Праект “Не маўчы па-беларуску” добра вядомы ў краіне: наборы паштовак і календары з адпаведнай назвай любяць як дзеці, так і дарослыя. Сакавітыя беларускія слоўцы, цудоўныя тэматычныя малюнкі, дасціпныя прыказкі — прадукцыя запатрабаваная дзякуючы ўдаламу дызайну і зручнай функцыянальнасці: з дапамогай прыгожых і вясёлых карцінак можна вучыць беларускую мову.
Вядома, усё не проста так — над праектам “Не маўчы па-беларуску” працуе крэатыўная каманда захопленых справай людзей: аўтарка ідэі мастачка Дар’я Мандзік, дызайнер Анатоль Лазар, каардынатаркі ГКК “Будзьма беларусамі!” Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, лінгвісты Уладзь Лянкевіч і Алена Пятровіч. Прадукцыя праекта выходзіць у выдавецтве “Кнігазбор”.
Крыху гісторыі
А пачалося ўсё ў 2012 годзе падчас беларуска-польскага конкурсу графічнага дызайну “МЫ2012”, які курыраваў Міхал Анемпадыстаў.
Перад удзельнікамі конкурсу стаяла задача адказаць на пытанне “Хто мы?” візуальнымі сродкамі. Сярод удзельнікаў быў тандэм Дар’і Мандзік і Яны Войцік — дзяўчаты прадстаўлялі праект “Не маўчы па-беларуску”, скіраваны на дапамогу ў вывучэнні беларускай мовы: праз забаўныя карцінкі візуалізавалі самыя ўжывальныя побытавыя словы ў чатырох тэматычных групах: “Посуд”, “Абутак”, “Мэбля” і “Часткі цела чалавека”. Праца дзяўчат не засталася без увагі журы, і яны аказаліся сярод лаўрэатаў.
Кампанія “Будзьма” – 10 гадоў разам!
Падчас конкурсу Дар’я Мандзік, аўтарка ідэі, і пазнаёмілася з прадстаўнікамі ГКК “Будзьма беларусамі!”, якім вельмі спадабаўся пазітыўны характар праекта, тое, як прыцягальна ў ім паказанае беларускае слова. Праект вельмі пасаваў прынцыпам кампаніі.
Паступова з’явілася ідэя стварыць паштоўкі з адпаведнымі малюнкамі. Так у 2014 годзе выйшаў першы набор паштовак “Не маўчы па-беларуску”.
Усё пачалося з посуду
Дар’я Мандзік упэўненая: калі не ёй, то каму-небудзь іншаму абавязкова прыйшлі б у галаву думкі пра такі праект — ідэя ілюстраванага слоўніка старая як свет і даўно ляжала на паверхні.
Як і назва. Дзяўчыне яна прыйшла ў галаву яшчэ падчас навучання ў архітэктурна-мастацкай гімназіі, калі сярод вучняў былі папулярныя значкі “Размаўляй па-беларуску”. Дар’я проста “перакуліла” слоган, і атрымалася “Не маўчы па-беларуску”.
Менавіта ў гімназіі дзяўчына па-сапраўднаму зацікавілася беларускай мовай, бо менавіта там пазнаёмілася з прагрэсіўнымі беларускамоўнымі выкладчыкамі і навучэнцамі. Ёй таксама вельмі карцела пачаць размаўляць па-беларуску, але перашкаджаў моўны бар’ер. Да ўсяго, яна сапраўды не ведала нават самых простых побытавых словаў.
Выйсце знайшлося само сабой — аднойчы, седзячы на кухні, Дар’я пачала выпісваць рускія назвы посуду, перакладаць іх на беларускую і маляваць. Мастачку чакала шмат адкрыццяў — у аднаго сучаснага слова “кружка” шэсць беларускіх варыянтаў. Працэс паглыблення ў мову аказаўся такім цікавым, што Дар’я не змагла спыніцца.
Таму першая паштоўка і была пра кухню: са словамі — абазначэннямі посуду. Далейшыя малюнкі таксама былі на “простыя” тэмы: колеры, месяцы, адзенне — усе тыя словы, якія так патрэбныя ў паўсядзённым жыцці, але якія, на жаль, ведаюць не ва ўсіх беларускіх сем’ях.
Прапанова супала з попытам
Калі праект толькі распачаўся, галоўнай яго мэтай каманда стваральнікаў паставіла практычнасць: паштоўкі “Не маўчы па-беларуску” мусілі мець прыкладное прызначэнне, быць цікавымі і карыснымі для дзяцей і дарослых.
Так і выйшла — паштоўкі адразу атрымалі шмат пазітыўных водгукаў, пачалі актыўна выкарыстоўвацца ў школах і дзіцячых садках, настаўнікі і выхавальнікі працягваюць набываць наборы, каб працаваць з дзецьмі на занятках па беларускай мове.
Пачынаючы з 2014 года шэраг тэмаў узбагачаўся: з’явіліся паштоўкі з жывёльным светам, раслінным, птушкамі, канцтаварамі і інш. Усяго нарадзілася каля 20 абсалютна розных малюнкаў на розныя тэмы.
Час ідзе, цікавасць да паштовак не спадае. У канцы вясны 2018 года выйшаў чарговы набор “Не маўчы па-беларуску”. Камплект складаецца з найбольш папулярных паштовак, а таксама малюнкаў, якія распавядаюць пра эмоцыі і ўладкаванне аўтамабіля.
“Тут супала прапанова з попытам, — лічыць мастачка Дар’я Мандзік. — Бо ў людзей ёсць цікавасць да мовы. Нават той, хто не збіраецца размаўляць па-беларуску, з цікавасцю знаёміцца з новымі для сябе словамі”.
Некалькі тысяч асобнікаў разышліся за некалькі дзён
Натуральна, што чым больш новых паштовак з’яўлялася, тым больш назапашвалася маляўнічага матэрыялу, словаў. У пэўны момант захацелася больш ёмістага прадукту.
Па прыкладзе паштовак Анатоль Лазар прапанаваў зрабіць адукацыйны каляндар “Не-маўчы па-беларуску”: спалучыць сакавітыя беларускія словы і малюнкі. У працэсе абмеркавання ідэі вырашылі дадаць прыметнікі і беларускія прымаўкі.
Першы ж выпуск календара ў 2014 годзе зрабіў фурор і меў шалёны поспех — наклад у некалькі тысяч разышоўся літаральна за некалькі дзён.
Праект паспяховы тым, што каляндар функцыянальны, ім зручна карыстацца, — адзначае Анатоль Лазар. — Адзін разварот — адзін аркуш — адзін месяц. Таксама ён беларускамоўны, а якаснай паліграфічнай беларускамоўнай прадукцыі ў нас не так многа. Да ўсяго, ілюстрацыі, падача кароткіх дозаў інфармацыі — гэта, фактычна, адукацыйная прадукцыя для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Пры гэтым, будучы дзіцячым па стылістыцы, каляндар цікавы і для дарослых”.
Усяго з 2014 года прададзеныя 30 тысяч календароў. Цяпер попыт на календары застаецца стабільна добрым.
І нездарма: працаваць з праектам — адно задавальненне.
“Праект выклікае шмат пазітыву, — распавядае Алена Макоўская, каардынатарка ГКК “Будзьма беларусамі!” — Прыкладам, падчас друку першага календара працоўны дзень у друкарні быў сарваны: калі пачалі выходзіць лісты з малюнкамі — увесь калектыў сабраўся, людзі абмяркоўвалі словы. Але калі падумаць пра іншы бок — ступень валодання роднай мовай, сітуацыя сумная. Не ведаю, ці існуюць яшчэ прыклады такіх календароў, якія людзі, жывучы ў сваёй краіне, набываюць, каб вучыць родную мову”.
Стваральнікі ўвесь час працуюць над узбагачэннем календара: шукаюць новыя тэмы, словы, прымаўкі. 2018 год — год Сабакі па ўсходнім календары, таму кожнаму месяцу адпавядае беларуская прымаўка пра сабаку.
Вядома, ідэй, задумак у стваральнікаў багата. Чакаем любімых календароў, паштовак і новых цікавостак праекта “Не маўчы па-беларуску!”
Працоўная сінергія
Удзельнікі каманды працуюць зладжана, апошнія гады тут поўная сінергія. Шмат часу аддаецца моўнай якасці. Дар’я і Анатоль займаюцца падборам словаў, а лінгвісты ўносяць карэктывы. Спачатку было шмат спрэчак: прыкладам, ці пазбаўляцца калек з іншых моваў, асабліва рускай, ці прыдумваць новыя словы, калі ў беларускай няма адпаведнікаў. Але тое, што праца над праектам узбагаціла слоўнікавы запас удзельнікаў і яны даведаліся шмат новага, — дакладна.
Вядома, вялікі поспех праект займеў дзякуючы малюнкам Дар’і. З аднаго боку, яны выкананыя ў дзіцячым мінімалізме, з іншага — дасканалыя, з мімікай, характарам, часцяком маюць “другое дно”.
Цікавыя адметнасці календара “Не маўчы па-беларуску”:
— У календары амаль няма абазначаных святаў — толькі самыя значныя кшталту першага студзеня, усе астатнія святочныя даты абыгрываюцца добрым гумарам. Прыкладам, на 8 сакавіка стаіць “падарунак ад прафсаюзнай суполкі”. Такая пазіцыя выбраная нездарма: Беларусь — шматнацыянальная і шматкультурная краіна, тут альбо пералічваць усе святы для ўсіх (што немагчыма), альбо абмежавацца толькі самымі буйнымі.
— Затое тут ёсць новыя словы кшталту “схоўка” — звыклы вуху бардачок. Рускае слова “бардачок” мае цюркскае паходжанне, яго не проста пераклалі, але яно паступова прыйшло ва ўжытак. У англійскай мове гэта “glove compartment”, у польскай — “schowek”. А ў беларускай мове свайго адпаведніка няма. Проста перакладаць з рускай ці польскай было нецікава. Урэшце Анатоль Лазар апісаў праблему на сваёй старонцы ў фэйсбуку, і калектыўным розумам было вынайдзенае новае слова — “схоўка”.
— Ёсць і малюнкі рэчаў, назвы якіх змяняюцца ў залежнасці ад стану. Як у сітуацыі з елкай. Елка — дрэва, якое расце ў лесе, дома елка робіцца ёлкай, а калі яе ўпрыгожыць — гэта ўжо ялінка.
— Па календары можна варажыць. Сёння ў мяне “сціплы абабак”.
— І глядзець, якім будзе дзень народзінаў, а заадно і стан чалавека — напрыклад, “смярдзючы клоп” ці “сцюдзёная крыніца”.
— У календары весела абыгрываецца злабадзённае, ёсць кпінчыкі і рознага кшталту таўшчыні намінкі кшталту “вельмі сярэдняга заробку ў 500 даляраў” альбо “майткоў у трусікі”.
Аляксандра Дварэцкая