“Будзьма беларусамі!” сумесна з citydog.by працягвае рубрыку “Як гэта любіць”: разам з Сяргеем Краўчанкам мы выпраўляемся ў падарожжа па новых маршрутах любові да Беларусі. Адмяняйце ўсе планы, садзіцеся ў машыну і паўтарайце за намі!
У новым маршруце мы зноў забяромся на захад: паглядзім на палац з закатачкамі ў склепе, на раку Дзітву і бліскучую неаготыку, на абшары, пранізаныя цягнікамі, і Зару камунізму, якая апаліла не адзін помнік культуры, перш чым сутонела. За перлінамі архітэктуры і інжынернай думкі, схаванымі ў глыбінцы, давядзецца шчучкай нырнуць у Шчучыншчыну і за Масты, але яно таго вартае. Дзіўныя трансфармацыі, касцёл у неараманскім стылі, самы доўгі падвесны мост, палёт за 130 рублёў з-за саракатонных дзвярэй — усё гэта ў новай, 11-й, серыі сагі «Як гэта ўмясціць любіць».
Магістралі задаюць тэмп, і чым лепшыя магістралі, тым ён хутчэйшы, тым больш ён зацягвае. Тым мацнейшае гравітацыйнае поле хуткасных дарог і злучаных імі кропак. З дарог складана збочыць, з гарадоў складана выбрацца. Чалавечыя ўвага і ўцягнутасць, здаецца, канцэнтруюцца вакол зручнасці і камфорту, напоўненасці, але хутчэй — вакол хуткасці і інтэнсіўнасці спажывання. Таму цалкам нармальна, што на slow life сельскай мясцовасці і ейныя павольныя, прыхаваныя скарбы зусім не застаецца часу.
Але можна меркаваць, што свет зусім не паскорыўся — паскорылася дастаўка тавараў і інфармацыі, а вечныя каштоўнасці (мы тут ізноў пра каханне), як ім і належыць, заліплі на перыферыі, паміж аўтастрадамі, па-над таварапатокам і інтэрнэт-трафікам. Распусціліся ў паветры з рознай ступенню канцэнтрацыі — і чым больш разрэджаная атмасфера, тым прасцей адчуць іх прысутнасць, колер, смак, важнасць. У тым ліку і ў сабе.
Жыццё па-за дарогамі, якое быццам бы не паспявае за зменамі і хуткасцямі, лапікамі адклейваецца ад трасаў, шаркае тэпцямі ў сельпо ці поўзае павольным камбайнам, стаіць, абапіраючыся на кіёк, ці ідзе кіламетры пешшу з аўтобуснага прыпынку ў сваім сінім паліто, маўчыць лясамі і выгінаецца рэкамі, — гэта тое, куды варта хоць часам выбірацца, як у запаведнік, як у музей сумаштабных чалавеку дачыненняў. Удыхаць паветра, любавацца мастамі, нагадваць сабе: а што нас наогул звязвае?
Polish National Alliance і закаткі ў сядзібе Маўросаў
Вось і ў Тарнова — стаіш на гары, азіраешся і спрабуеш звязаць рамантычную неарэнесансную сядзібу з парцьерай з развешанай бялізны, з’едліва-сіні металапрофіль дахаў сельскай гаспадаркі — з далёкай каменнай вежай, накрытай нейкім светлым каптурком. Толькі выскачыўшы з тэракотавага смеццевага кантэйнера «ТБО ЛРСУП Мажэйкава» дзелавіты кот ставіць усё на свае месцы: усё ў парадку, адна з рэальнасцяў такая.
Тут, у Тарнове, пакручастая дарожка любові выкшталцона звязвае нас з папярэднім маршрутам. Былы маёнтак Тарноўшчына, як і апошні пункт мінулай серыі — Жырмуны, калісьці належаў сям’і Мікалая Фаўстына Радзівіла і Барбары Завішы, а пасля — іх нашчадкам, пакуль іх унук Мікалай за кругленькую суму не заклаў маёнтак Тадэвушу Анджайковічу. Грошыкі Мікалай так і не вярнуў, і ў 1825 годзе Анджайковічы адсудзілі маёнтак у сына свайго даўжніка.
У 1844 году Тарноўшчынай і яе чатырма сотнямі работнікаў запраўляў Юліюш Анджайковіч. Наўрад ці адукаваны і багаты малады чалавек быў апантаны гаспадаркай, затое спрабаваў сябе ў літаратуры, а пазней захапіўся рэвалюцыйнымі настроямі: у 1848-м ён адправіўся ў падарожжа па польскіх гарадах з патрыятычнымі заклікамі. Але аднаўляць Рэч Паспалітую ў 1848 годзе пасля правалу кампаніі 1830-1831 гадоў ніхто не наважваўся, і Юліюш пакінуў радзіму, прадаўшы свае зямлі Канстанціну Кашыцу.
Тады яшчэ ні сядзібы, ні яблыкаў не было. Затое цяпер тут нават праходзіць яблычны фэст «Тарноўскі цуд».
Анджайковіч перабраўся ў Францыю, а затым — калі жыццё сярод збеглых паўстанцаў надакучыла, а матэрыяльнае становішча пагоршылася — ірвануў на залатыя капальні ў Каліфорнію. Czemu nie? Злучыўшы золата і веды, Юліюш заняўся бізнесам і пабудаваў лакафарбавы завод. Фарбы тых часоў даўно выцвілі і зніклі, пра завод Andrzejkowicz & Dunk згадак вобмаль, затое іншае дзецішча патрыёта жыве і функцыянуе ў ЗША па гэты дзень. У 1880 годзе разам з іншымі польскімі эмігрантамі Анджайковіч арганізаваў і ўзначаліў Польскі нацыянальны саюз (Polish National Alliance), які з моманту заснавання клапаціўся пра новапрыбылых эмігрантаў і абараняў іх інтарэсы, а на сёння з’яўляецца самай магутнай з польскіх арганізацый у Штатах.
Парад PNA (Польскага нацыянальнага саюза) у адным з амерыканскіх гарадоў, напрыклад.
Месца Анджайковіча ў Тарнове заняў не менш апантаны патрыёт і кандыдат дыпламатычных навук Канстанцін Кашыц. Сын паўстанца, які эміграваў пасля паразы 1831 года, ён, мабыць, таксама не вельмі любіў Расійскую імперыю і яе акупацыйную палітыку, праз што не толькі пакепліваў з губернскай шляхты, але і ўзяў удзел у паўстанні 1863 года. За гэта Кашыц быў арыштаваны і сасланы, а вярнуўшыся, быў вымушаны прадаць землі палкоўніку расійскай арміі. Расійскія памешчыкі на цяперашняй тэрыторыі Беларусі прыкладна так і вымалёўваліся: за заслугі разважлівая імперыя з палітычных меркаванняў забяспечвала іх мясцовымі землямі за капейкі або зусім дарма, а яны прывозілі сюды расійскую мову і парадкі.
Сядзіба Маўросаў
Новым гаспадарам было не ўпершыню пераязджаць: продкі роду Маўросаў калісьці махнулі з Родаса на Мальту, пасля — чамусьці ў Малдову, пасля — на службу Расійскай імперыі, якая шчодра наразала ўгоддзі сваім службоўцам. Так ў 1866 годзе маёнткам у Тарнове абзавёўся Дзмітрый Мікалаевіч Маўрос — доблесны расійскі вайсковец. Задушыўшы ўсялякія паўстанні і верна адслужыўшы расійскаму імператару, ды яшчэ і атрымаўшы графскі тытул, Дзмітрый Мікалаевіч выходзіць на пенсію і ў 1880-1885 гадах (якраз у той час, калі эмігрант Анджайковіч стварае на сваёй новай радзіме саюз палякаў) будуе на новай радзіме сядзібны дом і разводзіць гаспадарку: бровар, стайні, лядоўню, вятрак і іншае ў духу часу. Хоць кажуць, што «лядоўня» — не зусім карэктная назва для гэтага сімпатычнага збудавання з трохкутным шчыпцом, бо нейкі час там захоўваліся парэшткі Кацярыны Іванаўны Маўрос — жонкі графа.
Асіметрычны будынак сядзібы прылічаюць то да неарэнесансу, то да мадэрну — здаецца, у такіх выпадках прасцей за ўсё адмахнуцца ад спрэчак аб стылістыцы ёмістым паняццем «эклектыка». Вежка задае кампазіцыі жылога дома дынаміку культавага збудавання, ну ці як мінімум абарончага, маляўнічая кампазіцыя аб’ёмаў і шырокія гзымсы выдаюць набліжэнне мадэрну, а паўцыркульныя аркі прахонаў адсылаюць да рэнесансных палаца. Мяркуючы па графскай бібліятэцы з 9000 тамоў, Дзмітрый Маўрос быў чалавекам адукаваным і начытаным, так што жаданне змясціць у архітэктуру свайго дома пабольш дарагіх сэрцу формаў і эпох цалкам зразумелае.
Граф Маўрос памёр у 1896-м, яго спадкаемца Мікалай Дзмітрыевіч у 1911 годзе захварэў і быў прызнаны недзеяздольным, і пасля заканчэння Савецка-польскай вайны Тарнова апынулася ў новай Рэчы Паспалітай. Унукі Маўроса былі адукаванымі афіцэрамі-авантурыстамі: зямлёй не цікавіліся, на месцы не сядзелі. Адзін быў сярод найлепшых коннікаў Расійскага войска, заснавальнікам скаўцкага руху і паліцмайстрам Таганрога (памёр у ГУЛАГу), другі служыў то ў ангельскіх, то ў нідэрландскіх ваенна-марскіх сілах, то раптам на 12 дзён зрабіўся каралём Андоры.
«Уласнаручна афарбаваны партрэт расійскага эмігранта і самаабвешчанага караля Андоры Б. Скосырава» і ягоная Андора.
Былы маёнтак Маўросаў да восені 1939 года належаў курляндскім баронам, а ў сакавіку 1940 года воляй саветаў ператварыўся ў племянны саўгас з буйной рагатай жывёлай, свіннямі і трымастамі сем’ямі пчол. У Другую сусветную вайну ў сядзібным доме размясціўся паліцэйскі пастарунак, пасля вайны — кантора квітнеючага саўгаса, пошта, ашчадная каса, вузел сувязі і жылыя кватэры. Уласна, і сёння — пасля рэканструкцыі палаца ў 2008-2011 гг. — у ім размясціліся службовыя кватэры ЛРСУП «Мажэйкава», а пад арачнымі скляпеннямі падвала — слоікі з закаткамі і іншыя скарбы маладых сем’яў. Палац Маўросаў у 2000-х быў занядбаны, але цяпер адноўлены ў гэтакі камунальны палаца на 11 кватэр. Вось і добра.
З высокай тэрасы, на якой стаіць палац, віднеецца брутальная мураваная вежа — гэта былы вятрак, пабудаваны яшчэ самім графам. Млын малоў на патрэбы саўгаса да самага пачатку 1950-х гадоў, а цяпер вось стаіць у белым фальцавым каптурку — ці то з крыжам, ці то з рэшткамі флюгера наверсе, — не прэтэндуючы на якую-небудзь актуальнасць. Проста прыгожа.
Бліскучая Белагруда
Невядома, як гэта было Анджайковічу прывыкаць да краявідаў Каліфорніі, але варта прызнаць, што віды ў ваколіцах Тарнова шыкоўныя, хоць і не Ёсэміці. Усхваляванасці рэльефу, звілістая Дзітва і сталёвы мост праз раку з ніткай чыгункі, прашываюць лес да гарызонту, — нейкія нечаканыя суадносіны звыклых кампанентаў — добра так дапамагаюць зблытаць і геалакацыю, і час. Так што тут у якасці чыгуначнага саставу можна ўявіць сабе які-небудзь Union Pacific Railroad, які грукоча да Ціхаакіянскага ўзбярэжжа з бітнікамі на борце, а не беларускую чыгунку, якая коціць з Ліды на Масты.
За Дзітвой стаілася Белагруда — невялікая вёсачка на паўсотні чалавек з неагатычным касцёлам ва ўбранні з жоўтай цэглы. Менавіта стаілася, бо ўтульнейшага месцейка для такога прыгажуна складана пашукаць: у баку ад трас, за лесам, за ракой. Пры гэтым храм са стройнымі вострымі вежамі стаіць на ўзгорку, як бы вырастаючы з акружэння, убіраючы ўсёй сваёй кампазіцыяй аб’ёмаў, накіраваных да неба, усё навокал: і мерную Дзітву, і турыстычную стаянку з грыбочкамі паветак, і абсыпаныя магіламі парафіяльныя клады. 76-метровыя вежы касцёла з бліскучымі ацынкаванымі верхавінамі высяцца над дрэвамі, як рэтранслятары, і бачныя здалёк.
Першы касцёл у Белагрудзе пабудаваў яшчэ Ян Завіша у 1609 годзе: разам з жонкай Настай яны фундавалі будаўніцтва драўлянага храма і адпісалі яму ў карыстанне і фальварак, і лясок, і лужок, а таксама права лавіць рыбу ў Дзітве — не проста так, вядома, а ў абмен на дзве штотыднёвыя імшы. На жаль ці на шчасце, але ваявода мсціслаўскі і віцебскі не заспеў Патоп, падчас якога каталіцкім святыням на тэрыторыі Беларусі крэпка дасталася, а касцёл Беззаганнага Зачацця Панны Марыі ў Белагрудзе быў спалены.
Нічога — у пачатку XVIII стагоддзя ўпартымі каталікамі тут будуецца новы храм і арганізуецца парафія, пры якой намаганнямі новых уладальнікаў — гэта зноў Мікалай Фаўстын Радзівіл і Барбара Завіша — адкрываецца шпіталь, а затым школа. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, паўстанняў і наступнай секулярызацыі сярэдзіны XIX стагоддзя парафія бяднее, але ўжо ў пачатку XX стагоддзя — з 1903 па 1908 год — «за кошт ахвяраванняў, мазольна ім збіраных з дапамогай парафіян» ксёндз Казімір Сталеўскі будуе гэты шыкоўны неагатычны храм з жоўтае цэглы — замест зруйнаванага часам драўлянага. Дарэчы, бярвёны старога храма, мяркуючы па інвентары, пайшлі на «трупярню» — квадратную ў плане вежку склепа, што стаіць, пахіліўшыся, пасярод могілак. Рэсурсазберажэнне як яно ёсць!
Калі «трупярня» і старыя могілкі не ўваходзяць у сферу вашых інтарэсаў, то палюбавацца ўзвышанымі формамі касцёла можна з боку турыстычнай стаянкі «Белагруда». Стаянка з’яўляецца пунктам экалагічнага воднага маршруту «Дзітва», за што гонар і хвала Лідскаму лясгасу — ну і UNDP, вядома. Грыбочкі на беразе атрымаліся выдатныя — так і хочацца прысесці і нікуды не спяшацца. Паназіраць, як трапеча трыснёг, падумаць.
Дзікушкі. Благачынне, пабожнасць, барацьба
Па дарозе да Зары камунізму і палаца жахаў вандроўніка чакаюць не толькі супакаяльныя ландшафты Лідчыны, але і сімпатычны храм паміж Ходараўцамі, Дзікушкамі і Агароднікамі. Ён стаіць у полі, у баку ад усіх вёсак, і быццам бы нікому не належыць. З выгляду сціплы аб’ёмчык з прысадзістай званіцай падобны на каталіцкі храм эпохі класіцызму, пры гэтым над двухсхільным дахам тырчыць вытанчаная і худзенькая, але залатая цыбулінка. Аказваецца, месца знакавае для ўсіх — і для каталікоў, і для ўніятаў, і для праваслаўных, у чыім падпарадкаванні сёння і знаходзіцца храм.
Дзікушкі (у маладосці — Біікушкі) у XVI-XVII стагоддзях належалі Тышкевічам герба Ляліва, а тыя, нягледзячы на тое, што былі адной фаміліі, трымаліся розных рэлігійных пераваг: хтосьці быў перакананым праваслаўным, хтосьці — каталіком і праціўнікам уніі 1596 года, хтосьці, будучы праваслаўным, пераходзіў ва ўніяцтва дзеля выгады. Верагодна, усё гэта не магло не ўплываць і на мясцовы храм, упершыню згадваецца 1441 годам: тады драўляная бажніца ў Дзікушках была, мабыць, праваслаўнай.
Зрэшты, у крыніцах з праваслаўных сайтаў інфармацыя аб дзікушскіх канфесійных перыпетыях досыць нявызначаная: недзе кажуць, што «царква гвалтоўна перайшла да прыхільнікаў Уніі і заставалася ў іх амаль 100 гадоў”. Недзе напісана, што «ў гады Уніі храм быў захоплены ўніятамі, а пасля вяртання ўніятаў ва ўлонне Праваслаўнай Царквы ў 1839 годзе касцёл становіцца праваслаўным”, — а гэта 243 гады ўніяцтва. Так што не зусім зразумела, каму і чаму верыць. Затое дакладна вядома, што каменны храм, які дайшоў да нас, пабудаваны ў 1840 годзе Рафаілам Грабоўскім, які набыў фальварак Дзікушкі разам з 26 жыхарамі.
Кажуць, скасаванню Уніі папярэднічалі інтрыгі і рэпрэсіі, «уз’яднанне» цэркваў было прымусовым, а грэка-каталіцкі мітрапаліт Язафат Булгак, які быў апошнім каменем спатыкнення на шляху аб’яднання, наогул трагічна памёр за год да сабора. Ягоны сваяк, вядомы фатограф Ян Булгак, пісаў, што, стаміўшыся маліць мітрапаліта прыняць схізму і аб’яднаць царквы, цар Мікалай папросту ўдарыў 79-гадовага біскупа. У 1839 годзе Полацкі сабор адмяніў Унію і прыняў уніятаў «ва ўлонне Праваслаўнай Царквы» разам з усёй іх маёмасцю, а служыць у новую Пераяўленскую царкву ў Дзікушках прызначылі Ёсіфа Сямашку — бацьку асноўнага ініцыятара «ўз’яднання»: таксама Ёсіфа і таксама Сямашкі. Былога ўніята, будучага русіфікатара.
Ёсіф Сямашка ад Івана Хруцкага.
Панаспляталася ў гэтым храме нямала: па пэўных звестках, у 1833-1835 гадах ён наогул быў рымска-каталіцкім, у Першую сусветную разрабаваны, у міжваенны час вярнуўся да ўніятам, але, што цікава, не закрываўся з 1840 да 1961 года, пасля чаго святыню зноў разрабавалі — і зноў дасталася ўсім, асабліва мерцвякам, пахаваным у ягоных сценах. Сёння ж храм адноўлены (толькі крыж на званіцы пахінуўся), і на шыльдзе «Інфармацыя для вернікаў» можна знайсці час правядзення набажэнстваў.
Увогуле, усім міру і рэканструкцыі. Зачараваныя хітраспляценнямі барацьбы за сэрцы вернікаў, мы абмінулі ўвагай самае любімае — руіны сядзібы ў саміх Дзікушках. Што вельмі прыкра, бо яны вартыя ўвагі.
Халасты малады чалавек з прозвішчам Мінейка адхапіў маёнтак Грабоўскіх разам з усімі гаспадарчымі пабудовамі, збудаваў вялікі палац з калонамі, замовіў у Вільні, і, здавалася б, жыві-пажывай, але прыйшоў 1939 год, Другая сусветная, пакт Молатава-Рыбентропа і сакрэтны пратакол. Як красамоўна сказана паважаным гісторыкам у артыкуле, прысвечаным сядзібе, «у верасні 1939 года Мінейка сеў на матацыкл і з’ехаў у невядомым кірунку». Пасля вайны ў сядзібным доме была кантора саўгаса, затым клуб, пасля чаго палац маладога і халастога стаў ператварацца ў чарговага зомбі беларускай спадчыны.
Жалудок, зара, камунізм
Калі глянуць на Жалудок з космасу, то можна пераканацца, што гарадскі пасёлак з дзівоснай назвай сядзіць на барочным шкілеціку з вуліц, якія разбягаюцца з цэнтру промнямі — калісьці валадары гэтых зямель былі ў курсе горадабудаўнічых тэндэнцый XVIII стагоддзя. Да Цэнтральнага сквера — да плошчы, выгараджанай наборам будынкаў з храма, «Еўраопта» і «Беларусбанка» з шараговай забудовай, — сцякаюцца восі вуліц з стракатымі назвамі накшталт Чырвонапартызанская, 17 верасня ці 40 год БССР. Вакол гэтай плошчы мог быць арганізаваны ладны ансамбль, а на ёй самой цалкам магла б размясціцца якая-небудзь трыумфальная арка — калі б, вядома, апошнія гадоў сто ў Жалудку каму-небудзь была важная ансамблевасць у архітэктуры, ну ці які-небудзь трыумф заслугоўваў бы аркі. Але гэта з халоднага космасу лёгка ўяўляць высокае і іншае ракако, судзіць мінулае і разважаць пра зробленыя і нязробленыя зямныя справы. Іншая рэч — пражыць гэта ўсё (ды хоць бы XX стагоддзе) тут, у мястэчку гарадскога тыпу на Шчучыншчыне. Магчыма, тады царква з «Еўраоптам» і банкам здадуцца лепшым або адзіна магчымым ансамблем — разам з Домам культуры ў будынку былой сінагогі. Жалудок — былы штэтл: да 1942 года габрэйскае насельніцтва складала 70% яго жыхароў.
Жалудок
Але не будзем нагнятаць, а павернем на вуліцу Камуністычную, каб дабрацца да галоўнай славутасці г.п. — палацава-паркавага комплексу Святаполк-Чацвярцінскіх. Дарэчы, наконт назваў: кажуць, што населены пункт празвалі так ці то ў гонар жолуда, якога стае ў наваколлі, ці то ў гонар уладальніка, бо прозвішчы расліннага паходжання накшталт Сасна, Бурак, Грыб або Канапелька былі на тэрыторыі Шчучынскага павета з’явай распаўсюджанай. Усё весялей, чым «40 гадоў БССР».
Да таго ж гісторыя гэтых мясцін старажытнейшая. Ужо у 1385 годзе шпіёны Тэўтонскага ордэна нашапталі аб Жалудку як аб сельскім уладанні князёў ВКЛ і такім чынам нанеслі яго на карту гісторыі, хоць у інтэрнэце можна сустрэць здагадкі і пра тое, што Жалудок — ці не найстарэйшае населенае месца ў Беларусі, бо ў Першую сусветную тут на агародзе знайшлі скарб з рымскімі манетамі II стагоддзя нашай эры. Ні рымлян, ні скарбу, ні нават тых, хто яго знайшоў, ужо няма ў жывых, таму давядзецца давяраць інфармацыі з агарода адкрытых крыніц.
Сажалка «Зара камунізму» (былое возера Калгаснае) побач з палацава-паркавым комплексам
З моманту з’яўлення ў хроніках Жалудок падбівалі туды-сюды, як прыдарожны жолуд: то здавалі ў арэнду як вялікакняскія землі, то дарылі беглым з Масковіі сакольнічым, то аддавалі Сапегам у якасці кампенсацыі, пакуль у 1680 годзе вялізны шляхецкі маёнтак пад назвай «Жалудоцкі ключ» не дастаўся Казіміру Францкевічу-Радзімінскаму. Мазавецкі шляхціц адхапіў адно з найбуйнейшых землеўладанняў на берагах Нёмана, заснаваў у Жалудку касцёл і кляштар і, мабыць, вывеў гаспадарку на вельмі нядрэнны ўзровень, раз падчас Паўночнай вайны сам кароль Швецыі Карл XII вырашыў размясціць тут сваю стаўку. Як бы там ні было, перамагчы ў вайне яму гэта не дапамагло.
Хіба што самая старая з пабудоў на тэрыторыі комплексу, але не настолькі, каб у ёй мог спыняцца Карл XII.
І тут прыйшлі Тызенгаўзы. Дакладней, так: яны прыплылі ў Рыгу яшчэ на мяжы XII-XIII стагоддзяў і ў складзе Брацтва воінаў Хрыста пачалі сеяць добрае і вечнае цёмным народам Лівоніі — з дапамогай агню і мяча, як і належыць духоўным рыцарам. Па сканчэнні пары доўгіх стагоддзяў Лівонія разам са старажытным нямецкім родам Тызенгаўзаў апынулася ў складзе ВКЛ, і прадстаўнікі роду пачалі займаць розныя дзяржаўныя пасады, а зрадніўшыся праз шлюб у сярэдзіне XVII стагоддзя з Сапегамі, трывала замацаваліся ў гісторыі ВКЛ. Актыўныя нашчадкі нямецкіх рыцараў выяўлялі сябе і як кіраўнікі, і як дарадцы, як генералы і як навукоўцы, як сенатары і маршалкі, так што кажуць, што з 1658 гады без іх не абыходзіўся ні адзін сойм Рэчы Паспалітай. А з пачатку XVIII і да сярэдзіны XIX стагоддзя выбітная фамілія песціла сваёй увагай і наш дарагі Жалудок.
Рэч у тым, што дачка вышэйзгаданага Казіміра Францкевіча-Радзімінскага выйшла замуж за аднаго з Тызенгаўзаў — пісара ВКЛ Міхаіла, а той узяў дый выкупіў за кругленькую суму талераў палову радавога маёнтка. Сын яго выкупіў другую палову і завяшчаў цэленькі Жалудок свайму сыну — Антонію.
Антоні Тызенгаўз (J. Rustem, 1819).
Антоні Тызенгаўз — напэўна, адзін з самых вядомых Тызенгаўзаў у гісторыі Рэчы Паспалітай. З 1765 па 1780 год ён служыў дзяржаве міністрам фінансаў (літоўскім надворным падскарбіем) і праяўляў сябе як нястомны рэфарматар, бойка спрабуючы ператварыць «літоўскія пушчы» ў «квітнеючую Галандыю»: робячы стаўку на прамысловасць, засноўваў фабрыкі і мануфактуры, павялічваў ураджайнасць і аб’ёмы жывёлагадоўлі (праўда, за кошт дабрабыту сялян), назапрашаў замежных спецыялістаў, каб навучаць сялянскіх дзяцей перадавым навукам (праўда, часта прымусова), і спачатку атрымаў падтрымку ўсіх прагрэсіўных людзей каралеўства. З 1770 па 1780 год працаваў гарадзенскім старастам і рабіў усё, каб ператварыць Гродна ў еўрапейскі суперсіці: адкрываў культурныя і вытворчыя хабы, тэатры і музычныя капэлы і нават заклаў батанічны сад. Але, здаецца, быў не толькі захопленым і таленавітым, але і залішне рэзкім ў метадах: не лічыўся ні з кім і ні з чым. Антоні не шкадаваў не толькі сялян, забіраючы ў іх дзяцей або змушаючы да цяжкай працы на карысць квітнеючай Галандыі, — Антоні замахваўся нават на маёмасць і правы іншых магнатаў, а землі даўжнікоў кароны далучаў да каралеўскіх уладанняў сілай. Кажуць, для гэтага ў яго была ўласная гвардыя з «паўдзікіх баснійцаў». Вось табе і квітнеючая гарадзенская эканомія, вось табе і рэфарматар Антось!
На паштоўцы і Антоні, і яго гарадзенскія поспехі выглядаюць максімальна паважна.
Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі не толькі любіў атрымліваць грошыкі ў скарб, але і вадзіў дружбу з Антоніем Тызенгаўзам са студэнцкай маладосці, таму доўга закрываў вочы на яго працоўныя метады. Разам з тым зацятага рэфарматара зненавідзела ўсё каралеўства, культурнае мецэнацтва не ратавала яго ад правалаў у спехам пабудаванай эканоміцы, і супраць падскарбія паўстала змова. У выніку ў 1780 годзе яго адправілі ў адстаўку і нават судзілі.
Мы судзіць Тызенгаўза не будзем, а палюбуемся месцам, дзе ён напэўна бавіў хаця б крыху свайго каштоўнага часу. Дакладных звестак няма, але, як аматар што-небудзь распланаваць і пабудаваць, хутчэй за ўсё, менавіта ён і заклаў усю гэтую палацава-паркавую прыгажосць за кіламетр ад цэнтра мястэчка. Паклаў пачатак ансамблю на беразе цяперашняга возера Калгаснага.
Замачак Тызенгаўзаў сёння і ўчора.
Антоні памёр бяздзетным, але Жалудок так і заставаўся ва ўладанні старажытнага нямецкага роду, прыжыўся на новай радзіме і верна ёй служыў: маёнткам кіравалі то шэф літоўскай гвардыі, то таленавіты палкоўнік і меламан. Тым не менш род згасаў, і апошняй з яго прадстаўнікоў, якія валодалі Жалудком, — ды і наогул апошняй з мясцовых Тызенгаўзаў — стала графіня Германцыя Тызенгаўз. Разам са сваім мужам Севярынам Урускім Германцыя пабудавала ў Жалудку новы касцёл — Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі, які стаў радавой пахавальняй Тызенгаўзаў.
Касцёл у Жалудку
Мінуўшы заключаныя ў XIX стагоддзі шлюбы і спадчынніц і спадчыннікаў, якія нарадзіліся ў выніку, разам з іх прыгодамі, мы нарэшце набліжаемся да апошніх шляхетных уладальнікаў Жалудка: Людовіка Рудольфа Чацвярцінскага (Святаполк-Чацвярцінскага) і Ружы Паўліне Зоф’і Радзівіл. Кажуць, першапачаткова яны пасяліліся ў палацыку — аднапавярховым жылым доме ў неагатычным стылі, пабудаваным яшчэ Антоніем Тызенгаўзам, але хутка зразумелі, што з такімі каранямі ды прозвішчамі варта пабудаваць сабе што-небудзь самавіцейшае. У выніку нашчадак Рурыкавічаў граф Чацвярцінскі выпісаў сабе ў Жалудок зорку архітэктуры таго часу Уладзіслава Марконі і ў 1908 годзе па ягоным праекце збудаваў нарэшце нармальны дом. Здаравенны палац у неабарочных формах, нягледзячы на два з паловай паверхі, здзіўляе сваёй манументальнасцю і грунтоўнасцю — быццам бы Чацвярцінскія чакалі да сябе ў госці як мінімум Людовіка XIV. З далёкіх крыніц у палац быў праведзены нават вадаправод, і з дапамогай помпаў вада падымалася ў рэзервуар пад дахам!
Палац ў 1917 годзе
Але ў госці прыехаў не кароль-сонца, а Першая сусветная вайна. Ні палац, ні парк яна не знішчыла, затое войскі, якія сноўдалі праз сядзібу Чацвярцінскіх, раз-пораз адскубнуць сабе што-небудзь на памяць. Інтэр’еры занядбаліся, убранне і мэбля зніклі, і вярнуліся ў маёнтак разам з польскай уладай гаспадары вырашылі не замарочвацца іх аднаўленнем. Большую частку года князь і княгіня праводзілі ў сваім палацы ў Варшаве, а Жалудок сталі выкарыстоўваць як летнюю рэзідэнцыю: жылі ў адной з афіцын — магчыма, у неагатычным замачку, збудаваным яшчэ Антоніем Тызенгаўзам. XX стагоддзе стартанула так ліха, што велічэзны рамантычны палац так і не паслужыў гаспадарам. Новы час, войны і рэвалюцыі ставілі крыж на пераемнасці, размеранасці і пампезнасці і рэкамендавалі быць сціплейшымі і мабільнейшымі. Каб раптам што — уцякаць, напрыклад.
Кабылка, на якой можна куды-небудзь бегчы, і карэтная ў 1936 годзе. Сёння карэтная без кабылкі і страшненькая
Тым не менш у міжваенны перыяд Людовік Чацвярцінскі працягнуў весці гаспадарку ў Жалудку. Дзякуючы талентам князя, які асабіста кіраваў усімі справамі, да 1939 года «Жалудоцкі ключ» і яго 16 500 гектараў уключалі ў сябе і бровар, і млын, і паравую пільню, і рачную прыстань на Нёмане, і дзве электрастанцыі, а таксама шпіталь на 40 ложкаў, чатыры школы і іншае (10 крам каланіяльных тавараў, 10 крам спажывецкіх тавараў, 1 тытунёвая крама, 3 рэстараны). Увогуле, было куды ўваходзіць Чырвонай арміі ў верасні 1939-га.
Палац Чацвярцінскіх (1918–1936 гг.).
Восенню 1939 года Чацвярцінскія трапляюць у турму НКУС, але тады, кажуць, за іх заступіўся сам кароль Італіі Віктар Эмануіл III і праз нямецкія ўлады вызваліў іх з рук бальшавікоў. Як бы там ні было, усё станавілася толькі горш. У 1941 годзе Людовік Святаполк-Чацвярцінскі робіцца вязнем Аўшвіца-Біркенаў, дзе і гіне. Войскі Трэцяга Рэйху спальваюць мястэчка, на адной з вуліцы ладзяць гета, а ў палацы — шпіталь, і Жалудок з незаменнай стратай перажывае Другую сусветную. Амаль усе габрэі мястэчка расстраляныя (гэта 70% насельніцтва), тыя, хто ўратаваўся і пайшоў у партызаны, з заканчэннем вайны не вяртаюцца. Жонка князя Ружа Радзівіл — напэўна, яе можна назваць апошняй шляхцянкай-уладальніцай маёнтка — памірае ў Бельгіі ў 1949-м.
Да нядаўняга часу хто і што толькі не валодала палацам і прылеглай тэрыторыяй: у 1960-я савецкія войскі СПА раскватаравалі ў палацы сваіх афіцэраў і наладзілі там клуб, а тэрыторыю абнеслі брутальным бетонным плотам. У 1980-я, па мясцовых легендах, у будынку выраблялі ваенную оптыку. У 1990-я палац перайшоў да Акадэміі навук, якой, мабыць, было не да палаца, затым — да завода гарачага цынкавання “Конус”, які, напэўна, можа абараніць ад карозіі і разбурэння метал, але не неабарочны палац. У выніку ўсё, што тут адбывалася на працягу двух і больш дзясяткаў гадоў на мяжы стагоддзяў, — павольнае паміранне помніка архітэктуры і кіназдымкі ў гэтых перадсмяротных дэкарацыях. Змрочнае барока лёсу.
Як толькі глушыць рухавік каля брамы комплексу, прыбягае сімпатычны блакітнавокі кот. Кажуць, ён асабліва востра адчувае вяселлі, якія прыязджаюць да палаца, бо яны шумныя і добра частуюць, але тут — расчараванне. За брамаю кідаецца агромністая аўчарка. Здаецца, яе ахоўныя навыкі змяшаны з маладосцю, цікаўнасцю і любоўю да жыцця, а заняты жабраваннем кот дык увогуле не звяртае на яе ўвагі. Сёння палацава-паркавы комплекс у Жалудку зноў у прыватным распараджэнні, і ўваход на тэрыторыю ажыццяўляецца за 4 рублі: і па патрабаванні, і ў светлы час сутак, і пад роспіс у журнале. Але яно таго варта, таму смела тэлефануйце па тэлефоне, напісаным на паперцы за шклом дагледжанай хаткі былога КПП. Былы КПП і брама — першыя адноўленыя аб’екты комплексу, і нават скрозь каваные вароты відаць, што тэрыторыя дагледжаная.
У 2014 годзе палац разам з 10 гектарамі зямлі выкупіла жанчына з Масквы — за суму прыкладна 90 тысяч даляраў. Да таго часу першапачатковы аўкцыённы кошт аб’екта ўпаў больш чым у тры разы, бо брацца за Жалудок ніхто не хацеў. Прафесійна займаючыся турыстычным бізнэсам не першы год і нават валодаючы гасцініцай у Рызе, Соф’я Гаўрылава азнаёмілася з сістэмай продажу аб’ектаў спадчыны ў Беларусі і ўжо прыглядалася да сядзібы Ястрамбель у Баранавіцкім раёне, але лёс склаўся інакш. Цяпер у яе ўласнасці палац Святаполк-Чацвярцінскіх.
Разам з палацам новая гаспадыня маёнтка атрымала і ўмову («уцягванне будынка ў гаспадарчы абарот цягам трох гадоў»), і ўзгадненне ўсіх прац з Міністэрствам культуры. Што б там ні значыла гэтае «ўцягванне ў абарот», на сённяшні дзень месца выдатна функцыянуе як турыстычны аб’ект: званок, 4 рублі, запіс у журнале — і вось вы на алеі шпацыруеце, папраўляючы пенснэ і пакрэкваючы, сядзіце нага на нагу на белай лаве насупраць порціка і ўспамінаеце былое, а пры належным шанцаванні нават прысутнічаеце пры кармленні бадзёрых аўчарак. Іх, дарэчы, дзве: адна ля ўваходу, іншая — ля палаца, і пасля заходу іх спускаюць з ланцуга. Так што светлы час сутак, званок, рублі, запіс.
Аўчарка і яе радыус дзеяння ў светлы час сутак.
Пакуль распрацоўваўся праект зон аховы, без якога не прыступіць да рамонту, новыя гаспадары палаца расчысцілі і акультурылі парк, вызвалілі памяшканні будынка ад хлуду і смецця ўнутры, правялі кансервацыйныя працы на даху будынка — цяпер там не растуць дрэвы і залатаныя дзіры. На жаль, пракуратура забараніла ўваход унутр будынка, спасылаючыся на яго аварыйнасць, але дзеля захаванасці таго, што засталося ад шматпакутных інтэр’ераў, такія меры цалкам дапушчальныя. На звілістую стогадовую лесвіцу можна зірнуць і праз шкло ўваходных дзвярэй.
Актыўнасць сям’і Гаўрылава па працы з палацам Святаполк-Чацвярцінскіх — і як з аб’ектам спадчыны, і як з турыстычнай славутасцю — абсалютна празрыстая і падрабязна апісаная на адмыслова створаным сайце. Праведзенай за чатыры гады працай і праўда можна ганарыцца. А так паколькі ўсе работы вядуцца на дабрачынныя сродкі, выратаванню спадчыны можна яшчэ і дапамагчы: хоць грашыма, хоць матэрыяламі, хоць ўласнымі ўмелымі рукамі.
Дарэчы, задоўга да ўгоды ў 2014 годзе спадчынніца шляхецкага роду — Ізабэла Чацвярцінская — прапаноўвала дапамогу ў аднаўленні палаца: у прыватнасці, дапамогу ў прыцягненні сродкаў ад Еўрасаюза. Здаецца, тады яе інтэнцыя так і засталася дзесьці ў ЕС, натыкнуўшыся альбо на непраходныя балоты бюракратыі, альбо на яшчэ нейкія межы. Але будзем спадзявацца, што новыя гаспадары не прамінуць скарыстацца дапамогай сваякоў былых уладальнікаў — па іх словах, узаемадзеяння са спадчынніцай Чацвярцінскіх яны не выключаюць. Да таго ж тая зусім не прэтэндуе на маленькі Жалудок. А ён клёвы.
Прамінуўшы Зару камунізму, якая суседнічае з захадам палацава-паркавага будаўніцтва і кінуўшы позірк на сімпатычныя гаспадарчыя пабудовы мінулага, можна нарэшце рушыць у пушчу — да Нёмана.
Ліпічанская пушча: выдмы міжрэчча
Сардэчна запрашаем у міжрэчча. Наш маршрут праходзіць праз Ліпічанскую пушчу транзітам, але нават гэты транзіт — санаторый для параненых душ, вачэй і розуму. Ні табе асабліва дамоў, ні збудаванняў (ну, акрамя мастоў), ні камунізму, ні капіталізму, ні ідэалогій: звернем з дарогі — і мінімум людзей, мінімум таго, на што яны здольныя. Высачэзныя хвоі прычэсваюць думкі, заліўныя дубровы закалыхваюць мітусню, пясчаныя абрывы абрываюцца жоўтым пясочкам — ну прама як зямныя пакуты.
Ліпічанская пушча — частка старажытнай сістэмы лясоў паміж Віслай і Нёманам. Да сённяшняга дня нямногія з гэтых лясоў засталіся ў адноснай некранутасці, і ландшафт, які фармуецца і ахоўваецца рэкамі Шчарай і Нёманам (а з нядаўняга часу і дзяржавай) — менавіта такі вось дзікі шчасліўчык. Гаспадарчая дзейнасць на тэрыторыі ландшафтнага заказніка, вядома, вядзецца, але лішайнікавыя бары і грабнякі, кляновік ды чорная алешына з такой жа чорнай бярозай застаюцца там, дзе і былі сотні, а то і тысячы гадоў. Тут жа застылі і параслі лесам старажытныя мацерыковыя выдмы — здаецца, у іх нават ёсць вельмі паэтычная назва «эаловыя пагоркі». Берагі звілістых рэк ператварыліся ў абрывістыя, стромкія тэрасы, а над пакінутымі вадой сярпамі старыц іншы раз праляціць чорны бусел.
Дадатковым заспакаяльным сродкам будзе раслінны свет (летам ён, вядома, гучнейшы). Ды што там — нават ад прачытання назваў Ліпічанскіх чырвонакніжнікаў становіцца цёпла: жывучка пірамідальная, зубянка клубняносная, пустапялёснік зялёны, шпажнік чарапіцавы, пальчатакарэннік майскі, баранец звычайны, касач сібірскі, чына льналістая і гэтак далей. Ці вось, скажам, жамяра: жужалі рашэцісты, бліскучы, шчыгрынавы і фіялетавы, вясновы гнаявік, мядзведзіца-гаспадыня, мохавы чмель. Як не ганарыцца такімі суседзямі і тым, што Ліпічанская пушча — іх рэгламентаваны прытулак! У лясах, якія раскінуліся на цэлыя тры раёны, атрымалі прытулак і віды млекакормячых пад пагрозай знікнення: напрыклад, барсук і арэшнікавая соня.
Чалавек, у адрозненне ад соні, здаецца, знікаць пакуль не збіраецца, але і для двухногага гаротнiка ў ландшафтным заказніку знойдзецца і стол, і дом. Ну, можа, не хата, але абсталяваная турыстычная стаянка. Для наведнікаў Ліпічанскае пушчы распрацаваны не толькі пешаходныя, але і веламаршруты, аматары сплаваў могуць смела сплаўляцца хоць па Нёмане, хоць па Шчары, забрацца на Лысую гару ці пашукаць востраў у форме сэрца, а адпачываць удзячныя наведнікі храма прыроды могуць на спецыяльных стаянках. Галоўнае — не чапаць шыракапалага рака: ён таксама ў Чырвонай кнізе.
На выпадак, калі пушча і яе 87% лесу — занадта складанае выпрабаванне, можна наведаць больш чалавечыя месцы: завітаць у партызанскую зямлянку-музей, пашукаць старую дзягцярню або Шчарскую крыніцу з купеллю — кажуць, вада ў ёй ацаляе.
Готыка ў Пясках
Пасля бясконцага лесу можна паглядзець і на пазачарговы шэдэўр культавай архітэктуры. У вёсцы Пескі, крыху ўбаку ад дарогі, захаваўся і жыве магутны прыклад мясцовай неаготыкі: пабудаваны ў 1918 годзе касцёл Маці Божай Ружанцовай. Над вытанчаным асноўным аб’ёмам з бутавага каменя ўзвышаецца абтынкаваная вежа званіцы са звонам са старога касцёла — папярэдніка цяперашняга.
Храм выглядае вельмі вытрымана, востра і бескампрамісна на фоне непрычасанага, эстэтычна разабранага наваколля. Жыццё вакол касцёла дазваляе сабе і колер, і некаторую неразборлівасць характару, неахайнасць. Вось пад яблынькай блішчыць дагледжаны аўтамабіль, вось пакасіўся плот, вось пенабетон, вось сілікатная цэгла, вось сіненькае, вось жоўценькае — прыгажосць. Куры з найбліжэйшага двара ў пошуках пажывы прасочваюцца ў двор касцёла, за імі носіцца вясёлы сабака, за кампаніяй прыходзіць жанчына і выганяе яе з прыхрамавай тэрыторыі, бо часам без строгасці не абысціся.
На велізарны драўляны млын мяжы XIX-XX стагоддзяў мы, на жаль, паглядзець ўжо не зможам. Па словах аднаго з жыхароў Ваўкавыску, знішчаны млын — вынік культурных рэпрэсій, калі людзей пазбаўляюць гісторыі і мінулага. Дадамо трохі густых цёмных фарбаў: для таго каб такія рэпрэсіі сталі магчымымі, нас спачатку доўга і пакутліва пазбаўлялі волі, затым унушалі бездапаможнасць, заражалі ніцавокасцю і прышчаплялі апатыю. Ну нічога: сябе яшчэ цалкам можна вярнуць, а вось гэты млын, ці там шкляны ВДНХ, або першую мінскую электрастанцыю — наўрад ці.
Рагозніца. Паўстанцы і калгас ім. Адама Міцкевіча
Няма чаго журыцца! Наперадзе яшчэ шмат дзівоснага.
Напрыклад, чароўна брутальны касцёл у Вялікай Рагозніцы (або Рагожніцы, як кажуць мясцовыя аксакалы). Раманская архітэктура для Беларусі — з’ява вельмі экзатычная, у адноснай чысціні стылю прадстаўленая толькі Камянецкай Вежай — непрыступным данжонам, у якім феадал мог адчуваць сябе ў бяспецы ў сваім Сярэднявеччы канца XIII стагоддзя. Касцёл жа Панны Марыі Каралевы ў Рагозніцы, пабудаваны на шэсць з паловай стагоддзяў пазней — у 1927 годзк, наўрад ці прадугледжваў фізічную абарону вернікаў, але сваёй строгасцю і аскетычнасцю, чысцінёй формаў і выкарыстаных матэрыялаў, а таксама асіметрычнай кампазіцыяй аб’ёмаў нагадвае нешта са змрочных казак пра Сярэднявечча, нешта родам з цёмных нарвежскіх лясоў. Страчаныя ў нетрах паміж скаламі і ф’ёрдамі каменныя кірхі, сярэднявечныя крэпасці — ну ці раманскую архітэктуру. Цікава: за геаметрычную яснасць яго адносяць і да канструктывізму, але фармулёўка “неараманскі стыль” усё ж такі здаецца больш дарэчнай.
Хаця, мяркуючы па малюнку 1920–1930 гадоў, відаць, што вежа была з плоскім дахам, а такое практыкавалі менавіта канструктывісты
Але што нам вызначэнні. Галоўнае — касцёл у Рагозніцы ўражвае і выглядае экзатычна не толькі на фоне вёскі, але і ў кантэксце гэтага багатага на цуды рэгіёну Гарадзеншчыны. Паслужыў і вернікам, і нашаму воку, і нашай ненасытнай свінні-скарбонцы архітэктурнай спадчыны каталік і арыстакрат Оскар Мейштовіч. Ён валодаў тутэйшымі землямі з пачатку XX стагоддзя і да 1939 года, і першае буйное прадпрыемства Мастоўшчыны — Рагозніцкі крухмальны завод, які працуе і па гэты дзень, — больш за сотню гадоў таму заклаў таксама ён. У верасні 1939 года Мейштовіч быў расстраляны бальшавікамі.
Сям’я Мейштовічаў дала свету не толькі крухмальны завод з храмам, але і шасцярых дзяцей, сярод якіх, напрыклад, Ян Мейштовіч — аўтар серыі гістарычных кніг. А, скажам, сястра Яна, Марыя, выйшла замуж за Ксаверыя Прушыньскага, які зрабіўся крутым рэпарцёрам, пісьменнікам і дыпламатам. Мяркуючы па кароткай біяграфіі, Ксаверы быў жорсткім крытыкам польскага міжваеннага ўрада і прыхільнікам мультыкультуралізму, аб’ехаў журналістам усе гарачыя кропкі міжваеннай і пасляваеннай Еўропы, у вайну ваяваў у шэрагах польскага войска ў Заходняй Еўропе, а пасля вывеў рэпартажны жанр на новы ўзровень. Дык вось, кажуць, што актыўна працаваць над сваім пісьменніцкім талентам ён пачынаў менавіта тут — у Рагозніцы, дзе закаханыя злучылі сэрцы. А вось і фоткі з вяселля.
За спінай у сумленнай кампаніі з фотаздымка — упрыгожаны порцік палаца, якім можна палюбавацца і сёння. Зараз злева ад калон карынфскага ордара тырчыць флагшток з чамусьці чырвоным сцягам, але шыльда на флагштоку тлумачыць, што гэта ні што іншае, як сцяг працоўнай славы, які «ўзняты ў гонар». Аказваецца, тэрыторыя сядзібы разам з пабудовамі належала спярша — вы толькі паслухайце, як прыгожа, — калгасу імя Адама Міцкевіча, а цяпер — аднайменнага СВК. У самім жа будынку размясцілася яго адміністрацыя. Мабыць, дзякуючы гэтай сваёй карыснасці палац выдатна захаваўся, бо ж дзядку больш за дзвесце гадоў, і на адным з франтонаў можна знайсці сціпла выведзены год пабудовы — «1791». Карыснасць — часты сакрэт даўгалецця.
Палац у Рагозніцы. Карціна сваячкі Прушыньскіх Марыі Ротванд
Што ж, занурымся глыбей у мінулае Рагозніцы. Кажуць, што яно наогул каралеўскае і ў далёкім XVI стагоддзі гэтай зямелькаю валодала сама каралева Бона Сфорца — жонка Жыгімонта I Старога, якая ўварвалася ў суворыя культурныя ландшафты ўсходняй Еўропы з асветніцкага Мілана і навучыла ўсё каралеўства есці відэльцамі. У адной з легендаў гаворыцца, што, калі каралева была тут праездам, мясцовыя жыхары падаравалі ёй найпрыгажэйшае покрыва з мясцовай травы рагозу — рагожу. А травы гэтай вакол расло так шмат, што хапіла на цэлы тапонім.
Але палац тут пабудавала зусім не Бона Сфорца, а Антоні Сухадольскі герба Слепаўрон — кашталян смаленскі і мерацкі, скарбнік літоўскі, гарадзенскі ваявода і паплечнік згаданага вышэй рэфарматара-верхаводы Антонія Тызенгаўза. У канцы XVIII стагоддзя актыўны шляхціц узвёў у Рагозніцы радавую сядзібу ў модных на той час формах класіцызму з ледзь прыкметнымі барочнымі адгалоскамі. Зрабіў ён гэта якраз напярэдадні Другога і Трэцяга раздзелаў (ці, як гэта гучыць у польскай мове, «разбораў»), таму выдыхнуць і спакойна сустрэць пенсію Сухадольскаму-старэйшаму не ўдалося — паўстанне, хваляванні, знікненне польска-літоўскай дзяржавы.
Род Антонія прадоўжыўся суцэльнымі патрыётамі і паўстанцамі, так што было не да сядзібы: ягоны сын Ян браў удзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі, а ўнукі змагаліся з Расіяй за незалежную Рэч Паспалітую ў паўстанні 1830-1831 гадоў. У выніку адзін з іх — паэт Райнольд — загінуў, другі — Валенты — збег у Францыю і памёр у галечы, трэці — Яцэк — вярнуўся з палону вар’ятам, і толькі самы старэйшы — афіцэр і мастак-самавук Януар Сухадольскі — здаецца, пражыў досыць шчаслівае жыццё. Пасля паўстання ён эміграваў у Рым і працягнуў вучыцца і развівацца як жывапісец, а з амністыяй вярнуўся на радзіму (праўда, ужо бліжэй да Варшавы, а не ў радавое гняздо), каб і далей пісаць свае карціны батальнага жанру.
Дарэчы, талент Януара высока цаніў ніхто іншы, як Усерасійскі імператар Мікалай I: існуе легенда, што, убачыўшы яго працу (яшчэ да паўстання), ён падарыў мастаку сваю імператарскую табакерку, а той спусціў падарунак на патрэбы паўстанцаў. А калі пасля амністыі Мікалай I прыняў яго ў Імператарскую акадэмію мастацтваў і заказваў у яго карціны, Сухадольскі адмовіўся пісаць здушэнне паўстання 1830-1831 гадоў. Сын Януара і праўнук Антонія Сухадольскага — Эдвард — працягнуў патрыятычную лінію продкаў: таксама стаў мастаком і бунтаром і таксама пацярпеў за ідэі — толькі ўжо ў выніку наступнага паўстання. Вось такая сямейка.
Невядома, калі менавіта Cухадольскія пакінулі маёнтак, але кажуць, што і наступны ўладальнік Рагозніцы — Шабанскі — ваяваў за незалежнасць: зусім побач з вёскай адбылася бітва паўстанцаў 1863 года з казакамі, у якой ён і загінуў. А капліцу святога Губерта — пабудову XVIII стагоддзя, каля якой таемна збіраліся паўстанцы, — спалілі на загад Мураўёва.
Цяпер у паветры Рагозніцы, здаецца, мінімум жарсцяў — мірнае, павольнае месца са сваімі аграрадасцямі і аграпраблемамі імя Адама Міцкевіча. Але нешта, што натхняе на барацьбу, тут відавочна пралітае і распушчанае: вунь нават сын Ксаверыя Прушынскага Аляксандр пакінуў і Канаду, і Польшчу, чыім грамадзянінам з’яўляецца, і прыехаў у Беларусь: ён тройчы спрабаваў змагацца за прэзідэнцкую пасаду на беларускіх выбарах. Праўда, не змог зарэгістравацца.
Масты Правыя, Левыя, падвесныя
Нягледзячы на тое што гарады і людзей мы па магчымасці аб’язджаем, у такую дзіўную агламерацыю, як Масты, нельга не заехаць. Мастоў тры: Масты, Масты Правыя і Масты Левыя, і ўсе яны размешчаны на беразе сівога бацькі Нёмана. Праўда, назву сваю, на думку гісторыкаў, яны атрымалі зусім не дзякуючы віядукам праз Нёман: у XV стагоддзі, калі мястэчка ўпершыню згадвалася ў Літоўскай метрыцы, мастоў праз гэтую магутную раку тут зусім не было. Затое ландшафт мясцовасці — пагоркі, якія змяняюцца поймамі з ручаямі і забалочанымі землямі — абавязваў нашых продкаў паклапаціцца збудаваннем архаічных масткоў, мастоў і маставых праз балоты і ручаі — насцілаў з бярвення і брусоў, якія рабілі гэтыя месцы праходнымі. Гэтага дабра тут было, мабыць, не менш, чым рагозу ў Рагозніцы, так што доўга думаць над назвай паселішча нашым продкам не выпадала. Масты і Масты. Ніякай табе ідэалогіі, ніякай табе Зары камунізму альбо Полымя феадалізму — просценька і з густам. А галоўнае — шчыра.
Пачыналася ўсё з Мастоў Правых і Левых — невялікіх паселішчаў па абодва берагі Нёмана. Скрыжаванне гандлёвых шляхоў і дарог на Вільню, Мінск і Гродна развівалася як цалкам тыповае мястэчка — толькі што адна з дарог была ракой, па якой у Прусію сплаўлялі лес і зерне, а назад цягнулі асначы селядзец ды руду з віном. Абодва берагі з XVII стагоддзя звязваў паром, на абодвух берагах дзейнічалі рынкі, круціўся вадзяны млын, у лесе вяліся лесараспрацоўкі — усё як звычайна, за выключэннем ліманаднага прадпрыемства. Так! Мяркуючы па «дасье» гарады, у Мастах ужо ў XIX стагоддзі насалоджваліся ўласнай вытворчасці ліманадам. Але ў XX стагоддзі ўсё змянілася: Расійская імперыя знікла, Рыжскі мір адпілаваў палову цяперашняй Беларусі разам з усімі мастамі Польскай Рэспубліцы, і дзякуючы бязлітаснаму капіталізму міжваеннай Польшчы на беразе Нёмана пасялілася вытворчасць ледзьве не сусветнага значэння. Услед за якім з’явіліся трэція Масты — цяперашні райцэнтр — і два масты праз раку.
А ўсё дзякуючы «Мастоўдрэву» — былому заводу «Копак». Два браты — Ігнат і Вацлаў Канапацкія — адвучыліся ў Амерыцы і купілі ў 1920-х гадах у Швейцарыі патэнт на выраб водаўстойлівай фанеры, пасля чаго адкрылі прадпрыемствы спачатку ў Пінску, а затым, у 1927 году, у Мастах. Пачаўшы будоўлю вясной, ужо восенню яны кубамі выдавалі сыраклееную фанеру, а да канца 1928-га прадавалі па 50 вагонаў на дзень. Напэўна яшчэ і эканомілі на лозунгах пра пяцігодкі!
Купіўшы новы швейцарскі патэнт для склейвання фанеры насуха, яны пачалі рабіць з беларускіх бярозак авіяцыйную фанеру і пастаўляць яе з Мастоў і ў Заходнюю Еўропу, і ў Паўднёвую Амерыку, і нават на Цэйлон ды ў Сінгапур. Вытворчасць расла, а разам з ёй раслі Масты фабрычныя — населены пункт з бясплатнай школай, лякарняй, тэлефонным вузлом і электрастанцыяй. Недалёка ад фабрыкі браты заклалі сад і марылі пабудаваць мост праз Нёман — ці то, каб зручней было вывозіць фанеру, ці то таму што “ну што гэта за Масты без мастоў”.
У 1931-м на фабрыцы працавала ўжо 400 чалавек, у 1933-м там была найбуйнейшая на той час забастоўка на Гарадзеншчыне, у 1937 годзе завод згарэў, але тут жа, у 1938-м, адноўлены. Мяркуючы па ўсім, Канапацкія былі такімі актыўнымі, што нават паспелі пабудаваць мост — сталёвы кляпаны гігант перакінуты праз Нёман у Мастах Правых. Але восень 1939 года для многіх актыўных людзей тут стала фатальнай. Па сучасных публікацыях у мясцовых медыя заўважна, што пісаць пра лёс заснавальнікаў «Мастоўдрэва» не вельмі прынята, але мы не прамінём лішні раз нагадаць пра тое, што «вызваленне Заходняй Беларусі» было проста чарговай каланізацыяй «гаротнай зямелькi» са сваімі наступствамі. Так, з прыходам бальшавікоў у 1939-м старэйшы брат Ігнат збег у Вільню, затым у акупаваную Польшчу, дзе ў 1943 годзе быў арыштаваны за пастаўкі фанеры ў Нямеччыну, якіх ніколі не было, у 1953-м рэабілітаваны, працаваў на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве, у 1957-м памёр. Малодшы, Вацлаў, не ўцёк, таму быў адразу ж арыштаваны. Але, адціснуўшы прадпрыемства, бальшавікі не адціснулі сакрэт склейвання фанеры і таму былі вымушаныя пакінуць Канапацкага пры заводзе. Той — мабыць, выдаўшы сакрэт, — спрабаваў уцячы, але быў сасланы на Волгу, адкуль збег спачатку ў Іран, а затым у Аўстралію, дзе і памёр у 1950 годзе. Масты ж дзякуючы свайму галоўнаму прадпрыемству працягнулі жыць і развівацца.
Але не будзем сумаваць, а лепш самі працягнем жыць і развівацца і заадно прагуляемся па самым доўгім у Беларусі падвесным мосце. Галоўная славутасць Мастоў — пешаходны мост праз Нёман — таксама наўпрост звязаны з фанерным заводам, толькі з яго новай, пасляваеннай гісторыяй. У 1972 годзе генеральны дырэктар «Мастоўдрэва» і ўраджэнец горада мастоў Архангельска Яўген Радкевіч і інжынеры прадпрыемства распрацавалі канструкцыю падвеснага цуду даўжынёй большай за 193 метры і далікатна звязалі правы і левы бераг Нёмана на радасць мастаўчанаў і жыхароў наваколля. Кажуць, што мост збіралі на лёдзе і з лёду ўздымалі ў паветра, фіксуючы на мачтах. Як бы там ні было, відаць, што стваральнікі інжынернага збудавання пастараліся. Цікава, што да рэканструкцыі мост разгойдваўся, чым дарыў тым, хто па ім прагульваўся, незабыўныя ўражанні, але ў сярэдзіне 1990-х быў зафіксаваны дадатковымі тросамі і набыў, так бы мовіць, стабільнасць. А яшчэ на другім баку ракі чалавек трапляе зусім не ў працяг горада, а ў лясны масіў і працяг Ліпічанскай пушчы. Агонь!
Што ж, тырчэць на мосце ў Мастах можна бясконца, бо куды ні паглядзіш з яго — Нёман, што коціць у Балтыку, робіць выкшталцоны паварот, за якім нічога не відаць, і можна толькі здагадвацца, што там прыгатавала табе жыццё. Ну а што яшчэ цікава пра Масты, дык гэта тое, што тут не толькі самы доўгі падвесны мост, але і самы кароткі ў Беларусі праспект — праспект Юнацтва даўжынёй з паўкіламетра. А што — сумленна.
У Мастах Правых можна палюбавацца масіўным даваенным мостам, які змяніў паромы, што поўзалі па Нёмане з XVII стагоддзя. Збудаванне выглядае трохі дыспрапарцыйным трафіку і свайму вясковаму атачэнню — велічная і сур’ёзная канструкцыя з трох секцый-арак нагадвае пра індустрыялізацыю і размах інжынернай думкі міжваеннага перыяду, якія абрынуліся на пастаралі тагачаснай Мастоўшчыны з яе бярвеністымі масточкамі і чаўнамі.
А яшчэ крыху ўбаку ад моста, на абрывістым беразе, адбываецца дзіўная трансфармацыя, калі не мутацыя. Там старажытная сядзіба Азнабішыных ператвараецца ў праваслаўны храм з зіхоткай цыбулькай.
Як піша ў сваіх “Успамінах” адзін з самых вядомых прадстаўнікоў роду Аляксей Аляксандравіч, Азнабішыны — карэнныя тамбоўскія дваране, якія набылі маёнтак Масты ў 1871 годзе і заставаліся на Гарадзеншчыне да самага паходу бальшавікоў на Варшаву ў 1920-м. Трэба прызнаць, што мемуары Аляксея Аляксандравіча — правадыра гарадзенскага дваранства, члена IV Дзяржаўнай думы і гарадзенскага віцэ-губернатара, — вартыя адмысловай увагі. Не толькі таму, што ўтрымліваюць у сабе нямала цікавых звестак пра лад жыцця і справы ў гэтых шыротах у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя, але і таму што напісаны яны так, быццам нехта добры вязе цябе на чоўне супраць плыні часу, напяваючы ціхую калыханку цэлай эпосе.
Вось для затравачкі закалыхвальны пачатак выдадзеных у Парыжы мемуараў, дзе ёсць і пра Правыя Масты, і пра сядзібу.
«Я нарадзіўся ў 1869 годзе. Памятаць сябе пачаў дзесяцігадовым хлопчыкам, што жыве з бацькамі ў маёнтку Масты Гродзенскага павета, у старым доме, пабудаваным на правым, высокім беразе ракі Нёмана. Згодна з паданнем, у доме пераначавала каралева Бона, а ў склепе была таемна пахавана адна з ранейшых уладальніц маёнтка Масты пані Кіркілава. Ніякіх прыкмет гэтых падзей мною выяўлена не было, калі не лічыць ўсялякіх адгаворак служак наведваць склеп пасля заходу сонца.
Доўгі аднапавярховы дом складаўся з шаснаццаці пакояў; амаль усе прахадныя, з вялізнымі кафлянымі печамі, двума бальконамі, адкуль адкрываўся цудоўны від на Нёман: удалечыні лугі, пакрытыя тыповымі для Беларусі рэдкімі, каравымі, старымі дубамі; насупраць — мястэчка Масты, размешчанае па абодвух берагах Нёмана, направа — паром, налева — драўляны стары касцёл, дзве сінагогі, адна на левым беразе, іншая на правым, у канцы нашага саду, куды выходзіла задняй сцяной.
<….>
Паміж панскім домам і мястэчкам быў фруктовы сад, у ім шмат велічэзных, старых грушавых дрэў; сярод іх знакамітая, цяпер зніклая “Сапежанка”, яшчэ “Буракоўка”, чырвоная, як бурак, і “Смалярка” з пахам смалы. Глеба была пясчаная, і таму ўсе намаганні бацькі завесці больш сучасныя гатункі грушаў і яблыкаў былі няўдалыя, затое дрэвы вышэйназваных гатункаў былі велічэзныя. Памятаю, як з адной такой “Смаляркі” брат Саша зваліўся і страціў прытомнасць. Дзіўны быў гук ад удару яго цела аб зямлю. Калі яго прынеслі дадому, ён усё енчыў: “Ой, спіна, спіна”. Я горка плакаў. З месяц яму давялося праляжаць; на ўсё жыццё застаўся як бы злёгку сагнутым у плячы».
А вось і сам аўтар. Цікава, што, мяркуючы па ўспамінах Аляксея аб сваёй юрыдычнай практыцы, у грамадзян ўжо тады былі праблемы з гарадавымі: «… З крымінальных большасць спраў складалі паліцэйскія пратаколы аб неасцярожнай яздзе, абразе гарадавых, прыватныя абвінавачванні ў крыўдзе, у паклёпе…»
Але, калі ласка, пацікаўцеся гэтым ўсім самі — не пашкадуеце.
Кажуць, што Аляксей Аляксандравіч Азнабішын мог бы ў складзе ўрадавай дэлегацыі БНР ехаць дамагацца прызнання незалежнасці Беларусі на Парыжскай мірнай канферэнцыі, бо меў для гэтага дастаткова сродкаў. Але, мабыць, не паехаў і наогул палічыў за лепшае эміграцыю. Яго старэйшы брат — апошні з Азнабішыных, хто заставаўся ў Мастах, — загінуў, трапіўшы ў рукі бальшавікоў у 1920-м.
Сядзіба да сённяшняй перабудовы.
Сёння грушы «Сапежанка» і «Смалярка», здаецца, шукаць бессэнсоўна — на месцы сада пустка. Плот, якім абгароджана былая сядзіба, пакуль што можна абысці і наблізіцца да бледна-бірузовага благачыння пад металадахоўкай. Сядзіба ўжо пабывала Правамастоўскай школай-інтэрнатам, а цяпер аддадзеная дому састарэлых, пры якім і плануецца адкрыццё праваслаўнага цэнтра ў былым дваранскім доме. Наўрад ці можна назваць тое, што адбываецца з будынкам рэстаўрацыяй, але тут пытанне рытарычнае: радавацца таму, што будынак захаваецца хоць у нейкім выглядзе, ці сумаваць, што ў галіне працы з спадчынай у Беларусі часцей за ўсё пакуль што ўсё праз дупу.
Ну ды не будзем нагнятаць. Як і належыць рускаму дваранству, род Азнабішыных быў, вядома ж, праваслаўнай веры, і нават цікава, як бы паглядзеў на такую змену тыпалогіі будынка хто-небудзь з былых уладальнікаў. Можа, і благаславіў бы разам з новенькімі пластыкавымі вокнамі.
Ражанка. Пац, Пац і царква-сінагога
Што ж, а мы пачнём закругляцца і па дарозе да Шчучына адновім настрой яшчэ адным незвычайным і выдатна захаваным, нягледзячы на шаноўны ўзрост, храмам. Урачыстым і святочным, нягледзячы на могілкі, на ўскрайку якіх ён стаіць, як бы верхаводзячы ансамблем з тысяч пахаваных, тысяч памятных камянёў і надмагілляў. Але найперш як людзі, якія трэніруюць псіхіку і пашыраюць кругагляд, усё ж зірнём на яшчэ адну дзівосную мутацыю — сінагогу, пераўтвораную ў праваслаўную царкву.
Халакост не абмінуў і Ражанка, дзе, як і на ўсіх акупаваных тэрыторыях ў 1942 годзе, рэалізоўвалася «Канчатковае рашэнне». Амаль усе габрэі Шчучынскага раёна да 1944 году былі знішчаны. Пасля вайны ў будынку сінагогі размясціўся клуб, а пасля заканчэння савецкай эпохі і вяртання святынь вернікам у сінагогу ўжо не было каму вяртацца. На мяжы XX і XXI стагоддзяў пасля істотнай перабудовы ў былым цэнтры рэлігійнага жыцця габрэяў пасялілася царква св. Мікалая.
Галоўная каталіцкая святыня Ражанкі такіх магутных трансфармацый не перажывала і як была асвечана ў 1674 годзе ў імя Пятра і Паўла, так і стаіць дагэтуль. Праўда, ёсць здагадкі, што першапачаткова храм быў кальвінісцкім і быў пабудаваны пры пратэстанце Мікалаю Пацу ў канцы XVI стагоддзя. У польскіх крыніцах адзначаецца, што храм быў узведзены яшчэ да спусташальнае трынаццацігадовае вайны, падчас якой святыню абрабавалі, а святара забілі. Так ці інакш, уплывовы магнацкі род Пацаў запраўляў Ражанкай яшчэ з пачатку XVI стагоддзя, таму меў права будаваць і перабудоўваць што заўгодна і ў што заманецца. Вось Міхаіл Казімір Пац — сам вялікі гетман літоўскі — і паклапаціўся аб тым, каб пасля «Патопу» ў Ражанцы расчыніў свае дзверы каталіцкі храм.
Касцёл Пятра і Паўла на малюнку Напалеона Орды і сёння.
Юзаф Пац, які валодаў Ражанкай у XVIII стагоддзі, пайшоў далей: запрасіў італьянца Спампані і пабудаваў тут яшчэ і багатую сядзібу з шыкоўным паркам, каб не сорамна было збіраць хоць усю знаць Рэчы Паспалітай разам з каралём. Але, як мы ведаем, у канцы XVIII стагоддзя Рэч Паспалітая — высілкамі Расіі, Прусіі і Аўстрыі, ды і стараннямі многіх шляхцічаў, якія прасілі Кацярыну II увесці войскі (нешта ўся гэтая гісторыя нагадвае), — перастала існаваць. Ні паўстанне Касцюшкі, ні ўдзел у ім Юзафа Паца нічога не змянілі, і бяздзетны магнат адпісаў ужо ўключаны ў Расійскую імперыю маёнтак свайму далёкаму сваяку Людвіку, які нарадзіўся ў самым Страсбургу. Вось ужо дзе no border быў у багаценькіх.
Палац Пацаў у Ражанцы (фота пачатку XX стагоддзя).
Людвік таксама не быў фанатам Расіі. Адукацыю атрымліваў у Англіі і Францыі, ваяваў за Напалеона і нават быў яго генерал-ад’ютантам у паходзе на Маскву, але, скончыўшы са справамі ваеннымі, асеў зусім не ў Страсбургу, а ў самой што ні на ёсць Ражанцы і зажыў сабе спакойным магнацкім жыццём. Пабудаваў бровар, палатняную мануфактуру, крухмальню і заняўся мадэрнізацыяй сельскай гаспадаркі — як чалавек, які пабачыў у гэтай справе заморскія поспехі.
Дарэчы, на надмагіллях цёзак можна сустрэць і рускае, і польскае напісанне аднаго і таго ж прозвішча — мабыць, у залежнасці ад пажаданняў сваякоў.
Перабудаваў і рэканструяваў ён і касцёл, які да таго часу прыйшоў у заняпад. Шчыт галоўнага фасада, а разам з ім, верагодна, і вежа абавязаны сваім з’яўленнем менавіта Людвіку Пацу і запрошанаму ім польска-італьянскаму архітэктару Генрыху Марконі. Кажуць, дзякуючы іх намаганням тут, у Ражанцы, ў 1827 годзе з’явіўся першы прыклад неагатычнай архітэктуры на тэрыторыі Беларусі. А яшчэ кажуць, што падчас гэтай рэканструкцыі быў выкарыстаны авангардны на той час матэрыял — портландцэмент, вынайдзены ў Англіі літаральна толькі што — у 1824 годзе. Ангельская готыка, ангельскі портландцэмент — Ражанка была відавочна прагрэсіўным мястэчкам. Дарэчы, і назва вёскі, па мясцовых легендах, паходзіць ад назвы высакароднай расліны — ружы, у гаворках “рожы”. Маўляў, у спрадвечныя часы нейкі з уладальнікаў гэтых месцаў сабраў тут такі велізарны ружанец з кветкамі з усяго свету, што інакш, чым Ражанка, назваць гэта месца было немагчыма.
Зрабілі ўсё так, як накрэсліў Марконі.
Людвік Пац, хоць і даўно пакінуў да таго часу ваенную справу, не застаўся ў баку ад паўстання 1830–1831 гадоў, пасля чаго быў вымушаны пакінуць свой маёнтак і бегчы з варожай да яго поглядаў Расійскай імперыі. Свой жыццёвы шлях ён скончыў наогул у Турцыі, а Ражанка засталася на месцы і працягнула сваё існаванне як радавое губернскае мястэчка. Вёска з вялікімі стратамі перажыла XX стагоддзе, у якім знік адзін з народаў, што яе засялялі, і была зруйнавана сядзіба Пацаў, але ўсё ж такі захавала некалькі помнікаў архітэктуры. Некаторыя з іх накшталт Ражанскай сінагогі, праўда, змяніліся да непазнавальнасці і, зрэшты, перасталі быць чыёйсьці памяццю, мінулым. Затое аказаліся ўключаны ў чыюсьці сучаснасць. Дыялектыка, няйначай.
Шчучын-транзіт
Шчучын цудоўны. Шчучын — гэта чарговы «маленькi Версаль» з дзіўным гербам і досыць зайздроснай колькасцю захаваных аб’ектаў спадчыны, сярод якіх і палац Друцкіх-Любецкіх, і класічны піжончык у белым — Касцёл Святой Тэрэзы, і хатка лесніка, і звычайная забудова. Забаўна, што пры гэтым вежка з гадзіннікам, якая, напэўна, з’яўляецца самым папулярным турыстычным сімвалам горада, — стылізацыя і немаўля-навадзел, які з’явіўся ў 2007 годзе.
Прабегчыся па цэнтры горада дзеля інстаграма з прычэсанымі помнікамі архітэктуры, палюбавацца людзьмі на прагулянцы і адлюстраваннямі шчучынскага скайлайну ў сажалцы, пакарміць качак нечым з сеткавага супермаркета, сфоткацца з МіГ-25 або МіГ-19 — усё гэта можна, вядома, зрабіць і за гадзінку, а можна заліпнуць у Шчучыне на даўжэй — так, каб закусіць саленнямі ды квашанінай ў «Старым горадзе», пасядзець на якой-небудзь лавачцы і пераначаваць ва «Уюце» — ну ці ў былой карчме, дзе цяпер размешчаны гасціны двор «Паўлінка» (тут галоўнае не спалохацца мясных вырабаў, намаляваных ў яго вокнах). Але мы ў сваім аўтэчным маршруце імкнёмся да месцаў крыху менш свецкіх і крыху больш меланхалічных. Былы ваенны аэрадром, напрыклад, цалкам пасуе.
Авіяшчучын. Новае жыццё «Точнага»
Тое, што на старым ваенным аэрадроме да гэтага часу ўсё сур’ёзна, выдае нават мілітарысцкая мянушка кацяняці, якое носіцца каля ўваходу ў адзін з ангараў. Паласатаму зверу ўсяго 7 месяцаў, а яго папячыцель ужо з гонарам пералічвае здабытае паляўнічым. Клічуць кацяня Нурс (неуправляемый реактивный снаряд), і на яго рахунку ўжо куча ахвяраў, сярод якіх ёсць нават мядзянка.
У аэрадрома, які быў некалькі дзясяткаў гадоў занядбаным, зноў ёсць насельнікі, прычым цалкам сімпатычныя. І з яго зноў падымаюцца ў неба самалёты.
Ваенны аэрадром з’явіўся пад Шчучынам у 1939 годзе, але ўжо ў першыя гадзіны нямецкага ўварвання ў 1941-м выйшаў з гульні, як і большасць аб’ектаў і фармаванняў, не гатовых тым летнім ранкам да бою. Затое ў 1950-я аэрадром рэканструявалі і прыстасавалі пад патрэбы халоднай вайны — пад ціхім Шчучынам пасяліліся адважныя лётчыкі і рэактыўныя бамбавікі, створаныя для таго, каб дастаўляць ядзерную зброю за акіян.
Адпавядаючы гонцы ўзбраенняў, аэрадром разрастаўся, развіваў сваю інфраструктуру, але заставаўся сакрэтным да самага заканчэння халоднай вайны, а на змену бамбавікам з часам прыйшлі самыя наварочаныя знішчальнікі і разведчыкі.
Узлётная паласа гэтага магутнага ваеннага аб’екта, створанага для прыкрыцця заходніх межаў СССР, была гатовая прыняць самалёт любога тыпу — нават гіганцкі ІЛ-76 і АН 22 Антэй — і яны прызямляліся. Ва ўмацаваных арачных ангарах захоўваліся самыя сучасныя самалёты — так, напрыклад, па дадзеных сайта, прысвечанага авіяцыйнаму мінуламу Шчучына, у 1990–1991 гадах тут базаваліся ўсе МіГ-25БМ, выпушчаныя да таго часу ў Саюзе, і нават парачка звышновых МіГ-29.
Увогуле, з такімі суседзямі Шчучын відавочна мог спаць спакойна. У берушах, бо шуму ад звышгукавых самалётаў напэўна было дай Божа.
У 1988 году 95-ю знішчальную авіяцыйную дывізію, якая дыслакавалася тут з 1960-х, расфармавалі, а затым на працягу некалькіх гадоў звальнялі полк за палком — аэрадром з пазыўным «Точный» павольна паміраў, губляючы самалёты і лётчыкаў. У 1992 годзе адзін з апошніх МіГаў пакідаў Шчучын, каб ляцець у Баранавічы на авіярамонтны завод і там быць распілаваным на метал. Падчас развітальнага палёту над горадам пілоты вырашылі прадэманстраваць пілатаж на Міг-25, і на вывадзе з сыходнай фігуры ім не хапіла вышыні — самалёт урэзаўся ў зямлю недалёка ад вёскі Даўлюдаўшчына, за некалькі кіламетраў ад Шчучына. Напэўна, гэта быў развітальны палёт — ва ўсіх сэнсах. Трагічная кропка ў гісторыі Шчучынскага ваеннага аэрадрома, калі абодва лётчыкі адвялі самалёт ад жылых дамоў і загінулі на вачах у сваіх блізкіх.
«Гэта псіхалогія пілота: калі збой у машыне і залежыць не ад пілота, то ён можа катапультавацца. Але калі гэта пілот здзейсніў памылку, то ён будзе спрабаваць выправіць яе да апошняга», — кажа Андрэй Чарнышоў, пілот-аматар і старшыня аб’яднання аматараў авіяцыі «Точный», тлумачачы, чаму лётчыкі не пакінулі самалёт. Менавіта ён ініцыяваў адраджэнне аэрадрома як базы для аматарскай авіяцыі і купіў першы самалёт для яго новага, ужо мірнага жыцця.
Некалькі гадоў таму разам з райвыканкамам і мясцовымі лётчыкамі-ветэранамі Андрэй расчысціў узлётную паласу — частку бетонных пліт пакрыцця расцягнулі за 20 гадоў прастою, астатнія параслі травой, — засяліўся ў адзін з арачных ангараў і арганізаваў школу пілотаў: зараз усе ахвочыя могуць павучыцца тут на лётчыка-аматара. Ну ці проста палётаць над Беларуссю разам з вопытнымі пілотамі, а калі пашанцуе, то і з Нурсікам. у Авіяшчучына наогул не па-вайсковаму кранальны інстаграм.
Андрэй Чарнышоў як гасцінны гаспадар і чалавек, захоплены сваёй справай, гатовы распавядаць і паказваць гасцям усё, што паспеў напрацаваць. Заехаўшы да яго ў госці, можна паглядзець арандаваны арачны ангар з малюткамі мірнай авіяцыі, што губляюцца ў ягонай ваеннай глыбіні, вывучыць гісторыю «Точнага», дбайна сабраную лётчыкам-аматарам на некалькіх інфастэндах, папіць гарбаткі і паслухаць байкі аб мінулым і сучаснасці аэрадрома, ну ці проста палётаць.
Агулам былы ваенны аэрадром, з якога ўзнімаліся ў неба грозныя машыны з ядзернымі зарадамі на борце, цяпер выглядае крыху сюррэалістычна і жыве дзіўным жыццём.
На былым камандным пункце разводзяць коней, у нейкіх ангарах — з масай кожнай са створак варот у 40 тон — робяць помнікі, у нейкіх — мэблю, у нейкіх рамантуюць машыны, у нейкіх захоўваюць бульбу або збожжа. Пад землянымі валамі ўмацаванняў сядзяць козы, 5 гектараў былога лётнага поля адшчыкнулі пад салярную станцыю магутнасцю 2,5 мегават — і над усім гэтым час ад часу і прагудзе якая-небудзь Cessna.
Сядзіба не Ромераў у Мажэйкаве
Па дарозе да каменнай вішанькі нашага маршруту мы мінём яшчэ адну трансфармацыю. У вёсцы Мажэйкава сціпла стаіць невялічкі палац класічных формаў, які сёння дагледжаны, прычасаны і спраўна служыць праўленню сельсавета. На жаль, будынак чамусьці пазбавіўся керамічнай дахоўкі, якая яшчэ з дзясятак гадоў таму была на месцы: высакародны дах змянілі на казённа-бардовы фальцавы, і цяпер палац сельсавета крыху выбіваецца з ансамбля — дахі старой стайні і былога дома работнікаў пакуль яшчэ трымаюцца. Але не будзем нагнятаць — за будынкам сельсавета тырчыць і зусім нешта блакітнае з бірузовенькім.
У XVI–XIX стагоддзях Мажэйкавам хто толькі не валодаў. Не зусім ясна, чаму гэты комплекс сталі называць менавіта сядзібай Ромераў — напэўна, прыгожае прозвішча. Мабыць, таму што «сядзіба Кастравіцкіх» або «сядзіба Брахоцкіх» гучыць не так рамантычна. Між тым будынак жылога дома, які дайшоў да нашых дзён, пабудаваны ў другой палове XIX стагоддзя менавіта пры Уладзіславе Аляксандравічу Брахоцкім. Ён меў выдатную сельскагаспадарчую адукацыю, і дзякуючы гэтаму справы ў яго маёнтках ішлі цудоўна: вярцеліся севазвароты, раслі ўраджаі, гадаваліся коні — Брахоцкі нават пабудаваў завод, каб вырабляць цэглу з дахоўкай. Пры гэтым руплівы гаспадар не забываў і пра культуру і быў, напрыклад, адным з дольшчыкаў будынка Польскага тэатра на Пагулянцы ў Вільні.
Пасля Першай сусветнай пацярпелая гаспадарка была адноўленая да даваеннага ўзроўню, а ў 1932 годзе цалкам сабе працоўнае Мажэйкава атрымаў у спадчыну сын Уладзіслава — праўда, усяго на 7 гадоў, да прыходу бальшавікоў. Затое за гэтыя 7 гадоў польскі афіцэр, пісьменнік і грамадскі дзеяч паспеў пабудаваць спіртзавод, які спатрэбіўся новаму парадку, ды і па гэты дзень радуе ваколіцу лікёра-гарэлачнай прадукцыяй. Новы парадак пасадзіў Андрэя Уладзіслававіча Брахоцкага ў гарадзенскую турму, пасля чаго — у гады акупацыі — ён усё ж змог вярнуцца ва ўспадкаваны дом. На правах пастаяльца: маёнткам і броварам ужо кіравалі немцы.
Мажэйкава на аэрафотаздымцы часоў Першай сусветнай. У верхняй частцы фотаздымка — палац Брахоцкіх і дом працаўнікоў
Невядома, як абыходзіліся Брахоцкія са сваімі працаўнікамі, ці паважалі і любілі іх людзі, — пра гэта, верагодна, можна даведацца з кнігі «На пераломе дзвюх эпох. Запіскі хутаранца», напісанай Андрэем Брахоцкім (пасля вайны ён паспяхова з’ехаў у Польшчу). У падрабязным артыкуле, прысвечаным Мажэйкаву, ёсць цытата з кнігі Брахоцкага, прысвечаная падзеям 1942-1944 гадоў: «Пачаліся напады, усё больш частыя, але не на немцаў, а галоўным чынам на заможных палякаў альбо былых перадваенных чыноўнікаў. Бандыты мелі нядрэнную разведку, круціліся пераважна ў ваколіцах з праваслаўным насельніцтвам, добразычлівым да расійцаў… Вышэйшымі суддзямі былі ўсходнікі, якія вельмі ахвотна бралі на сябе “акт правасуддзя”. У той час ўзброеная банда прыходзіла ноччу ў намечанае месца, знішчала “вінаватых”, рабавала жыллё і знікала раніцай». Увогуле, напружання было столькі, што даставалася нават мёртвым — склеп, у якім быў пахаваны Брахоцкі-старэйшы з жонкамі і бацькамі, быў разрабаваны, а труны разбітыя.
Палац-сельсавет
Ну а жыццё пайшло сваім парадкам: у былыя панскія ўгоддзі прыйшоў саўгас «17 верасня», у палацы асталявалася яго кантора, бровар пачаў выпускаць гарэлачку, а ў пачатку XXI стагоддзя паспяховая гаспадарка перадала эстафетную палачку аграгарадку — першаму ў Лідскім раёне.
А за паўтысячагоддзя да аграгарадкоў, у пачатку сівога XVI стагоддзя, гэтае самае Мажэйкава атрымаў у падарунак ад караля віленскі падканюшы Шымка Мацковіч. Ён і ініцыяваў у сваіх уладаннях будаўніцтва сённяшняй легенды беларускай культавай архітэктуры — каменнай царквы на месцы драўлянай капліцы Вітаўта.
Мураванка mon amour
Можна перагледзець шмат фотаздымкаў гэтай «жамчужыны беларускай готыкі», але ўражанне, якое яна робіць ужывую, нашмат мацнейшае: у матэрыяле, які можна памацаць, у цішыні, пасярод якой затрымаўся гэты цагляны карабель веры, у захадзе сонца, якое паўзе па шчыце галоўнага фасада і вежах, у кранальным побыце вясковай вулачкі на пару дамоў, якая ў яе ўпіраецца. У адным з двароў, што бліжэй за ўсё да храма, побач з перакошаным зрубам хаты будзённа пілуе дровы жанчына, укормлены кот выбірае месца, дзе размясціцца так, каб усіх бачыць, але бетонны плот у аграбарочных формах — мабыць, казённы, бо ў ім уся вулачка, — нязручны нават для ката. Бабуля ідзе ў госці да іншай бабулі праз вуліцу — абмеркаваць нешта ля такога ж ружовага плота. Мужчын не відаць, быццам яны не дажываюць да позняй восені або нават да заходу. За сотню метраў стаіць палінялы, яшчэ папярэдняй эпохі знак «Мураванка».
Царква абарончага тыпу, царква-фартэцыя — дзіўнае збудаванне, якое ўзвышаецца над маленькай вёскай у баку ад трасаў, — спалучае ў сабе дзве функцыі: у ёй можна і маліцца, і абараняцца. Але нават не заходзячы ўнутр, за трохметровай шырынёй падмуркі і тоўстыя сцены з вокнамі-байніцамі, тут можна адчуць тыя спакой і абароненасць, якія ўзнікаюць толькі побач з чымсьці пазачасавым, надчалавечым, гранічна суцэльным у сваёй адчужанасці і сваёй дасканаласці.
Але царква дзейнічае, у ёй праходзяць набажэнствы, і яе адчужанасць — хутчэй, нешта, што прыпісваеш ад захаплення.
Хоць сёння царква Раства Багародзіцы мае ярка выяўленую праваслаўную арыентацыю і спраўна служыць гэтай канфесіі большую частку часу свайго існавання, за паўтысячагоддзя храм пабываў і ўніяцкім, і каталіцкім. Калісьці ён быў адкрыты для вернікаў, калісьці — закінуты, калісьці разбураўся, калісьці рамантаваўся і дабудоўваўся. Усё гэта лішні раз прымушае нас зірнуць на ўсё, што адбываецца — на спрэчкі, расколы і на вечную барацьбу ўсіх з усімі — па-філасофску і з арбіты. З арбіты часам відаць, што шматскладовасць прыдуманых чалавекам сістэм і іх узаемадачыненняў, адсутнасць дыялогаў паміж супольнасцямі (рэлігійнымі ў тым ліку), а часам і проста няўменне аднаго чалавека пачуць іншага — усё гэта толькі стварае дадатковыя закуткі і падвалы, дзе хаваюцца рэальныя праблемы чалавека і яго далікатнай чалавецкасці: глупства, прагнасць, страх смерці або жах усведамлення бессэнсоўнасці існавання. Але на арбіце няма паветра і сумна, таму вернемся на зямлю.
Пакінем размовы пра каштоўнасці прафесіяналам і проста падыхаем суворай, як камень, і ўзнёслай, як харалы, архітэктурай. Дзякуючы сваім нязнаным, але адназначна поўным імпэту дойлідам манументальная і самабытная царква сумясціла ў сабе рысы і позняй готыкі, і ранняга рэнесансу, і складаныя зоркавыя скляпенні з нервюрамі, і простыя, ясныя рытмы вонкавых элементаў. І прадуманасць крэпасці, і ўрачыстасць культавага збудавання, і сярэднявечную цяжкавагавасць, і эстэтычную тонкасць Адраджэння.
Дакладная дата будаўніцтва храма невядомая. Вядома, што ў 1542 годзе ён ужо быў, а ў 1528 вышэйзгаданы землеўладальнік Шымка Мацкевіч скардзіўся каралю, што нехта з шляхты прыграбае ў кішэню ахвяраванні на яго пабудову. Увогуле, так і хочацца сказаць, што ўсё як заўсёды. Але, мяркуючы па пабудаваным хораме, як бы там хто ні краў, на свеце не-не ды і з’яўляецца нешта добрае. Мяркуючы па тым, што чалавецтва яшчэ існуе, нешта там гэты свет не-не ды ратуе. Нешта такое добрае ў гэтым свеце часам перамагае. Не абавязкова справядлівасць.
Гледзячы на ўсе гэтыя архітэктурныя помнікі і іх метамарфозы, можна меркаваць, што для таго каб проста выжыць, часам дастаткова быць каменным і стаяць. Прымаць людзей з іх малітвамі, якімі б яны ні былі, пакорліва змяшчаць у сябе ўсё, што б ні адбывалася разам са зменлівымі парадкамі, пастаяльцамі, ладамі, іх дэкарацыямі і іншымі сельсаветамі. Галоўнае — не даваць у крыўду свае апорныя канструкцыі, інакш дакладна смерць і канец гульні.
Дарога
Дарогі па ўсім маршруце проста выдатныя: грунтоўкі сустрэнуцца на шляху, толькі калі вам захочацца падрабязней даследаваць Ліпічанскую пушчу і яе парослыя лясамі выдмы. А так — суцэльны асфальт і дабрабыт. Працягласць маршруту немалая — амаль 600 кіламетраў, але асноўны кіламетраж — перагон па трасе М6, якая вось-вось стане адной з самых добраўпарадкаваных і бяспечных. У руху па магістральных лініях маршруту можна карыстацца любымі навігатарамі, ажно да аналагавых, папяровых, мапаў, але калі вы заблукалі ў агародах, звычайна дапамагае maps.me: у гэтых афлайн-мапах ёсць усе аб’екты.
Ежа
Што можа быць лепшым, чым заліпнуць з бутэрбродамі пасярод дубровы або бору, гледзячы на раку, або на тым жа мосце праз Нёман, — таму класічны набор зямных радасцяў накшталт тэрмаса з гарбатай і іншай сухамяткі цалкам падыдзе. Парадавацца грамадскаму харчаванню можна хіба што толькі ў Шчучыне, ну ці ў Лідзе. У астатнім гастранамічны турызм будзе абмежаваны зельцам з хлебам з мясцовых сельпо. У Шчучыне ёсць кафэ «Стары горад», пасядзеўшы ў якім пару гадзін, можна даведацца, чым жыве горад, і нядрэнна пад’есці. Зусім побач ёсць нешта накшталт бургерні, але ў выведкі няма пра яе ніякіх звестак.
Начлег
Улетку маршрут пераадольны за светлы час сутак, але калі на двары зіма ці спяшацца вы не любіце, то можна смела завісаць у Ліпічанскай пушчы: у халодны час года — у аграсядзібах, а ўлетку яшчэ і з намётам на стаянках. Можна спыніцца ў Шчучыне (хваляць гасцініцу «Уют») або ў Лідзе (booking.com і airbnb.com там працуюць), але тады мае сэнс генераваць лагістыку зыходзячы з часу года і пераваг. Можна арыентавацца на гэты і гэты маршрут і збудаваць свой. Галоўнае — атрымлівайце асалоду.
Фота: Сяргей Краўчанка, Friedrich von der Groeben, Feliks Dangel, Andrzej Kłopotowski, wikimedia.org, globus.tut.by, orda.of.by, radzima.org, planetabelarus.by, svaboda.org, lj.ru, mostylib. by, mosty.grodno-region.by, volkovysk.by, airforce.ru, dworypogranicza.pl, shtetlroutes.eu, pna-znp.org, NAC і Кнігі памяці.
________
Асаблівая падзяка Валеру Сліўкіну за серыю публікацый «Маёнткі Лідскага павета», дзе з любоўю і клопатам сабраныя матэрыялы пра мінулае шматлікіх аб’ектаў спадчыны і людзей, з імі звязаных. Дзякуй pawet.net, які ўжо амаль два дзясяткі гадоў назбірвае ў сабе інфармацыю аб Лідзе і Лідскім павеце і не толькі. Дзякуй тым рэгіянальным СМІ, што пішуць пра ўсё як ёсць. Дзякуй усім, хто беражэ арэшнікавую соню, абслугоўвае масты і застаецца добрым.