Гэта не проста перавыданне верша «Пра зайца, ваўка і мядзведзя» — кніга з тых, якія можна доўга разглядаць, складаць і раскладаць, вывучаць насельнікаў беларускага зімовага лесу. Трэцяя — «зімовая» — кніга выдавецтва, якое распачало працу сёлета ўвесну, выходзіць якраз пад Каляды і Новы год.
Выдавецтва Słowianka дэбютавала ў траўні кнігай «Каток-пестунок», увосень выйшла другая кніга — «Ашуканкі» Яны Вольскай з ілюстрацыямі Лявона Вольскага. Зіму Słowianka сустракае кнігай «Пра зайца, ваўка і мядзведзя» — і гэта незвычайны досвед для беларускага кніжнага рынку, кажа кіраўнічка выдавецтва Вольга Татарчык.
Вольга Татарчык
— Менавіта гэты верш Тодара Кляшторнага запрапанаваў да перавыдання літаратар і выкладчык беларускай мовы і літаратуры Васіль Дранько-Майсюк, калі рыхтавалі кнігу «Каток-пестунок». Мы думалі адразу пра тое, каб уключыць яго ў наш дэбютны зборнік, але ён вялікі і яго было б больш лагічна выдаць асобнай кнігай. Тым больш, ён выходзіў і раней як асобная кніга. Першы раз пры жыцці Тодара Кляшторнага, за два гады да арышту і расстрэлу, у 1935-м, другое выданне адбылося ў 1964 годзе.
Фота выданняў кнігі 1935 і 1964
То-бок крыху прыйшлося пачакаць, пакуль былі занятыя сваімі першымі кнігамі. І яшчэ шукалі да верша ілюстратара. Адмысловага ілюстратара, бо там уся дзея адбываецца вельмі экспрэсіўна, дынамічна, нам хацелася, каб ілюстратар умеў гэта перадаць, гэты рух у малюнках. І яшчэ трэба было паспець у час — гэта такі вельмі зімовы верш, зімовая казка, як мы яе назвалі. І ў нас хутка зіма, Каляды, Новы год, думаю, кніга, тым больш у нязвыклым фармаце для беларускага кнігавыдання, стане добрым падарункам да зімовых Святаў.
Фота кнігі «Пра зайца, ваўка і мядзведзя» выдавецтва Słowianka 2023 года
— І што гэта за незвычайны фармат?
— Гэта кніжка-гармонік. Такі фармат запрапанаваў наш мастацкі рэдактар — я б ужо назвала так вядомага дызайнера спадара Анатоля Лазара. І нам вельмі спадабалася ягоная прапанова. Бо, апрача самога верша, дзеці разам з бацькамі яшчэ і паглядзяць на шматлікіх жыхароў нашых лясоў, на ўсё, што адбываецца ў зімовым лесе, дзе хто спіць, а хто і не спіць, што і з кім адбываецца пад зямлёй, на дрэвах, пад снегам, на зямлі. Гэта ўсё ажно прасілася ў самім вершы — каб і так яго перадаць. Таму такое спалучэнне, з аднаго боку, верш, сюжэт, а з другога — трошкі Вімельбух (Wimmelbuch — ілюстраваная кніга-галаваломка, дзіцячая кніга для развіцця буйнога фармату, насычаная візуальнай інфармацыяй), кніжка, якую дзеці могуць разглядаць, дадаваць нейкія свае дыялогі, калі гаварыць пра жывёл. Таму і такі фармат — раскласці і разглядаць гэты малюнак. Зразумела, роля ілюстратара тут была надзвычай важнай, каб ілюстрацыя стала вялікай карцінай зімовага лесу.
Знайшлі Кацярыну Сцяжко — і гэта ўдача. Атрымоўваецца, што ў нашага выдавецтва ўсяго тры кнігі — і ў кожнай свой ілюстратар. Хаця на пачатку выдавецкай працы мне падавалася, што ўсе кнігі могуць быць падобнымі — выдавацца як пазнавальная серыя. Але цяпер маем абсалютна розныя кнігі — і яны ўсе класныя ў візуальным плане. І гэта файна, бо «Каток-пестунок» з малюнкамі Надзі Букі — такі цёплы і светлы, «Ашуканкі» з малюнкамі Лявона Вольскага — забаўныя і смешныя, а «Пра зайца, ваўка і мядзведзя» — там такі вельмі зімовы характар, трошкі нават страшнаваты, дзесьці жудасны, але гэта таксама цікава дзецям.
— «Катка-пестунка» вы тэставалі, як казалі, на дачцэ, якая яго ўхваліла. А зімовую кнігу?
— Канечне! І задумалася нават пра версію-размалёўку. Бо першым быў тэст пасля стварэння экскізу кнігі, я яго раздрукавала, каб паглядзець, як будзе ў рэальнасці выглядаць, а для маёй дачкі гэты эскіз стаў цудоўнай размалёўкай — вялікай, на чатыры старонкі! Думаю, паспрабуем штосьці такое зрабіць — будзе файная размалёўка, дзе можна будзе ўсіх жывёл зімовага лесу пабачыць.
Фота працэсу размалёўкі
— Кнігу ўжо можна замовіць?
— Плануем, што ўжо зусім хутка. Мабыць, на наступным тыдні мы адкрыем перадзамову. І разлічваем, што да снежня, да першага снегу кніга ўжо з’явіцца ў продажы. Пачатак снежня — самы позні час. Тут складанасці дадалі тэхнічныя моманты.
Справа ў тым, што на рынку беларускай кнігі зараз такога выдання няма — раскладанай вялікай кнігі, таму некаторыя тэхнічныя моманты мы павінны яшчэ вырашыць у друкарні. Яна будзе надрукаваная на кардоне, каб праслужыла доўга маленькім чытачам, якія будуць яе складаць і раскладаць, і яна павінна быць бездакорнай у гэтым плане.
Таму тэхналогія выдруку такой кнігі — іншая, патрабуе трошкі больш часу.
— Як бы вы ацанілі попыт на беларускія дзіцячыя кнігі?
— Мне цяжка сказаць, бо няма з чым параўноўваць. Я магу толькі размаўляць з калегамі і так больш-менш разумець сітуацыю. Мне падаецца, што так, попыт ёсць. І я запомніла словы калег, што заўсёды файна, калі ёсць сустрэчы аўтараў з аўдыторыяй, якая ў нас — бацькі і дзеці, менавіта дзеткі найперш павінны зацікавіцца кнігай. Таму мы заўсёды стараемся рабіць прэзентацыі для дзяцей, каб гэта быў нейкі інтэрактыў, бо гэта заўсёды прыцягвае.
Магу сказаць, што дзеці вельмі ахвотна ўключаюцца ў гульню, калі кніга проста стаіць на палічцы, то яна можа быць не да канца цікавай дзецям і яны аддадуць перавагу нейкай іншай забаве, тым жа мульцікам. Але калі дарослыя самі будуць з дзецьмі чытаць і гуляць, прыходзіць на нашы прэзентацыі — а мы заўсёды прапаноўваем ідэі, як можна гуляць з кнігамі і бавіць такім чынам разам час з дзецьмі — будзе і папулярнасць.
На сённяшні дзень у нас ёсць сталы партнёр — Цэнтр беларускай салідарнасці, таксама глядзім, як рэагуюць на нашы кнігі дзеці, якія прыходзяць туды. Папярэднія сустрэчы-прэзентацыі былі вельмі ўдалымі, Надзя Бука займалася маляваннем, Васіль Дранько-Майсюк ладзіў тэатральную імпрэзу, на сустрэчы Яны і Лявона Вольскіх з чытачамі таксама было шмат інтэрактыву. Дзеці вельмі ахвотна ўключаюцца ў гульню. Спадзяюся, што мы зладзім прэзентацыю для дзяцей кнігі Тодара Кляшторнага.
Чытайце яшчэ: Тодар Кляшторны. Занураны ў сябе паэт
Фота з асабістага архіва Вольгі Татарчык
Рыгор Сапежынскі, budzma.org