Пратэсты ў Балгарыі: прычыны падобныя на беларускія

09.10.2020 Замежжа

Не толькі ў Беларусі цяпер праходзяць шматдзённыя і гучныя пратэсты супраць уладаў. Іншая еўрапейская краіна, дзе ўжо амаль тры месяцы цягнецца супрацьстаянне, — гэта Балгарыя.


Нягледзячы на тое, што гэта краіна ЕС, па колькасці насельніцтва і (у пэўнай ступені) па геапалітычнай ролі ў рэгіёне Балгарыя вельмі падобная на Беларусь. Таму вельмі цікава будзе разабрацца, чым падобныя балгарскія і беларускія прычыны выбуху пратэстаў.

Акцыі непадпарадкавання ўспыхнулі ў Сафіі на фоне каранавірусных забаронаў яшчэ ў сярэдзіне ліпеня. Нейкі час у цэнтры Сафіі дзейнічала нават намётавае мястэчка, дзе кожныя выходныя праходзілі буйныя мітынгі з удзелам 10-20 тысяч чалавек.

Некалькі разоў адбываліся сутычкі з паліцыяй, якая ў пачатку верасня разабрала намёты і выціснула пратэстоўцаў.

Цяпер пратэсты адбываюцца таксама часцей у выходныя, прыкладна з такой жа колькасцю ўдзельнікаў. У акцыях удзельнічае ангажаваная большасць палітычных праціўнікаў дзейнай улады — сацыял-дэмакраты, лібералы і частка грамадскай супольнасці. 

Варта адзначыць, што балгары ўжо сутыкаліся з падобнай сітуацыяй. І не вельмі даўно. А менавіта ў 2013 годзе пасля амаль месяца вулічнага супрацьстаяння і беспарадкаў урад быў вымушаны сысці ў адстаўку.  Былі прызначаныя датэрміновыя выбары ў парламент.

Да таго ж маштабнасць сённяшніх пратэстаў нельга параўнаць з беларускай. Бадай, таму акцыі ў цэнтры Сафіі і іншых буйных гарадоў не маюць такога розгаласу ў сусветных СМІ.

«Пуцінізацыя» балгарскага грамадства

Менавіта такі цікавы тэрмін можна сустрэць на балгарскіх інтэрнэт-старонках. І мае ён цалкам канкрэтнае вызначэнне, якое адным з першых сфармуляваў вядомы філосаф Ангел Гранчараў:

«Медыйная экспансія прывяла да жудаснага росту апатыі, абыякавасці велізарных слаёў насельніцтва да палітыкі. Да дэзарыентацыі і нігілізацыі, так бы мовіць, паняццяў, свядомасці масы альбо асяроддзя людзей,  дэзактывацыі грамадзянскай супольнасці, да росту антыдэмакратычных і антыеўрапейскіх настрояў».  

Трэба адзначыць, што дадатковым аспектам, які спрыяе згаданым працэсам, ёсць працоўная міграцыя, што ахапіла балгарскае грамадства. У гэтым кантэксце беларусы вельмі падобныя на балгараў.

Як адзначала ў 2017 годзе сябра Глабальнай асацыяцыі экспертаў па міграцыйнай палітыцы (GMPA), доктар эканамічных навук Ірына Івахнюк, у Расіі працуе каля мільёна беларускіх грамадзянаў. Яшчэ каля 0,5 млн — у іншых краінах, перадусім у Польшчы, Літве, Казахстане, ЗША, Нарвегіі, Фінляндыі. 

А ў Балгарыі з 7 млн насельніцтва каля 1 млн працуе за мяжой, яшчэ каля 1 млн стала жыве ў заходніх краінах і ЗША.

Напэўна, калі такая вялікая колькасць эканамічна актыўных грамадзянаў "адсутнічае" ў краіне, маніпуляваць грамадскім меркаваннем нашмат прасцей.

Ангел Гранчараў таксама адзначае:

«Асноўныя СМІ многія гады знаходзяцца пад поўным кантролем алігархічнай мафіі родам з камуністычных часоў. За 12-15 гадоў Балгарыя аказалася на апошнім месцы сярод краінаў ЕС па ўзроўні свабоды слова».

Палітычныя старажылы ля стырна Балгарыі

Менавіта з 2009-га, з невялікімі перапынкамі на час перавыбараў і часовых кабінетаў урада, пасаду прэм'ер міністра займае Бойка Барысаў — лідар партыі «ГЕРБ» (Грамадзяне за еўрапейскае развіццё Балгарыі).

З канца нулявых гэтая правацэнтрысцкая сіла перамагае на выбарах у парламент і мае магчымасць фарміраваць кааліцыйны ўрад. Нават на дадзены момант, калі прэзідэнтам з'яўляецца падтрыманы апазіцыйнымі сацыялістамі Румен Радзеў, партыя «ГЕРБ», маючы 32% дэпутатаў парламента, узначальвае кіруючую кааліцыю.

За час прэм'ерства Барысава ў краіне адбыўся ўжо не адзін карупцыйны скандал. Партыйных лідараў абвінавачваюць у супрацы з алігархамі, якія атрымліваюць дзяржаўныя замовы, перамагаюць у тэндарах.

Самі палітыкі з'яўляюцца на старонках журналісцкіх расследаванняў, як уласнікі дарагой нерухомасці, якую не адзначаюць у падатковых дэкларацыях. Напрыклад, былы кіраўнік Антыкарупцыйнай камісіі пасля таго, як выкрылася ягонае махлярства з цэнамі на кватэры ў дэкларацыях, быў вымушаны пакінуць сваю пасаду.

bl1.png

Бойка Барысаў падчас выбарчай кампаніі


Акрамя абвінавачванняў у карупцыі і выкарыстанні дзяржаўных і еўрапейскіх грошай у сваіх інтарэсах апазіцыя адзначае, што «ГЕРБ» цісне на выбарцаў.

Дзімітар Дэлчаў, лідар партыі «Балгарыя для грамадзянаў», падкрэслівае, што эканамічная залежнасць балгараў ад волі ўрада ёсць формай сучаснага нявольніцтва:

«Прэм'ер Барысаў ездзіць у далёкія ад Сафіі рэгіёны, дзе праца — пытанне выжывання. Калі вы страціце там працу, у вас зусім няма будучыні».

Што таксама можа сведчыць аб электаральнай базе партыі «ГЕРБ». Якая ў першую чаргу абапіраецца на вясковых выбарцаў, у меншай ступені — на насельніцтва буйных гарадоў з сярэднімі даходамі.

Гульня з Еўропай і Расіяй

Балгарыя, нягледзячы на сяброўства ў ЕС і НАТО, намагаецца выкарыстоўваць сваё геаграфічнае становішча, быць мостам паміж Усходам і Захадам.

Балгарскія сацыялісты, якія цяпер маюць 15% у парламенце, дэкларуюць неабходнасць больш цеснага супрацоўніцтва з Расіяй.

Так, у 2018 годзе прэзідэнт Радзеў, падтрыманы сацыялістамі, прапанаваў Расіі пабудаваць на дне Чорнага мора новы газаправод «Балгарская плынь». Хаця ў 2014 годзе прэм'ер-міністр Барысаў адмовіўся ад аналагічнага праекта.

Барысаў, карыстаючыся паўнамоцтвамі, большымі за прэзідэнцкія, імкнецца дыверсіфікаваць пастаўкі прыроднага газу ў Еўропу.
 
Балгарыя пачала ў мінулым годзе будаўніцтва газаправода на мяжы з Грэцыяй для транзіту азербайджанскага прыроднага газу, які паступае па Трансанатальскім газаправодзе (канкурэнт «Турэцкай плыні»). 

У 2019 годзе Барысаў абмеркаваў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам магчымасць паставак з ЗША ў Балгарыю звадкаванага газу.

Такім чынам, у балгараў узнікаюць супярэчнасці не толькі са знешнімі гульцамі, але і сярод элітаў.

У канцы мінулага года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін выказаў незадаволенасць затрымкай з балгарскага боку будаўніцтва «Трансбалканскага газаправода», што замаруджвае пастаўкі расійскага прыроднага газу з Турцыі ў Еўропу.

У выніку спробаў весці гульню адразу па некалькіх напрамках Балгарыя аказалася ў ролі палігона для дзейнасці спецслужбаў адразу некалькіх краінаў.

Сённяшнія ўлады толькі за апошні год выслалі пяць расійскіх дыпламатаў, ціснуць на грамадскія арганізацыі, звязаныя з расійскім фінансаваннем. У краіне гучаць небеспадстаўныя абвінавачанні апазіцыйнай сацыялістычнай партыі ў фінансаванні сённяшніх пратэстаў і працы на Крэмль.

Расійскі фактар, абвінавачанні ў прарасійскасці і русафобіі, такім чынам, маюць вялікае значэнне ў балгарскай палітыцы. І з'яўляюцца ўнутраным фактарам, які выкарыстоўваецца ў барацьбе з галасы выбаршчыкаў.


***

Наколькі сітуацыі ў Балгарыі і Беларусі сёння розныя, настолькі і падобныя.

Безумоўна, маштабнасць пратэстаў у нашай краіне нашмат большая. Хаця балгары і намагаюцца называць свае акцыі «Вялікім народным паўстаннем».

Можна зрабіць выснову, што напружанне ў грамадстве і момант «выхаду на вуліцы» залежыць не столькі ад узроўню карумпаванасці ўладаў, "стомленасці ад старых твараў" ці ўплыву знешніх сілаў, колькі ад узроўню агульных грамадскіх свабодаў у краіне, ад існавання альбо адсутнасці механізмаў уплыву на ўлады з боку грамадства.

Безумоўна, у Балгарыі прорва паміж грамадствам і ўладамі нашмат меншая, чым у Беларусі. І колькасць метадаў уздзеяння і наяўнасць супрацьвагаў у краіне паміж рознымі палітычнымі сіламі дадаткова ўплываюць на недапушчэнне фатальных супярэчнасцяў. Якія, як дэманструе беларускі прыклад, вядуць да крыві і ахвяраў.

Аляксей Гайдукевіч, budzma.org