Літаратурная прэмія імя Карласа Шэрмана распачынае прыём заявак

Літаратурная прэмія імя Карласа Шэрмана, якая выдаецца за лепшыя пераклады на беларускую мову, абвесціла пачатак прыёму заявак. Сёлета ўзнагароду атрымаюць найлепшыя пераклады, выдадзеныя ў 2021 і 2022 гадах.


К. Шэрман. Калаж са старонкі прэміі ў фэйсбуку
К. Шэрман. Калаж са старонкі прэміі ў фэйсбуку


Журы вызначыць лаўрэатаў прэміі ў трох намінацыях: «Пераклад прозы», «Пераклад паэзіі», «Пераклад дзіцячай кнігі».

Заяўкі прымаюцца да 20 жніўня уключна. Пераможцаў чакаюць каштоўныя ўзнагароды.

Удзельнічаць у конкурсе могуць пераклады мастацкіх кніг на беларускую мову, выдадзеныя ўпершыню ў папяровым або электронным варыянце ў 2021 і 2022 гадах.

Каб намінаваць пераклады, трэба запоўніць формы па спасылках намінацыя за 2021, намінацыя за 2022.

Прэмія імя Карласа Шэрмана была заснавана ў 2016 годзе пры падтрымцы Беларускага ПЭН-цэнтра, Саюза беларускіх пісьменнікаў і дабрачыннага Фонду «Вяртанне». Яна ўручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову. У гэтым годзе суарганізатарамі прэміі выступаюць Bellvory Stiftung (Switzerland), Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.