пераканаўчым:
Пад мерны лязгат,
Мерны стук,
Пад перазвоны рэек звонкіх
Яму здалося:
Пара рук
Да шыбы шкла прыстала звонку.
Ён адхіснуўся ад акна,
А потым доўга хмурыў бровы,
Што ўласных пальцаў не пазнаў
На шкле таемны адлюстровак…
Хоць ноч халодная маўчыць,
А ўсё ж дрыжаць яго калені.
Няўжо няможна уцячы
Ад чорных думак і сумлення?!
Шляхоў для ўцёкаў у зацкаванага літаратара было вельмі няшмат. Заставалася дзіцячая літаратура, дзе ідэалагічны прэс быў не такім моцным. І паэт піша вершаваную дзіцячую кніжку «Пра зайца, ваўка і мядзведзя». Але дзіўнай атрымліваецца гэтая «дзіцячая літаратура»: атмасфера трывогі і страху і тут прасякае ўсю кніжку. Загнанаму зайку няма ратунку. Адзінае збавенне за хвілю да вернай гібелі – калі пачвару, што пераследуе цябе, задзярэ іншая, яшчэ большая пачвара. Чым не характарыстыка эпохі?
Заставаўся як варыянт таксама мастацкі пераклад, якім Кляшторны займаецца, калі толькі выпадае магчымасць. Варта згадаць вельмі добрае беларускае перастварэнне ўступу да паэмы «На ўвесь голас» Уладзіміра Маякоўскага. У «Хроніцы» часопіса «Полымя рэвалюцыі» (№8 за 1936 г.) чытаем: «Тодар Кляшторны – выдае зборнік вершаў «Песні пачуццяў», здаў у друк зборнік «Выбраныя вершы». Закончыў пераклад паэмы Пушкіна «Каменны госць». Працуе над перакладам другой паэмы Пушкіна «Скупой рыцарь». Пакінем на сумленні рэдактара гэтае «паэма», нам важна ўсведамляць іншае: ні «Песні пачуццяў», ні «Выбраныя вершы», ні пераклады з Пушкіна ў Кляшторнага ўжо не выйдуць. Бо 3 лістапада 1936 года, у кватэры на вуліцы Фабрычнай, д. 10/4, кв. 7, паэта арыштавалі.
Але спачатку была яшчэ адна ілюзія ўратавання. Трэцім магчымым шляхам уцёкаў ад сталінскага ідэалагічнага прыгнёту Тодар Кляшторны карыстаўся найчасцей. Алкаголь зрабіўся своеасаблівай формай унутранай эміграцыі паэта. За некалькі гадоў ён пабываў сябрам шэрагу творчых аб’яднанняў – «Маладняка», «Узвышша», БелАППа, але, мабыць, найбольш утульна пачуваўся ў такім аб’яднанні, як ТАВІЗ – Таварыства Аматараў Выпіць і Закусіць.
«Тодара Кляшторнага, – пісаў у 1932 годзе ў літаратурным шаржы Анатоль Вольны, – я добра ведаю, – настолькі добра, што аднаго погляду яго вачэй для мяне досыць, каб беспамылкова вызначыць, у якую піўную мы пойдзем выпіць з ім па куфлю піва». І ў гэтым жа шаржы, як на мяне, занадта зласліва: «Некаторыя кажуць, што быццам па сваёй раскіданасці, Тодар пры пераездзе з аднэй кватэры на другую згубіў сваю дачку. У гэтым сэнсе, нават абвестка вісела некаторы час у доме пісьменніка. Але гэта мана. Дачку Тодар не згубіў…»
А Сымон Шаўцоў у сваёй кнізе «Мая адысея» згадвае: «Кляшторны быў маім суседам па кватэры на пасёлку «Камінтэрн». Разам ішлі неяк з Дому Пісменнікаў па прагнілых дошках ходніка па Ляхаўцы. Тодар у абдрыпаных нагавіцах: адна калашына закасаная вышэй калена, другая — спушчаная на падраны чаравік. Нёс на руках сваё малое дзіця, а за ім дробненька тупала ягоная малая, шчуплая жонка. За жончыну спадніцу трымалася малая дачушка. «Тодарка, родненькі, не ўпусці дзіцятка!» — паўтарала жонка. Тодарка быў крыху падпіты». І тамсама: «Кляшторны часта насіў з сабою ў клетцы канарэйку, якую вучыў размаўляць. Рабочыя-муляры ведалі, што ён — паэт. З рыштаванняў забачаць яго й гавораць: «Вунь, ідзе пралетарскі паэт!» Пыталіся: «Як спявае канарэйка?» «Не спявае, а плачыць у клетцы канарэйка», — адказваў Тодар».
Другое забойства Кляшторнага было здзейсненае 1 жніўня 1937 года. «На вялікім вогнішчы ў «амерыканцы», – піша Леанід Маракоў у кнізе «Ахвяры і карнікі», – энкавэдысты Сакалоў (намеснік начальніка Мінскай унутранай турмы НКВД), Абрамчык, Гарбацэвіч вынішчылі — спалілі — некалькі дзясяткаў тысяч (!) рукапісаў беларускіх літаратараў. Гарэлі творы, якія не праскочылі цэнзуру або пісаліся ў стол, для нас, нашчадкаў. Гарэлі рукапісы М. Багуна, С. Баранавых, А. Вольнага, П. Галавача, У. Галубка, Ц. Гартнага, С. Дарожнага, А. Дзеркача, А. Дудара, Х. Дунца, М. Зарэцкага, С. Знаёмага, В. Каваля, Т. Кляшторнага, М. Кульбака, Ю. Лявоннага, В. Маракова, С. Мурзо, Я. Нёманскага, З. Піваварава, С. Ракіты, А. Розны, В. Сташэўскага, Б. Тарашкевіча, Ю. Таўбіна, У. Хадыкі, І. Харыка, М. Чарота, В. Шашалевіча, А. Юдэльсона і многіх іншых».
Трэцяе, фізічнае, забойства паэта адбылося ў фатальную для нашай культуры ноч з 29-га на 30-га кастрычніка 1937 года. Разам з дзясяткамі іншых творцаў Кляшторны быў расстраляны і закапаны, найхутчэй, у Курапатах, хоць не выключаны і Парк Чалюскінцаў. А 28 лістапада, па тым жа менскім адрасе, вул. Фабрычная, д. 10/4, кв. 7, была арыштаваная і жонка паэта, Яніна Германовіч, маці траіх дзяцей. Яніну разам з 4-месячнай Маяй Кляшторнай этапавалі ў так званы «Алжыр» – Акмолинский лагерь жён изменников народа. Яніну Германовіч вызвалілі і рэабілітавалі толькі ў 1955 годзе. Дачка Мая пяць гадоў правяла ў Акмалінскім лагеры, яшчэ шэсць — у дзіцячым спецпрыёмніку НКВД і яшчэ сем гадоў — разам з маці ў высылцы ў Сібіры.
Злавеснае прароцтва з паэмы «Калі асядае муць»: «Ходзім мы пад месяцам высокім, / А яшчэ – пад ГПУ», – спраўдзілася цалкам. І працягвае спраўджвацца дагэтуль. Бо ніхто так і не пакаяўся ў масавых злачынствах, ніхто так і не папрасіў за іх прабачэння. Бо нават пасля рэабілітацыі паэтаў іх творчасць працягвае замоўчвацца і цэнзуравацца. Бо чыноўнікі цынічна хлусяць, каб не ўключаць гэтых творцаў у школьную праграму. Бо Курапаты як патрабавалі, так і патрабуюць сёння абароны. Ад тых, хто апаганьвае крыжы ахвярам, будуе на костках дарогі, адчыняе побач з магіламі рэстараны, як бы доўжачы, пераносячы «застоллі падчас чумы» з радкоў Кляшторнага – проста ў нашыя дні.
Пі, цыганка,
Мілая цыганка!
Гэй, буфетчык, дайце «курасо»!..
Прамяняў любімую на шклянку…
Дапівай, цыганка, «крэм д’оранж»!..
Шчасце сон!..
Дапівай, бяздомная каханка,
Мо гуляем прадапошні раз…
За цыганку,
Сцёпка, за цыганку
Дапіваем «крэм д’оранж»…
За жыццё, за палкія гарэзы,
Каб ярчэй пад сонцам дагарэць…
…А ўчора чатырох зарэзаў…
Грэх!
– Не зважай, любімы, чарнавокі,
Хай рыхтуюць молайцу пятлю…
Ходзім мы пад месяцам высокім,
А яшчэ – пад ДПУ.
– Так, цыганка,
шкадаваць аб некім,
Так!..
За пятак зарэзаў чалавека,
За пятак…
Пазаўчора маці каля будкі
З залатым Ісусам на грудзёх
Адвяла сястру у прастытуткі…
…жыццё!..
Падымайце куфлі за гарэзы
I за новы труп…
Сёння маці родную зарэжу
I сястру…
Будзе менш пад месяцам халодным
Жабракоў…
У мяне ні блізкіх, ані родных,
Ні бацькоў…
Пі, цыганка,
мілая цыганка!
Налівайце «Северны лікёр»!..
Войстры нож і трэснутая шклянка –
Наш партнёр.
Гэта цені вулічнага шчасця
I турэмных крат.
Кожны горка плакаў і смяяўся,
Гледзячы назад,
У душы у кожнага пацёмкі,
Нож і крыж…
Гэта ўсё далёкага абломкі, –
Дальні крык…
Андрэй Хадановіч