Прэмія Ф.Багушэвіча: Перамога “Паўстання”

13 траўня ў Мінску адбылося ўзнагароджанне лаўрэата прэміі імя Францішка Багушэвіча. Ім стаў малады, але ўжо даволі вядомы гісторык-архівіст Зміцер Матвейчык, які атрымаў гэтую ганаровую прэмію за кнігу «Паўстанне 1863–1864 гадоў: нарыс баявых дзеянняў», выдадзеную ў межах ваенна-гістарычнай серыі «Беларусь у войнах».

Гэтая падзея стала цудоўнай нагодай “злавіць” вельмі занятага аўтара ды задаць яму некалькі пытанняў:

– Чаму менавіта ваенная гісторыя Паўстання стала тэмай вашай кнігі?

– Прычын адразу некалькі. Па-першае, ваенная гісторыя выклікае ў шырокай грамадскасці заўжды большую цікавасць у параўнанні з іншымі аспектамі гісторыі. Таму кніга, якая прызначаецца ў першую чаргу для папулярызацыі тэматыкі паўстання сярод як мага больш шырокага кола людзей, менавіта ваенным аспектам і здольная прыцягнуць іх увагу. А па-другое, у навуковых працах ваенны аспект такой «ваеннай» з’явы, як паўстанне амаль заўжды знаходзіцца да другіх ролях. Найбольшая ж увага надаецца, як правіла, ролі паўстання ў нацыятворчых працэсах у Беларусі, у змяненні суадносінаў сіл паміж рознымі сацыяльнымі групамі і г.д. І як вынік гэтага шматлікія «ваенныя» падзеі 1863 г. заставаліся мала альбо зусім невядомымі. Гэты прабел трэба было хоць у нейкай ступені запоўніць.

– Ці лічыце вы мілітарную гісторыю Беларусі адной з недастаткова асветленых тэмаў у нашай гістарыяграфіі?

– Так, лічу. І прычыны гэтага таксама ёсць. Ваенная гісторыя – гэта ў першую чаргу канкрэтныя факты. А значыць, для яе даследавання неабходная прапрацоўка вялізнай колькасці гістарычных крыніц. З улікам таго, што большая частка крыніц па ваеннай гісторыі Беларусі знаходзіцца не ў нашай краіне, а за яе межамі, то правядзенне адпаведных даследаванняў заўжды звязанае з неабходнасцю вырашэння шматлікіх арганізацыйных і фінансавых пытанняў. І не заўжды яны вырашаюцца. Апрача таго, ваенная гісторыя – адна з найбольш палітызаваных, а значыць, пэўныя ваенныя падзеі заўжды рызыкуюць падпасці пад катэгорыю «непажаданых», у залежнасці ад таго, якая ідэалогія пануе на пэўнай тэрыторыі. І гісторыкі не заўжды здольныя перамагчы ідэалагічную машыну.

– Якія аспекты гісторыі Паўстання выклікаюць у вас найбольшую цікавасць?

– Паўстанне 1863–1864 гадоў – само па сабе і цікавая гістарычная з’ява, і цікавы аб’ект даследавання. Я не падзяляю яго на больш і менш цікавыя аспекты. Як для гісторыка яны для мяне ўсе аднолькава цікавыя. Аднак я разумею, што паўстанне – з’ява настолькі разнапланавая, што кожны, нават непрафесійны гісторык, можа знайсці ў ім тую частку, якая будзе падабацца яму больш за іншыя.

– З чым звязанае такое багацце ілюстрацый у вашай кнізе?

– Тут логіка простая – прасцей паказаць, чым расказаць. Можна вельмі доўга расказваць пра тую ці іншую асобу, але яна ўсё роўна не запомніцца чытачу і застанецца для яго толькі некалькімі радкамі тэксту, якія сальюцца з іншымі радкамі. Паказаць жа яго фотаздымак, яго твар – значыць даць чытачу асацыяцыю, з якой ён потым будзе атаясамліваць падзею. Тое ж самае тычыцца і карцін, і карыкатур, і гравюр, і копій дакументаў. На шмат якіх, дарэчы, паказаныя рэальныя асобы і падзеі. У значнай ступені кніга і спадабалася чытачу менавіта за добрыя і цікавыя ілюстрацыі. Прычым у свой час на іх падбор і падрыхтоўку была патрачана нямала часу і сіл.

– На вашую думку, якія аспекты Паўстання маюць найбольшы патэнцыял для стварэння менавіта папулярнай гістарычнай літаратуры?

– Апрача ваеннагп аспекту гэта, безумоўна, шчыльна з ім звязаная біяграфістыка. Паўстанне дало цэлую плеяду знакамітых дзеячаў з розных бакоў змагання – Канстанцін Каліноўскі, Валеры Урублеўскі, Зыгмунт Серакоўскі і іншыя паўстанцы з аднаго боку і Міхаіл Мураўёў (чые ўспаміны пра паўстанне, дарэчы, цяпер рыхтуюцца да выхаду ў выдавецтве «Лімарыус»), Артур Эгер, Захар Манюкін, Адам Ляцкі і іншыя ўдзельнікі здушэння паўстання – з другога. Іх цікавыя і шмат у чым драматычныя лёсы здольныя, несумненна, зацікавіць шырокага чытача.

– Якія вашыя працы могуць пабачыць свет найбліжэйшым часам?

– Два месяцы таму выйшла ў свет яшчэ адна кніга, падрыхтоўкай якой я займаўся і якая была выдадзеная Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі – «Паўстанне 1863–1864 гадоў у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях: Дакументы і матэрыялы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі». У ёй зробленая спроба расказаць пра паўстанне на гэтых тэрыторыях мовай гістарычных крыніц – дакументаў, створаных у той час. Апрача таго, у выдавецтве ўжо чакае свайго выхаду яшчэ адна мая праца – біяграфічны слоўнік удзельнікаў паўстання, складзены на падставе матэрыялаў НГАБ. Спадзяюся, што яму ўдасца ўбачыць свет да канца гэтага года.

 

Гутарыў Міраслаў Лазоўскі

 

 

Прэмія імя Францішка Багушэвіча — штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1994 годзе. Традыцыйна ўручаецца за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, што спрыяюць абуджэнню гістарычнай свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў.

Лаўрэатамі папярэдніх гадоў былі такія вядомыя беларускія аўтары, як:

2012 – Алесь Краўцэвіч за кнігу “Гедымін (1316–1341). Каралеўства Літвы і Русі” і Уладзімір Ляхоўскі за кнігу “Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове XIX ст. – 1-й палове XX ст. (да 1939 г.)”.

2011 – Зміцер Санько за серыю “Нашы славутыя землякі” і Людміла Рублеўская за кнігу “Сутарэнні Ромула”.

2010 – Вольга Бабкова за кнігу “…І цуды, і страхі”.

2009 – Кастусь Тарасаў за актыўную і плённую працу ў галіне гістарычнай прозы і эсэістыкі, што спрыяе фармаванню сучаснай нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў.

2006 – Леанід Маракоў за кнігу “Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі 1794–1991”

2004 – а. Аляксандр Надсан за кнігу “Біскуп Чэслаў Сіповіч: святар і беларус”.

2003 – Захар Шыбека за кнігу “Нарыс гісторыі Беларусі 1795–2002”.

2002 – Андрэй Катлярчук за кнігу “Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў” і Ніна Стужынская за кнігу “Беларусь мяцежная. З гісторыі антысавецкага ўзброенага супраціву 20-х гадоў”.

2001 – Алесь Белы за кнігу “Хроніка Белай Русi. Chronicon Russiae Albae. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы”.

1999 – Вячка Целеш за кнігу “Гарады Беларусі на старых паштоўках” і Ала Сакалоўская.

1998 – Сяргей Ёрш за кнігу “Вяртанне БНП”.

1997 – Лявон Баршчэўскі за пераклад выбраных апавяданняў Франца Кафкі (“Прысуд”), укладанне хрэстаматыі “Літаратура народаў свету” і Аляксандр Лукашук за кнігі “За кіпучай чэкісцкай работай” і “Філістовіч. Вяртанне нацыяналіста”.

1996 – Уладзімір Арлоў.

1995 – Кастусь Акула за кнігу “Змагарныя дарогі”.