Праспект Незалежнасці плануюць дадаць у спіс гісторыка-культурнай спадчыны ЮНЕСКА

27.06.2021 У краіне

Гарадскія ўлады плануюць распрацаваць праект зон аховы пачатковага ўчастку пр. Незалежнасці, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю ў Беларусі і прэтэндуе на ўнясенне ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры начальнік аддзела мастацтваў упраўлення культуры Мінгарвыканкама Наталля Смольская, паведамляе «Звязда» са спасылкай на «Мінск-Навіны».


newsbel.by-10.02.2017-lKsZWp4UxvdAmU4IO9hx3Q5K7dcpnlCJ.jpg
Праспект Незалежнасці. Фота — newsbel.by

Як вядома, працэдура ўнясення аб’ектаў у спіс ЮНЕСКА доўгая і няпростая. Адзін з абавязковых этапаў — распрацоўка праекта зон аховы.

— Мы праводзілі папярэднія працы разам з «Белрэстаўрацыя», кансультаваліся. Калі выдзяляць фінансаванне, то ў другім паўгоддзі мяркуецца абраць арганізацыю, якая прыступіць да падрыхтоўкі такога праекта, — удакладніла Наталля Смольская.

Спецыяліст таксама расказала, як у цэлым ідзе працэс захавання гісторыка-культурнай спадчыны сталіцы.

У 2020 г. у Мінску вяліся рэстаўрацыя і рамонт 66 аб’ектаў. На 34 з іх работы завершаны.

У 2021 г. завершаны работы на 15 аб’ектах.

Усяго ж у Мінску 481 аб’ект занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, 382 з іх — гэта нерухомыя каштоўнасці, 31 помнік адносіцца да першай катэгорыі, гэта значыць мае міжнароднае значэнне.