Альманах “pARTisan” пры падтрымцы кампаніі “Будзьма” запрашае ўсіх на Х-паці ў стылі васьмідзясятых, прысвечаную выхаду альбому “Беларускі авангард 1980-х”. Выданне ажыццёўлена Еўрапейскмі Гуманітарным Універсітэтам.У праграме:
– Выступ ветэранаў беларускага авангарду;
– Аўтограф-сэсія з перадавікамі сац-арт-вытворчасці васьмідзясятых;
– Выстава ўнікальнай калекцыі пладова-ягадных він;
– Жывая музыка васьмідзясятых у выкананні Зміцера Бартосіка і Андрэя Плясанава;
– Дыскатэка: Dj – Коля Марксіст;
– Тры гадзіны ўнікальнай хронікі з архіваў Юрыя Ігрушы;
– Буфет, фуршэт (пры сабе мець гранёную шклянку) і іншыя прысмакі.
“Беларускі авангард 1980-х” — гэта чацвёрты альбом серыі “Калекцыя пАРТызана”, заснаванай у 2009 годзе галоўным рэдактарам альманаха сучаснага беларускага мастацтва “pARTisan” Артурам Клінавым. Першым у гэтай серыі быў выдадзены альбом “Дванаццаць” Артура Клінава, а ў мінулым годзе — “Ё Цэслер” Уладзіміра Цэслера і “План уцёкаў” Руслана Вашкевіча. У серыі плануецца выдаць 32 альбомы (колькасць літараў у алфавіце), якія разам складуць унікальны энцыклапедычны візуальны альфабэт, галерэю найноўшай беларускай культуры.
“«Калекцыя пАРТызана»: найлепшы кніжны праект 2011 года… Альбомы «Калекцыі пАРтызана» must have кожнага культурнага беларуса, заангажаванага ў сучаснасць”.
З артыкула Ганны Кісліцынай, “Новая Эўропа”
“Беларускі авангард 1980-х” прысвечаны перыяду, які дагэтуль застаецца “белай плямай” у гісторыі сучаснага беларускага мастацтва. Гэты альбом — першая праца, дзе паслядоўна, артэфакт за артэфактам, падаецца хроніка мастацкага жыцця тых часоў (унікальныя фотаздымкі, маніфесты, афішы), а таксама прэзентуецца творчасць тых мастакоў (Адам Глобус, Аляксей Жданаў, Ігар Кашкурэвіч, Артур Клінаў, Уладзімір Лапо, Валерый Песін, Віталь Ражкоў, Людміла Русава, Генадзь Хацкевіч-Мінскі і іншыя, усяго болей за 30 імёнаў), якія сапраўды вызначылі неафіцыйны “твар” беларускага мастацтва.
“1980-я — самы дэмакратычны перыяд. Паветра было проста наэлектрызавана творчасцю, і ўсё было магчыма. Кожны чалавек мог стаць мастаком. Людзі хапаліся за палотны, пісалі карціны, мастакі ездзілі ў Еўропу, па ўсім Савецкім Саюзе. Было вельмі актыўнае, проста неверагоднае мастацкае жыццё, у якім, як мне падаецца, адлюстраваліся дэмакратычныя ідэі, што з’яўляліся тады ў беларускім мастацтве. Менавіта ў той перыяд межы мастацтва сталі надзвычай шырокія…
Але беларусам чамусьці не ўласцівая доўгая памяць. Яны забываюць шмат чаго і вельмі хутка… Нам чамусьці чужыя гісторыі падаюцца больш неверагоднымі і важнымі, чым свае ўласныя. Магчыма, апошнія не так уражваюць, не такія эфектныя. Хаця тое, што распавядаюць нашыя мастакі, часам складана нават уявіць. Як гісторыя з Генадзем Хацкевічам-Мінскім, які захапіў самалёт, таму што захацеў апынуцца ў Парыжы…”
З інтэрв’ю мастацтвазнаўцы Вольгі Архіпавай, “ArtAktivist”
Што адбывалася ў мастацкім “падполлі” 1980-х? Хто былі героі таго часу? І што сабой уяўляе, уласна кажучы, беларускі авангард? Самабытныя персоны, цікавыя лёсы, неверагодныя гісторыі, дазволеныя і недазволеныя выставы — альбом “Беларускі авангард 1980-х” будуе сучасны міф пра беларускае неафіцыйнае мастацтва нядаўняга мінулага.
19 студзеня а 19-й гадзіне, галерэя “Ў” (пр. Незалежнасці, 37А, будынак былой “шклатары” 80-х за тралейбусным дэпо).
Будзьма разам у 1980-х!
Увага! Той, хто прыйдзе на вечарыну ў касцюме 1980-х, атрымае ў падарунак свежы 17-ы нумар альманаха “pARTisan”.