Цягам мінулага ўік-энду Францыя развітвалася з Джоні Халідэем – мегазоркай франкафоннага ракенролу. Натоўпы няшчасных фанатаў, пачэсны эскорт – кавалькада сівых рокераў на грувасткіх “Харлеях”, прэзідэнт Макрон са спічам пра маштабы нацыянальнае страты, велічэзныя выявы героя ў самым сэрцы Парыжа, той самы голас з тымі самымі зонгамі нон-стоп на ўсіх радыёхвалях… І стрыманая павага з боку астатняга свету. Бо нябожчык меў значнасць і вагу выключна ў сваёй сістэме каардынат – як агент новага гуку ў франкамоўнай Еўропе. З якога, па вялікім рахунку, там і пачалася найноўшая муз-поп-культура. Халідэй ніколі не быў яскравым аўтарам. І ўсё жыццё перакладаў – з амерыканскай на парыжскую.
Слухаць Джоні (прыватна – Жана-Філіпа Сме) замежніку збольшага некамфортна. Юнацкія перапевы-пераклады штатаўскіх твісцікаў ды ракенрольчыкаў па-вучнёўску старана “здымаюць” арыгіналы. Пазнейшыя вопыты жорсткага гуку нагадваюць адразу ўсё – ад Хендрыкса да Клэптана. Брудныя блюзы ды ракешнікі сталага ўзросту выглядаюць прымальна і не больш за тое. А перыядычныя сыходы ў “фарматны” шансон цяжка лічыць яскравымі дасягненнямі. Асабліва ў параўнанні з тым, што рабілі тады Серж Генсбур, Леа Ферэ, Жак Дзютрон ды Ніно Ферэр.
Халідэй – першы-лепшы апостал шалёнага “йе-йе” – ніколі не рабіў рэвалюцый, але цягам пяці дзесяцігоддзяў заставаўся падзеяй. Амаль як брытанскія суседзі – бугі-бразэрс з гурта Status Quo.
Пазнавальна. Выбухова. Другасна.
Джоні чапляў не непаўторнасцю, а якраз наадварот – фантастычнай здольнасцю падладжвацца пад чарговы модны стыль. Блонд-сімпацяшка з закосам пад Джэймса Дзіна, хлапчук-блакітныя-вочкі з плакатаў у дзявочых пакойчыках, сэксі-бой у расшпіленай кашулі і шэрым смокінгу, няголены чувак у пашарпанай джынсе, вастраносы барадач з галдой на шыі – ці то пірат, ці то сутэнёр… Па ягоных фотках розных гадоў можна вывучаць змены агульных трэндаў і ратацыю поп-лукаў. Халідэй самааддана надзяваў чарговую ролю і шчыра гуляў яе да канца. Ён не ствараў сэнсы. Ён пракачваў іх праз сябе. Як чырвоны прымач моднага ціна ў вузкіх левісах.
Такая місія. Агучваць чужое. Усё адно дзе: у парыжскай “Алімпіі”, кабарэ Лас-Вегаса ці гангконгскім кіно.
Але пазычанае – усё ж ненатуральнае. Прымач перыядычна калбасіла і плюшчыла. Джоні гуляўся ў ракенрол настолькі старана і адчайна – з публічным угарам, скандаламі, бойкамі, рамантычнымі авантурамі ды сэкс-прыгодамі, алка-драгз-фота-сесіямі, раздзяваннямі на канцэртах і іншым джазам – што часцяком падаваўся шалёным Кенам, які нечакана страціў Барбі. Нягеглым рымэйкам чужога зонгу. Карыкатурай на шчырага рокмэна.
Акурат так бачылі Халідэя за акіянам: штатаўскія медыі прыляпілі на яго шыльдачку “французскі Элвіс” і прызначылі абсурдным імітатарам з пазычаным матэрыялам. Ягоны фенаменальны поспех у гэтай схеме выглядаў парадаксальнай праявай правінцыяльнага патрыятызму. Тубыльскай культурнай анамаліяй.
Але ж гэта няпраўда. Дакладней, не ўся праўда. Джоні Халідэй быў шарагоўцам ракенролу – і, як на мяне, меў вагу менавіта дзякуючы сваёй адмысловай пасрэднасці.
Другім Генсбурам – гульцом словамі і гукамі, паэтычным эратаманам-дэкадэнтам, стылістычным хамелеонам – зрабіцца было немагчыма. А вось другім Джоні – калі ласка! Блакітны джынс, фрызура з зачосам, белая цішотка ды стос амерыканскіх кружэлак – і наперад, да новых перамог! Халідэй быў свойскім, як келіх піва, і файным, як ранак з каханкай. Яго было лёгка любіць і расшарваць сябрукам.
Джоні працаваў на большасць. Яна і прыйшла развітацца.
Ці быў ён падробкай? Калі так – дык падобна тысячам хлапцоў па ўсім свеце, што наўздагон штатаўскім плыткам пачалі граць ды спяваць гарачыя песенькі. Ліверпульскія чувакі, што рабілі спачатку каверы Чака Беры і Літл Рычарда, потым выраслі ў Ленана з Макартні. Рымскі піжончык з нахабнай пысай і захапленнем штатаўскімі рытмамі няясным чынам зрабіўся зорным Адрыяна Чэлентана. А колькі было яшчэ тых левых Элвісаў, хатніх “ролінгаў” ды самапальных “бітлоў” – іспанскіх, чэшскіх, ганконгскіх, партугальскіх, сербскіх, турэцкіх ды бразільскіх! Фантастычныя людзі. Агенты новай ментальнасці. Правадыры да чагосьці большага за тры акорды, азартны вакал і дэнс ля мікрафона.
Хочаш зразумець краіну – паслухай, што там зрабілі з ракенролам.
Джоні Халідэй і ўся хеўра палёных Элвісаў супольна адбудавалі новую мапу банальнага і відавочнага. Зрыфмавалі модны гук з мясцовай традыцыяй. Дзякуючы гэтым схематычным песенькам і празмерным эмоцыям, балаганнай пластыцы і спрошчаным вершыкам электрычная рэвалюцыя захапіла спажывецкую свядомасць лакальных суполак – і зрабілася незваротнай.
З тых тубыльцаў, атручаных залётным гукам, у асобы выбіліся адзінкі. Але ж астатнія таксама выклаліся напоўніцу. Як музычны самвыдат – свежыя вымярэнні несістэмнага крэатыву. Як новы культурны мэйнстрым. Зрэшты, як аператыўныя курсы жыццёвага дызайну. Магчыма, шаблонныя. Звычайна прадказальныя. Але збольшага своечасовыя і шчырыя.
Як ні дзіўна – праз фэйк. Праз комікс. Праз танец блазна на дроце.
Галоўнае, што абодва былі сапраўднымі – і блазан, і дрот.
Максім Жбанкоў