Ізноў падыходзяць угодкі крывавай ночы для Беларусі, калі з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях «амерыканкі» расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты. Сярод іх і зусім малады, але заўважна, нават фенаменальна адораны паэт Юлі Таўбін.
Юлі Таўбін нарадзіўся 15 верасня 1911-га ў сям’і аптэкара ў расійскім Астрагорску Варонежскай губерні. У 1921-м пераехаў з бацькамі ў Амсціслаў, дзе да 1928-га навучаўся ў мясцовай сямігодцы. Потым — тры гады ў Амсціслаўскім педагагічным тэхнікуме. Тады ж стаў сябрам аршанскай філіі «Маладняка», друкаваўся ў часопісе філіі. Навучаўся разам з Аркадзем Куляшовым і Змітром Астапенкам (пазней вядомыя як «тройца амсьціслаўцаў»). У 1931–1933 гадах навучаўся ў Мінскім педагагічным інстытуце. Стаў сябрам Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў.
Літаратурацэнтрычнасць
«Можна ганарыцца, што ў Беларусі быў свой Рэмбо (я пра фенаменальную адоранасць і раннюю сталасць аўтара, які ўсю сваю «нятленку» стварыў у 17–21 год). Можна толькі ўяўляць, чаго дасягнуў бы гэты творца, не знішчы яго на самым узлёце сталінскі механізм масавых забойстваў. Але трэба сказаць неабходнае: творчасць паэта вартая самай пільнай увагі нават і без папраўкі на ўсе гэтыя трагічныя акалічнасці, бо ён паспеў-такі напісаць некалькі твораў, якія абавязкова зоймуць пачэснае месца ў нашым літаратурным каноне. Варта толькі належным чынам перачытаць аднаго з самых недаацэненых у нас лірыкаў», — так пісаў пра Таўбіна ў 2018 годзе паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.
У 2017-м Андрэй Хадановіч уклаў зборнік твораў Юлія Таўбіна ў серыі кніг з плеяды знішчаных у сталінскіх рэпрэсіях беларускіх літаратараў. У зборнік увайшлі вершы і фрагменты з трох паэмаў. На думку ўкладальніка, Юлі Таўбін — «адна з вяршыняў не толькі літаратуры 1920-х — 1930-х гадоў, але і наагул таго, што сёння ў нашай паэзіі ёсць».
Вось як успамінаў маладога паэта Максім Лужанін: «У Таўбіна глыкатала няспынная прага тварыць. Невысокага росту, кучаравы, з таўставатымі губамі, якімі ён увесь час варушыў, нешта расказваў імі, чытаў свае і не свае радкі, нават спяваў, выдумляючы словы і матывы. Разумны. На той час можа самы культурны чалавек у нашым асяроддзі. Ён жыў кнігаю. Да самазабыцця мог чытаць чые-небудзь вершы з ночы давідна і так жа натхнёна і лёгка пераходзіў на ўласную імправізацыю».
Паэт Сцяпан Ліхадзіеўскі: «Юлі Таўбін... Гэта быў юнак, ад прыроды ўзнагароджаны вялікім паэтычным талентам. Сціплы, добры, таварыскі, чалавечны, ён выклікаў да сябе ўсеагульную любоў і павагу».
Як заўважае Андрэй Хадановіч, акрамя культурацэнтрычнасці Таўбіна (у спалучэнні з фантастычнай віртуознасцю), ён — паэт надзвычайнай культуры, вельмі глыбокай начытанасці, таленавіты паліглот, што чытаў розныя літаратуры ў арыгінале, а таму па самім характары свайго таленту — літаратурацэнтрычны аўтар.
«Пухлагубы Юлі Таўбін, — успамінаў Аляксей Зарыцкі, — быў увесь ва ўладзе паэтычнай стыхіі. Ён то пісаў свае вершы, то ў вольную хвіліну паціху напяваў на розных мовах чужыя, і так у старасвецкім доме на мінскай ускраіне гучалі строфы то Купалы і Багдановіча, то Пушкіна і Міцкевіча, то Беранжэ і Верлена, то Байрана і Шэлі, то Шылера і Гейнэ... Тут не было імкнення паказаць сваю надзвычайную вучонасць і начытанасць. Не, аніяк не! Проста радкі і строфы любімых паэтаў зрабіліся арганічнай часткай духоўнага свету Таўбіна, увайшлі ў кроў і плоць, і ўслухоўвацца ў іхняе гучанне стала ў юнака-паэта неадступнай жыццёвай патрэбай...».
Таўбін — урбаністычны паэт
Беларускія літаратары таго часу — скрозь з вёсак ды мястэчак. «Яны толькі пачыналі засвойваць горад. Яны пачуваліся ў горадзе не да канца сваімі, прыглядаліся да яго. Таўбін жа чуў сябе ў горадзе як рыба ў вадзе. Выправы ж у вёску, наадварот, былі для яго кароткай экзатычнай прыгодай», — заўважае ў сваёй лекцыі пра Юлія Таўбіна Андрэй Хадановіч.
Культ сяброўства
Беларускія пісьменнікі
Юлі Таўбін, Змітрок Астапенка і ў будучыні народны паэт Аркадзь Куляшоў складалі «амсціслаўскую плеяду». Паэты вучыліся разам у педтэхнікуме, потым разам здымалі невялікі пакой у Мінску.
Таўбін быў адным з тых, хто прывёў Куляшова, будучага класіка, у літаратуру. Ва ўспамінах Аляксея Зарыцкага «Жылі-былі паэты»: «Таўбіна звалі — Юлька, Куляшова — Аркашка, толькі Астапенка нязменна заставаўся Змітраком. У 1969 годзе напісаў я маленькую паэмку «Сонца скрозь лісце», героямі якой былі паэты-мсціслаўцы. У гэтай паэмцы былі такія радкі: «Аркашку як малодшага паслалі / Мы па віно, каб улагодзіць сум». У рэдакцыі аднаго з нашых часопісаў «Аркашку» адразу ж пераправілі на «Аркашу». «Як жа гэта, народны паэт і раптам — Аркашка...»
Праз шмат гадоў Аркадзь Куляшоў згадае сваіх пабрацімаў у нізцы вершаў «Маналог». Як зазначае Андрэй Хадановіч, «там шмат не зусім праўды, ёсць нават зусім няпраўда, як бывае з савецкімі мемуарыстамі, але па-за сумневамі — любоў да сяброў ды неспакойная памяць пра іх»:
Маўчыць нябыт каменных пліт паважных,
Дзе з надпісаў дажджы змываюць пыл,
Там я блукаў, але імёнаў вашых
Не адшукаў на вокладках магіл.
Няма куды сваю жалобу ўскласці
Ні жонкам, ні знаёмым, ні бацькам.
Сябры мае, хіба аб гэтым шчасці
У маладосці марылася нам?
Вяло нас музы строгай блаславенне
На шлях цяжкі, ды што казаць аб тым...
Я — ваша памяць, вы — маё сумленне,
Я — дрэўка, вы — трывалы сцяг на ім.
Менавіта культ сяброўства — першае, чым звяртаюць на сябе ўвагу вершы самога Таўбіна. Гэта перадусім творы, прысвечаныя сябрам па «амсціслаўскай плеядзе». Пазней, пасля першага арышту і цюменскай высылкі, апынуўшыся на кароткі час у Маскве, ён надрукуе ў «Знамені» верш «Сябрам», які максімальна ўвасабляе тэму сяброўства ў Таўбіна:
Я многіх сустракаў людзей, і кожны меў даволі спраў,
Ды мне ўсміхаліся, і я іх цеплыні часцінку браў.
Кладуся спаць — а сну няма. І я на досвітку пішу,
Каб песня новая мая сагрэла хоць адну душу.
Бо што такое ў свеце я — і ты, мой сябра па пяры, —
Без файных песень, па якіх сумуюць нашыя сябры?
Бо разарвуся, ды знайду (а не знайду — зусім бяда!)
Вясёлых песень для сяброў, якім і сэрца не шкада!
(пераклад з рускай Андрэя Хадановіча)
ТАВІЗ
Юлі Таўбін, разам з іншымі выбітнымі паэтамі — Тодарам Кляшторным, Алесем Дударам і іншымі, — уваходзіў у легендарны ТАВІЗ, «Таварыства аматараў выпіць і закусіць».
Стварэнне таварыства было іранічнай рэакцыяй на ідэалагізаванасць савецкага жыцця, у тым ліку мастацкага.
«Гэта пошук тэрыторыі свабоды і шчырасці, дзе можна сядзець без сакратара і абыходзіцца без цэнзараў і самацэнзуры», — зазначае Андрэй Хадановіч.
Справа «нацдэмаў» і чорная ноч
У жніўні 1933 года студэнта трэцяга курса педагагічнага ўніверсітэта Юлія Таўбіна арыштавалі як «нацдэма». Паэта выслалі на два гады ў Цюмень. У ссылку ехаў разам са Змітром Астапенкам, Сяргеем Астрэйкам, Уладзімерам Дудзінскім, Міхасём Кавылём, Сцяпанам Ліхадзееўскім, Лукашом Калюгам, Максімам Лужаніным.
Юлі Таўбін ў ссылцы ў Цюмені
Жыў у Цюмені. 4 лістапада 1936 года паўторна арыштаваны і этапаваны ў Мінск. З чэрвеня 1937 года Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР выдала Загад № 33 «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду № 33, усе кнігі Юлія Таўбіна прадугледжвалася спальваць.
29 кастрычніка 1937 года выязная сесія ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прысудзіла Юлія Таўбіна да найвышэйшай меры пакарання.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў ліку 26 беларускіх літаратараў быў расстраляны ў двары турмы НКУС. Рэабілітаваны па першай справе 24 жніўня 1956-га, па другой — 29 ліпеня 1957 года.
Як зборнік Таўбіна знайшоў сваякоў паэта
Зборнік твораў Юлія Таўбіна
Калі інфармацыя пра падрыхтоўку зборніка (2017) трапіла ў інтэрнэт, на яе адгукнуліся сваякі паэта. «Як высветлілася, — казаў падчас прэзентацыі Андрэй Хадановіч, — не ўсе сямейнікі Таўбіна загінулі падчас вайны і Халакосту. Брат паэта ацалеў, і яго нашчадкі цяпер жывуць у Ізраілі. Стрыечная ўнучка паэта Марына-Мірыям Мінакер вельмі ўсцешылася з’яўленню кнігі, толькі шкадавала, што яе мама ўжо не зможа прачытаць выданне.
Марына-Мірыям Мінакер — жонка паэта і журналіста з Беларусі Барыса Штэрна. «А паколькі Штэрн — сваяк Лявона Вольскага, то вельмі сімвалічна, што Вольскі выбраў для праекта «(Не)расстраляная паэзія» і праспяваў верш свайго далёкага, па дзецях Марыны і Барыса, сваяка — Юлія Таўбіна. Вось жа, свет малы, і ўсё ў гэтым свеце звязана, і, на першы погляд, далёкае ад нас — можа выявіцца блізкім і нашым», — падсумаваў Андрэй Хадановіч.
Лявон Вольскі абраў для выканання шчымлівы верш «Ты помніш», прысвечаны Змітру Астапенку:
Нячутна шамацела лісце,
Саткалі зоры з срэбра ніць...
У тую ноч мы пакляліся
Жыць і любіць...
Любіць і жыць.
І мы жылі... І мы любілі...
І неслі прагу і любоў...
Часы дзяціных сноў-ідылій
Да нас не вернуцца ізноў...
***
Верш Юлія Таўбіна «Смерць»
Калі я буду паміраць і рабіцца дакучным целам...
А я хачу, каб гэта было не хутка, — таму
Я цяпер хачу жыць, жыць, —
жыць жыццём, аднаму мне зразумелым,
Жыццём, уласцівым толькі мне аднаму.
Бачыць, як сонца смяецца на брудным акне,
Акунаць сваё цела ў халодныя ўлонні рэчак,
Плысці на моры ў рыбачым чаўне,
Хадзіць па полі сярод цнатлівых грэчак.
Я хачу спатыкаць сяброў і таварышак, маладых і сталых;
Хачу даверлівых жаночых пацалункаў
і поціскаў моцных мужчынскіх рук,
Каб адчуванне жыцця ніколі мяне не пакідала, —
Поўнае і шматкаляровае, як вясёлкавы паўкруг.
Я хачу наведаць аграмадныя гарады,
Далёкія краіны з мовамі чужымі, —
Я хачу, каб свет паветра, сухазем’я і вады
Жыў, дрыжаў у кожнай, самай дробнай маёй жыле.
Каб мяне хвалявалі
страты, здабыткі, развітанні і стрэчы,
Каб я мог сказаць пра сябе:
«Я жыў, пакуль тэрмін мой не прайшоў...
Каб мяне праціналі сваёю магутнасцю рэчы
Блізкіх маіх спадарожнікаў-таварышоў.
Хачу жыць, падаючы, — але не занепадаючы.
Высока паднятым сілай часоў,
здабыць сталае месца на гале зямной.
Ведаю свае заганы.
Але гэта — мая задача.
Мне — дваццаць першы год.
Жыццё не за, а перада мной».
Р. С., budzma.org